Вы тут

Спроба змяніць жыццё кніг. Творча-вытворчы фармат імя Францыска Скарыны


Даволі часта, калі размова заходзіць пра нашага прашчура асветніка і першадрукара Францыска Скарыну, узнікае і такая вобразная характарыстыка сучасных кнігавыдаўцоў: «Нашчадкі Скарыны» —  альбо іншае вызначэнне з гэтым сэнсам...


Болей як тры дзесяцігоддзі назад, у 1990 годзе, яшчэ да развалу Савецкага Саюза, была і такая ідэя — стварыць творча-вытворчую Асацыяцыю імя Францыска Скарыны. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца калектыўны ліст да старшыні ўрада БССР Вячаслава Францавіча Кебіча ад 26 ліпеня 1990 г., які падпісала група таварышаў. А калі быць дакладнымі — народны пісьменнік Беларусі, галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі Іван Шамякін, старшыня Саюза пісьменнікаў БССР паэт Васіль Зуёнак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт Валерый Грышановіч, генеральны дырэктар Мінскага вытворчага паліграфічнага аб'яднання імя Якуба Коласа Валерый Германаў.

Вось з чаго пачалі аўтары ліста ў Савет Міністраў БССР: «Саюз пісьменнікаў БССР, выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Мінскае вытворчае паліграфічнае аб'яднанне імя Якуба Коласа ўваходзяць ва ўрад рэспублікі з прапановай аб стварэнні творча-вытворчай Асацыяцыі імя Францыска Скарыны па выпуску класічнай і сучаснай беларускай літаратуры, беларускіх энцыклапедый, літаратурна-гістарычнай спадчыны, помнікаў рускай і сусветнай літаратуры...»

Аснова прававога характару для рэалізацыі падобнай ініцыятывы, несумненна, мелася. 17 мая Савет Міністраў СССР прыняў пастанову «Аб стварэнні Асацыяцыі дзяржаўных прадпрыемстваў...». І вось «беларускі» праект яго ініцыятары задумалі з мэтай стварыць аб'яднанне, асацыяцыю, якая б «адпавядала духу і патрабаванням сучаснай нацыянальна-культурнай і эканамічнай палітыкі, скіраванай на духоўнае развіццё народа, сцвярджэнне суверэнітэту рэспублікі, умацаванне яе гаспадарчай самастойнасці, развіццё ініцыятывы і прадпрымальнасці, пашырэнне знешнеэканамічных сувязяў».

Чаму менавіта такі фармат — творча-вытворчы?.. «Аб'яднанне ў Асацыяцыю Саюза пісьменнікаў БССР, вядучых выдавецтваў рэспублікі і МВПА імя Я. Коласа, якія ўносяць пераважны ўклад у развіццё нацыянальнага кнігавыдання, маюць найболей значныя эканамічныя і фінансавыя паказчыкі, дазволіць паскорыць рэалізацыю рэспубліканскіх праграм «Родная мова», «Спадчына», «Памяць», ухваленых ЦК КПБ і ўрадам рэспублікі».

Крыху ніжэй стане зразумелым, чаму ў такім выключна вытворчым, эканамічным аб'яднанні яшчэ і творчы саюз. Але спярша звернемся да той характарыстыкі, якую даюць беларускаму кнігадрукаванню аўтары ліста: «Зараз існуе істотны перакос у кніжна-тэматычнай практыцы і палітыцы. У 1985 годзе Дзяржкамвыдат БССР даручыў спецыялізаваным выдавецтвам яшчэ і выпуск мастацкай літаратуры ў абмен на макулатуру, значная частка якой да ўсяго астатняга рэалізуецца за межамі рэспублікі. Гэта адмоўна паўплывала на прэстыж нацыянальнай літаратуры, прывяло да дэфіцыту на дзіцячую, навучальную, даведачную, энцыклапедычную літаратуру...»

