Вы тут

«У беларусак для догляду сябе ёсць усё неабходнае». Як заставацца прыгожай у любым узросце


Б'юці-сфера ў нашы дні — адна з высокатэхналагічных галін. Апошнія дзесяцігоддзі сталі прарыўнымі з пункту гледжання развіцця тэхналогій індустрыі прыгажосці. З'явілася мноства інавацыйных падыходаў, якія змянілі нашы погляды на маладосць і здароўе. Аб ключавых трэндах сучаснасці і будучыні сферы прыгажосці, аб развіцці беларускай касмецэўтыкі (і аб тым, што гэта такое), а таксама аб даверы айчыннай касметыцы мы гутарым з адным з самых вядомых спецыялістаў Беларусі ў галіне вытворчасці касметычных сродкаў, кандыдатам біялагічных навук, спікерам міжнародных кангрэсаў па касметыцы і медыцыне Людмілай Калацкай.


«Трэба працаваць над сабой»

Напачатку — кароткая даведка. Усім, чыя прафесійная дзейнасць так ці інакш звязана са сферай прыгажосці, Людмілу Калацкую прадстаўляць не трэба. Для тых, хто прафесійна з б'юці-індустрыяй не звязаны, скажам, што Людміла Міхайлаўна — заснавальнік і кіраўнік адзінай у Беларусі кампаніі, якая выпускае прафесійную касметыку (або касмецэўтыку,
то-бок высокаэфектыўныя інавацыйныя прэпараты на скрыжаванні касметыкі і фармацэўтыкі, якія выкарыстоўваюцца ў салонах і медыцынскіх цэнтрах). Дададзім, што беларуская касмецэўтыка брэнда «LoTa» прадаецца шмат дзе ў свеце, а кампанія з'яўляецца членам Еўрапейскай арганізацыі CCE (Cosmetіcs Consultans Europe) — і гэта адзіны вытворца касметыкі ў краінах СНД, які атрымаў членства ў гэтай прэстыжнай арганізацыі. А да таго, як стварыць брэнд «LoTa», мая суразмоўніца стаяла каля вытокаў навуковага цэнтра «Беліта-Вітэкс» і шмат гадоў нязменна ім кіравала.

— Людміла Міхайлаўна, пачнём з галоўнага: на вашу думку, наколькі нашы жанчыны ўмеюць і хочуць берагчы сваю прыгажосць?

— Хочуць і ўмеюць, і гэта мяне вельмі радуе. Беларускі ў абсалютнай большасці вельмі годна выглядаюць у любым узросце і, я сказала бы, на сусветным узроўні (калі параўноўваць нашых жанчын з прадстаўніцамі адпаведных узроставых груп іншых краін). Як правіла, нашы суайчынніцы адукаваныя і ўмеюць несці сябе вельмі годна.

— Адукацыя мае прамое дачыненне да таго, як выглядае жанчына?

— Безумоўна. Можна выглядаць молада і быць прыгожай у любым узросце, але гэта вялікая работа над сабой. І не толькі над сваёй скурай. Падыход комплексны: у першую чаргу работа над сваім інтэлектам, а таксама правільнае харчаванне, спорт ці хоць бы фізічная актыўнасць, адмова ад шкодных звычак (алкаголь, курэнне). І, вядома, рэгулярны догляд — прафесійны (наведванне касметолага) і хатні.

— А чаго сёння не хапае беларускім жанчынам у доглядзе, калі казаць пра айчынную касметыку?

— На дадзены момант у беларускіх жанчын для таго, каб захаваць на доўгія гады маладосць і прыгажосць, ёсць практычна ўсё неабходнае. Напрыклад, касметыка для хатняга догляду — і магу аўтарытэтна заявіць, што «Беліта-Вітэкс» на сёння адна з найлепшых у масмаркеце на нашай тэрыторыі і ў цэлым ва Усходняй Еўропе. Ёсць у беларускіх жанчын цяпер і прафесійная айчынная касметыка, якая падыходзіць нашаму метабалізму, нашаму рэгіёну, улічвае асаблівасці нашай скуры — і гэта поўны цыкл салоннага догляду для самых розных тыпаў скуры, узростаў, вырашэння розных б'юці-праблем. І кожны год мы дадаём новыя навуковыя распрацоўкі.

