У мерапрыемствах прынялі ўдзел міліцыянеры і вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС з розных куткоў краіны, члены іх сем'яў, ветэраны ведамства, курсанты, ліцэісты, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў.
Старт урачыстых мерапрыемстваў «У імя міру і стваральнай працы!», прысвечаных Дню Вялікай Перамогі, быў дадзены ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». З самай раніцы да мемарыяльнага комплексу на стылізаваных аўтобусах рушылі дэлегацыі ведамасных падраздзяленняў. Ужо на месцы для іх былі арганізаваны экскурсіі, адбылося знаёмства з экспазіцыяй унікальнага музея, які адкрыўся да 80-годдзя трагедыі.
Пасля экскурсій праваахоўнікі падзяліліся ўражаннямі і эмоцыямі — наведванне «Хатыні» не пакідае абыякавымі не толькі тых, хто прыязджае сюды ўпершыню, але і людзей, якія раней ужо пабылі ў гэтым комплексе. Пад уражаннем застаўся і кіраўнік міліцэйскага ведамства Іван Кубракоў.
У рамках урачыстых мерапрыемстваў «У імя міру і стваральнай працы» адбылося ўскладанне кветак да манумента «Няскораны чалавек». На пляцоўцы каля Вечнага агню прайшоў мітынг-рэквіем. Яго адкрыў міністр унутраных спраў.
Іван Кубракоў адзначыў, што прысутныя знаходзяцца ў сімвалічным і журботным для кожнага беларуса месцы. «Тут ужо 80 гадоў сканцэнтраваны ўвесь боль ад жахаў вайны, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства. — Адчуваем, як нас праймаюць пакуты і гора ні ў чым не вінаватых людзей. Чуючы звон званоў Хатыні, гледзячы на постаць мужнага, але няскоранага нацыстамі чалавека, асабліва разумееш, якім дарагім коштам даставалася Вялікая Перамога і як трэба берагчы сённяшняе мірнае неба!»
Пад урачыста-жалобную мелодыю даніну памяці загінулым у той страшнай вайне аддалі кіраўнікі ведамства, прадстаўнікі рэгіянальных дэлегацый, ветэраны. Вылучаліся маладыя людзі — курсанты, ліцэісты, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў. Аднаму з іх, васьмігадоваму Мацвею Пятровічу з ВПК «Граніт», пасля заканчэння цырымоніі міністр унутраных спраў падарыў гадзіннік.
Мерапрыемствы ў Хатыні завяршыліся наведваннем храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, дзе прайшла літыя па загінулых.
Пасля наведвання мемарыяльнага комплексу ў гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» шматлікія госці змаглі ацаніць маштабную ваенна-гістарычную рэканструкцыю першых дзён вайны. Арганізатары паказалі, як у адну хвіліну звыклае стваральнае жыццё ператварылася ў адчайную барацьбу за мірнае неба над роднай зямлёй.
Гукі стральбы, клубы дыму і агню, бронецягнік, каля якога міліцыянеры сталі ў баявыя парадкі і адбілі атаку праціўніка — гледачы нібыта перанесліся ў дні і падзеі, пра якія ні адзін беларус не мае права забыцца.
У гады Вялікай Айчыннай вартавыя парадку доўгія чатыры гады былі на перадавой і ў бліжэйшым тыле. Прадстаўнікі знішчальных батальёнаў выкрывалі варожых дыверсантаў. Зводны батальён міліцыі Канстанціна Уладзімірава коштам жыцця амаль усіх байцоў затрымаў суперніка на подступе да Магілёва. Асабісты склад бронецягнікоў 76-га і 53-га палкоў войскаў НКУС, абараняючы найважнейшыя напрамкі, не адступілі нават перад калонамі танкаў суперніка.
Для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх родных, а таксама шматлікіх гасцей гісторыка-культурнага комплексу было арганізавана мноства святочных лакацый. Прысутныя з захапленнем разглядалі выставу сучаснай міліцэйскай і рэтратэхнікі, правяралі вынослівасць на сілавых трэнажорах і пры ўзняцці на альпінісцкую вышку. Дзяцей жа асабліва зацікавілі лазерны цір і аўтагарадок. Шмат захопленых хлопчыкаў і дзяўчынак сабралася і на майстар-класе па робататэхніцы, каля машыны-пярэкрута.
Відовішчная праграма была не менш яркай! Пацешылі выступленні кінолагаў і, вядома, тэматычныя музычныя нумары духавога аркестра вайсковай часці 3214. Традыцыйна ніхто не застаўся галодным: салдацкая каша і гарачая гарбата спадабаліся гасцям усіх узростаў.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.