Вы тут

Развіццё дамоўленасцей на вышэйшым узроўні. Чаго чакаць Беларусі ад маштабнай выстаўкі «Інапрам»


Беларусь у супрацоўніцтве з Расіяй робіць вельмі вялікую стаўку на прамысловую сферу. Гэтаму напрамку ў ходзе пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета, якое адбылося ў пачатку красавіка, і ў час перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна нязменна ўдзялялася асаблівая ўвага. Вынікі супрацоўніцтва ўжо ёсць. Гэта шэраг новых сумесных праектаў, у тым ліку супрацоўніцтва ў вытворчасці камплектуючых для аўтамабілебудавання і авіяцыі. У рамках Саюзнай дзяржавы плануецца запусціць каля 15 праектаў у машынабудаванні. Пытанні іх фінансавання вырашаны. Беларусь і Расія будуць разам вырабляць шырокую лінейку прадукцыі: мікрасхемы, кар’ерныя самазвалы, сельгасмашыны, іншую тэхніку.

У ліпені ў Екацярынбургу пройдзе маштабная міжнародная выстаўка «Інапрам». Гэта адно з самых важных мерапрыемстваў у навукова-тэхнічнай, прамысловай, інавацыйнай сферах. Беларусь упершыню будзе прымаць удзел у выстаўцы ў якасці краіны-партнёра. Гэта асаблівы статус, галоўныя перавагі якога — памер экспазіцыі не менш як 3 тыс. кв.м, прыярытэтнае размяшчэнне ў выставачным павільёне, шырокая падтрымка з боку арганізатараў, расійскіх федэральных і рэгіянальных органаў улады, павышаная ўвага да экспазіцыі з боку СМІ, перадае БелТА.


Фота: БелТА.

Можна сказаць, што гэта вынік не толькі сумесных намаганняў Беларусі і Расіі, лідараў краін у пытанні імпартазамяшчэння ва ўмовах санкцыйнай палітыкі Захаду, але і прызнанне шырокіх магчымасцей і запатрабаванасці беларускай прадукцыі, вытворчага і навуковага патэнцыялу, захаванага і прымножанага за гады незалежнасці. Краінамі — партнёрамі выстаўкі з 2015 па 2022 год выступалі Кітай, Індыя, Японія, Рэспубліка Карэя, Турцыя, Італія, Казахстан.

На выстаўку прыедзе шмат дэлегацый, дзелавая праграма мерапрыемства шырокая. Паводле інфармацыі расійскага боку, чакаюцца госці з 50 краін. З беларускага боку на ўдзел у экспазіцыі заявіліся флагманы айчыннай прамысловасці, буйныя прадпрыемствы, а таксама малы бізнес і прыватны сектар.

Галоўнае — практычная аддача

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка 11 мая правёў нараду рабочай групы па падрыхтоўцы да ўдзелу ў выстаўцы. «Мы плануем вызначыцца з нашай генеральнай лініяй, канцэпцыяй удзелу ў „Інапраме“, — адзначыў кіраўнік урада. — Мы павінны не проста паказаць тавар тварам, але і якасна і хутка рэалізаваць задачы, якія мы ставім перад сабой, удзельнічаючы ў выстаўцы. Галоўнае — практычная аддача».

У рамках выстаўкі пройдуць таксама прамысловы форум і кірмаш-фестываль.

Прадстаўнікі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Міністэрства прамысловасці як арганізатары экспазіцыі выступілі перад прэм’ер-міністрам з дакладамі і ўнеслі некаторыя прапановы па правядзенні мерапрыемства.

На нарадзе асаблівую ўвагу ўдзялілі вырашэнню арганізацыйных пытанняў падрыхтоўкі нацыянальнай экспазіцыі і звязаных мерапрыемстваў. Таксама былі вызначаны навінкі беларускай прамысловасці, якія будуць прадстаўлены на выстаўцы.

Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў выстаўцы з 2012 года. Нацыянальныя экспазіцыі былі арганізаваны на ёй пяць разоў.

