Вы тут

Літаратурная дыпламатыя


З 26 па 28 мая 2023 г. ва Уфе (Башкартастан, Расійская Федэрацыя) упершыню пройдзе Міжнародны кніжны кірмаш «Кітап-байрам». Мяркуецца, што кніжнае свята такога масштабу стане добрай штогадовай традыцыяй. Да ўдзелу ў кніжным кірмашы запрошаны і Саюз пісьменнікаў Беларусі. 


У «Кітап-байрам» прымуць удзел буйнейшыя выдавецтвы, кнігарні, мадэльныя бібліятэкі, пісьменнікі, кніжныя графікі, мастацтвазнаўцы, драматургі. З просьбай пракаменціраваць праграму кніжнага форума мы звярнуліся да старшыні Саюза пісьменнікаў Башкартастана празаіка Айгіза БАЙМУХАМЕТАВА. Вось што пачулі ў адказ: 

Кірмаш стане шырокай пляцоўкай і для прэзентацыі кніг, аўтограф-сесій у першую чаргу аўтараў Башкартастана. Мы плануем пазнаёміць наведвальнікаў з маладымі пісьменнікамі. Будуць працаваць дыялогавыя, экспертныя пляцоўкі, дзе пойдзе размова пра патрыятычнае, духоўнае выхаване грамадства. Заяўлены конкурс сярод выдавецтваў «Кніга года на зямлі Урал-батыра», конкурс чытальнікаў «Гісторыя роднай зямлі ў вершах». Падсумуем вынікі Рэспубліканскага конкурса пачынаючых пісьменнікаў «Проба пяра». Правядзём таксама форум пісьменнікаў і драматургаў. Будуць дэманстравацца мастацкія фільмы, якія зняты на аснове лепшых твораў башкірскай і рускай літаратуры. Запрасілі да ўдзелу ў кірмашы пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, розных іншых куткоў Расіі, ды і не толькі Расіі. Паабяцалі прыехаць Дар’я Данцова, Таццяна Усцінава, якіх, спадзяюся, і беларускаму чытачу рэкламаваць не трэба. Мы ўдзячны і беларускай пісьменніцкай арганізацыі, якая прыняла наша запрашэнне. 

Саюз пісьменнікаў Беларусі і Саюз пісьменнікаў Башкартастана ў час працы кніжнага форума падпішуць Пагадненне аб супрацоўніцтве. Да кірмашу ва Уфе на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» з’явіцца адмысловы «башкірскі» выпуск з перакладамі твораў пісьменнікаў Башкартастана. У бліжэйшы час пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пабачыць свет чарговы гадавік «Далягляды», на старонках якога прадстаўлена шмат паэтаў і празаікаў Расійскай Федэрацыі, у тым ліку — і башкірскіх аўтараў, як класікаў, так і сучаснікаў: Шайхзады Бабіча, Ларысы Абдулінай, Зульфіі Хананавай, Салавата Юлаева. Перакладчыкі паэтычных твораў на беларускую мову — Святлана Быкава, Генадзь Аўласенка, Віктар Шніп. 

Дарэчы, варта заўважыць, што ў апошнія гады ў многім развіццю беларуска-башкірскіх літаратурных сувязяў спрыяла паэтэса і перакладчыца Зульфія Хананава. Яна прыязджала ў Беларусь, удзельнічала ў Дні беларускага пісьменства ў Іванава, на Берасцейшчыне. Таксама З. Ханнанава была сярод гасцей, экспертаў на міжнародным круглым стале, які праходзіў у Маскве ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь ў Расійскай Федэрацыі і быў прысвечаны беларуска-расійскім літаратурным сувязям. Вершы таленавітага башкірскага аўтара друкаваліся ў перакладзе на беларускую мову (у тым ліку — і ўрывак з паэмы «Ачаг») у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць», «Полымя». Перакладчыкамі твораў Зульфіі Хананавай выступілі Віктар Шніп, Зміцер Кузменка, Яна Будовіч, Святлана Быкава і іншыя беларускія літаратары. У розны час за апошнія пяць гадоў у беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы друкаваліся вершы Шайхзады Бабіча, Мустая Карыма, Тамары Ганіевай, Ларысы Абдулінай, Салавата Юлаева і іншых творцаў. Паэзія Башкартастана прадстаўлена і ў зборніку «Карэнні сілу берагуць», які пабачыў свет у 2019 годзе ў серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі»: вершы Шайхзады Бабіча, Зульфіі Хананавай, Салават Юлаева для гэтай кнігі пераклаў Віктар Шніп. 

Выстаўка «Кітап-байрам», несумненна, дапаможа пашырэнню беларуска-башкірскіх літаратурных, кнігавыдавецкіх стасункаў. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?