Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Прыгажосць і капуста»


Прыгажосць і капуста

Гадоў з трыццаць таму на нашым заводзе выдзялялі ўчасткі пад будаўніцтва дач. Бралі іх вельмі многія, нават я, помню, запісалася! Але ж потым з'ездзіла на месца, паглядзела і ўспомніла прадбачлівага Адольфа Быкоўскага, яго песню, што з гэтага кахання, «пэўна, ніц не бэндзе». Ну па-першае, да таго ўзлеску, які аддалі нашаму таварыству, з паўгадзіны язды, з паўгадзіны хадзьбы, па-другое — спачатку трэба высякаць кустоўе ды выкарчоўваць пні, чакаць, пакуль зробяць дарогу, і толькі пасля таго думаць пра будаўніцтва.


Фота: pixabay.com

Добра тым жанчынам, у якіх вялікія сем'і, рукастыя мужы ды якія-ніякія грошы. Маіх запасаў магло хапіць хіба на цэглу для прыбіральні ды нейкі хлевушок...

Карацей, я збаялася і здала назад. Галя, мая прыяцелька (таксама адзінокая) прыяцелька, аказалася куды смялейшай. Можа, таму, што ў яе сястра, у сястры — муж, а галоўнае — малая дачушка, якую цётка любіла як родную і вельмі ж хацела вывозіць на свежае паветра, на свае клубніцы ды вішанькі...

А таму — што рабіць — як той казаў, увязалася ў «бойку» і... перамагла: на пяці «сотках» зямлі пасадзіла садок, разбіла градкі з клубніцамі, морквай, цыбуляй, буракамі-гарбузамі, хоць праз пяць гадоў, але паставіла дамок з верандай і невялічкую цяпліцу для перцаў- агуркоў...

Усё гэта — нават потым, у паважаным узросце, яна садзіла і даглядала пераважна адна, не без таго — зрэдку частавала. І таму калі нейкай вясной Галя папрасіла мяне пад'ехаць, дапамагчы з пасадкамі, я лёгка згадзілася.

...Ужо на месцы ўбачыла, што прыйдзецца цяжка, бо толькі пад капусту адведзены гоні — ледзь не палова гарода! «Навошта столькі?» — спытала ў гаспадыні.

Замест адказу дачніца падала мне выразку з нейкай старой газеты (знаёмы іх на распальванне прывёз), дзе паведамлялася, што група англійскіх вучоных на працягу, здаецца, пяці гадоў вывучала ўплыў белакачаннай капусты на... рост дзявочых грудзей (?!), што ў даследаваннях бралі ўдзел тысячы дзяўчынак, якіх падзялілі на групы. У першай, калі памяць не падводзіць, дзяўчаткі спажывалі качаны да кілаграма, у другой — ад двух да чатырох, у трэцяй — ад чатырох да шасці, у чацвёртай...

У выніку была заўважана прамая залежнасць аб'ёму грудзей ад вагі качаноў.

— Ды лухта ж тут нейкая! Ты што, у гэта верыш? — чытаючы заметку, пыталася я ў дачніцы.

— А раптам праўда? — усур'ёз спадзявалася яна, маючы намер пасадзіць і вырасціць дзясяткі менавіта вялікіх (!) качаноў для сваёй любімай пляменніцы.

...Пахіснуць спадзяванні прыяцелькі на чароўную сілу капусты не ўдавалася ну ніяк! Нават пасля таго як уголас і двойчы мы прачыталі прыпіску, што тым англійскім вучоным могуць прысудзіць Шнобелеўскую прэмію.

На шчасце, на зваротным баку газетнай выразкі адшукалася дата публікацыі — 1-га (!) красавіка...

Толькі пасля таго Галя пайшла па суседках, каб раздаць ім большую частку сваёй шыкоўнай расады і, напэўна ж, нікому пры гэтым не сказаць, што многае (а тым больш цяпер) трэба чытаць удумліва, звяртаючы ўвагу на прыпіскі і — абавязкова! — на дату публікацыі.

А. ЦІМАФЕЙЧЫК

г. Віцебск


Як я быў філуменістам

Дзеці — яны, згадзіцеся, усе збіральнікі — то лісцікаў, то каменьчыкаў, то машынак і лялек, потым — марак, паштовак, значкоў, манет...

