Вы тут

У Мінпрацы расказалі аб дзяржпадтрымцы беларускіх сем’яў з дзецьмі


У Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб у сем’ях нараджаліся і выхоўваліся дзеці. Гэта і бясплатная адукацыя, і медыцына, і шырокая сетка творчых і спартыўных устаноў, а таксама матэрыяльная і сацыяльная падтрымка. Усе гэтыя меры даюць свае вынікі. Паводле даных перапісу насельніцтва 2019 года, у краіне павялічылася колькасць двухдзетных сем’яў: сёння кожная трэцяя сям’я ў краіне — двухдзетная. Пры гэтым значна павялічылася і прадаўжае павялічвацца колькасць шматдзетных сем’яў. Іх у краіне ўжо больш за 122 тыс., у іх выхоўваюцца амаль 400 тыс. дзяцей, гэта кожнае пятае дзіця ў Беларусі. У 80 працэнтах шматдзетных сем’яў выхоўваюцца трое дзяцей, 14,3 працэнта — гэта сем’і з чатырма дзецьмі, крыху больш за 5 працэнтаў — сем’і з пяццю і больш дзецьмі. Самая вялікая шматдзетная сям’я выхоўвае 13 юных беларусаў. Аб абароне і падтрымцы сям’і, на якія накіравана ўся сістэма нацыянальнага права, пачынаючы ад Канстытуцыі і заканчваючы галіновым заканадаўствам, расказала БелТА начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Белаш.


«Сямейная палітыка ў нашай краіне ахоплівае ўсе аспекты жыццядзейнасці — матэрыяльны дабрабыт, уключаючы эканамічную самастойнасць і сацыяльную абароненасць сям’і, чалавечы патэнцыял, у тым ліку здароўе ўсіх членаў ячэйкі грамадства, і сямейны дабрабыт. У сферы сацыяльнай абароны сістэма мер прадугледжвае выплаты пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, адрасную сацыяльную дапамогу ў выпадку малазабяспечанасці, сацыяльнае абслугоўванне ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, гарантыі ў сферы працы і занятасці, пенсійнае забеспячэнне. Гэтыя меры накіраваны на ўсе катэгорыі сем’яў з дзецьмі. З нараджэннем другога дзіцяці, а затым і трэцяга, аб’ём падтрымкі дзяржавы павялічваецца», — падкрэсліла Святлана Белаш.

Расходы дзяржаўнага бюджэту на меры сацыяльнай абароны сем’яў з дзецьмі, паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, штогод перавышаюць 3 працэнты ВУП, з іх больш за палавіну расходуецца на выплату дапамог сем’яў пры выхаванні дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. «У 2023 годзе на сістэму дзяржаўных дапамог выдзелена Br3,5 млрд, з іх Br2 млрд прадугледжана на выплату дапамог на дзяцей да трох гадоў. Сродкі, якія выдзяляюцца на выплаты сем’ям, значныя не толькі для дзяржаўнага бюджэту, але і для кожнай асобна ўзятай сям’і. Напрыклад, сацыяльны бюджэт сям’і ў першыя 12 месяцаў пасля нараджэння першынца сумарна складае каля Br15 тыс. Пры нараджэнні другога дзіцяці сумарны памер штомесячных дапамог складае больш як Br860, што ў 1,5 раза вышэй за мінімальную заработную плату ў краіне. Сёння кожнае чацвёртае дзіця ў краіне ахоплена тым ці іншым відам дапамог, а дзеці да трох гадоў практычна ў 100 працэнтах ахоплены дапамогай», — праінфармавала начальнік упраўлення.

Яшчэ адной важнай і вельмі затратнай для дзяржаўнага бюджэту мерай падтрымкі сем’яў з дзецьмі з’яўляецца праграма сямейнага капіталу, якая рэалізуецца ў краіне з 2015 года пры нараджэнні трэцяга або наступнага дзіцяці. Яго памер з 1 студзеня 2023 года складае амаль Br30 тыс. За больш як восем гадоў рэалізацыі гэтай праграмы 126 тыс. шматдзетных сем’яў адкрылі дэпазітныя рахункі, на якія залічана амаль $826 млн і больш як Br1 млрд. У гэтым годзе ўжо адкрыта больш як 4 тыс. дэпазітаў «Сямейны капітал». «Праграма запатрабавана ў шматдзетных сем’яў, больш як 68 тыс. шматдзетных сем’яў ужо скарысталіся правам датэрміновага распараджэння сродкамі, практычна 83 працэнты выкарыстоўваюць сямейны капітал на вырашэнне сваіх жыллёвых пытанняў. Пры гэтым у апошнія гады мы назіраем усё большую патрэбнасць выкарыстання сямейнага капіталу на адукацыйныя і медыцынскія паслугі. У 2023 годзе на праграму сямейнага капіталу ў рэспубліканскім бюджэце запланавана Br430 млн», — адзначыла Святлана Белаш.

