Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Адна літарка... І столькі смеху!»


Адна літарка… І столькі смеху!

Вялікі быў Савецкі Саюз: аж з пятнаццаці асобных рэспублік!.. І сям'я вайскоўцаў магла апынуцца ў любой.


Фота: pixabay.com

Помню, трапілі мы ў Туркменію, у горад Мары, сяк-так уладкаваліся, і з мужам усё зразумела: работа ёсць. А вось са мной...

У горадзе толькі адна руская школа, месца філолага там занятае. Значыць, трэба шукаць нешта іншае?

Вакансія была ў аддзяленні кадраў ваеннага штаба. Чакаць нейкіх іншых, па спецыяльнасці, неяк не выпадала, бо і грошы ў сям'і не лішнія, і стаж патрэбен... Так што афармляюся ды працую.

...У нейкі дзень — як цяпер помню — заходзіць прапаршчык Валера М., падае мне рапарт на імя камандзіра батальёна, пытаецца, ці правільна ён напісаў? Чытаю (па-руску): «...Прошу оказать материальную помощь в связи с необходимостью покупки дедской (?!) коляски».

Бачу, што ёсць памылка (Валера ў нас яшчэ той «грамацей»!), разумею, што літарку можна выправіць. Альбо і рапарт перапісаць... Але ж пад канец працоўнага дня і нават тыдня так прыемна ўсміхнуцца самой і так хочацца, каб усміхнуліся іншыя... «Цікава, — думаю, — ці заўважыць памылку наш камандзір? Дакументаў на подпіс шмат. Можа, проста падмахне і ўсё?.. А калі заўважыць, то як паставіцца?»

Было не было: кладу гэты рапарт у папку і аддаю. Праз нейкі час камандзір выклікае да сябе ў кабінет, кажа:

— Гэта ж трэба! Ніколі б не падумаў, што Валера такі добры ўнук! Бач, як клапоціцца пра дзядулю! Трэба даведацца, што з ім?

Я смяюся:

— Ды дзякаваць богу, — кажу, — той дзядуля і жывы, і здаровы, днямі прадзедам стаў: у Валеры, яго ўнука, дачка нарадзілася, ён на «детскую» каляску грошы збірае... Вы ж ведаеце, расходы...

Гэта камандзір — канец дня і тыдня — толькі тут зразумеў, мы шчыра і разам пасмяяліся — з-за адной літаркі.

Ніна ГОРГУЛЬ

г. Мінск


Пра самае дарагое, альбо Апошні візіт брунеткі

Сродкі масавай інфармацыі ледзь не штодня цяпер нагадваюць пра так званых тэлефонных махляроў, якія абіраюць нашых людзей, асабліва пенсіянераў. Слухаючы ды чытаючы пра падобныя злачынствы, я кожны раз успамінаю гісторыю, якая з паўвека назад здарылася з маёй зводнай сястрычкай Волечкай.

...Да самастойнасці мама прывучала нас змалку. Оля (на дзесяць гадоў старэйшая, ад першага няўдалага шлюбу) ужо з другога класа прыходзіла са школы сама, абедала, рабіла ўрокі, а потым найчасцей сумавала, бо тое, што кажуць па тэлевізары, яшчэ не разумела, а адной выходзіць у двор мама забараняла... Як і дзверы адчыняць — некаму чужому.

Выкананне гэтых загадаў строга кантралявалася па звычайным кватэрным тэлефоне, які быў тады ледзь не прадметам раскошы: дома іх мелі хіба вялікія начальнікі ды ветэраны-інваліды. У нас такім быў дзядуля.

Дык вось, аднойчы, у пачатку верасня, у нас зазваніў тэлефон: нейкая незнаёмая жанчына папрасіла паклікаць маму і праз хвіліну-другую ўжо даведалася, што Волечка дома адна і сумуе, што бабуля цяпер жыве ў вёсцы, а дзядуля памёр, што тата «хвастом накрыўся», што мама вернецца з работы не раней чым у шэсць гадзін вечара...

На гэтым размова як быццам скончылася, але хвілін праз 20 «маміна сяброўка цёця Ніна» патэлефанавала яшчэ раз і сказала Волечцы, што ў горадзе яна праездам, што яе цягнік на Гомель сыходзіць а палове шостай, што дэфіцытныя лекі для бабулі яна прывезла і хацела б пакінуць у нас дома, для чаго ўдакладніла адрас...

Ледзь не ўслед за ёй пазваніла мама, і Оля, вядома ж, паведаміла ёй усе прыемныя навіны — пра лекі, пра сяброўку цёцю Ніну, якая зараз іх прывязе.

Праўда, маму тое зусім не ўзрадавала, а якраз наадварот... Па рэспубліцы кацілася тады хваля крадзяжоў, у якіх фігуравала то бялявая, то чарнявая маладзіца, якая, падмануўшы дзяцей, пранікала ў кватэры, зачыняла малых у ванным пакоі, знаходзіла грошы ды так званую ювелірку і бясследна знікала.

А таму не дзіва, што не на жарт спужаўшыся, мама загадала малой узяць з кватэры самае дарагое і чакаць на дзіцячай пляцоўцы: яна, маўляў, ужо выязджае.

Самым дарагім (ды, на жаль, непасільным...) у нашай кватэры быў тэлевізар «Рэкорд». Проста дарагім — кот Мур і велікаватая шкатулка з мамінымі пацеркамі-пярсцёнкамі.