У 1990 годзе ў рэспубліцы працавала даволі шмат дзяржаўных выдавецтваў — «Беларусь», «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, «Мастацкая літаратура», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Вышэйшая школа», «Юнацтва», «Полымя», «Народная асвета»... Больш чым паловы з іх ужо няма. Але не было яшчэ «Пачатковай школы» (няма гэтага выдавецтва, праўда, і цяпер), «Адукацыі і выхавання», як і не было медыйна-кніжнага Выдавецкага дома «Звязда»... Затое сёння вырасла процьма прыватных выдавецтваў. Адны з іх — з ужо багатай гісторыяй. Другія папрацавалі і закрыліся. Тады, напрыканцы 1980-х — у пачатку 1990-х гадоў, яны толькі пачалі адкрывацца. Як, напрыклад, выдавецтва «Паліфакт» (створана ў 1989 годзе) ці «Эридан» (нараджэннем з 1990 года; найбольшую вядомасць займела Зборам твораў Чэйза)... З'явіліся «Аквариус», «Белорусская ассоциация детективного, приключенческого и политического романа»...

З ліста Вячаславу Кебічу:

«... Разам з тым, варта заўважыць, што па выпуску кніг на душу насельніцтва рэспубліка займае далёка не вядучае месца ў краіне. У 1988 годзе продаж кніг на аднаго жыхара ў Мінскай вобласці крамамі кнігагандлю склаў усяго толькі 2 рублі 68 капеек. Не лепшае становішча і ў іншых абласцях».

Кароткае адступленне. Адзін амерыканскі долар у 1988 годзе быў роўны 58 капейкам. Значыць, на аднаго жыхара Міншчыны прыпадаў продаж кніг на суму 4 долары 62 цэнты. Дапускаючы такія ўмоўнасці, лягчэй лічыць і параўноўваць, а ў выніку — можна і паразважаць. На 1 студзеня 2022 года ў Мінскай вобласці пражывала 1 мільён 465 тысяч 755 чалавек. Атрымліваецца, што, згодна са статыстыкай, продаж кніг у 2022 годзе для жыхароў вобласці мог быць роўны 6 мільёнам 771 тысячы 788 долараў... Каменціраваць гэта не будзем, бо і лічба неверагодная для сённяшняга дня. І давядзецца адхіліцца ад тэмы ліста ў беларускі ўрад... Зразумела, вельмі шмат прычын аб'ектыўнага і суб'ектыўнага характару, якія знізілі зацікаўленасць грамадства кнігай. У тым ліку і айчыннай... Не апошнюю ролю ў гэтым іграе і змяншэнне колькасці кнігарань. Не будзем аналізаваць іх колькасць у 1990 і 2022 ці 2023 гадах па ўсёй вобласці, звернем увагу хаця б на адзін Пухавіцкі раён. У 1990-м і раней кнігарні былі ў Мар'інай Горцы (нават — дзве; адна ў самым цэнтры Мар'інай Горкі, другая — у вайсковым гарадку), Пухавічах, Рудзенску, Дукоры, Шацку... Кнігі актыўна прадаваліся ў кіёсках «Саюздруку». Сёння на ўвесь Пухавіцкі раён толькі адна кнігарня — у Мар'інай Горцы, належыць яна сістэме «Белкаапсаюза», дзе, дарэчы, побач з кнігамі прадаюцца тавары народнага спажывання...

«Творча-вытворчая Асацыяцыя ставіць сваёй задачай, — чытаем у звароце да Кебіча, — рэалізаваць мэтавую праграму выпуску класічнай і сучаснай беларускай літаратуры, беларускіх энцыклапедый, багатай літаратурна-гістарычнай спадчыны і літаратурных помнікаў славянскага пісьменства, найлепшых твораў айчыннай і замежнай класікі. Асацыяцыя, г. зн. аб'яднанне сіл, магчымасцяў, садзейнічала б ажыццяўленню статомнага выдання «Скарбаў сусветнай літаратуры» і «Бібліятэкі лаўрэатаў нобелеўскай прэміі». Указаны кірунак павінен стаць прыярытэтным у галіне кнігавыдання ў рэспубліцы. Выпуск кніг мяркуецца наладзіць на беларускай, рускай, а таксама замежных мовах з мэтай іх распаўсюджвання як на ўнутраным, так і знешнім рынках. Не выключана ў будучыні стварэнне сумесных прадпрыемстваў па выпуску і распаўсюджванню літаратуры, што паслужыла б крыніцай валютных сродкаў. База для гэтага маецца: выдавецтва «Мастацкая літаратура» і «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» на сённяшні дзень з'яўляюцца найбуйнейшымі экспарцёрамі кніг».