Акрамя таго, са сродкаў мясцовых бюджэтаў фінансуецца адрасная сацыяльная дапамога сем’ям з дзецьмі, у сістэме якой ёсць чатыры віды падтрымкі. «У 2022 годзе на адрасную дапамогу накіравана Br133,5 млн. Бясплатнымі прадуктамі харчавання забяспечаны больш як 12 тыс. дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. Сярэдні памер такой дапамогі на адно дзіця склаў каля Br200 у месяц. Пры гэтым сем’і пры нараджэнні двайнят або трайнят атрымліваюць дзіцячае харчаванне без уліку даходаў сям’і. У 2022 годзе 4 тыс. дзяцей былі забяспечаны прадуктамі харчавання без уліку даходаў сям’і. Сем’ям, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід з чацвёртай ступенню страты здароўя, прадастаўляецца сацыяльная дапамога для кампенсацыі затрат на набыццё прадметаў гігіены. У 2022 годзе сярэдні памер такой выплаты склаў Br435. Дапамога была выплачана на 12,6 тыс. дзяцей-інвалідаў з чацвёртай ступенню страты здароўя», — расказала прадстаўнік Мінпрацы.

У Беларусі сем’і з дзецьмі з’яўляюцца асноўнымі атрымальнікамі штомесячнай і аднаразовай сацыяльных дапамог. Пры гэтым для шматдзетных сем’яў дзейнічаюць ільготныя ўмовы прадастаўлення штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Крытэрыі патрэбнасці для іх складаюць 115 працэнтаў, для іншых сем’яў — 100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму. У 2022 годзе штомесячную сацыяльную дапамогу атрымалі больш як 50 тыс. чалавек з катэгорыі шматдзетных сем’яў.

Падтрымка сем’яў з дзецьмі прадастаўляецца не толькі ў выглядзе прамых матэрыяльных выплат. У краіне дзейнічаюць розныя праграмы сацыяльнага абслугоўвання для сем’яў з дзецьмі, якія прадастаўляюць сацыяльныя паслугі з улікам патрэбнасцей сем’яў. «На 1 студзеня 2023 года на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва знаходзіліся 246,6 тыс. сем’яў з дзецьмі, з іх 121,3 тыс. з’яўляюцца шматдзетнымі 37,1 тыс. — сем’і, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю. Паслугі кароткачасовага догляду дзяцей — гэта паслугі нянькі — у 2022 годзе атрымалі 2,5 тыс. семяў, з іх 1,6 тыс. сем’яў, якія выхоўваюць двайнят або трайнят, 770 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і 18 сем’яў, у якіх бацькі з’яўляюцца інвалідамі 1 або 2 групы. Паслуга сацыяльнага патранату для пераадолення цяжкай жыццёвай сітуацыі прадастаўлена 3,2 тыс. сем’яў з дзецьмі. У крызіснай сітуацыі, калі страчана магчымасць пражывання дома, прадастаўляецца паслуга часовага прытулку. Яе ў 2022 годзе атрымалі 590 чалавек, у тым ліку 330 чалавек, якія пацярпелі ад дамашняга насілля. Для такога віду дапамогі ў нас у тэрытарыяльных цэнтрах прадугледжаны крызісныя пакоі, іх у краіне сёння 136. Дзіцячымі дамамі-інтэрнатамі прадастаўляецца паслуга сацыяльнай перадышкі для бацькоў з дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў. Такая паслуга прадугледжвае кароткачасовае вызваленне бацькоў ад догляду дзіцяці з інваліднасцю — гэта да 56 дзён у каляндарным годзе. У гэты час бацькі могуць адпачыць, аднавіць свае сілы, або вырашыць нейкія важныя сямейныя справы. Паслуга перадышкі аказваецца на бясплатнай аснове, бацькі аплачваюць толькі кошт харчавання дзіцяці. Пры гэтым, аддаючы дзіця ў дзіцячы дом-інтэрнат на кароткі перыяд, сям’я не пазбаўляецца сацыяльных выплат на дзіця, г.зн. і пенсія па інваліднасці, дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда і іншыя выплаты на дзяцей у сям’і, а таксама льготы, якія прадугледжаны заканадаўствам для такіх сем’яў, — усё захоўваецца. У 2022 годзе паслугу сацыяльнай перадышкі атрымалі 106 сем’яў, гэта на 60 працэнтаў больш, чым у 2021 годзе. Акрамя таго, на аказанне падтрымкі ў атрыманні навыкаў паважлівага і пазітыўнага ўзаемадзеяння з дзецьмі, наладжванне сямейных і дзіцяча-бацькоўскіх адносін накіраваны такія праекты тэрытарыяльных цэнтраў, як «Тата-школа», «Майстэрства быць маці», «Сям’я як каштоўнасць», — праінфармавала Святлана Белаш.

