Вы тут

Чаму дэфіцыт вады становіцца адным з галоўных выклікаў?


Днямі прэфектура аб’явіла ва Усходніх Пірэнеях крызісную сітуацыю — найвышэйшы ўзровень небяспекі. Патрэсканая глеба сведчыць аб недахопе вады ў гэтым турыстычным дэпартаменце Францыі, дзе таксама знаходзіцца шмат фермерскіх гаспадарак. Перасохла рака Аглі — адна з галоўных тутэйшых рэк. Улады ўвялі абмежаванні на ваду, паведаміла Еuronews. Забаронена запаўняць вадой басейны, паліваць агароды і іншыя зялёныя насаджэнні. Гэта цяжкі ўдар для ўжо пацярпелых ад засухі садоў. За апошнія 12 месяцаў ва Усходніх Пірэнеях назіраецца дэфіцыт ападкаў ад 60 да 65 працэнтаў. «Мы насамрэч знаходзімся ў зусім беспрэцэдэнтнай сітуацыі, паколькі цяпер назіраем такую сітуацыю, якая магла б скласціся ў засушлівыя гады ў ліпені ці жніўні», — заўважыў гідрагеолаг Хішам Ташрыф. Крызісны ўзровень ужо аб’яўлены ў чатырох дэпартаментах Францыі. Такая сітуацыя склалася не толькі тут. Як адзначаецца ў тэматычнай справаздачы ААН, свет сутыкаецца з надыходзячым глабальным водным крызісам, які пагражае «выйсці з-пад кантролю». Чаму дэфіцыт вады становіцца адным з галоўных выклікаў?


Разбуральныя наступствы

За апошнія сто гадоў агульнасусветнае выкарыстанне водных рэсурсаў узрасло ў шэсць разоў і працягвае з такімі ж тэмпамі, павялічваючыся прыблізна на 1 працэнт у год пад уздзеяннем такіх фактараў, як дэмаграфічны рост, эканамічнае развіццё і зменлівыя мадэлі спажывання.

Недахоп прэснай вады — адна з галоўных пагроз, з якімі чалавецтва сутыкнецца ўжо ў найбліжэйшай будучыні, адзначаюць эксперты. Трывогу выклікае нават не сам факт дэфіцыту, якому радавы абывацель, які жыве ў адносна забяспечанай гэтымі рэсурсамі краіне, пакуль надае значэнне толькі пры аплаце камунальных паслуг або куплі бутыляванай вады ў супермаркеце, а яго разбуральныя для ўсяго чалавецтва наступствы — узброеныя канфлікты і сацыяльныя катаклізмы, масавая міграцыя з рэгіёнаў, якія пакутуюць ад недахопу вады, змена клімату. Наступствы мы можам назіраць на ўласныя вочы, адзначае Forbes.

Па меркаванні шэрагу экспертаў, крызіс водных рэсурсаў набудзе сапраўды глабальны маштаб да 2040—2050-х, гэта значыць, усяго толькі праз якія-небудзь 20—30 гадоў, што непазбежна прывядзе да глабальных структурных змяненняў, у тым ліку і ў сусветнай эканоміцы. Сёння з-за недахопу вады пакутуюць у рознай ступені каля чатырох мільярдаў чалавек — амаль палова чалавецтва. На парозе XX стагоддзя каля мільярда чалавек на планеце не мелі доступу да бяспечнай пітной вады. Паводле даных ЮНЕСКА на 2017 год, ад недахопу пітной вады штодня памірала больш за 800 дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў, а да 2040-га каля 600 мільёнаў дзяцей будуць жыць у раёнах з вельмі абмежаванымі воднымі рэсурсамі, што можа прычыніць сур'ёзны ўрон іх здароўю або прывесці да іх гібелі.

Геаграфія дэфіцыту

Крыніцы прэснай вады размеркаваны па планеце вельмі нераўнамерна. Адны рэгіёны валодаюць вадой у лішку, другія пакутуюць ад яе вострага недахопу. Паводле даных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO), найбольш буйныя рэсурсы прэснай вады маюць Бразілія (8233 куб. км), Расія (4507 куб. км), Канада (2902 куб. км), Інданезія (2838 куб. км), Кітай (2830 куб. км), Калумбія (2132 куб. км), ЗША (2071 куб. км), Перу (1913 куб. км) і Індыя (1897 куб. км).