Мястэчка, дзе я нарадзіўся, было, і засталося досыць вялікім, мо таму, што праз яго з поўначы на поўдзень пралягае аўтамагістраль, абапал якой (як калісьці на рэках) заўжды сяліліся людзі, віравала жыццё. І чаго ў ім толькі не было: кірмашы, цыгане, жабракі, вайскоўцы (за царскім часам на пастой прасіліся ўланы з драгунамі, у святы — палкавы аркестр іграў, за саветамі — гарнізон непадалёк знаходзіўся... Па вуліцах ездзілі анучнікі — на фурманках, з вялізнымі куфрамі... Шчасце было зазірнуць туды, а ўжо разам з сябрамі пракрасціся на гарышча закінутай хаты, нешта знайсці... Ну вось такое — чаго ў іншых няма...

Людзі і сапраўды прыязджалі да нас і ад нас ад'язджалі — на цаліну, на поўнач, на шахты. Прысылалі адтуль лісты, паштоўкі, пасылкі.

Нас, малых, цікавілі найперш канверты і маркі. Займеўшы тыя, мы раскладвалі іх па тэмах (гарады, людзі, кветкі, жывёлы, самалёты), мяняліся, аж пакуль не з'явілася новае захапленне: карцінкі на пушках запалак. Прычым — не з барысаўскіх ды пінскіх фабрык (хоць нешта цікавае траплялася і там), а з замежных.

Справа ў тым, што каля нашай прыдарожнай крамы часцяком прытарможвалі розныя фуры. Нехта першы адважыўся падысці, папрасіць, а потым ужо — быццам тыя туземцы з богам забытых мясцін — мы зляталіся да іншаземных кіроўцаў, акружалі іх, наперабой прасілі памяняць пачак на пачак: наш, поўны, на няхай сабе пусты, але ж іншы, «імпартовы»...

Бацькі сталі хаваць ад нас запалкі, мы ж, дзеці, усё роўна іх знаходзілі і мянялі!

...Валодзя быў маім аднакласнікам і таксама выдатнікам. Не сказаць, што мы з ім сябравалі, але ж зрэдку я заходзіў да яго дадому (ён жыў непадалёк ад школы, затое я — бліжэй да магістралі!)...

Ён таксама быў філуменістам (гэта я цяпер паразумнеў: у інтэрнэце паглядзеў, як называюцца тыя, хто збірае запалачныя этыкеткі) і хваліўся, што ўсіх нас, нават разам узятых (?!), ён, маўляў, хутка пераплюне: яму дзядзька дапаможа, які жыве ў самой Маскве.

Што той дзядзька можа зрабіць, нам уяўлялася дрэнна: ну не пойдзе ж ён недзе на трасу мяняць пушкі... Значыць, хлусіць Валодзя?!

Аж не: праз месяц-другі ён сапраўды з форсам запрасіў мяне да сябе, каб даказаць, што слова трымае, што перамог, бо той самы дзядзька па пошце прыслаў яму цэлую скрынку, даверху набітую ўпакоўкамі этыкетак, прычым новымі, на асобныя тэмы. Не іначай недзе купіў? Ці дастаў — на запалкавай фабрыцы.

Ну і хіба ж гэта калекцыя?! Такую — нават глядзець нецікава!

Карацей, філуменістамі мы з сябрамі пабылі нядоўга — на радасць мамам, якія перасталі хаваць ад нас запалкі і, магчыма, на шчырае засмучэнне кіроўцам замежных фур, якім, напэўна ж, цікава было пагаманіць, паглядзець на тутэйшых дзяцей і не лішні раз успомніць сваіх.

Іван ГАРАЛЬЧУК

г. Мінск


Хто ў дом, хто з дому...

Мая прыяцелька Таццяна (а цяпер яшчэ і Пятроўна) у дзяцінстве марыла пра чырвоны паветраны шарык. У найбліжэйшых крамах такія не прадаваліся, але іх можна было выменяць — у анучнікаў, што зрэдку праязджалі па вуліцах горада ды збіралі розную старызну...

Старым у Танінай мамы (яна варажыла: перашыць ці яшчэ панасіць?) было зімовае паліто.

