Вы тут

Пад коламі рэцэсіі. Што адбываецца ў Літве?


Парламенцкая апазіцыя абвінаваціла прэм'ер-міністра Літвы Інгрыду Шыманітэ ў рэкордным эканамічным спадзе, паведаміў eadaіly.com са спасылкай на канцылярыю літоўскага сейма. Дзеянні ўрада прывялі краіну да цяжкіх часоў — такую ??пазіцыю занялі дэпутаты ад сацыял-дэмакратычнай партыі. Парламентарыі заўважылі, што аптымістычныя прагнозы скандальна не апраўдаліся, але міністры зноў абяцаюць светлую будучыню. Літоўскія ўлады ўстанавілі чарговы антырэкорд — разгарнулася рэцэсія. «Меры ўрада па стрымліванні інфляцыі немэтазгодныя і неэфектыўныя. Валавы ўнутраны прадукт скурчыўся, як абмарожаны. Эканамісты прызнаюцца: чагосьці мы недаацанілі. І толькі ўрад дэманструе алімпійскі спакой», — з парламенцкай трыбуны абураўся сацдэм Эўгеніюс Сабуціс. Паводле яго слоў, неадкладна павінен быць прадстаўлены план таго, якія меры дзяржава мяркуе прыняць, каб справіцца з сітуацыяй, якая імкліва выходзіць з-пад кантролю. Улады парламентарыяў быццам бы не пачулі. Што ж адбываецца ў Літве?


Сярэдні доўг — 130 тысяч еўра

Кожны жыхар Літвы, уключаючы немаўлят і старых, у сярэднім запазычыўся 130,357 еўра дзяржаве і прыватным кампаніям, паведаміў інфармацыйны партал Delfі. Выданне спасылаецца на аналітычнае даследаванне кампаніі «Крэдыт-інфа Літва». Паводле яе даных, агульны доўг складае 364,8 мільёна еўра. Мужчыны запазычыліся 261,8 мільёна, жанчыны — 103 мільёна еўра. Бягучы доўг на 6,8 мільёна еўра большы, чым быў летась у красавіку. Звыш аднаго крэдыту маюць 52,5 тысячы чалавек. Больш за іншых рызыкуюць на рынку асабістых фінансаў мужчыны 35-45 гадоў і жанчыны 45-55 гадоў.

Адметны такі факт: на долю 201 тысячы жыхароў Літвы прыпадае большая частка — 235 мільёнаў еўра — доўгу. Астатнія звыш 2,5 мільёна жыхароў запазычыліся 130 мільёнаў еўра — па амаль 51,7 тысячы еўра. Высокія лічбы можна растлумачыць узляцелымі летась цэнамі на энерганосьбіты, ацяпленне, аўтамабільнае паліва і ростам банкаўскіх працэнтных ставак па крэдытах, лічыць дырэктар «Крэдыт-інфа Літва» Аурымас Качынскас.

Людзям проста няма на што жыць. Летась 35 працэнтаў жыхароў Літвы сутыкаліся з адсутнасцю грошай на рэгулярныя штодзённыя выдаткі. Пра гэта стала вядома падчас апытання насельніцтва, праведзенага кампаніяй Spіnter tyrіmaі, паведаміла Delfі. Паводле даследавання, чвэрць жыхароў краіны сутыкалася з недахватам сродкаў на штодзённыя пакупкі адзін-два разы на год, 5 працэнтаў апытаных паведамілі, што былі ў такой сітуацыі тры-чатыры разы на год. Яшчэ 5 працэнтаў распавялі, што аказваліся без грошай пяць і больш разоў.

Частка рэспандэнтаў, сутыкнуўшыся з фінансавымі цяжкасцямі, брала грошы ў доўг у сваякоў. Пра гэта расказалі 36 працэнтаў апытаных. Яшчэ 14 працэнтаў адпраўляліся па крэдыты ў банкі. Больш чым 40 працэнтаў адмаўлялася аплачваць частку рахункаў і адкладвала тое на час, калі ў іх будзе больш грошай.

