Вы тут

Перарваны палёт скульптара Жорава. Загадка помніка дукорскім партызанам


Час ад часу ў мастацтвазнаўцаў здараюцца нечаканыя знаходкі. Перабіраючы пасля пераезду ў новы корпус Нацыянальнага мастацкага музея для здачы ў архіў вялікія каробкі з дакументамі, якія засталіся пасля смерці супрацоўніцы музея, кандыдата мастацтвазнаўства Людмілы Дзмітрыеўны Налівайкі, натрапіла на вельмі цікавыя матэрыялы. Гэта былі фотаздымкі нейкага помніка з подпісам на зваротным баку «А. Жораў. Помнік дукорскім партызанам». Амаль невядомыя 1930-я, што само па сабе цікава! Людміла Дзмітрыеўна не паспела імі заняцца.


Сёння, успамінаючы мастакоў-франтавікоў, якія не вярнуліся з вайны, мы абавязкова павінны згадаць і Абрама Жорава. Ён адносіцца да плеяды самых таленавітых скульптараў Беларусі, якія працавалі ў даваенны час. Загінуў у 33 гады, і амаль уся творчасць гэтага скульптара носіць віртуальны характар. І праўда, рэдка каму так не пашанцавала, як Жораву: самы таленавіты і працавіты вучань Міхася Керзіна па Віцебскім мастацкім тэхнікуме застаўся без творчай спадчыны. Бясследна знік драўляны куфар — падарунак Сталіну ад беларускага народа з выразаным на ім з розных парод дрэва ордэнам Леніна, помнік «Лён» для беларускага павільёна на ВДНГ у Маскве так і не быў усталяваны ў 1930-я, як і помнік Сярго Арджанікідзэ ў Барысаве і яго бюсты для мінскага Дома ўрада. Гэта быў «час недасканаласцяў», век гіпсавых скульптур — у трывалым матэрыяле адліваліся рэдкія скульптуры правадыроў.

І гэтыя невядомыя дагэтуль фатаграфіі дапаўнялі кароткую трагічную творчую біяграфію маладога скульптара, прапануючы паразважаць над страчаным. Пасля пошукаў інфармацыі ў беларускай прэсе канца 1930-х гадоў высветлілася гісторыя конкурсу на помнік, які ў 1940 годзе планавалася паставіць у мястэчку Дукора Ігуменскага (цяпер Пухавіцкага) раёна Мінскай вобласці.

Гісторыя дукорскага помніка

Менавіта ў Дукорскай пушчы для барацьбы з белапалякамі быў арганізаваны ў 1919 годзе партызанскі атрад, які налічваў больш за сто чалавек, камандзірам якога стаў Андрэй Блажко, былы балтыйскі матрос. Камісарам гэтага атрада выбралі Міхаіла Рудовіча — навучэнца Мар'інагорскага тэхнікума. Дзейнасць атрада набыла вялікі размах. Рэгулярна з'яўляліся ў акрузе бальшавіцкія ўлёткі, было пашкоджана чыгуначнае палатно недалёка ад Міханавіч, партызаны збіралі вінтоўкі, кулямёты, патроны — рыхтаваліся да наступлення. Быў распрацаваны смелы план: пры наступленні Чырвонай Арміі яны на дарогах спаляць масты, пашкодзяць чыгуначныя пуці і тэлефонныя лініі — такім чынам спыняць сувязь акупантаў з фронтам. Адначасова планавалася граміць і раззбройваць варожыя часці, якія адступаюць.

Занепакоеныя дзеяннямі партызан, польскія акупанты звярнуліся да старога выпрабаванага спосабу — падаслалі правакатараў. Каля пяцідзесяці партызан разам з камандзірам і камісарам атрада трапілі ў засаду ў вёсцы Харэвічы.

Амаль два тыдні іх катавалі ў падвалах маёнтка Ашторпа, але байцы мужна пераносілі здзекі. Суд спешна вынес прысуд. Камандзір атрада Андрэй Блажко і яго дзесяць таварышаў — Сцяпан Камлюк, Андрэй Крывашчокі, камісар Міхаіл Рудовіч, Максім Маліноўскі, Ілья Камлюк, Пётр Буры, Іван Камлюк, Павел Пазняк, Андрэй Ахрамовіч, Рыгор Катлянік — былі расстраляны раніцай 17 мая 1920 года. «...Яны ішлі павольна, рэдкім ланцужком, звязаныя парамі тоўстай пяньковай вяроўкай. Па абочынах дарогі, цяжка ступаючы, неслі наперавес карабіны салдаты. Наперадзе на сытых конях гарцавалі афіцэры. Замыкаў сумнае шэсце ўзвод палявой жандармерыі. А ззаду гэтай жудаснай працэсіі ішлі сотні жыхароў навакольных вёсак — іх гналі на месца пакарання для запалохвання. На ўзлеску быў выкапаны глыбокі яр. Арыштаваных паставілі спінай да ямы, насупраць іх сталі салдаты. Усе замерлі ў трывожным чаканні, напружаныя погляды былі скіраваныя на твары асуджаных», — так апісаў тую раніцу відавочца трагічных падзей драматург Васіль Гарбацэвіч, які ў той час працаваў настаўнікам у Дукорскай школе. Адважныя партызаны сталі героямі яго п'есы «Чырвоныя кветкі Беларусі». Яму хацелася данесці жывыя вобразы герояў для маладога пакалення сваіх землякоў.

