Вы тут

Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды


У святочныя майскія дні ўшаноўваюць не толькі герояў Вялкай Айчыннай вайны, але і людзей, якія сваёй працай і дасягненнямі даказваюць, што подзвіг продкаў быў не дарэмны. Уручэнне дзяржаўных узнагарод напярэдадні вялікіх свят даўно стала традыцыяй. Напярэдадні Дня Перамогі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер. 


«Наша сённяшняя ўрачыстасць традыцыйна прымеркавана да самага ўшанаванага беларусамі (асабліва старэйшага пакалення) свята — Дня Вялікай Перамогі. 78 гадоў таму 2 мая 1945 года Берлін ужо быў павержаны. І асноўную ролю ў гэтым адыграў 1-ы Беларускі фронт пад камандаваннем маршала Жукава. У тыя майскія дні рабочыя і сяляне з радасцю праводзілі мітынгі і бралі на сябе павышаныя працоўныя абавязкі — вайна скончылася», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што беларусы гэтую традыцыю захавалі. І напярэдадні Дня Перамогі ўручаюцца дзяржаўныя ўзнагароды тым, хто, падобна нашым гераічным бацькам і дзядам, не шкадуе сіл, таленту, часу, а часам і жыцця, для заваявання прафесійных вяршыняў на карысць Беларусі.

«Я вельмі рады, што сёння ў гэтай зале ёсць цудоўная жанчына, якая належыць менавіта да ваеннага пакалення. Гэта Валянціна Баранава. Франтавічка, якая дайшла да Прагі. Тэлеграфістка, спартсменка. Валянціна Пятроўна, у лістападзе вам споўніцца... 5 разоў па 20 (100)? Можна толькі марыць. Ведаю, што Вы ўдзельнічаеце ў працы савета ветэранаў Гродна, вядзеце актыўны лад жыцця. У вашай асобе я хачу падзякаваць усім ветэранам і ўдзельнікам той вайны. Нізкі паклон тым, хто ваяваў на фронце, змагаўся з ворагам на акупаванай тэрыторыі, выжываў у канцлагерах, самааддана працаваў у тыле», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуўся да ветэранаў з вялікай просьбай, якую назваў нават баявым заданнем: «Жывіце як мага даўжэй і працягвайце выхоўваць нашу моладзь. Без вас нам будзе вельмі складана. Такія людзі, як Вы, зараз на вагу золата. Вы — захавальнікі праўды. І жалезабетонная процівага тым, хто адмаўляе генацыд беларускага народа і абяляе нацызм, якія б абліччы ён ні прымаў».

Валянціна Баранава ў сваю чаргу прызналася, што рада бачыць Прэзідэнта не на экране, а ўжывую. «Дзякуй вам вялікі за тое, што наша Беларусь за час вашага кіравання стала моцнай і свабоднай, незалежнай, квітнеючай і міратворчай рэспублікай. Гэта самае галоўнае!» — падкрэсліла яна.

Ветэран звярнулася і да ўдзельнікаў цырымоніі: «Родныя мае, і вам дзякуй вялікі! Бо вы тое пакаленне, якое прыйшло на змену нашым пакаленням — удзельнікам вайны. Мы пойдзем з жыцця, вы застанецеся. І будзеце разам з Аляксандрам Рыгоравічам працягваць будаваць нашу мірную краіну, шчаслівае жыццё».

Сярод узнагароджаных і прадстаўнікі сілавых структур: аператыўна-аналітычнага цэнтра і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. А таксама супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, органаў унутраных спраў і пагранічнай службы. «Усе тыя, хто ў апошні час абясшкоджвае тых дыверсантаў, якія закідваюцца на нашу тэрыторыю. Як бачыце, гісторыя паўтараецца. Дзякуй вам, хлопцы, за выдатную службу. Тое, што вы робіце, — штодзённая перамога над ворагам, беспрынцыпным і бязлітасным. Але мы мацнейшыя. Бо за намі праўда. Як і ў Вялікую Айчынную, мы абараняем свой дом і сваіх дзяцей», — звярнуўся да іх беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, на шчасце, большасць тых, хто сёння запрошаны ў Палац Незалежнасці, перажылі радасць менавіта працоўных перамог. І прадстаўляюць самыя мірныя прафесіі. 

«Дзяржаўных узнагарод і ганаровых званняў удастоены цэлае прадпрыемства — вытворца малочнай прадукцыі, і канкрэтныя людзі. Гэта настаўнікі і ўрачы, дзеячы культуры і навукоўцы, будаўнікі і прамыслоўцы, вытворцы тэхнікі, транспартнікі і эканамісты, вынаходнікі і юрысты. А таксама тыя, хто абраў справай свайго жыцця палёты ў неба, прысвяціў сябе мастацтву, захоўвае нашу запаведную прыроду, з ювелірнай дакладнасцю стварае цудоўнае. Ад усяго сэрца віншую вас з заслужанымі ўзнагародамі. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і натхнення», — сказаў Прэзідэнт.