Якраз яго — з вялікім лісіным каўняром — дачушка і аддала анучніку ўзамен на чырвоны паветраны шарык.

Прадпрымальная была дзяўчынка! А ў 17 гадоў — якая адважная...

Далей — з яе слоў:

«Раней, за савецкім часам, прэстыжна было працаваць не столькі там, дзе добра плацілі, колькі там, дзе была магчымасць нешта купіць, па блаце дастаць альбо нават украсці.

Зрэшты, гэта — вельмі жорсткае слова, тады казалі мякчэйшае, больш далікатнае — «вынесці». У людзей нават «званне» было — «несуны». Што-нішто, пакрысе, па драбязе яны (і, відаць, не з добрага жыцця) выносілі з мясакамбінатаў, сталовых, рэстаранаў, з хлеба- і малаказаводаў...

Наша хата стаяла побач з лікёра-гарэлачным, і дзверы ў ёй, а тым больш веснічкі-вароты, ніколі не замыкаліся. Моды такой не было: гаспадары, сыходзячы з дому, пакідалі на ганку венікі альбо калкі ў прабоях, гэта азначала, што дома нікога няма...

Якраз у такія гадзіны да нас на двор і сталі завітваць заводскія «несуны»: забягуць (як правіла, у абед) схаваюць бутэлькі з гарэлкай ці спіртам (вадкай валютай іх не звалі яшчэ — слова такога не ведалі), потым, пасля работы, гэтак жа ціха заскочаць і забяруць... Праўда, калі паспеюць, бо мама часам апярэджвала: то ў застрэшку, то недзе пад ганкам знаходзіла «падарункі». У гаспадарцы — ды без мужчын-гаспадароў — без іх ну ніяк!

Зрэшты, у маміны клопаты я тады не дужа ўнікала: старалася добра вучыцца ў школе, потым у інстытуце...

А тут неяк раз прыхварэла: у будны дзень на заняткі не пайшла. Сяджу сабе дома, канспекты чытаю. Чую, нехта бразнуў дзвярыма, а ў хату не ідзе. Ну, думаю, не іначай «нясун» — ужо ў сенцах гарэлку хавае! Не хапала, каб заўтра ў хату прынёс?!

Раззлавалася, выбягаю насустрач, крычу: «Ну колькі можна тут швэндацца?!», разварочваю «госця» тварам да дзвярэй і ў плечы.

Той — знячэўку — нават пікнуць не паспеў: выскачыў на ганак...

А я ж хоць маладая, але гаспадыня — як быццам. Бачу, што на крэсле нешта засталося... У паперы... Ну чужое ж?! Хапаю ў руку — бутэлька, выбягаю на двор, крычу: «Стой, зладзюга! Забірай сваю гарэлку, і каб мы цябе тут не бачылі!»

Даганяю «госця», суну бутэльку ў кішэнь і гордая — без фігі не да носа! — вяртаюся ў хату, за стол, да сваіх канспектаў...

У хуткім часе — мама на парог.

Я, вядома ж, насустрач: давай расказваць ёй пра сваю прынцыповасць і смеласць. Ну як жа: адбрыла, прагнала «несуна» разам з яго дабром!

Мама паслухала мяне і толькі ўздыхнула: «Божа ж, мой божа! Усе людзі як людзі: цягнуць у дом, а табе б — толькі з дому... Я ж гэту бутэльку Валодзю купіла! Ён абяцаў нам бульбу пасадзіць... Ну не магу ж я добрага чалавека спіртам-сырцом аддзякаваць! Па «Маскоўскую» ў краму схадзіла, пад рукамі ў сенцах пакінула. А ты — нейкаму прайдзісвету аддала, як тое паліто з лісой — за паветраны шарык... Дык зараз жа бяжы ў краму, са сваёй стыпендыі купляй бутэльку «Маскоўскай». Можа, паразумнееш крыху. А не, — дык прападзеш са сваім характарам!»

— За сем дзесяцігоддзяў ён у мяне, здаецца, не змяніўся, — завяршаючы аповед, прызналася Пятроўна. — Ніколі і нічога я не выгадвала, не хітрыла і, дзякуй богу, жыву, усё, што трэба, маю.

Л. ВАСІЛЬЕВА

г. Магілёў


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.