— Але ж прафесійную касметыку немагчыма набыць, не маючы пасведчання касметолага...

— Цалкам так. І гэта правільна. Розніца ў інтэнсіўнасці ўздзеяння прафесійных сродкаў і ліній хатняга догляду — прыкладна ў дзесяць і больш разоў. За кошт гэтага дасягаецца эфектыўнасць, але ў руках непрафесіянала такі сродак можа нанесці шкоду. Таму прафесійныя касметалагічныя сродкі ва ўсім свеце — і наша краіна не выключэнне — прадаюць толькі прафесіяналам, што маюць адпаведную адукацыю (яны ўсе заносяцца ў спецыяльную базу даных). Высокая актыўнасць прэпаратаў патрабуе пэўнай падрыхтоўкі скуры, важна вытрымліваць стадыі іх нанясення. Недасведчаны чалавек з такімі сродкамі можа нанесці вельмі сур'ёзную шкоду сваёй скуры. Таму і трэба перыядычна бываць у касметолага — гэта павінна стаць абавязковым пунктам догляду сябе кожнай жанчыны гадоў з 25, а пры наяўнасці праблем — і раней. Некаторыя нашы жанчыны эканомяць на сабе і думаюць, што якасныя лініі для хатняга догляду дапамогуць ім не старэць, або вырашаць праблему акнэ, або разгладзяць маршчыны. Але хатні догляд — гэта абавязковыя, але толькі падтрымлівальныя працэдуры. І мне хацелася б гэта данесці да вашых чытачак.

«Касметычны свет — гэта каста»

— Раскажыце, калі ласка, аб удзеле і перамозе ў конкурсе «Брэнд года».

— Мы да гэтага не імкнуліся. У 2021 годзе прыйшла прапанова ад арганізатараў конкурсу «Брэнд года», і мы прынялі рашэнне ўдзельнічаць. Прызнацца, мелаcя на ўвазе мэта — хацелася ацаніць лаяльнасць да нашых прадуктаў прафесіяналаў, касметыкаў і касметолагаў-практыкаў, якія працуюць з кліентамі ў салонах і медыцынскіх цэнтрах. І мы ўбачылі гэтую лічбу: мы атрымалі тысячы галасоў, з велізарным адрывам ад канкурэнтаў у нашай намінацыі. Такім чынам, за беларускі брэнд прафесіяналы прагаласавалі дзвюма рукамі. Гэта вялікая адказнасць, вялікі бонус. Нам далі свайго роду карт-бланш, і мы павінны адпавядаць. Ну, а сама магчымасць перамогі мяне асабіста не вельмі цікавіла, але ўсё ўжо закруцілася, і мы перамаглі.

Фота: pixabay.com

— Цяпер на вашай касметыцы працуе большасць салонаў прыгажосці Беларусі. Чаму да беларускага брэнда ў прафесіяналаў такая лаяльнасць?

— Думаю, справа ў павазе да нашага рынку, да айчыннага прадукту. Гэта ўласціва беларусам, і гэта наша вельмі годная рыса. А мы, са свайго боку, як вытворцы, імкнёмся ўтрымліваць баланс цаны пры максімальнай якасці і інавацыйнасці. Традыцыйна ўдзельнічаем ва ўсіх сусветных канферэнцыях касметолагаў, у тым ліку ў найбуйнейшым форуме Іn-cosmetіcs Global, які праходзіць кожны год (сёлета ён адбыўся ў Барселоне), і там мы звяраемся з усёй касметычнай суполкай. Мы ў рассылках па ўсіх тэндэнцыях і аглядах. Касметычны свет вельмі замкнёны, гэта свайго роду каста. Або вы, як вытворца прафесійнай касметыкі, да яго належыце, або вашага брэнда проста няма.

«Індустрыя прыгажосці не існуе асобна ад жыцця»

— Ці задаволеныя вы ўзроўнем адукацыі нашых касметыкаў і касметолагаў — прафесіяналаў, якія працуюць непасрэдна з кліентамі ў салонах?

