Вы тут

Янка Маўр — капітан нашых мар і імкненняў, нашых падарожжаў


У любой літаратуры нямала пісьменнікаў, якія на слыху ў сапраўдных аматараў літаратуры ўсё жыццё. У беларускай — гэта найперш класікі Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі… Толькі, аддаючы ім належную пашану, нельга не сказаць, што ёсць адзін пісьменнік, каго па праве можна назваць капітанам нашых мар і імкненняў, нашых падарожжаў. Прыйшоўшы да нас у раннім узросце, ён з намі ўсё свядомае жыццё. Прачытанае аднойчы, па-ранейшаму вабіць да сябе, з’яўляецца жаданне спазнаць тое, што першы раз было яшчэ цалкам не ўсвядомлена. Кожны яго твор зноў пераконвае ў магчымасці немагчымага, а самае неверагоднае ператвараецца ў яву пад таленавітым пяром. Пісьменнік гэты адметны ўжо тым, што імя яго — беларускае, а прозвішча нагадвае адзін з народаў, якія насяляюць Маўрытанію. Пра Маўрытанію ён, аднак, не пісаў, а пра іншыя экзатычныя краіны расказаў так праўдзіва, быццам сам у іх пабываў. Канешне ж, гэта Янка Маўр, з дня нараджэння якога спаўняецца 140 гадоў.


Янка Маўр. Фота з сайта nlb.by

З яго шыняля

Кожны, хто знаёмы з яго літаратурнай спадчынай, не задумваючыся скажуць, аб чым напісанае. Перафразуючы вядомае выказванне, смела можна сцвярджаць, што многія чытачы выраслі з шыняля Янкі Маўра. Хоць, безумоўна, у многіх ёсць і любімы яго твор. Аповесці «Чалавек ідзе» ці «Сын вады», «Палескія рабінзоны» альбо раман «Амок»… Таксама і апавяданні, сярод якіх і такія хрэстаматыйныя, як «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «Лацароні».

Інакш і быць не можа. Той, хто хоць аднойчы прачытаў Янку Маўра, застаўся з ім назаўсёды. Свет, створаны яго нястрымнай творчай фантазіяй, — з тых, прыцяжэнне якіх з гадамі не толькі не слабее, але і ўзрастае. Твораў цудоўных, зразумела, шмат. Як і пісьменнікаў. На любы густ. Гэта аксіёма. Але аксіёма і тое, што ў Янкі Маўра ўсе творы цудоўныя. Бо напісанае ім рабілася не па ўнутраным прымусе, як, на жаль, часам адбываецца, а па ўнутранай неабходнасці. З пераканання, што ніхто іншы зрабіць так дасканала, як ён, не можа.

Гэтую магчымасць пісьменнік і імкнуўся выкарыстаць. А яшчэ ў яго была і та­кая важная якасць, як уменне адчуваць свайго чытача. Ён добра ведаў, што аба­вязкова будзе запатрабавана. Абганяючы свой час, адчуваў, па-сённяшняму кажучы, кан’юнктуру кніжнага рынку. Гэтым шляхам пайшоў з самага пачатку сваёй творчай дарогі. Больш за тое, каб заінтрыгаваць хлопчыкаў і дзяўчынак, і выбраў сабе такі загадкавы псеўданім. Не захацеў паўтараць прозвішча аднаго са знакамітых першадрукароў, які таксама быў Іванам Фёдаравым.

Хоць не ўсе і ведаюць, што па дакументах ён мог быць зусім не Фёдаравым, а Ільіным. Але калі яго бацька, беззямель­ны беларускі селянін, дарэчы, удзельнік руска-турэцкай вайны 1877—1878 гг., служыў у горадзе Любаве (цяпер Ліепая, Латвія), пісар армейскай часці запісаў яго памылкова Міхаіл Фёдараў.