Што да самых незабяспечаных вадой краін, то іх, паводле ацэнкі Інстытута сусветных рэсурсаў, налічваецца крыху больш за дзясятак. Сем з дзесяці краін, якія пакутуюць ад дэфіцыту, знаходзяцца на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. У гэтых краінах сярэдні ўзровень воднага стрэсу складае 820 працэнтаў. Гэта азначае, што гадавы водазабор у восем разоў перавышае водазабеспячэнне з аднаўляльных крыніц. Краінамі з высокім узроўнем воднага стрэсу лічацца Егіпет (6420 працэнтаў), Бахрэйн (3878 працэнтаў) і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (1708 працэнтаў). Асаблівая сітуацыя складваецца ў Егіпце, насельніцтва якога перавышае 106 мільёнаў чалавек. Згодна са справаздачай ЮНІСЕФ, гэтая краіна сутыкаецца са штогадовым дэфіцытам вады ў памеры амаль 7 млрд куб. м.

З праблемай абмежаванага доступу да прэснай вады сутыкаецца не толькі насельніцтва Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, але і жыхары Сярэдняй Азіі, Індыі, Карэі, Аўстраліі, Румыніі, Малдавіі, Венгрыі і нават паўночных раёнаў ЗША. Зрэшты, нават у краінах, дзе не адчуваецца недахоп у прэснай вадзе, востра стаіць праблема яе забруджвання з-за неэфектыўнага выкарыстання водных рэсурсаў і дэградацыі сістэм водазабеспячэння і каналізацыі. Прэсная вада, як вядома, выкарыстоўваецца не толькі для задавальнення патрэб насельніцтва: гэта ўсяго толькі восем працэнтаў ад агульнага аб'ёму спажывання. Ільвіная доля прыпадае на сельскую гаспадарку (каля 60 працэнтаў) і прамысловасць (каля 30 працэнтаў).

У сярэднім для вытворчасці аднаго аўтамабіля патрабуецца каля 150 тысяч літраў вады, для здабычы 1 барэля нафты (159 л) — 7000 літраў (па ацэнцы экспертаў Сусветнага банка). Цеплаэлектрастанцыя магутнасцю 1 млн. квт спажывае ў год больш чым адзін куб. км вады, а АЭС такой жа магутнасці — не менш за 1,6 куб. км. Сярэдні расход вады на вытворчасць тоны сталі складае не менш чым 20 куб. м вады, тоны паперы — каля 200 куб. м, тоны хімічнага валакна — звыш 4000 куб. м. Імпарт тоны збожжа эквівалентны імпарту 1000 куб. м вады.

Перспектыва ў... бутэльцы

На сярэднясутачнае спажыванне вады ў свеце ўплывае ўзровень эканамічнага развіцця кожнай краіны. Згодна з данымі Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, для задавальнення базавых асабістых патрэб чалавеку патрабуецца ад 50 да 100 літраў вады ў дзень. У сельскіх рэгіёнах Афрыкі гэты паказчык значна ніжэйшы за норму і складае 10—20 літраў. У ЗША, наадварот, ён значна вышэйшы за норму — 450 літраў. У Канадзе — 340 літраў, у Японіі — 320 літраў. У Заходняй Еўропе з-за высокага кошту паслуг водазабеспячэння ён вагаецца ў дыяпазоне ад 130 да 180 літраў.

Вядома, на гэты трэнд уплываюць эфектыўны маркетынг і імкненне людзей, асабліва ў развітых краінах, да здаровага ладу жыцця. Але справа яшчэ і ў тым, што бутыляваная вада лічыцца — і ў многіх выпадках цалкам абгрунтавана — больш бяспечнай, чым водаправодная. Хоць і тут усё не так проста. Некалькі гадоў таму адна незалежная швейцарская арганізацыя вырашыла зрабіць параўнальны аналіз якасці водаправоднай і бутыляванай вады. Аказалася, што ў многіх раёнах краіны, у прыватнасці ў кантоне Жэнева, якасць вады з-пад крана пераўзыходзіць, у тым ліку і па мінеральным складзе, якасць вады, якая прадаецца такімі вядомымі вытворцамі, як Evіan. Можа, усё ж такі маркетынг і прэстыж? Як бы там ні было, у многіх краінах свету з-за зносу сістэм водазабеспячэння і водаачысткі водаправодная вада сапраўды не зусім прыдатная, а часам і зусім не прыдатная для піцця.

