Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Робіны гуды»


Зіна гасцявала ў сваякоў у Мюнхене. Саша, яе пляменніца, перакладала коратка, і толькі звернутыя да Зіны пытанні выкладала цалкам. Перад ад’ездам Зіны зладзілі вячэру. За сталом сядзелі сваякі, у тым ліку бабуля з Варшавы. Саша пераклала пытанне Яна, бацькі сямейства:


— Якім транспартам ты вяртаешся?

— Да Варшавы самалётам, а там цягніком.

— Колькі часу паміж прылётам і адыходам цягніка?

— Сем гадзін.

На тварах сваякоў адбілася замяшанне. Яны пачалі паспешліва раіцца, трывожна пазіраючы на Зіну. Саша размову сваякоў не перакладала, але ў ёй удзельнічала. Часта прамаўлялася слова «крыміналітэйт». Зіна і без перакладу здагадалася, пра што гаворка.

«Бачна, тут крыміналу хапае», — падумала яна. Саша пераклала, што сваякі прапануюць ёй адрас у Варшаве, каб спыніцца да адыходу цягніка.

— Дзякуй, не трэба. Дзеля сямi гадзін я не буду людзей турбаваць. Пасяджу на вакзале.

Нарада паміж сваякамі аднавілася і зноў загучала «крыміналітэйт». Саша патлумачыла:

— У Варшаве на вакзале шмат крымінальных элементаў, здараюцца рабаванні, нягледзячы на тое, што там дзяжурыць паліцыя.

— Гэта было ў перыяд перабудовы, — запярэчыла Зіна, — сама бачыла, даводзілася ў Польшчы бываць. Але той час прайшоў, няма чаго хвалявацца.

У Варшаву Зіна прылятае а дзясятай раніцы, ну, пасядзіць у кафэ, паесць флякаў, тым больш грошы ёсць, ад паездкі засталося пяцьдзясят еўра. У аэрапорце Зіна села на маршрутны аўтобус. Кіроўца прадаў ёй талон, пажартаваў, некалькі разоў назваў яе «пані» і паабяцаў сказаць, дзе выходзіць. Падобна на тое, яна яму спадабалася.

Кожная жанчына адчувае, калі яна падабаецца мужчыну, і нават калі гэта нічога не значыць, настрой усё роўна падымаецца. Зіна, адпраўляючыся ў госці, прыбралася ў новае стыльнае футра. І залатыя завушніцы надзела —дзеля саліднасці.

Пад’ехаўшы да вакзала, кіроўца выйшаў з кабіны, вынес яе багажную сумку, падаў руку, і пажадаў добрай дарогі. Яна яму відавочна спадабалася! У добрым настроі Зіна стаяла ля падземнага пераходу насупраць вакзала. Вакзал — месца люднае. Да адпраўлення цягніка шэсць гадзін з чвэрцю.

Доўгае футра надавала ёй выгляд багатай жанчыны. Зіна выглядвала кафэ бліжэй да пераходу, каб пасядзець, паесці флякаў і выпіць кубачак кавы. 

Раптам перад ёй як з-пад зямлі вырас стрыжаны юнак у скураной куртцы з залатой пячаткай на руцэ і загарадзіў дарогу:

— Пані, мы збіраем ахвяраванні для бедных. Аддайце нам свае грошы.

На шырокім твары была нахабная ўсмешка. Ён стаяў, расставіўшы ногі і свідраваў Зіну насмешлівым позіркам, нібы ацэньваючы. «Засада! Вось пра што казалі сваякі, — пранеслася ў галаве ў Зіны, — вось ён, крымінал».

Людзі праслізгвалі міма, імгненна ўтварыўся круг пустой прасторы. Зіна адчула, як з двух бакоў ёй здавілі бакі. Два здаравенных ілба ў скураных куртках падхапілі яе пад рукі. Як крычаць па-польску «дапамажыце», Зіна не ведала, ды і бессэнсоўна: людзі імкнуліся пазбягаць непрыемнасцяў. Гэтыя наваспечаныя «робіны гуды» не ведалі, колькі сіл патраціла Зіна, каб купіць свой убор. А аддаваць ім апошнія пяцьдзясят еўра ёй было не шкада, але да болю крыўдна.