А з псеўданімам Янка Маўр прыйшоў на старонкі часопіса «Беларускі піянер», калі пачала друкавацца аповесць «Чалавек ідзе». Не толькі цікавая, а да ўсяго захапляльная. Дзеці з нецярпеннем чакалі працягу, спяшаліся падзяліцца ўражаннямі ад ужо прачытанага, прысылалі ў рэдакцыю дзясяткі лістоў. Гэта быў такі поспех, які спадарожнічае далёка не кожнаму пісьменніку, тым больш пачаткоўцу.

Ды пачаткоўцам ён, па сутнасці, і не быў. Адразу высока падняў планку мастацкасці і нязменна ўтрымліваў яе на тым жа высокім узроўні. Важна і тое, што не баяўся брацца за новыя тэмы, аб чым, у прыватнасці, засведчыў раман «Амок», у якім расказваецца аб паўстанні на востраве Ява. І гэта пры тым, што ад сваёй мінскай кватэры ён ніколі далёка не ад’язджаў. Пры напісанні твора яму дапамагло веданне міжнароднай мовы эсперанта, за вывучэнне якой узяўся яшчэ ў 1904 годзе. Пра гэта сказаў ва ўступным артыкуле да першага выдання рамана (1929): «Асноўныя факты і матэрыялы, на якіх пабудавана гэтая кніга, атрыманы намі непасрэдна з Явы і Галандыі, ад нашых таварышаў-эсперантыстаў».

Важныя якасці Янкі Маўра-пісьменніка — і яго нястрымнасць у пазнанні новага, уменне глядзець далёка наперад, смелы палёт фантазіі. Пацвярджэнне таму і аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага», апублікаваная ў часопісе «Маладосць» у 1954—1955 гг., калі яму споўнілася 70 гадоў. Шмат хто ў такім узросце спачывае на лаўрах, а ён напісаў не проста захапляльны твор, а навукова-фантастычную аповесць, героі якой Светазар і Святлана адпраўляюцца ў касмічнае падарожжа на незвычайным караблі, прыведзеным у рух сілай чалавечай фантазіі. У канструктары гэтага цуд-карабля прафесары Цылякоўскім, а ён дзядуля юных касманаўтаў, бачыцца прататып — рускі і савецкі вучоны-самавук, які распрацоўваў тэарэтычныя пытанні касманаўтыкі, Канстанцін Цыялкоўскі.

Мог быць раман пра Спартака

Сапраўднымі дзіцячымі пісьменнікамі, па сведчанні Вісарыёна Бялінскага, не становяцца, а нараджаюцца. Як быццам, забягаючы далёка наперад, і пра Янку Маўра сказана. Не абысціся хіба без істотнага ўдакладнення. Для гэтага, апроч таленту, неабходны такія жыццёвыя ўмовы, якія спрыялі б паспяховаму развіццю творчага даравання. У Івана Міхайлавіча, як можна пераканацца з праблематыкі яго твораў, яны былі. Ён, далучыўшыся да мастацкага слова, у пэўнай ступені і сам навёрстваў тое, чаго не ставала яму ў маленстве і юнацтве. Асабліва ў юнацтве. Прагавітае жаданне спазнаць свет вяло да ўсё большага авалодвання ведамі. У тым ліку і мовай эсперанта, якая давала магчымасць не толькі кантактаваць з насельнікамі розных кантынентаў, але і авалодваць ведамі, якія немагчыма знайсці ў кнігах. І, як заканамерны вынік, жыць новымі творчымі планамі. Каб жыццё дазволіла, хоць і так пражыў нямала (памёр 3 жніўня 1971 года), у творы вылілася б і тое, што знаходзілася ў запасніках.

