Вы тут

Алесь Бадак распавёў, чым супрацоўнікі выдавецтва «Мастацкая літаратура» кіруюцца, прымаючы рашэнні


У кнігагандлёвага прадпрыемства «Белкніга» шмат партнёраў. Значнае месца сярод іх займаюць дзяржаўныя выдавецтвы. Сярод такіх — і «Мастацкая літаратура», якая трывала і ўпэўнена ўвайшла ў ХХІ стагоддзе. Шматлікія ўзнагароды на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах за поспехі, дасягнутыя ў мастацка-тэхнічным афармленні і паліграфічным выкананні, сведчаць аб высокім прафесіяналізме супрацоўнікаў выдавецтва. Кнігі новых серый набылі папулярнасць і сталі візіткай прадпрыемства. А на старонках старэйшых літаратурна-мастацкіх часопісаў Беларусі, што былі далучаны да «Мастацкай літаратуры», упершыню з’яўляюцца многія творы сучасных айчынных пісьменнікаў, якія пасля набываюць кніжнае жыццё.

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак расказаў пра тое, на што сёння абапіраецца палітыка ўстановы, чым яе супрацоўнікі кіруюцца, прымаючы рашэнні, а таксама пра тое, на чым пабудавана сумесная праца з «Белкнігай».


— Алесь Мікалаевіч, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выходзяць серыі кніг, што з’яўляецца даўняй традыцыяй. Раскажыце пра іх.

— Апошнім часам шмат працуем над праектам «Народная бібліятэка»: выдаём аўтараў, якія складаюць залаты фонд беларускай літаратуры, а таксама сучасных.

У нашым літаратуразнаўстве атрымалася своеасаблівая паўза: прывыклі, што калі кажам «класічныя творы», то абмяжоўваемся знакамітымі Купалам — Коласам — Багдановічам альбо Быкавым — Караткевічам. Але ёсць і шэраг іншых выдатных творцаў, чые кнігі трэба абавязкова выдаваць і чытаць. З такой думкай і стваралася серыя.

Раней была надзвычай папулярнай «Бібліятэка беларускай паэзіі» — выходзіла вялікімі тыражамі. Мы вырашылі аднавіць і абнавіць серыю пасля 30-гадовага маўчання — змянілі фармат, бо сённяшні чытач хоча, каб кніжка была прыгожа аформлена, выкарыстоўваем усе магчымасці паліграфіі, каб прынесці радасць аматарам чытання. Так, у гэтай серыі нядаўна пабачыў свет зборнік Яўгеніі Янішчыц. У планах — выданне вершаў Анатоля Грачанікава, Максіма Танка, Генадзя Пашкова. Акрамя таго, вырашылі выдаць Максіма Багдановіча і ў гэтай серыі, нягледзячы на тое, што яго творы ўжо два разы выходзілі ў «Народнай бібліятэцы». Прадумалі цікавы ход: плануецца ўзнаўленне зборніка «Вянок»; кожны, хто цікавіцца паэзіяй, пабачыць: «Вянок» — узор таго, як трэба рабіць паэтычныя кнігі… Пакінулі структуру «Вянка», творы ў ім змясцілі ў аўтарскім парадку. Спадзяёмся, гэта будзе цікава нашым маладым паэтам: каб разгарнулі і зразумелі, як рабіліся кнігі сто дзесяць гадоў таму. Цудоўныя і пабудова, і напоўненасць — няхай зборнік стане для іх прыкладам. Апроч таго, у кнізе будзе і ілюстрацыйны матэрыял: вершы Максіма Багдановіча, напісаныя яго рукой, лісты, дасланыя ў «Нашу Ніву», дзе ён пісаў, што варта ўключыць у зборнік, а што не трэба.

Сёлета выходзіць том «Якуб Колас» у серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Мы абнавілі яе. Цяпер яна складаецца з біяграфіі таго ці іншага героя ў храналагічным парадку, дзе ўвесь жыццёвы і творчы шлях прасочваецца праз успаміны і біяграфічныя звесткі, праз бачанне ўкладальніка, які з’яўляецца і аўтарам кнігі. Напрыканцы мінулага года з’явілася серыя «Мір класікі», дзе плануецца выдаваць узоры сусветнай літаратуры, у тым ліку і беларускія, пераствораныя па-руску. Праект варты ўвагі, бо кнігі беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на іншыя мовы, у тым ліку рускую, выходзяць вельмі рэдка, і замежныя пісьменнікі недастаткова добра знаёмы з беларускай літаратурай — іх веды абмяжоўваюцца ХХ стагоддзем, а кнігі, што выходзяць у ХХІ, да іх не трапляюць — вырасла пакаленне чытачоў, якія не ведаюць нашых класікаў... Так, выдалі ў гэтай серыі том Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», Івана Мележа «Людзі на балоце», на чарзе — «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна.