Ордэн Пашаны Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральнаму дырэктару нацыянальнага парка «Нарачанскі» Васілю Каржову. Гэтай узнагароды таксама былі ўдастоены намеснік начальніка аддзела дзяржаўнага абвінавачання Генеральнай пракуратуры Міхаіл Кавалёў, першы намеснік дырэктара па закупках ААТ «АМКАДОР» — кіруючая кампанія холдынгу" Уладзімір Бараноўскі і трактарыст-машыніст гаспадаркі «АграНіва» Валерый Якубіч. Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны мастак-скульптар Іван Міско. Медаль Францыска Скарыны цяпер маюць лектар-музыказнаўца Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча Вольга Брылон, артыст-вакаліст Маладзёжнага тэатра эстрады Людміла Радзівонава, загадчык лабараторыі радыёфотонікі дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання «Оптыка, оптаэлектроніка медыка і лазерная тэхніка» Аляксандр Чыж. 

Указам Прэзідэнта таксама прысвоены і ганаровыя званні, адпаведныя дыпломы уручыў кіраўнік дзяржавы. Заслужаным артыстам стаў вядучы майстар сцэны Беларускай дзяржаўнай філармоніі Уладзіслаў Плігаўка. Дырэктару Магілёўскай гарадской капэлы Сяргею Лішчанку прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы нумар 34 Магілёва Галіне Бяляевай — ганаровае званне заслужанага настаўніка. Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджана гродзенскае прадпрыемства «Малочны Мір». 

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усім з надыходзячым Днём Перамогі. «Няхай гэтае ўсенародна любімае свята і адмысловая цырымонія, прымеркаваная да яго, служаць для вас пуцяводнай зоркай у дарозе да новых прафесійных і жыццёвых поспехаў», — пажадаў ён. 


«Хацелася б адзначаць мір на ўсё планеце»

Галоўная гераіня дня — франтавічка, член раённай арганізацыі ветэранаў Ленінскага раёна горада Гродна Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Валянціна Баранава ўзнагароджана ордэнам Пашаны. «Тое, як мы сустрэлі Перамогу ў гады вайны, немагчыма не расказаць, ні апісаць. Я была сувязістка, перадавала інфармацыю. Я шмат чаго не бачыла, таму што мы сядзелі за апаратам. Але я бачыла наступленне, калі разам з салдатамі трэба было ісці па франтавых дарогах. Гэта нуда зялёная — пешшу ісці па лужынах, па балотах, па кустах, у гару трэба было паднімацца, ніякай падрыхтаванай дарожкі не было. Але ты ішоў, бо ты салдат, абаронца сваёй Радзімы. Мусіць, таму Савецкі Саюз перамог, таму што наш савецкі салдат знаходзіў магчымасць у любых умовах пастаяць за сваю Радзіму. Калі пачалася вайна, мы ўсе сталі як два кулакі — адны на перадавой, а другія ў тыле. Два кулакі, мы змагаліся як адзін. І такога жару мы далі Гітлеру.

Я хутка буду адзначаць свае 100 гадоў, і як мне не цешыцца, калі ўжо 78 гадоў мір у нашай краіне, хацелася б, каб быў мір і на ўсёй планеце. І таму нашае пакаленне трымаецца па-баявому», — падзялілася Валянціна Пятроўна.

«Гэта прафесія мужных людзей»

Ганаровае званне «Заслужаны пілот Рэспублікі Бедарусь» прысвоена Алегу Салтоўскаму — камандзіру авіяцыйнага атрада адкрытага акцыянернага таварыства «Авіякампанія «Белавія». 

«Неба — неад’емная частка майго жыцця. Гэта прафесія мужных людзей. У беларускай авіяцыі прынята, каб усе кіруючыя супрацоўнікі былі толькі лётнымі кадрамі. Перад штурвалам усё роўныя. За 35 гадоў палётаў і 19 тысяч гадзін налёту шмат цікавага было, шмат што прыйшлося ўбачыць, асвоіць 10 тыпаў самалётаў, 16 варыянтаў тыпаў самалёта, усю заходнюю тэхніку, якая ў нас ёсць, падрыхтаваць 100 чалавек як інструктару. Прафесія пілота — гэта лад жыцця, асаблівае мысленне. Гэта здольнасць думаць не на два крокі наперад, а на пяць крокаў наперад, звычка не прымаць паспешных рашэнняў, а старанна іх абдумваць. І лётаць, лётаць, лётаць», — расказаў ён. 

Па словах Алега Салткоўскага, нельга сказаць, што «Белавія» не адчула санкцыйнага ціску, але быў настолькі зададзены добры тэмп, што запасу сіл хапіла пераадолець самы ніз гэтай сітуацыі і затым паступальна ісці ўгару. «У нас быў правал, але зусім невялікі. Эканамічна, фінансава „Белавія“ заўсёды была ў плюсе. Гэта заслуга і кіраўніцтва кампаніі, і галіны, і кіраўніка дзяржавы. Гэтая сітуацыя паказала, хто ёсць хто. І паказала адзінства нашага кіраўніцтва і лётнага саставу. Я скажу сапраўды, такога не было ніколі, каб кампанія была такім моцным арганізмам», — падкрэсліў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.