Яшчэ пяцёра партызан — Фёдар Крывашчокі, Міхаіл Філановіч, Рыгор Пісарчык, Іван Равека, Міхаіл Коршак — былі асуджаныя на катаржныя працы і загінулі ў адзіночных камерах Грудзенскай турмы на тэрыторыі Польшчы.

Да 20-й гадавіны вызвалення ўсходняй Беларусі ад белапалякаў 11 ліпеня 1939 года Упраўленне па справах мастацтваў БССР аб'явіла конкурс на найлепшы праект помніка-абеліска дукорскім партызанам. Яго меркавалася ўсталяваць на месцы расстрэлу белапольскімі акупантамі 11 партызан. Разам са скульптарамі, якія працавалі па дагаворах, у ім маглі прыняць удзел усе ахвотныя, якія валодаюць асновамі скульптуры. У склад журы ўвайшлі вядучыя скульптары рэспублікі Азгур, Керзін, Грубэ, начальнік ізасектара Камітэта па справах мастацтваў Генін, жывапісец Зайцаў. Галоўнае патрабаванне было ў «сінтэзе архітэктурных і скульптурных форм манументальна вырашыць ідэю гераічнай барацьбы беларускага народа супраць белапольскіх акупантаў». Засноўваліся прэміі — за першае месца 3000 рублёў, за другое і трэцяе адпаведна — 2000 і тысяча рублёў.

Праз месяц, 12 верасня 1939 года, газета «Літаратура і мастацтва» паведамляла аб стварэнні спецыяльнай урадавай камісіі па ахове помнікаў гісторыі грамадзянскай вайны, рэвалюцыйнага руху мастацтва і старажытнасцяў пад кіраўніцтвам Вінера. Камісія, у якую ўваходзілі акадэмік Мікольскі, архітэктар Якушка, наркам асветы Уралава, скульптар Азгур, дырэктар музея рэвалюцыі Грэкаў, павінна была ў ліку многіх іншых помнікаў абследаваць брацкія магілы і пахаванні на месцы гераічнай гібелі партызан у Дукоры Мінскай вобласці. Да гэтага на спецыяльным пасяджэнні абмяркоўвалася, што многія помнікі былі ўстаноўлены ў раённых гарадах і сёлах стыхійна, без санкцыі Саўнаркама, і іх якасць вымушае жадаць лепшага. Такі помнік — сціплы абеліск быў устаноўлены на магілах партызан у 1923 годзе і ў Дукоры і да 1939 года выглядаў непрэзентабельна. Конкурс мусіў даць мастацкі варыянт помніка.

У конкурсе прынялі ўдзел два вучні Міхаіла Керзіна па віцебскім мастацкім тэхнікуме, у тым ліку Абрам Жораў і Аляксей Глебаў.

Жораў паставіўся да задання вельмі сур'ёзна. Па захаваных эскізах відаць, што ён арыентаваўся на п'есу Васіля Гарбацэвіча «Чырвоныя кветкі Беларусі», надрукаваную ў часопісе «Полымя» ў 1923 годзе.

Жораў задумаў адлюстраваць шматфігурную кампазіцыю з 11 чалавек у самы драматычны фінальны момант расстрэлу. Пафас п'есы, якую ў 1920-я гады ставілі амаль усе аматарскія тэатральныя калектывы, перададзены і ў скульптурнай кампазіцыі, якая паказвае мужнасць герояў перад абліччам смерці. Цэнтральную частку кампазіцыі займае выява камандзіра атрада Андрэя Блажко. Кожны канкрэтны герой быў вырашаны пластычна індывідуальна і разнастайна ў найлепшых традыцыях сусветнай скульптуры. Хтосьці падтрымліваў таварыша, які ўпаў, хтосьці падняў руку ў праклёне карнікам. Усе персанажы размяшчаліся вакол абеліска для кругавога агляду. Такога рамантычнага і пластычна дасканалага помніка яшчэ не было ў Беларусі. Асабліва ўражвае масіўны пастамент і амаль барочнае арачнае завяршэнне помніка-абеліска ў выкананні архітэктара Оскара Марыкса. Мы прывыклі лічыць Марыкса мастаком тэатра, забываючыся, што ён па адукацыі архітэктар, які атрымаў веды ў Пражскай акадэміі мастацтваў.