— На сайце выдавецтва з нядаўняга часу адзначаюцца лідары прадаж. Ці ўплываюць гэтыя звесткі на далейшую палітыку выдавецтва?

— Безумоўна. Рэйтынгі прысутнічаюць у выдавецкай справе ва ўсім свеце. Праводзіліся заўжды і ў нас, але мы выкарыстоўвалі іх толькі для сябе, калі складалі планы і вырашалі, што выдаць, арыентуючыся на чытацкі попыт і тое, што запатрабавана бібліятэкамі, што найлепш прадаецца ў кнігарнях. У пэўны момант сталі паказваць звесткі і чытачам. Лічу, што гэта павінна быць цікава і пісьменнікам, каб яны бачылі, якія жанры сёння найбольш запатрабаваныя і што ўвогуле адбываецца на кніжным рынку і ў дзіцячай, і ў дарослай літаратуры. Праўда, лічбы — толькі вяршыня айсберга...

— А што з накладамі?

— Хацелася б, каб яны былі большымі. Так, сталыя супрацоўнікі выдавецтва памятаюць значна большыя, чым сёння. Але і ў іншых краінах у сусветнай мастацкай літаратуры тэндэнцыі такія ж. Калі сёння мы выдаём прозу накладам тысяча экзэмпляраў — гэта ўжо не так і мала, хоць адна з галоўных нашых задач — рабіць усё, каб наклады раслі. Ды гэта залежыць не толькі ад нас, але і ад аўтараў, якія могуць прапагандаваць сваю творчасць і творчасць калег праз сацыяльныя сеткі. Так, агульнымі намаганнямі можна павялічыць наклады — патэнцыял у беларускай літаратуры і ў кнігавыдання ёсць.

— Якім чынам упісваюцца ў палітыку кнігавыдання прэзентацыі, што ладзяцца на пляцоўках «Белкнігі»?

— Мы рэгулярна праводзім прэзентацыі і сустрэчы з аўтарамі ў сталічнай краме «Светач», дзе сучасная пляцоўка адпавядае найлепшым узорам кнігарань у іншых краінах. Магу параўноўваць з магазінамі Пецярбурга, Масквы, краін СНД. Але Мінскам мы не абмяжоўваемся. «Мастацкая літаратура» — выдавецтва, якое працуе з аўтарамі з усіх абласцей і раёнаў нашай краіны. Так, несталічныя аўтары вельмі часта прэзентуюць свае кнігі ў сябе на радзіме.

— Як увогуле можаце ахарактарызаваць партнёрства з «Белкнігай»?

— «Белкніга» — адзін з нашых галоўных партнёраў і ў пэўным сэнсе індыкатар таго, што сёння запатрабавана на кніжным рынку і што трэба выдаваць. Нагадаю, «Белкніга» прадае не толькі выданні «Мастацкай літаратуры», не толькі творы айчынных пісьменнікаў. І калі мы бачым, што сёння набываюць у крамах у Мінску і іншых гарадах, што запатрабавана — гэта ўплывае на нашы планы і дапамагае развівацца.

«Белкніга» — шырокая гандлёвая сетка, і дзякуючы тэхнічным сродкам у нас ёсць магчымасць аператыўна даведвацца, якія нашы кнігі найлепш прадаюцца. Калі бачым, што дзесьці кніга таго ці іншага аўтара разышлася, аператыўна рэагуем. Калі ж наадварот, выданне не вельмі добра прадаецца, адразу шукаем прычыну — магчыма, трэба больш займацца рэкламай. А можа быць, туды павінна трапіць іншая кніга выдавецтва, а не гэтая…

Наша супрацоўніцтва з «Белкнігай» не абмяжоўваецца толькі сумеснымі прэзентацыямі. Часта праводзім агульныя акцыі, калі адбываюцца зніжкі на некаторыя кнігі: да Новага года, да 8 Сакавіка. Гэта тычыць не толькі кніг, што выйшлі даўно, але і новых — галоўнае, каб выданне было цікавае, інакш, колькі ні зніжай цану, яго не купяць.

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».