Вы тут

Як на швейнай фабрыцы «Віцябчанка» шчыруе студэнцкі атрад


На Віцебшчыне дзесяць каманд моладзі ў каляровых байцоўках, якія аб'ядналі 78 чалавек, працуюць у Оршы, Полацку, Лепелі і Віцебску. Студэнты асвойваюць прафесію на практыцы ва ўстановах аховы здароўя, на чыгунцы, аб'ектах вялікай будоўлі, а яшчэ — на швейных прадпрыемствах. У адно з такіх завітала «Чырвонка. Чырвоная змена» і даведалася, як навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа сумяшчаюць прыемнае з карысным.


На гадзінніку 7.30 раніцы, а члены студатрада «Дзяўчаты» ўжо на поўную моц стракацяць швейнымі машынамі. Іх, шасцярых, адабралі ў каледжы па найвышэйшым бале. Нягледзячы на назву атрада, кампанію дзяўчатам складае і адзін хлопец — Уладзімір Сергін, якога сяброўкі і дарослыя калегі па цэху ласкава называюць «зорачкай». «Як яно, шыць хлопцу?», — пытаюся я ва ўсмешлівага Вовы. «Незвычайна, экзатычна. Іду на ўзроўні з астатнімі, а часам прыходзіцца і даганяць», — расказвае ён.

Студатрад індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа размеркавалі на швейную фабрыку «Віцябчанка», якая з'яўляецца адзіным у краіне прадпрыемствам па пашыве пухавікоў. Але, як той казаў, не толькі курткамі адзінымі — у эксперыментальным цэху цяпер працуюць над новай калекцыяй адзення з ільну. Калекцыю можна назваць лімітаванай, бо 11 мадэляў адшылі па сто адзінак да адкрыцця новай крамы «Віцябчанкі». Над стварэннем калекцыі з тканіны, якая з'яўляецца брэндам Беларусі, рупіліся і трое членаў студатрада «Дзяўчаты» пад пільным кантролем тэхнолагаў.

Кіраўніцтва фабрыкі, якое ў гэтым годзе першы раз пайшло насустрач студатрадаўскаму руху, работу моладзі ацэньвае высока. А яшчэ сумесна з Чыгуначным райкамам БРСМ Віцебска стварае камфортныя ўмовы для таго, каб для моладзі першы ў жыцці вопыт афіцыйнага працаўладкавання быў карысны і радасны. Навучэнцаў каледжа па тры чалавекі размеркавалі на швейны і эксперыментальны цэхі, каб кожны змог паспрабаваць усе аперацыі швейнага майстэрства.

«З гэтага года студатрады атрымалі магчымасць працаваць не толькі ў летні перыяд, але і круглы год. Таму разам з індустрыяльна-тэхналагічным каледжам і «Віцябчанкай» мы вырашылі сумясціць вытворчую практыку навучэнцаў з работай у студатрадзе. На тры месяцы «Дзяўчаты» сталі паўнавартаснымі работнікамі прадпрыемства, і пазітыўны вынік гэтага эксперымента, які відаць ужо сёння, дае падставу для папулярызацыі такога вопыту», — адзначае першы сакратар Чыгуначнага райкама БРСМ Крысціна Курылас.

Магчымасць адточваць тэорыю на практыцы для другакурснікаў, якія атрымліваюць адначасова прафесіі швачкі і повара, — гэта, безумоўна, вялікі крок на шляху да выбару будучай прафесіі. Аднак, ці можна зарабіць сваёй працай грошы? Аказалася, што швейная фабрыка прапануе непаўналетнім спецыялістым адзін з самых вялікіх заробкаў сярод іншых прадпрыемстваў — 150 рублёў аклада. Звыш гэтага навучэнцы атрымаюць грошы і за колькасць пашытых вырабаў, таму сумяшчаць прыемнае з карысным і праўда атрымліваецца.

Цяпер студатрад «Дзяўчаты» працуе пяць дзён на тыдзень з 7.30 да 14.00 з перапынкам на абед, пакрысе ўваходзячы ў будучы рабочы лад жыцця. А пасля гадзін на прадпрыемстве разам з куратарамі навучэнцы выходзяць на экскурсіі, наведваюць інтэлектуальныя квізы. «Студатрады — гэта не толькі пра работу, але і пра сяброўства, адзінства. Такая форма работы з падрастаючым пакаленнем дае магчымасць не толькі акунуцца ў прафесію, зразумець: тваё або не тваё, але і паказаць моладзі, што калектыў можа стаць надзейным таварышам. Вось і ў святочную калону на Дзень Перамогі ў строй з нашымі вопытнымі швейнымі майстрамі сталі студатрадаўцы. Яны прымалі ўдзел у адкрыцці новай крамы, у адну з калекцый якой унеслі свой уклад», — расказалі на швейнай фабрыцы.

Прайшоў цэлы месяц, як шасцёра навучэнцаў штодзень садзяцца на свае працоўныя месцы. Многія з іх адзначаюць, што гэта прафесія толькі для цярплівых і ўпартых, чаго пакуль ім, маладым і апантаным, не хапае. «Дзяўчаты» больш схіляюцца ў бок кулінарыі і хочуць абраць прафесію кухара, аднак наперадзе яшчэ два месяцы работы на прадпрыемстве. Хто ведае, можа, менавіта яны стануць вырашальнымі. Аднак шасцёра маладых спецыялістаў адзначаюць, што выбар у бок студатрада зрабілі недарэмна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.