2 студзеня 1940 года газета «Літаратура і мастацтва» апублікавала вынікі конкурсу і фатаграфіі трох праектаў, якія перамаглі: скульптар Жораў і архітэктар Оскар Марыкс атрымалі ў конкурсе першую і другую прэміі, а скульптар Аляксей Глебаў з тым жа архітэктарам Марыксам — трэцюю.

На жаль, і гэты помнік застаўся толькі ў праекце. І гэта зразумела. Стылістыка шматфігурных кампазіцый, самога пастамента і абеліска была такой складанай і пампезнай, патрабавала столькіх намаганняў і грашовых затрат па фармоўцы і адліўцы, што ўстаноўка такога помніка ў вёсцы Дукора была праблематычнай. Найлепшым праектам гэтай серыі варта прызнаць трэці варыянт, які захаваўся ў фатаграфіі і застаўся без узнагарод, але сваёй лаканічнасцю і манументальнасцю быў больш набліжаны да рэальнага жыцця.

Не мог не вярнуцца на фронт

«Абрам Жораў меў дар таленавітага мастака, да таго ж у яго была неверагодная працаздольнасць... Яго работы пасля заканчэння тэхнікума былі большыя, чым у нас. Яго адразу заўважылі, яго работы часцей траплялі на выстаўкі, і беларускія, і ўсесаюзныя, адзначаліся прэміямі, ён падаваў вялікія надзеі, але — вайна», — казаў пра яго пасля народны мастак СССР Заір Азгур.

У 1938 годзе Жораў удзельнічае ў маладзёжнай выстаўцы ў Мінску, а ў 1939 годзе — у адказнай выстаўцы ў Маскве «Сталін і людзі савецкай краіны ў выяўленчым мастацтве». У 1940 годзе становіцца членам Саюза мастакоў БССР. Апошні твор, вядомы таксама па фатаграфічным здымку, гэта медальён, прысвечаны юбілею паэта Міхаіла Лермантава, створаны ў 1941 годзе.

Маскоўскі даследчык Мікалай Машкаўцаў у артыкуле 1940 года, прысвечаным аналізу беларускага выяўленчага мастацтва і рэалістычнай віцебскай скульптурнай школы Керзіна, адзначае Жорава як самага маладога і таленавітага вучня Керзіна, «усе творы якога пакуль застаюцца ў эскізах». Яны так і засталіся ў эскізах....

У 1941 годзе лейтэнант Жораў быў прызваны з Мінска ў армію. Ён ірваўся на перадавую, у авіяцыю. Як лётчык займаўся аэрафотаслужбай, фатаграфуючы з самалёта тыл ворага. У 1942 годзе Жорава выклікалі ў штаб партызанскага руху ў Маскве і прапанавалі, як і шматлікім мастакам, працу ў штабе і бронь. У Маскве ён пазнаёміўся з Кукрыніксамі, пачаў працаваць над скульптурнай кампазіцыяй на партызанскую тэму. Застанься ён тады ў Маскве, можа, беларуская скульптура атрымала б такі ж шэдэўр, як «Мікалай Гастэла» Андрэя Бембеля? Але як ён мог не вярнуцца ў лётны полк, да таварышаў? Гэта было не ў ягоным характары. Жораў вярнуўся на фронт.

Аднойчы самалёт збілі, лётчыкі выскачылі з парашутам, у лесе паспелі знішчыць дакументы і, трапіўшы ў нямецкі палон, былі адпраўленыя як працоўная сіла на таварняку ў Германію. Атрымалася з таварышам здзейсніць уцёкі, выскачыўшы на хаду цягніка. Прабіліся, ідучы пешшу па лясах ва Украіне, да партызан у брыгаду Сідара Каўпака. Там Жораў атрымаў мянушку «Партызан Саша».

«Калі б вы маглі ведаць маіх сяброў! Гэта героі, якія заслугоўваюць лепшага твора мастацтва. Якія цудоўныя вобразы! Я раблю замалёўкі, галоўным чынам, партрэты», — пісаў ён сябрам на Вялікую зямлю.

Ва ўліковай картцы вайскоўца значыцца, што лейтэнант Жораў «выбыў са службы» 2 лютага 1943 г. з «30 зсб.» (30-я Іванаўская запасная стралковая брыгада, якая дыслакавалася на тэрыторыі Гарахавецкага раёна Іванаўскай вобласці).

У 1943 годзе 23 снежня, за тыдзень да новага года, сям'я Жорава, якая паспела эвакуіравацца ў Пензу, атрымала ад яго апошні ліст. Ён прапаў без вестак ва Украіне.

У дачкі Жорава Святланы засталася толькі адзіная драўляная скульптура — выява сялянкі. Гэта рэліквія сям'і. Усе астатнія яго творы можна ўбачыць толькі на фатаграфіях.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.