Так, жыў задумай напісання аповесці пра кіраўніка паўстання рабоў Спартака. Не спыніла тое, што вялікай папулярнасцю карыстаўся аднайменны раман Рафаэла Джаваньёлі. Дарэчы, выдадзены па-беларуску ў перакладзе Макара Паслядовіча. Наадварот, хацелася даказаць, што ў трактоўцы гэтага легендарнага вобраза могуць быць і іншыя меркаванні. Самаўпэўненасць? Правільней — вера ў свае творчыя поспехі. А яшчэ ўласцівасць, якой валодаюць толькі пісьменнікі з талентам, дадзеным самім Богам. Яны не баяцца брацца за тое, пра што пісалі іншыя, бо разумеюць, што, чым больш існуе поглядаў, тым лягчэй дайсці да ісціны. Асабліва калі пішацца твор гістарычнай праблематыкі.

З гэтай упэўненасцю і браўся за пяро. Прачытаў нямала літаратуры, у якой расказвалася пра той перыяд. Пакарыстаўся і матэрыяламі, дасланымі французскімі эсперантыстамі. Збіраўся нават наведацца ў Італію. Падрыхтаваўся старанна: «У мяне дасканала быў вывучаны маршрут Спартака. Тэарэтычна. Я і сёння ўяўляю тыя дарогі, па якіх ён праходзіў». Не без пахвальбы, а ўпэўнены ў сваіх творчых сілах, у адным з інтэрв’ю сведчыў: «Калі б вы прачыталі рукапіс, то адчулі б розніцу паміж Джаваньёлі і мною». Шкада толькі, што рукапіс застаўся незавершаным. Прычына — вайна. Каля ста старонак загінула. А што значыла для яго гэтая аповесць, відаць з такога прызнання, якое гучыць роспаччу аб няспраўджаных жаданнях: «І ўсё ж галоўны мой боль — Спартак».

Пра вайну Усенародную

У гады Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе ў сваіх творах часта звяртаўся да тэмы ўсенароднага змагання з фашызмам. Праца разам з Пятром Рунцом над кнігай «Ніколі не забудзем» — толькі частка яго грамадзянскага і пісьмен­ніцкага абавязку ў асэнсаванні вайны. Але да чытача прыйшло далёка не ўсё. Цалкам збераглося апавяданне «На краі свету», напісанае на аўтабіяграфічным матэрыяле ў 1942 годзе. У ім апавядаецца пра тых, хто з наступленнем немцаў апынуўся ў гарах Алатау, дзе за 30 кіламетраў ад Алма-Аты будавалася электрастанцыя. Захаваўся і машынапіс апавядання «На ўлонне прыроды». Але засталіся як незавершаныя творы, так і асобныя старонкі, а то і планы-накіды.

З незавершаных уражвае рукапіс твора «Дзяўчына-маці». Відаць, Іван Міхайлавіч збіраўся над ім працаваць і далей, бо з 77 старонак толькі дзевяць — чыставікі. Аднак і гэтага дастаткова, каб упэўніцца, што задума значная. Не толькі сваёй антыфашысцкай накіраванасцю і маральным, гуманістычным пафасам. Гісторыя пра тое, як сямнаццацігадовая дзяўчына Ліза Карнейка выратавала з гета шасцімесячнае дзіця сваёй сяброўкі. Спачатку гэта было чыста чалавечае шкадаванне нявіннай істоты. У маці Лізы свая праўда: «Што можа даць выратаванне аднаго маленькага дзіцяці, калі гінуць мільёны людзей? Каб яшчэ яно было сваё, а то зусім чужое». У дзяўчыны — свая: «Мама! Там жа горшая бяда…» Бяда гета — бяда тысяч яўрэяў. І Ліза Карнейка ад спачуван­ня адной маленькай істоце паступова пераходзіла да разумення, якое страшнае зло — фашызм. Гэтыя матывы, безумоўна, набылі б далейшае гучанне, калі б твор быў скончаны. Відаць, у завяршэнні стаў бы аповесцю, а магчыма, і раманам. Прынамсі, такой думкі прытрымлівалася Эсфір Гурэвіч — адна з найбольш грунтоўных даследчыкаў творчасці Янкі Маўра, аб чым сведчыць яе кніга «Янка Маўр» (1983), а таксама раздзел пра Івана Міхайлавіча ў другім томе «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя (1999).

