Вы тут

Урокі пандэміі, кніжная рубрыка і парады дактароў


Урокі пандэміі, кніжная рубрыка і парады дактароў — што пачытаць у часопісе «Алеся» ў маі.


Аб уроках пандэміі, жаночым лідарстве і не толькі 

Наталля Саевіч узначальвала клініку менш за два гады, калі пачалася пандэмія. Калектыў пад яе кіраўніцтвам не толькі годна справіўся з новым выклікам, але і стаў яшчэ больш згуртаваным. З галоўным урачом 3-й гарадской клінічнай бальніцы ім. Я. У. Клумава журналіст «Алесі» пагутарыла аб уроках пандэміі, жаночым лідарстве і ролі пазітыўнага мыслення. 

На думку Наталлі Саевіч, жанчына-лідар не толькі ўмее знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, але і выбірае правільную тактыку работы з калектывам, яна — кіраўнік і адначасова — разам з калегамі.

— Штодзень рабіла з калегамі абходы пацыентаў, — успамінае Наталля Саевіч першыя, самыя цяжкія месяцы пандэміі. — Калі супрацоўнікі бачылі, што галоўны ўрач таксама надзявае ахоўны касцюм, ходзіць у ім па 8 гадзін, то разумелі: па-іншаму нельга. 

З гутаркі вы даведаецеся і пра тое, чым жыве сёння шматпрофільная сталічная клініка з 195-гадовай гісторыяй. 

«Прыцягваюць складаныя персанажы»

Акрамя таленту, актрыса Ларыса Маршалава адораная той асаблівай жаноцкасцю, пад уладу якой немагчыма не патрапіць. Чаму яе часта запрашаюць на ролі медсясцёр? Што складана ёй прыняць у сваіх сучасніцах? У чым актрыса знаходзіць апору? Пра ўсё гэта — у гутарцы з вядучым майстрам сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

— Прыцягваюць, перш за ўсё, складаныя персанажы. Чым цяжэй даецца роля, тым больш блізкай і дарагой яна ў выніку, як правіла, становіцца, — дзеліцца Ларыса Маршалава. — Праз пераадоленне, «супраціў матэрыялу» прафесійна расцеш.

Па словах актрысы, класіка абавязкова павінна заставацца ў рэпертуары сучаснага тэатра — яна дазваляе зразумець складанасць жыцця, шматграннасць чалавека.

«Самае цікавае — гэта вяртанне» 

Анатоля і Дар’ю захапляе вецер насустрач, пахі суніц і кветак, рамантычныя паездкі пад дажджом. Разам муж і жонка вандравалі на матацыкле па многіх гарадах і мястэчках нашай краіны. Першая сумесная іх вандроўка была ў цудоўны горад Ліду, пасля аб’ездзілі шмат цікавых месц, пабывалі ў старажытных замках Беларусі. Наведалі Расію, Польшчу.

На гэтым Анатоль не спыніўся: у межах фестывалю «Мотапалярнік» праехаў Чувашыю, Татарстан, Удмуртыю, Ханты-Мансійскую і Ямала-Ненецкую аўтаномныя акругі і даімчаў на сваім «жалезным кані» нават да паўночнага Салехарда.

Сям’я ўпэўненая, што найлепшыя падарожжы — на матацыкле. Але самае цікавае ў вандроўцы — гэта дарога дамоў.

У пошуках сэнсу

Хто спрачаецца — цалкам можна жыць, не задумваючыся над вечнымі пытаннямі. Але чамусьці перад кожным разумным чалавекам яны ўсё ж устаюць. Можа, таму што «сэнсы» — як якары і як маякі ў бурлівым моры нашага быцця? Яны патрэбны, каб здабыць устойлівасць і бачыць перспектыву. Чаму людзі часам пакутуюць з-за адчування пустэчы ўнутры? Як знайсці свой індывідуальны сэнс? Што адрознівае паспяховых людзей, якія знаходзяць сябе і сваё прызначэнне? Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў гутарцы з кандыдатам псіхалагічных навук, дацэнтам кафедры інавацыйнага ўпраўлення Інстытута бізнесу БДУ, псіхолагам-практыкам, коучам Наталляй Плаўнік. 

«Афрыканская кветка», вандроўка ў Стамбул і модная сукенка

У майскім нумары «Алесі» вас чакаюць кніжная рубрыка, парады дактароў, гаспадарчыя сакрэты. Майстрыхі даведаюцца, як звязаць модную безрукаўку з экзатычнай назвай «Афрыканская кветка». Напярэдадні сезону адпачынкаў вас пэўна не пакіне абыякавым расповед пра падарожжа ў Стамбул, пра шматлікія славутасці гэтага горада. Зацікавяць парады спецыяліста пра тое, як выбраць сукенку, і топ-8 мадэляў летняга абутку. 

Алена ВАЛЕР’ЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.