Рост попыту на бяспечную пітную ваду непазбежна вядзе да павелічэння цэн на бутыляваную ваду. За апошнія два дзясяткі гадоў продаж бутыляванай вады стаў самым хуткарослым сегментам сусветнага рынку напояў. Хто б мог яшчэ зусім нядаўна выказаць здагадку, што вада, простая вада, будзе каштаваць даражэй за «чорнае золата», заўважае Forbes. Напрыклад, кошт аднаго літра вады Antіpodes (Новая Зеландыя) перавысіў кошт літра бензіну ў 21 раз. У 2021 годзе аб'ём сусветнага рынку бутыляванай вады ацэньваўся ў $240 млрд. Паводле прагнозаў Megatrends, ён будзе павялічвацца з сярэднегадавым тэмпам росту (CAGR) 11,1 працэнта і да 2028-га перавысіць паўтрыльёна долараў. Найбольш буйным на дадзены момант сегментам гэтага рынку, які хутка развіваецца, з'яўляецца Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён (траціна ад усяго сусветнага рынку). Паводле прагнозаў аналітыкаў, з прычыны зносу інфраструктуры водазабеспячэння і недастатковай колькасці ачышчальных збудаванняў чакаецца бурны рост попыту на бутыляваную ваду ў Лацінскай Амерыцы, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

Паўтысячы канфліктаў

Толькі з 1950 да 2000 года адбылося звыш паўтысячы тэрытарыяльных канфліктаў з-за вады. Некаторыя з іх скончыліся ўзброенымі канфліктамі. Водныя рэсурсы сталі адной з галоўных прычын араба-ізраільскай вайны 1967 года. Пасля таго як ізраільцяне адкрылі «Агульнаізраільскі водаправод», які забяспечвае водазабеспячэнне большай часткі краіны, сірыйцы, асцерагаючыся недаатрымання вады з і так ужо бедных водных крыніц рэгіёна, прыступілі да будаўніцтва адводнага канала для збору вады з рэк Хацбані і Баніяс, якія сілкуюць раку Іардан. Рэалізацыя гэтага праекта ставіла пад пагрозу само існаванне Ізраіля.

У 1975 годзе сірыйцы пабудавалі дамбу на рацэ Еўфрат, што ледзь не прывяло да адкрытага ўзброенага сутыкнення паміж Сірыяй і Іракам. У 1998 годзе Сірыя апынулася на парозе вайны з Турцыяй з-за таго, што турэцкае кіраўніцтва планавала пабудаваць на Еўфраце сістэму дамбаў. Доступ да вады стаў адной з галоўных прычын канфлікту ў паўночна-заходнім раёне Судана Дарфуры, які ўспыхнуў у 2003 годзе і прывёў да гібелі каля 200 тысяч чалавек.

У 50-я гады мінулага стагоддзя брытанскія геолагі выявілі ў пустыні Сахара Нубійскі ваданосны гарызонт — найбуйнейшую з вядомых у свеце крыніц выкапнёвай прэснай вады, вялікая частка якой знаходзіцца на тэрыторыі Лівіі. У 1980-я гады Муамар Кадафі прыступіў да рэалізацыі небывалага па сваіх маштабах праекта «Вялікая рукатворная рака». Амбіцыйная мэта — ператварыць значную частку Сахары ў квітнеючы сад. Праект быў рэалізаваны прыкладна на траціну. Яго далейшая рэалізацыя дазволіла б вырашыць праблему не толькі вады, але і прадуктаў харчавання ў паўночнай частцы Афрыканскага кантынента і забяспечыла б стабільнасць у гэтым рэгіёне.