Няма грошай

Інфляцыя аказала істотны негатыўны ўплыў на фінансы амаль паловы (47 працэнтаў) насельніцтва краіны. Гэта прыводзіць да турботы аб магчымасці своечасова аплачваць рахункі, якую адчуваюць 28 працэнтаў літоўцаў. Такія даныя былі прадстаўлены ў апошняй справаздачы аб еўрапейскіх спажывецкіх плацяжах, апублікаванай Іntrum, вядучай кампаніяй па кіраванні крэдытамі ў Еўропе, паведаміла Delfі. 35 працэнтаў літоўцаў лічаць, што не змогуць аплаціць адзін або некалькі рахункаў за камунальныя паслугі хоць бы раз у найбліжэйшыя месяцы. Больш за пятую частку (22 працэнты) жыхароў, якія ўзялі ўдзел у апытанні, пераканана, што для аплаты найважнейшых рахункаў сёлета яны будуць вымушаныя хоць бы раз прапусціць менш тэрміновыя плацяжы. Даныя справаздачы сведчаць, што калі б яны не маглі своечасова аплаціць усе свае рахункі, жыхары ў першую чаргу прапусцілі б гандлёвыя плацяжы (45 працэнтаў апытаных), рахункі за інтэрнэт (24 працэнты) і тэлефонныя паслугі (23 працэнты).

Літоўцы аддаюць найбольшы прыярытэт рахункам за газ, ваду і электрычнасць (83 працэнты рэспандэнтаў). Высветлілася, што 17 працэнтаў літоўцаў не аплацілі адзін або некалькі рахункаў на працягу мінулага года, такой жа частцы апытаных прыйшлося ўзяць пазыку за апошнія паўгода, каб пазбегнуць пратэрмінаваных плацяжоў. «Ціск, выкліканы інфляцыяй і ростам працэнтных ставак, пагаршае фінансавае становішча жыхароў усёй Еўропы і краін Балтыі і павялічвае рызыку затрымкі плацяжоў. Рост даўгоў стварае яшчэ больш праблем для эканомікі краін, якія перажываюць перыяд вялікай нявызначанасці, абцяжарваючы работу прадпрыемстваў і ствараючы праблемы для кампаній у забеспячэнні фінансавых патокаў. Паколькі ў эканоміцы ўсё ўзаемазвязана, гэта ў канчатковым выніку ўплывае і на спажыўцоў», — адзначыла Ілва Валейка, кіраўнік кампаніі Іntrum у краінах Балтыі.

Еўрапейская справаздача аб спажывецкіх плацяжах паказала, што для таго каб кантраляваць уплыў інфляцыі і павышэння працэнтных ставак на свае фінансы, 63 працэнты літоўцаў змянілі або плануюць змяніць некаторыя са сваіх спажывецкіх звычак. 48 працэнтаў насельніцтва сталі больш уважліва сачыць за расходамі на прадметы першай неабходнасці, а трэць плануе прасіць сёлета прыбаўку да зарплаты.

«Даўгоў пабольшала ў значнай колькасці хатніх гаспадарак — яны не могуць выплаціць спажывецкія крэдыты, якія ўзялі ў другой палове мінулага года, павялічваецца колькасць даўжнікоў і сума сярэдняга доўгу», — адзначыла прадстаўнік Credіtіnfo Кацярына Раяка. «Мы неаднойчы гаварылі аб тым, што пачалася рэцэсія, ёсць усе прыкметы», — падкрэсліў прэзідэнт Вільнюскай асацыяцыі бізнесу і прамысловасці Сігітас Бесагірскас, заўважыўшы, што ў Літве скарачаецца колькасць работнікаў, у кампаніях назіраюцца звальненні. Што будзе далей з агульнай сітуацыяй, залежыць ад некалькі момантаў. «Згодна з адным са сцэнарыяў, падзенне будзе глыбокім», — заўважыў Бесагірскас. — Цяпер больш спажываюць на зберажэнні, а не на заробленыя грошы, — лічыць эксперт. — Проста людзі ўстанавілі пэўны ўзровень жыцця, стандарт, напрыклад, ездзіць за мяжу два разы на год, памяняць машыну, узяць у лізінг на колькі гадоў. У кожнай сям'і свой стандарт, яна ад яго не адмаўляецца», — сказаў Бесагірскас.