Чым болей учытваешся ў змест гэтага ліста, тым болей разумееш, што аўтары яго былі пазбаўлены наіўнасці, разумелі і блізкія, і аддаленыя перспектывы ў развіцці кнігавыдавецкай справы ў рэспубліцы і ўвогуле на постсавецкай прасторы... Не збіраючыся далёка адхіляцца ад зместу дакумента, звернемся да адной тэмы, якая ўсплыла шмат пазней... У 2007 — 2008 гг. ААТ «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа» (тое прадпрыемства, якое існавала пад гэтай назвай першапачаткова, да зліцця з фабрыкай каляровага друку, якая сёння і носіць імя Паліграфкамбіната імя Я. Коласа; тады паліграфкамбінат знаходзіўся ў цэнтры сталіцы, каля плошчы Якуба Коласа) збіраўся набыць расійскі інвестар. Патэнцыяльны пакупнік — выдавецкая група «АСТ». Намеснік міністра інфармацыі ўжо суверэннай Беларусі Ігар Лапцёнак на прэс-канферэнцыі 17 студзеня паведаміў для журналістаў, што «пакупнік з Расіі прапаноўвае купіць кантрольны пакет акцый Паліграфкамбіната імя Я. Коласа і інвеставаць 7 млн еўра ў яго рэканструкцыю». А гендырэктар прадпрыемства В. Германаў, акрамя іншага, дадаў: «Дзевяноста пяць працэнтаў магутнасцяў прадпрыемства загружаны менавіта заказамі з Расіі». А што да колькасці назваў, то, вобразна кажучы, з друкарскага станка на паліграфкамбінаце тады сыходзіла 2700 назваў кніг і брашур агульным накладам болей чым 30 мільёнаў экзэмпляраў... Так што ранейшая амаль што на два дзесяцігоддзі заклапочанасць беларускіх выдаўцоў, паліграфістаў была цалкам зразумелая, лагічная, у нечым яна насіла характар празорлівасці. Трэба было нешта рабіць!.. Нельга было згубіць час!..

Чытаем далей: «Прапанаваны варыянт аб'яднанняў творчых і выдавецка-паліграфічных структур гарантуе, як нам уяўляецца, трывалае стаўленне нацыянальнага кнігавыдання ў духу скарынінскіх традыцый. Стварэнне Асацыяцыі не патрабуе дадатковых фінансавых затрат. Праект эканамічна абгрунтаваны: Дзяржплан БССР забяспечвае новае творча-вытворчае аб'яднанне матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі і паліграфіяй, без дадатковага іх выдаткоўвання, на ўзроўні 1990 года. Ужо зараз у выдавецтве «Мастацкая літаратура» завяршаецца перавод набору на персанальныя ЭВМ з перадачай сродкаў інфармацыі на магнітных носьбітах у фотанаборны цэнтр на МВПА імя Я. Коласа, што паскорыць працэс выпуску кніг.

Ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі, удасканальвання гаспадарчага механізму творча-вытворчая Асацыяцыя імя Ф. Скарыны здольная будзе да стварэння кансорцыума, наладзіць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі лясной, дрэваапрацоўчай і лёгкай прамысловасці за кошт пераразмеркавання фінансавых сродкаў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў, якія ўвойдуць у кансорцыум».