Але марам лівійскага лідара не наканавана было здзейсніцца. Замест «зялёнай рэвалюцыі» грымнула «арабская вясна», якая прывяла да гібелі Кадафі і фактычнага развалу Лівіі. Як мяркуюць некаторыя аналітыкі, мэта міжнароднай інтэрвенцыі ў Лівіі ў 2011 годзе складалася не толькі ў тым, каб зрынуць Кадафі, і нават не ў тым, каб усталяваць кантроль над нафтавымі рэсурсамі гэтай краіны, а ў тым, каб атрымаць доступ да найбагацейшых водных рэсурсаў Нубійскага гарызонту.

Зразумела, вада не з'яўляецца адзінай прычынай войнаў, але яна становіцца адным з галоўных фактараў нарастання напружанасці не толькі ў асобных рэгіёнах, але і ва ўсім свеце, што можа прывесці да развязвання ўнутраных і міжнародных канфліктаў. Рост дэфіцыту жыццёва неабходнага рэсурсу непазбежна ўзмоцніць гэтую тэндэнцыю. Таму, як мяркуюць многія эксперты, XXІ стагоддзе можа стаць стагоддзем водных войнаў.

Туманы і айсбергі?

Адно з магчымых рашэнняў — будаўніцтва вадасховішчаў. XX стагоддзе стала прарыўным у гэтых адносінах. За апошнія 50—70 гадоў колькасць вадасховішчаў павялічылася ў дзесяць разоў. За гэтыя гады ў эксплуатацыю штодня ўводзілася ў сярэднім два такія аб'екты. Усяго ў свеце створана больш за 60 тысяч вадасховішчаў, агульны аб'ём якіх (6500 куб. км) у 3,5 раза пераўзыходзіць аднаразовы аб'ём вады ва ўсіх рэках зямнога шара. Разам узятыя, яны займаюць плошчу 400 тысяч кв. км, супастаўную з плошчай Чорнага мора. Але і яны не гарантуюць водную бяспеку, хаця б ужо таму, што могуць быць падвергнутыя забруджванню, у тым ліку і наўмыснаму, а таксама ўздзеянню стыхійных бедстваў і тэхнагенных катастроф.

Дапамагаюць і новыя тэхналогіі апраснення салёнай вады, а таксама ачысткі сцёкавых вод. Сусветным лідарам у гэтых адносінах з'яўляецца Ізраіль, дзе ачыстцы падвяргаецца да 70 працэнтаў брудных вод. Значная доля ад агульнай колькасці водаачышчальных збудаванняў прыпадае на нафтаперапрацоўчую прамысловасць. І тут у некаторых выпадках узнікае даволі кур'ёзная і нават парадаксальная сітуацыя. Саудаўская Аравія, якая з'яўляецца адным з галоўных вытворцаў нафты ў свеце і ў той жа час чэмпіёнам па спажыванні вады на душу насельніцтва, штодзень вырабляе 5,5 мільёна куб. м пітной вады, але для гэтага даводзіцца спаліць каля 350 тысяч барэляў нафты.

Сярод альтэрнатыўных рашэнняў — здабыча з ваданосных гарызонтаў. Але самыя буйныя з іх, за выключэннем Нубійскага, размешчаны глыбока пад зямлёй, і для доступу да іх спатрэбіцца бурэнне звышглыбокіх свідравін. Нават калі б гэта было тэхнічна здзяйсняльна, такія працаёмкія праекты значна павысілі б сабекошт здабывальнай вады, што, зразумела, нерэнтабельна.

Вылучаюцца і зусім ужо фантастычныя ідэі, напрыклад ідэі ўздзейнічаць на дажджавыя аблокі для рэгуляцыі водаабмену або выкарыстоўваць туман для вымання з яго воднага кандэнсату. Абмяркоўваецца і здабыча прэснай вады з айсбергаў і ледавікоў. Але апроч таго, што цяпер гэта тэхнічна не здзяйсняльна, невядома, якімі наступствамі падобнага роду праекты могуць абярнуцца для экалогіі планеты.

У любым выпадку, як заўважаюць эксперты, для вырашэння глабальнай праблемы воднага дэфіцыту патрабуюцца сумесныя намаганні ўсяго чалавецтва. Час задумацца.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?