Зіна зразумела: могуць і забіць. Але яна дакладна ведала, што не дасць сябе запэцкаць: «Нават дзесяць еўра не аддам гэтым шакалам! Нельга саступаць мярзотнікам, інакш яны пачнуць пладзіцца». Прастора звузілася, Зіна, акрамя чалавека, які стаяў перад ёй у скураной куртцы, нікога не бачыла, нават тых, якія здушвалі яе па баках.

«Калі будуць трымаць рукі — угрызуся ў горла зубамі. Усё роўна паміраць, дык хоць на аднаго мярзотніка менш будзе», — вырашыла яна. Упіўшыся вачыма ў кропку на горле праціўніка, ашчэрылася, як раз’юшаная ільвіца, і з азвярэннем наехала на верхавода шайкі, які стаяў перад ёй: «Ах ты, „робін гуд“ нікчэмны! — закрычала яна з жорсткай нянавісцю. — Ідзі працаваць, мярзотнік! Грошай яму дай! Зладзюга няшчасны! Ды я цябе, стварэнне паганае, знішчу, добра, што ты мне трапіўся — не будзеш зямлю пэцкаць!»

Перапаўняючая яе хваля адрэналіну вылівалася з шалёнай лютасцю. «Абаронца бедных» здранцвеў, яго абпаліла хваляй пякучай нянавісці. Усё, што цяпер адбывалася, было нечакана і неардынарна, такой Гаргоны ён яшчэ не сустракаў. Зіна не чакала дапамогі i ведала: сілы не роўныя, з трыма ілбамі ёй не справіцца, але злосць заглушыла розум, і Зіна нападала і нападала.

Набычыўшыся, утаропіўшыся спадылба на суперніка, які стаяў насупраць, яна з такой лютасцю наступала, што цягнула за сабой двух ілбоў, якія трымалi яе: «Ах ты, зладзюга! Грошы ён збірае, „робін гуд“ знайшоўся, я табе зараз пакажу „грошы аддай“... Працаваць!» Зіна не зводзіла вачэй з вызначанай кропкі. «Робін гуд» падняў запытальна вочы на хаўруснікаў, тыя матнулі галавой, і ў адно імгненне ціск з бакоў знік — яе адпусцілі.

Стрыжаны ў скураной куртцы ірвануў у бок. Жудасна захацелася кінуць сумку і дагнаць, але здаровы сэнс спыніў. Зіна праверыла, пяцьдзесят еўра на месцы. Павярнулася, каб паглядзець, дзе «робін гуды» — іх нідзе не было. Рух па вуліцы працягваўся, быццам нічога не адбылося.

Злосць яшчэ кіпела ў жылах. Зіна штурхнула нагой уласную дарожную сумку, яшчэ раз агледзелася — «крымінал» растварыўся. «Ну і добра, а то б яшчэ на самай справе чалавеку ў горла ўпілася, потым сядзі за злыдня», — падумала яна. Настрой ісці ў кафэ прапаў, і яна пацягнула сваю сумку на вакзал.

Калі б разбойнікі ведалі, што ў яе сумцы акрамя пары пачак цукерак і дарожных прыладаў нічога няма, то наўрад ці нападалі б. Ды і пяцьдзясят еўра не такія ўжо грошы, хіба што футра? 

Пакуль сядзела на вакзале, міма пару разоў прайшоў нарад паліцэйскіх, выклікаўшы раздражненне: «Не ведаюць, што ў іх робіцца. І чаму ў той момант, калі яны патрэбныя, іх няма?» Пасядзеўшы пару гадзін, Зіна спусцілася ў буфет у пераходзе і замовіла флякі. Задавальнення яны ёй не даставілі: не той сэрвіс, ды і настрой сапсаваны, так што пасядзець за столікам з белым абрусам і паесці флякаў не атрымалася. Зіна вярнулася на вакзал і села на вольнае крэсла, спадзеючыся, што «робіны гуды» больш не з’явяцца на яе шляху.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.