Оля (як потым расказвала) спрабавала іх аб'яднаць (гэта значыць, на шкатулку ці ў шкатулку пасадзіць ката), аднак з гэтага нічога не атрымалася: Мур не пацярпеў «канкурэнцыі» і такі перамог: шкатулка з пярсцёнкамі (у тым ліку залатымі) засталася на стале дома...

А тым часам пасля мамінага званка ў міліцыю да пад'езда ўжо спяшаліся двое аператыўнікаў. Адзін з іх застаўся на лаўцы каля дзвярэй, другі падняўся па лесвіцы на паверх вышэй, чым наша кватэра... І «маміну сяброўку» яны чакалі зусім нядоўга. Хвілін праз дзесяць эфектная брунетка ў чорным балонневым плашчыку, гэткіх жа вялікіх акулярах і маленькім капялюшыку, якая, дарэчы, заходзіла ў пад'езд звычайнай пасудніцай, ужо званіла ў дзверы — і раз, і два, і тры, аж пакуль не апынулася ў ласкавых руках мужчын-аператыўнікаў.

...Наша мама, прымчаўшыся ў двор на таксі, трапіла, што называецца, на шапачны разбор, але ж паспела абняць хіба трошкі спалоханую дачку (і, само сабой, ката), шчыра падзякаваць супрацоўнікам крымінальнага вышуку.

Зрэшты, яны ёй дзякавалі не менш, магчыма, нават і больш.

Маме потым райаддзел міліцыі выпісаў ганаровую грамату за садзейнічанне ў затрыманні небяспечнай злачынцы і 25 рублёў прэміі.

Значная частка гэтых грошай пайшла на цукеркі для Волечкі і ліверную каўбасу для Мурчыка.

Канец — справе вянец.

Ю. КАМОВІЧ

г. Мазыр


Чалавек ці «Свінтус грандыёзус»?

«Песняры» вярнулі да жыцця мноства народных песень! З іх рэпертуару і гэтая: «Як я ехаў да яе — брычка на рысорах. А прыехаў ад яе — хата на падпорах...»

Бываюць такія жанчыны. І мужчыны, дарэчы, таксама.

...Мая родная цётка Галя жыла далекавата ад нас, але ж у госці да яе (хоць раз на год) мы стараліся з'ездзіць, бо там, ледзь не за гародам, было тады вялікае возера. Не паверыце — карпы з карасямі станавіліся ў чаргу: толькі цягай, здавалася, толькі ад'ядайся гарачымі юшкамі, рыбай смажанай, тушанай, сушанай...

А пад'еўшы, яно ж і папрацаваць не грэх — нават у ахвоту. Цётка рана пахавала мужа (той служыў на атамнай падлодцы), нейкі час з каровай, «свінствам» ды птаствам спраўлялася сама, але ж потым, стаміўшыся, прыняла да сябе мужчыну.

Той, як расказвала, лістом спачатку слаўся, жыў — як у бога за плячамі: на ўсім гатовенькім.

Праўда, і ў цёткі праблем стала менш — і з дровамі, і з пасяўной-уборкай, і з сенакосам... Ведама, свой трактарыст! За любую работу прымака браўся! Лазню адгрукаў — на зайздрасць акрузе! Але ж потым...

Ніхто не ведае чаму, але ўсё часцей і часцей стаў зазіраць у чарку, усё больш напівацца...

З часам застаўся без правоў і трактара, уладкаваўся на ферму, некалькі разоў запіў-загуляў — звольнілі і адтуль. Дома засеў: зранку яшчэ нешта і неяк рабіў, а бліжэй да вечара... «І за што ж ён п'е? — не разумела цётка, надзейна схаваўшы грошы і ўвесь час правяраючы, ці не вынес «гаспадар» нешта з хаты. — Усё ж як быццам на месцы?»

...А тут якраз мы — у госці да яе, усёй сям'ёй.

Прыехалі, вітаемся, садзімся за стол з традыцыйнай закускай...

Гаспадар (той самы прымака) да нас не ідзе: кажа, што ён не галодны, што пойдзе ў начную.

Гаспадыня, бачым, таксама і рада нам, і як бы не вельмі, бо дужа ж заклапочаная?

...Калі трохі падсілкаваліся, расказала, што перад нашым прыездам схадзіла ў кладоўку, хацела найлепшага салка выбраць (як мы любім, з праслоечкай). Адчыніла кубелец, зняла колькі дробных кавалачкаў, потым два вялікія і ледзь не самлела: пад імі — нічога, апроч... драўляных падпорак. «Вынес, сабака, «свінтус грандыёзус», на гарэлку памяняў!.. Усё, — сказала яму, — гэта была апошняя кропля, апошняе папярэджанне: прагналі цябе з трактара, прагналі з фермы, я з дому праганю!»... Ці паверыце, здаецца, пачуў? Два тыдні трымаецца, у рот не бярэ! Вось і сёння — бачыце — нават за стол не сеў — пасаромеўся. Дык не ўсё, можа, страчана? Можа, узяўся за розум і чалавекам будзе?.. Днямі вось ад сваёй радні парачку парасят прывёз. Сам іх корміць, падсцілае... І падпорак з кубельца нідзе не відаць: мусіць, спаліў?»

Цётка спадзявалася на лепшае.

Сваю здагадку, што падпоркі прымака, можа, схаваў — на потым (калі парасяты падрастуць...), я агучваць не стаў.

М. ІВАНОЎСКІ

г. Орша

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».