Ежа становіцца раскошай

Бяздзейнасць урада Літвы падчас росту цэн выклікае грамадскае абурэнне. Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы (СДПЛ) Эўгеніюс Сабуціс, перадае прэс-служба. «Ежа становіцца раскошай, павялічваецца колькасць людзей, якія ўжо не могуць дазволіць сабе гэтую раскошу. Спакой урада выклікае ўсё большую заклапочанасць. Такімі паводзінамі ўлады пасылаюць паведамленне буйным трэйдарам: усё ў парадку, прэтэнзій да вашага цэнаўтварэння няма, цэны працягваюць расці, але гэта не ваша віна. Навошта буйным гандлёвым сеткам нешта змяняць? Іх заклікаюць працягваць рабіць усё так, як яны рабілі да гэтага часу», — адзначыў Сабуціс.

Па словах дэпутата, некаторыя прадукты ўжо можна лічыць «залатымі». «Напрыклад, кошт самай простай цыбулі вырас больш чым на траціну. Не адстаюць ад іх і перцы — іх кошт узняўся да небывалых вышынь: з пяці да васьмі еўра за кілаграм! Валасы ў людзей дыбяцца. У спіс цяжкадаступных прадуктаў уваходзяць таматы, а таксама іншая гародніна і садавіна. Цэны на хлеб, мяса і малочныя прадукты ўжо даўно палохаюць», — падкрэсліў палітык.

Па словах Сабуціса, гледзячы на цэннікі на прадукты харчавання ў крамах, можна адчуць сябе нібыта на іншай планеце. Сацыял-дэмакрат заўважыў, што рост кошту прадуктаў харчавання ўдарыў практычна па ўсіх групах насельніцтва. Людзі з сярэднім прыбыткам абцяжараныя не толькі шакавальнымі цэнамі на прадукты, але і ростам банкаўскіх працэнтаў і выдаткамі на ўтрыманне жылля. Паводле яго слоў, гэтыя грамадзяне не атрымліваюць ніякіх кампенсацый і вымушаныя выкручвацца як могуць.

Як вядома, па выніках мінулага месяца Літва ў чарговы раз увайшла ў топ-3 краін з самай высокай інфляцыяй у еўразоне. Гэта вынікае са справаздачы статыстычнага агенцтва Eurostat. Інфляцыя ў Літве ў красавіку склала амаль 13,5 працэнта. У цэлым па зоне еўра гэты паказчык амаль удвая меншы — 7 працэнтаў, што перавысіла прагнозы еўрапейскіх аналітыкаў.

У горшы бок

У Літве 12 працэнтаў жыхароў (больш чым 330 тысяч чалавек) не могуць сябе пракарміць, амаль чвэрці (23 працэнты) насельніцтва (каля 700 тысячам чалавек) не хапае грошай на ўтрыманне жылля, аплату ацяплення і камунальных паслуг. Такія вынікі апытання на заказ сеткі дзяржпрадпрыемстваў па зніжэнні ўзроўню беднасці агучыла агенцтва ELTA. Айстэ Адамавічэне, кіраўнік названай сеткі, паведаміла, што мацней за іншых церпяць уразлівыя пласты насельніцтва. У сегменце работнікаў, якія зарабляюць да 500 еўра ў месяц, колькасць тых, хто востра мае патрэбу ў грашах для куплі ежы, узрасла з 17,1 працэнта летась да 23,5 працэнта сёлета. Значная колькасць тых, каму не хапае сродкаў для набыцця звыклых прадуктаў харчавання, адзначаецца і сярод больш высокааплатных работнікаў.

Калі казаць аб утрыманні жылля, то ў першым сегменце амаль 40 працэнтаў жыхароў не ў стане жыць без даўгоў. У Літве ўдвая павялічылася колькасць тых, хто атрымлівае дзяржкампенсацыі за цэнтральнае ацяпленне. Цяпер такіх жыхароў налічваецца амаль 365 тысяч чалавек. Малазабяспечаныя вымушаныя выбіраць з дзвюх бед меншую — або за кошт страўніка аплаціць месячную «камуналку» з ацяпленнем, або павялічыць даўгі, але харчавацца адносна сытна, рэзюмавала дырэктар сеткі дзяржпрадпрыемстваў па зніжэнні ўзроўню беднасці.