Творчасць запатрабаваная

Эсфір Саламонаўна ў пачатку сваёй кнігі пра Янку Маўра прыводзіць паметку, якую Іван Міхайлавіч у 1950 годзе зрабіў на рукапісе апавядання «Дом пры дарозе» (першапачатковая назва «Васілёк»), напісанага ў 1945 годзе: «Калі праз сотню гадоў знойдзецца такі дзівак, які зверне ўвагу на гэты рукапіс, хай ён ведае, што гэта толькі трэцяя частка таго, якую я хацеў напісаць і што пазней напісаў». На шчасце, такіх дзівакоў вельмі шмат. Пра гэта сведчаць пастаянныя перавыданні класіка беларускай дзіцячай літаратуры. Не абыдзены Іван Міхайлавіч увагай не толькі даследчыкаў. Ёсць нават дзве кнігі тых, хто яго добра ведаў: «Дед Мавр» Аляксандра Міронава і «Чалавек з крылатай фантазіяй» Пятра Рунца (абедзве 1979).

Само па сабе выданне іх сведчыць на карысць таго, якой неардынарнай асобай ён быў. А колькі прызнанняў пісьменнікаў у тым, што не хто іншы, а менавіта ён, Янка Маўр, адкрыў ім вялікі свет у вялікае жыццё. Ды і ў час ваенных выпрабаванняў многія не развітваліся з яго творамі. У артыкуле «Любімы дзіцячы пісьменнік», змешчаным у «ЛіМе» 9 мая 1953 года, Алесь Якімовіч пісаў, што «ў партызанскіх атрадах на Палессі адной з папулярных кніг мастацкай літаратуры была аповесць “Палескія рабінзоны”, героі якой смела пераадольваюць усе цяжкасці на сваім шляху». Народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ прызнаваўся: «Янка Маўр адкрыў мне, які вялікі, багаты і прыгожы свет, што нас акружае, навучыў бачыць не толькі тое, што перад вачыма, але і далёка навокал».


Гэтую навуку Янкі Маўра спасцігалі і ўсе мы, хто любіў, любіць і будзе лю­біць творчасць цудоўнага майстра нашай славеснасці. Яго двухтомнік, выдадзены ў 1960 годзе, адзін з самых дарагіх і ў маёй бібліятэцы. З’яўленне яго нечаканае. Здаецца, у 1963 годзе рэдакцыя тагачаснай газеты «Піянер Беларусі» аб’явіла літаратурны конкурс. Вырашыў прыняць у ім удзел. Праз некаторы час па пошце прыйшла бандэроль з кнігамі Янкі Маўра. На кожным томе ад рукі было напісана (захоўваю адметнасць арыгіналу): «Сашу Марціновіч вучня Навасёлкаўскай школы Капыльскага раёна — пераможцу конкурса “Самае смешнае, самае вясёлае”». Рэдакцыя газеты «Піянер Беларусі». Ужо і забыў, чым я тады рассмяшыў газету, а за кнігі-падарунак ўдзячны па сёння.

Гэты двухтомнік — па сутнасці, Збор твораў цудоўнага пісьменніка. У ім усе найбольш важныя яго творы. За выключэннем хіба аповесці «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага». Таму, калі ў 1975—1976 гадах выйшаў чатырохтомнік Івана Міхайлавіча, вырашыў не набываць. Аднак радуе, што творы Маўра пастаянна перавыдаюцца. Аднаго хацелася б: каб усё ж з’явіўся Збор яго твораў, куды б уключылі і малавядомыя, цалкам незавершаныя, накіды. Такой увагі і павагі да сябе Янка Маўр заслугоўвае.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Кіно

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?