Вы тут

У НЦСМ адкрылася выстава твораў мастакоў — удзельнікаў ВАВ


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Някрасава, 3) адкрылася выстаўка «Золак, убачаны здалёк». Для паказу адабрана больш за 50 твораў мастакоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама жывапіс, графіка, скульптура, прысвечаныя тым трагічным падзеям. Пазнаёміцца з экспанатамі можна да 11 чэрвеня.


Пётр Крахалёў «Сонечныя зайчыкі», 1963 г.

Назву выстаўцы «Золак, убачаны здалёк» дала аднайменная аповесць Янкі Брыля. У ёй народны пісьменнік БССР, апроч іншага, расказвае пра гвалт і яго наступствы, а таксама пра надзею, тэма якой уласціва любому антываеннаму твору літаратуры і мастацтва.

У афішы выкарыстана карціна Віктара Вярсоцкага «У родныя мясціны» (1991). Аўтар — заслужаны настаўнік БССР, заслужаны дзеяч культуры Польшчы. Кавалер 13 ордэнаў і медалёў. Трапіў на фронт у 1944 годзе, у 21 год стаў камандзірам мінамётнай роты. Пасля ўбачанага і перажытага работ на тэму вайны амаль не ствараў. Але адзначаў, што менавіта вайна абвастрыла зрок і пачуцці, навучыла даражыць кожнай праявай спакойнага жыцця прыроды, быў упэўнены, што пейзажыст змагаецца за мір, бо славіць зямлю… А ў лірычным пейзажы «У родныя мясціны» захапляе панарама: дарога і світанне, якое ўгадваецца. «У родныя мясціны» = «дарога дадому»: тут гаворка пра асаблівы матыў, які прываблівае, сімвал вяртання, уласцівы вялікаму пласту твораў беларускага мастацтва. У кантэксце экспазіцыі на тэму Вялікай Айчыннай вайны ўсё болей чым відавочна — нават улічваючы тое, што на карціне адсутнічаюць персанажы.

Іосіф Белановіч «Першы снег», 1969 г.

Падрабязней пра выстаўку расказвае Алег Ладзісаў, куратар, галоўны захавальнік фонду НЦСМ:

— У экспазіцыі няма выпадковых работ. Не кіраваліся прынцыпам прыгажосці, не імкнуліся зрабіць выстаўку як мага больш прэзентабельнай. Для нас найбольш важнай была тэма. Напрыклад, Міхаіл Чэпік і Віктар Пратасеня — мастакі, якім у пачатку вайны было па 16 гадоў. Тым не менш яны яе ўдзельнікі. Мы, музейныя супрацоўнікі, на жаль, не ведаем, калі дакладна яны пайшлі ваяваць: не заўсёды маем магчымасць вывучыць архіўныя матэрыялы. Калі папярэдняе пакаленне, набываючы тую ці іншую работу, не зафіксавала легенду, звязаную з ёй, тады, атрымліваецца, работа нямая. Сёння ж мы просім расказаць пра творы, якія паступаюць у калекцыю.

Між тым у фондах НЦСМ няшмат работ, прысвечаных вайне, — усё ж гэта адносна маладая галерэя, тлумачыць Алег Ладзісаў. Сярод іх — сюжэтная карціна «Гады юнацтва майго пакалення» (1994) Валянціна Савіцкага, стрыечнага брата Міхаіла Савіцкага; жывапісны партрэт «Надзея» (1987) Хаіма Ліўшыца; афорт «Партызаны. Белы шлях» (1994) Арлена Кашкурэвіча; скульптура «Жураўліны крык» (1989) Уладзіміра Панцялеева… Вартае згадкі палатно Міхаіла Савіцкага «Без вестак зніклыя» (1990), якое размешчана асобна.

Уладзімір Слінчанка «Партрэт народнага мастака Беларусі Аскара Марыкса», 1964 г.

Як адзначае Алег Ладзісаў, даўно не дэманстравалася своеасаблівая гістарычная карціна «Дыялог» (1989) Леаніда Шчамялёва (адлюстраваны сам аўтар і Анатоль Анікейчык). Звяртае на сябе ўвагу нетыповы твор «Толькі яго нявеста» (1984) Нінэль Шчаснай, які выклікае дыскусіі мастацтвазнаўцаў. Прадстаўлены вельмі лаканічныя, спакойныя пейзажы, напрыклад, «Спее жыта» (1983) Аляксандра Казлоўскага. У экспазіцыю ўвайшла і цэнтральная частка «Помнікі» з трыпціха «Маё Палессе» (1994), у якой пераплятаюцца некалькі істотных для беларускай гісторыі матываў. Аўтар Уладзімір Гардзеенка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, 4 мая пайшоў з жыцця…

P. S. Да 6 чэрвеня НЦСМ запрашае школьнікаў 3—8 класаў наведаць музейна-педагагічныя заняткі «Жывая памяць аб вайне», распрацаваныя на аснове тэматычнай экспазіцыі. Навуковыя супрацоўнікі, апроч іншага, раскажуць гісторыю жыцця народнага мастака, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».