Паводле апошніх звестак, за мяжой абсалютнай беднасці ў краіне летась аказалася больш за 100 тысяч чалавек. Гэта прыкладна 4 працэнты ўсяго насельніцтва прыбалтыйскай краіны, паведамілі ў дзяржаўным агенцтве даных Літвы. Найбольш беднай аказалася сельская мясцовасць. Калі ў гарадах за мяжой абсалютнай беднасці пражывае каля 3,3 працэнта насельніцтва, то ў глыбінцы дадзены паказчык дасягае амаль 5 працэнтаў.

Амаль 80 працэнтаў жыхароў Літвы адзначае пагаршэнне агульнай сітуацыі ў краіне, паведаміла нацыянальнае тэлебачанне LRT са спасылкай на вынікі апытання грамадскай думкі. Паводле яго вынікаў, абсалютная большасць апытаных заявіла, што «справы рухаюцца ў горшы бок», і толькі 19 працэнтаў лічаць, што «ў Літве ўсё добра». У параўнанні з лютым мінулага года сітуацыя не змяняецца, што сведчыць пра застарэлыя сацыяльныя праблемы ў дзяржаве, якія не вырашаюцца. Невыпадкова ў рэйтынгах даверу дзяржаўным інстытутам антылідарам амаль 20 гадоў запар застаецца літоўскі сейм. Яму не давяраюць 76 працэнтаў насельніцтва.

Незадаволеных — большасць

Кіраўнікі Цэнтрабанка Літвы заявілі аб скарачэнні валавога ўнутранага прадукту летась на 3,7 працэнта. Краіна ўвайшла ў зону тэхнічнай рэцэсіі, інфармуе агенцтва навін ELTA. У першым квартале ВУП зменшыўся на 3 працэнты, што выклікала здзіўленне як у экспертаў Цэнтрабанка, так і ў іншых эканамічных прагназістаў, адзначыла Вайва Шачкуцэ, аналітык Банка Літвы. Спад звязваюць з рэзкім скарачэннем спажывецкіх магчымасцяў насельніцтва з-за росту цэн, з нестабільнай сітуацыяй у прамысловасці, асабліва ў яе хімічнай галіне з-за высокіх цэн на энерганосьбіты, з запаволеннямі ў сегменце лагістыкі, скарачэннем экспарту і спадарожнымі мінусамі.

На фоне пагаршэння паказчыкаў літоўскай прамысловасці было б наіўна спадзявацца, што апошнія вынікі валавога ўнутранага прадукту краіны будуць станоўчымі, лічыць саветнік прэзідэнта па пытаннях эканамічнай і сацыяльнай палітыкі Ірэна Сегалавічэнэ ў інтэрв'ю Zіnіu radіjas. Яна адзначае, што неабходныя актыўныя дзеянні з боку дзяржаўных устаноў. «Дзяржаўная палітыка, адміністрацыйныя рашэнні не павінны спазняцца, што мы часта назіраем у апошні час, — заўважыла саветнік прэзідэнта Літвы. — Прапанаваныя рашэнні павінны быць эфектыўнымі, такімі, каб даваць станоўчы вынік. Таму ўрад у ролі пасіўнага назіральніка, які паказвае толькі на глабальныя з'явы, моцна прайграе».

Затое ў справе мілітарызацыі ўлады дэманструюць небывалую аператыўнасць і грошай не шкадуюць. Стала вядома, што Літва ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў мае намер выдзеліць звыш 3 мільярдаў еўра на закупку ўзбраенняў. Аб гэтым паведаміла ТАСС са спасылкай на абароннае ведамства Літвы. Міністр абароны Арвідас Анушаўскас заявіў, што нарошчванне зброевага арсенала з'яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў прыбалтыйскай краіны на найбліжэйшыя гады.

Нядзіўна, што ў такой сітуацыі пашыраецца пратэсная хваля. Незадаволеных у Літве большасць, людзі жадаюць пратэставаць і дэмакратычных выбараў. Аб гэтым заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» літоўскі адвакат і праваабаронца Станіславас Томас. Жыхары Літвы ў адчаі.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маршрут па крынічным краі

Маршрут па крынічным краі

Пер­шы­мі яго па­ча­лі асвой­ваць гро­дзен­скія твор­цы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.