Вы тут

У Ляхавічах і Драгічыне адкрылі новыя камп'ютарныя тамографы


Першая дэкада мая ў двух райцэнтрах Брэстчыны вызначылася не толькі святкаваннем Дня Перамогі, але і значнымі падзеямі ў галіне аховы здароўя. Бальніцы абодвух раёнаў цяпер маюць сучаснае дыягнастычнае абсталяванне. З розніцай у адзін дзень адбыліся цырымоніі адкрыцця камп'ютарных тамографаў у Ляхавічах і Драгічыне.


Раней, каб зрабіць адпаведнае абследаванне, жыхарам Ляхавіцкага раёна трэба было ехаць у Баранавічы альбо нават у Брэст. А гэта азначала папярэднія запісы, часам працяглы ліст чакання, транспартныя выдаткі, іншыя нязручнасці. Цяпер дыягностыку анкалагічных, хірургічных, неўралагічных і нейрахірургічных захворванняў, а таксама траўмаў можна правесці на месцы. У Ляхавічы на КТ з часам таксама паедуць жыхары Ганцавіцкага і асобных вёсак Баранавіцкага раёна.

Як вядома, тамограф — даволі вялікі апарат, бездакорнае функцыянаванне якога патрабуе пэўных умоў. Таму папярэдне была праведзена рэканструкцыя памяшкання пад адпаведны кабінет. Рамонт і абнаўленне абышліся раённаму бюджэту ў 497 тысяч рублёў і былі праведзены ў сціслыя тэрміны. У падрыхтаванае памяшканне даставілі рэнтгенаўскі камп'ютарны тамограф фірмы Sіemens, набыты па лініі цэнтралізаваных закупак Міністэрства аховы здароўя. Яго кошт склаў 796 тысяч рублёў.

Павіншаваць ляхавічан са значнай падзеяй прыехаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. «Мы працягваем работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы нашых медыцынскіх устаноў. Выпрацавалі падыход, які падтрымала Міністэрства аховы здароўя, накіраваны на высокі стандарт аказання медыцынскіх паслуг. За апошнія два гады ў бальніцах вобласці з'явілася пяць новых тамографаў», — сказаў губернатар.

Кіраўнік вобласці падзякаваў урачам за работу, некаторым з іх уручыў граматы і падзячныя пісьмы.

Галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч лічыць, што тамограф узніме якасць медыцынскай дыягностыкі на новы ўзровень. «Неабходнасць набыцця абсталявання абумоўленая таксама дэмаграфічнай сітуацыяй. У раёне пражывае шмат пажылых людзей. Яны нярэдка хварэюць і маюць патрэбу ў аператыўнай дыягностыцы. Цяпер пацыенты змогуць прайсці яе ў сваёй бальніцы», — заўважыў галоўурач.

А для людзей з Ганцавіч, якія будуць прыязджаць на прыём, ёсць яшчэ адна добрая навіна. Запланавана будаўніцтва новай дарогі, якая скароціць адлегласць паміж райцэнтрамі на 15 кіламетраў (цяпер адлегласць складае 52 кіламетры).

Для работы ў новым кабінеце тамаграфіі падрыхтаваны персанал. Загадчык кабінета Сяргей Памазанскі мае шасцігадовы вопыт работы на падобным абсталяванні ў медустанове Баранавіч. Прайшлі перападрыхтоўку ўрач агульнай практыкі і тры сярэднія медработнікі. Плануецца, што абследаванне будзе праводзіцца ў дзве змены, тамограф маюць намер задзейнічаць таксама ў выхадныя і святочныя дні.

Апарат дазваляе рабіць 64 зрэзы і атрымліваць у далейшым 3D-мадэль органа, які даследуецца, такім чынам спецыяліст убачыць паталогію памерам да аднаго міліметра, што на звычайнай рэнтгенаграме немагчыма, — адзначалі ўрачы.

Такі ж па тэхнічных якасцях і характарыстыках тамограф атрымала Драгічынская раённая бальніца. Да гэтай пары ў бальніцы функцыянаваў тамограф 1997 года выпуску. Яго магчымасці ў выкананні даследаванняў былі абмежаваныя, ды і за чвэрць стагоддзя развіццё тэхнікі зрабіла аграмадны рывок, а тутэйшы КТ даўно маральна ўстарэў. Таму новы 64-зрэзавы апарат выглядае сур'ёзнай заяўкай на новы ўзровень раённай медыцыны.

У драгічынскім кабінеце камп'ютарнай тамаграфіі, як і ў Ляхавічах, папярэдне правялі рамонт і мадэрнізацыю, тут ужо працуюць чатыры ўрачы і восем лабарантаў. Плануецца, што кабінет будзе абслугоўваць таксама пацыентаў з Іванаўскага і Пружанскага раёнаў.

Пасля цырымоніі пераразання сімвалічнай стужкі кіраўнік вобласці Юрый Шулейка пажадаў медыкам Драгічыншчыны поспехаў у рабоце, папрасіў іх заўсёды падыходзіць з душой да справы. А намеснік міністра аховы здароўя краіны Юрый Горбіч адзначыў, што з аснашчэннем раённых бальніц падобным абсталяваннем медыцынская дапамога становіцца больш якаснай і даступнай.

Дарэчы, драгічынскі — трэці па ліку камп'ютарны тамограф, які запрацаваў у бальніцах Брэстчыны сёлета. Крыху раней такое абсталяванне з'явілася ў Каменцы. Як заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар Міхалоўскі, па аснашчанасці прыладамі камп'ютарнай тамаграфіі Брэсцкая вобласць займае другую пазіцыю ў краіне: «Эпідэмія ковіду паказала, што галоўным дыягнастычным крытэрыем было менавіта даследаванне на КТ. Акрамя паставак КТ, абсталявання для рэанімацыйных аддзяленняў у сістэме аховы здароўя рэгіёна запланавана і вядзецца вялікая работа па паляпшэнні. Сёлета пачнецца будаўніцтва хірургічнага корпуса Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы, гэта самы буйны праект апошніх гадоў. У Пінску ёсць планы ўзвесці інфекцыйны корпус цэнтральнай раённай бальніцы. Корпус, паводле праекта, будзе складацца з двух аддзяленняў, разлічаных на 80 ложкаў. Там правядуць рэканструкцыю кіслароднага аддзялення. Гаворка ідзе пра інфекцыйны цэнтр абласнога ўзроўню, які возьме на сябе дапамогу насельніцтву з Пінскага, Лунінецкага, Столінскага і Іванаўскага раёнаў. У хуткім часе чакаецца ўвод пасля рэканструкцыі шасціпавярховага корпуса дзіцячай абласной бальніцы».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота дадзена Ляхавіцкім райвыканкамам.

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.