Вы тут

Непрыручаная птушка Палесся


У «Мастацкай літаратуры» прадаўжаецца выданне серыі кніг «Новая бібліятэка беларускай паэзіі».


Чарговы паэтычны зборнік, якія пабачыў свет у гэтым творчым праекце, — кніга вершаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэата Прэміі Ленінскага камсамола Беларусі Яўгеніі ЯНІШЧЫЦ (1948 — 1988) «Непрыручаная птушка». 

«Мне па душы глухія пушчы,/ Лістоты замець на дварэ./ Я непрыручанаю птушкай/ Жыву між сполахаў і дрэў./ <...> Нясу ў сваё святое ранне/ Любоў і гнеў на паўкрыла./ Мяне ў палёце не скарылі./ А будзе што не так — малю:/ Скруціце стомленае крылле/ І кіньце ў родную раллю». Многія творы, што ўвайшлі ў зборнік невялікага фармату, яшчэ дзесяцігоддзі назад сталі хрэстаматыйнымі, любімымі творамі беларускага чытача. У выдавецкай анатацыі падкрэсліваецца, што творчасць Я. Янішчыц — «адна з самых яркіх старонак беларускай паэзіі другой паловы XX стагоддзя. Яе высока цаніла крытыка, ёй захапляліся звычайныя чытачы. І сёння, калі беларускае прыгожае пісьменства актыўна шукае новыя шляхі самасцвярджэння, у тым ліку праз наватарства і эксперымент, лірыка Яўгеніі Янішчыц, далёкая ад модных паэтычных павеваў, па-ранейшаму застаецца вяршынннай з’явай нашай літаратуры, кранаючы сэрцы як сталых прыхільнікаў сапраўднай паэзіі, так і моладзі». 

У новую кнігу Я. Янішчыц увайшлі творы са зборнікаў «Снежныя грамніцы» (1970), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). «Прыедзь у край мой ціхі,/ Тут продкаў галасы,/ Тут белыя бусліхі/ І мудрыя лясы./ Хапае на Палессі/ І сонца, і вады./ І што ні двор — то песня,/ Што вёска — то сады...»

Укладальнікам кнігі «Непрыручаная птушка», выпуск якой ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца вядомы паэт, празаік, літаратурны крытык Алесь БАДАК. Афармленне серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі» выканаў таленавіты кніжны графік Міхаіл ДАЙЛІДАЎ. Тыраж выдання — 700 экзэмпляраў. Кнігу можна набыць ва ўсіх кнігарнях ААТ «Белкніга», а таксама — у «Акадэмкнізе» у Мінску па праспекце Незалежнасці, 72. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?