Таксама ў Беларусі дзейнічае даволі развіты механізм дзяржаўнай падтрымкі працуючых бацькоў — гэта гарантыі Працоўнага кодэкса, якія з’яўляюцца абавязковымі для выканання ўсімі наймальнікамі. «Напрыклад, пры прыёме на работу забараняецца адмаўляць жанчынам у заключэнні працоўнага дагавора або зніжаць заработную плату па матывах цяжарнасці або наяўнасці дзяцей да трох гадоў. Гэта правіла таксама распаўсюджваецца і на адзінокіх бацькоў з дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў або з дзецьмі-інвалідамі да 18 гадоў. Шэраг гарантый па абароне занятасці дзейнічае для бацькоў, якія знаходзяцца ў водпуску па цяжарнасці і родах або ў водпуску па доглядзе дзіцяці. На перыяд знаходжання ў такіх водпусках за імі захоўваецца рабочае месца. Больш таго, пасля заканчэння водпуску па доглядзе дзіцяці забяспечваецца абарона занятасці маці або бацькі да дасягнення дзіцем пяці гадоў, г.зн. наймальнік абавязаны прадоўжыць кантракт са згоды работніка, пакуль дзіця не дасягне ўзросту пяці гадоў. Бацькі валодаюць своеасаблівым імунітэтам пры звальненні, напрыклад, гарантуецца недапушчэнне скасавання працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка з цяжарнай жанчынай або адзінокім бацькам, які выхоўвае дзіця да трох гадоў. Таксама шэраг гарантый улічвае патрэбнасць бацькоў у свабодным часе для вырашэння пытанняў дзіцяці. Размова ідзе аб дадатковых, свабодных ад работы днях. Сёння бацькі, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю, маюць права атрымаць адзін свабодны ад работы дзень у месяц, які аплачваецца за кошт сродкаў сацыяльнага страхавання, незалежна ад умоў занятасці. Шматдзетным бацькам, у якіх трое і больш дзяцей, або бацькам, якія маюць дзіця з інваліднасцю, прадастаўляецца магчымасць узяць адзін дадатковы выхадны ў тыдзень, які аплачваецца за кошт сродкаў наймальніка. Тут ёсць некаторыя ўмовы па выкананні адпрацоўкі рабочага часу. Акрамя таго, з 2020 года ўстаноўлены бацькаўскі водпуск пры нараджэнні дзіцяці, калі бацька ў першыя 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці мае магчымасць ўзяць кароткачасовы водпуск да двух тыдняў і разам з маці даглядаць дзіця. Аплата такога водпуску сёння не прадугледжана ў заканадаўстве, але яна можа быць прадугледжана ў калектыўным дагаворы або іншым лакальным акце наймальніка», — канстатавала прадстаўнік Мінпрацы.

Яна дадала, што да разгляду ў другім чытанні рыхтуецца праект закона з прапановамі ў Працоўны кодэкс, якія пашыраць магчымасці для сумяшчэння работы і бацькоўства. У прыватнасці, дакументам прадугледжваюцца ўмовы па развіцці больш гібкіх форм занятасці. Для таго каб бацькі маглі выкарыстоўваць дадатковы выхадны ў тыдзень, будзе прадугледжана магчымасць выбраць з двух варыянтаў: або выкарыстоўваць дадатковы выхадны ў тыдзень на поўны дзень, або забяспечыць сабе скарочаны на адну гадзіну рабочы дзень з захаваннем заработнай платы. Гэтыя нормы стануць даступнымі ў выпадку прыняцця законапраекта.

«Дзяржава і далей прадоўжыць удасканальваць механізмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Ствараючы ўмовы і прадастаўляючы гарантыі для сем’яў з дзецьмі, дзяржава мае права таксама разлічваць на актыўны ўдзел саміх бацькоў у захаванні сваёй сям’і і яе забеспячэнні», — рэзюмавала Святлана Белаш.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».