Вы тут

«Звязду» наведаў кітайскі перакладчык Караткевіча


Сунь Фаньці, які пераклаў «Дзікае паляванне караля Стаха» на кітайскую мову, наведаў Выдавецкі дом «Звязда». 


У апошні час болей шырока развіваюцца абсягі па прадстаўленню беларускай літаратуры на кітайскай мове. У Пекіне выйшла кніга выбраных твораў сучасных беларускіх літаратараў у перакладзе на кітайскую мову. Генератар, актыўны рухавік гэтага праекта — доктар філалагічных навук, прафесар Чжан Хуэйцінь. Асобным выданнем пабачыла свет у КНР і кніга Андрэя Федарэнкі «Шчарбаты талер». Актыўна па перакладу беларускай паэзіі на кітайскую мову ў апошні час працуе прафесар Гу Юй. Ён пераклаў вершы Янкі Купалы, Максіма Танка, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча. Зараз працуе над перакладам твораў Яўгеніі Янішчыц. 

З кагорты перакладчыкаў беларускай літаратуры на кітайскую мову — і студэнт Маскоўскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта імя М. Баўмана Сунь Фаньці. Літаральна днямі ён быў госцем Выдавецкага дома «Звязда». Сустрэўся з кіраўніцтвам выдавецтва, расказаў пра свае новыя планы, звязаныя з перакладчыцкай працай. 

— Я вельмі ўдзячны «Звяздзе» у спрыянні маім перакладчыцкім зацікаўленням, — сказаў Сунь Фаньці. — У маім лёсе так склалася, што значная частка майго жыцця звязана з Мінскам. У Кітаі я нарадзіўся і гадаваўся, хадзіў у школу да 14 гадоў. Пасля правёў восем гадоў у Мінску — вучыўся ў школе, а затым у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Зараз вось — у магістратуры Маскоўскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта імя М. Баўмана. Спецыяльнасць, якой авалодваю — «оптыка і лазэрныя тэхналогіі». А мастацкі пераклад — захапленне, для якога не шкадую вольнага часу. Удзячны часопісу «Беларусь», які ў некалькіх нумарах надрукаваў мой пераклад на кітайскую мову неўміручага твора Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». А гэтай публікацыі папярэднічала выданне на кітайскай мове аповесці-казкі Алеся Карлюкевіча «Прыгоды Шубуршуна». На кітайскіх старонках «Беларусі» друкаваліся мае пераклады казак Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Людмілы Рублеўскай. А адзін мой пераклад увайшоў у кнігу твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў, якая выйшла ў Пекіне. 

Зараз малады перакладчык працуе над перакладам «Чорнага замка Альшанскага» Уладзіміра Караткевіча. «Праца, прызнаюся, для мяне даволі няпростая, — гаворыць Сунь Фаньці. — Але я спадзяюся, што праз некаторы час завершу яе. І ўпэўнены, што ўдасца выдаць кнігу Уладзіміра Караткевіча ў Кітаі». 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?