Зазірнём у энцыклапедычны даведнік. Што ж такое кансорцыум?.. Гэта часовае пагадненне паміж некалькімі банкамі ці прамысловымі прадпрыемствамі для сумеснага размяшчэння займу альбо ажыццяўлення адзінага праекта вялікага прыцягнення прыбыткаў. Пры ўсталяванні кансорцыума прадпрыемствы, якія ў яго ўваходзяць, цалкам захоўваюць самастойнасць, але ў частцы дзейнасці, якая датычыцца мэт кансорцыума, падначальваюцца сумесна абранаму кіраўніцтву. Прамысловыя кансорцыумы ўсталёўваюцца прамысловымі кампаніямі і крэдытнымі арганізацыямі для ажыццяўлення капіталаёмістых, міжнародных, інфраструктурных праектаў.

Аўтары звароту ва ўрад у 1990 годзе зазіралі ў будучыню... «Развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, рэканструкцыя, тэхнічнае пераўзбраенне паліграфіі, арганізацыя ў рэспубліцы выпуску ўласнай паперы, кардону і іншых паліграфічных матэрыялаў, перапрацоўка макулатуры, прыняцце долевага ўдзелу ў пашырэнні вытворчых магутнасцяў цэлюлозна-папяровых камбінатаў Расійскай Федэрацыі — гэтыя пытанні на сёння з'яўляюцца жыццёва важнымі для кніжнай галіны. Пры адпаведнай падтрымцы ўрада рэспублікі новаму творча-вытворчаму аб'яднанню цалкам пад сілу вырашыць гэтыя і іншыя праблемы аператыўна і мабільна».

Звярталіся ва ўрад зацікаўленыя кніжнікі, кіраўнікі, якім балела за лёс беларускай кнігі... «Прымаючы да ўвагі актуальнасць праграмы нацыянальнага кнігавыдання, выпуску літаратурных помнікаў славянскай, сусветнай і айчыннай культур, яе важкі ўклад у развіццё духоўных запатрабаванняў народа, меркавалі б неабходным устанавіць на ўвесь аб'ём іх выпуску дзяржаўны заказ, зыходзячы з высокіх затрат на выданне, велізарныя страты пры выпуску літаратуры на беларускай мове, якія сёння вяртаюцца з дзяржаўнага бюджэту, устанавіць на прыбытак ад выдання льготнае падаткаабкладанне, прадугледжанае адпаведнай пастановай Савета Міністраў СССР для творчых саюзаў».

І яшчэ адзін важны момант, які навідавоку як праблема і сёння, праз 33 гады: «...Што датычыць разрозненай дзейнасці астатніх спецыялізаваных выдавецтваў рэспублікі, то, на наш погляд, іх аб'яднанне таксама магчыма па тэматычна-галіновым прынцыпе...» Аўтары ліста вельмі спадзяваліся на ўважлівае стаўленне ўрада да іх вартай і актуальнай ідэі: «...мы спадзяёмся на падтрымку нашай ініцыятывы па стварэнні творча-вытворчага аб'яднання імя Ф. Скарыны і ўпэўнены, што рэалізацыя прапанаванай нацыянальнай праграмы кнігавыдання з'явіцца важным укладам у справу адраджэння беларускай духоўнасці і дзяржаўнасці».

Быў прапанаваны ўраду і Статут творча-вытворчай Асацыяцыі імя Ф. Скарыны. А таксама спіс праўлення Асацыяцыі. У склад праўлення, акрамя аўтараў ліста, прапаноўваліся галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Серафім Андраюк, начальнік эканамічнага ўпраўлення Дзяржкамдруку БССР М. Букаты, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» П. Журкевіч, пісьменнік, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР Алег Лойка, намеснік галоўнага рэдактара энцыклапедычнага выдавецтва Іван Хаўратовіч.

На адной са старонак архіўнага дакумента запіс ад рукі: «Пытанне даложана Мазай Н. М. Па паведамленні Саюза пісьменнікаў унесеныя прапановы будуць удакладняцца з выдаўцамі і пасля гэтага вынесены для разгляду ў Савет Міністраў БССР...» Відавочна, што прагляд адрасатам гэтай важкай «паперчыны» быў самы павярхоўны. Іначай бы і рэзалюцыя была іншая. А можа быць, і рэчаіснасць айчыннага кнігавыдання ў наступныя дзесяцігоддзі таксама была б іншая?..

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.