— Не магу сказаць, што задаволеная. На жаль, вельмі многім у гэтай сферы не хапае адукацыі і вопыту. Сёння мэйнстрым — вучыцца на касметыка. Раней, у савецкія часы, для такой працы была абавязковай медыцынская адукацыя. Потым прыйшлі заканадаўчыя паслабленні. Між тым касмецэўтыка — гэта ўсё ж высоканавуковыя прэпараты, і, працуючы з імі, важна разумець, як яны ўздзейнічаюць на скуру і чаму... Але гэта агульнасусветная тэндэнцыя — прафесіяналаў высокага ўзроўню ў б'юці-сферы не хапае не толькі ў нашай краіне. Таму мы прынялі рашэнне ўзмацніць інтэлектуальную дапамогу рынку — у першую чаргу нашаму, беларускаму: праводзіць семінары, трэнінгі, больш расказваць, адукоўваць, і практыкі гэта прынялі «на ўра». Днямі мы правялі ўжо другую канферэнцыю для прафесіяналаў індустрыі прыгажосці (яна адбылася ў Доме прэсы). У прыватнасці, распавялі пра тыя новыя тэндэнцыі, якія прывезлі з Іn-cosmetіcs Global.

— Дарэчы, у які бок цяпер рухаецца прафесійная касметалогія?

— У бок ускладнення, спецыфікацыі — стварэння «адрасных» сродкаў для вырашэння кожнай б'юці-праблемы. Пры гэтым захоўвае актуальнасць і тэндэнцыя стварэння гібрыдных формул, накіраваных на вырашэнне адразу некалькіх задач. Але самае галоўнае — генеральны трэнд у сусветнай касметыцы — гэта sustaіnabіlіty, то-бок устойлівае ўсебаковае развіццё. Пад ім варта разумець цэлы комплекс падыходаў, сярод якіх найважнейшы — захаванне «здаровага» мікрабіёму скуры (яе мікраарганізмаў, «супольнасць» якіх адыгрывае істотную ролю ў падтрыманні здароўя, прыгажосці і маладосці). Касметалогія на скрыжаванні з мікрабіялогіяй цяпер — наогул вельмі модны кірунак. На Іn-cosmetіcs Global ў гэтым годзе часам здавалася, што мы прысутнічаем на мікрабіялагічным сімпозіуме. Дарэчы, каманда «LoTa» ўжо даўно працуе ў гэтым кірунку: яшчэ шэсць гадоў таму мы прадставілі беларускім жанчынам прабіятычны пілінг і маску для абароны мікрабіёму скуры (у нашай камандзе — тры мікрабіёлагі). Так што, скажу без лішняй сціпласці, беларуская касмецэўтыка — «наперадзе планеты ўсёй»... Трэндам у касметалогіі ўжо некалькі гадоў застаецца карбоксітэрапія (насычэнне скуры кіслародам). Гэта вельмі добры метад, ён прыйшоў у сферу прыгажосці з медыцыны.

— А як узнікаюць трэнды ў касметалогіі?

— Яны заўсёды развіваюцца ў рэчышчы найважнейшых пытанняў, якія стаяць перад грамадствам у цэлым. Індустрыя прыгажосці не існуе ў вакууме, асобна ад жыцця. Так што «гарачыя» тэндэнцыі і трэнды звычайна маюць у тым ліку і сацыяльны, эканамічны падмурак. Гэта заўсёды адказ на ключавыя пытанні нашага часу: экалогія, адсутнасць скажэння інфармацыі (у тым ліку аб прадукце і яго складзе), адказнасць перад прыродай і перад людзьмі, ментальнае здароўе, развіццё інтэлекту... І гэта адлюстроўваецца не толькі ў канчатковым прадукце, але і ў прынцыпах вытворчасці касметыкі і касмецэўтыкі. Інакш самыя інавацыйныя распрацоўкі не здольныя дапамагчы дасягнуць мэты: прыгажосці, здароўя, маладосці на доўгія гады. Мы павінны берагчы ваду падчас вытворчасці, сачыць за чысцінёй паветра, адысці ад мікрапластыку і ўпакоўкі, што не раскладаецца. Мы павінны памятаць пра адказнасць перад нашай экалогіяй і нашымі суграмадзянамі. І тады ўсё атрымаецца.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.