Што прадставіць Беларусь

Падрыхтавана вялікая лінейка тэхнікі, якую плануецца прадставіць на экспазіцыі, расказаў журналістам намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык. «Гэта МАЗ, МТЗ, „АМКАДОР“, „Гомсельмаш“ і іншыя асноўныя прамысловыя прадпрыемствы. Калі мы гаворым пра МАЗ, то плануецца выставіць новы магістральны цягач, які аснашчаны больш магутным рухавіком экалагічнага класа Еўра-6 і рабатызаванай каробкай перадач. Акрамя гэтага, на экспазіцыі плануецца прадставіць пажарныя машыны, якія маюць попыт у Расіі. МТЗ прадставіць некалькі беспілотных мадэлей, адна з якіх будзе дэманстравацца ў рабочым рэжыме на вуліцы, а таксама новыя трактары», — адзначыў намеснік міністра.

Усяго на выстаўцы плануецца прадставіць больш за 20 адзінак тэхнікі. «Дадаткова будзе прадстаўлена галіна станкабудавання, будзе размешчана каля 14 адзінак абсталявання. Гэта таксама нашы сучасныя распрацоўкі, якія могуць быць патэнцыяльна запатрабаваны на тэрыторыі нашых краін. Акрамя гэтага, плануецца прадэманстраваць вялікую колькасць рухавікоў, ліфтавае абсталяванне і іншую тэхніку», — расказаў Дзмітрый Харытончык.

Паводле яго слоў, важнай часткай «Інапрама» стане беларуска-расійскі бізнес-форум, дзе выступяць прадстаўнікі Мінпрама, Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускай універсальнай таварнай біржы. «Найбольш актуальныя тэмы абмеркавання — імпартазамяшчэнне, кааперацыйнае супрацоўніцтва, перспектывы сумеснага развіцця прамысловасці, новыя трэнды ў эканоміцы, — дадаў Дзмітрый Харытончык. — Традыцыйна „Інапрам“ з’яўляецца галоўнай пляцоўкай у СНД, якая збірае вялікую колькасць замежных гасцей. Галоўная задача прадпрыемстваў — шукаць новыя сувязі».

Асноўная тэма — інавацыі і кааперацыя

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў расказаў, што асноўная тэма мерапрыемства ў гэтым годзе — інавацыйнасць і кааперацыйнае ўзаемадзеянне, якое будзе рэалізавана ў будучым. «Будзе праходзіць шэраг форумаў, семінары, прэзентацыі. Што датычыцца кантрактаў, то яны заўсёды маюць адтэрмінаваны перыяд. Гэта выстаўка дасць вынікі ў перспектыве», — сказаў ён.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена тэме станкабудавання. Пра гэта ў красавіку ў інтэрв’ю расказаў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой. Па названым напрамку ў Беларусі ёсць добрая школа, кадры і вытворчая база. І не выключана, што супрацоўніцтва ў гэтай сферы будзе аформлена ў асобную саюзную праграму. «Станкабудаванне сапраўды ключавая галіна. Створана асобная група. Праект у першым прыбліжэнні ўжо гатовы. Цяпер працуюць эксперты. Ён будзе заслухоўвацца ў першую чаргу на ўзроўні нашых прамысловых віцэ-прэм’ераў. Пакуль прэм’ер-міністрамі пастаўлена задача канчатковую версію паслухаць у рамках „Інапрама“. Там будзе асобная секцыя, прысвечаная дасягненням беларускага станкабудавання. Будуць прадстаўлены ўсе нашы прадпрыемствы», — расказаў пасол.

Паводле яго слоў, прэм’ер-міністры дамовіліся правесці асобную нараду па гэтай тэме, каб прыняць канчатковае рашэнне. А восенню бягучага года яна будзе ўжо дакладвацца прэзідэнтам Беларусі і Расіі ў разрэзе канкрэтных праектаў, неабходных сродкаў і крыніц фінансавання.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?