Вы тут

Чаму мы падманваем і ці так ужо неабходная наша хлусня


Учора забыліся патэлефанаваць родным і спаслаліся на занятасць, якой не было. Сёння спазніліся на працу і прыдумалі небыліцу пра нечаканыя падзеі раніцы. А заўтра давядзецца нешта скласці для трэнера, каб неяк апраўдаць гамбургер, які ясце цяпер.

Штодня мы прыманьваем сабе і іншым. Здзяйсняючы памылкі, не жадаем прызнацца ў гэтым адкрыта, а выдумляем недарэчныя прычыны і адгаворкі. У тым, наколькі часта мы кажам няпраўду, шмат што залежыць ад выхавання, полу, акалічнасцяў. Але ёсць і іншыя фактары, якія фарміруюць успрыманне рэчаіснасці, у якой невялікая хлусня проста не лічыцца чымсьці ганебным. У якіх выпадках ілгаць нават карысна, а ў якіх ні ў якім разе нельга? Чым паталагічныя падманшчыкі адрозніваюцца ад прафесійных махляроў? І што адбываецца з галаўным мозгам, калі мы хлусім? Пра гэта і іншае размаўляем з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Н. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам ГАРБАНІДЖАДАМ.


— Доктар Гумен, навошта мы хлусім?

— Хлусня — вялікая медыцынская, псіхалагічная і нават філасофская тэма. З філасофскага пункту погляду, чалавек хлусіць, бо імкнецца захаваць свае каштоўнасці ў вачах іншых. У цэлым жа, гэта наша ахоўная рэакцыя на тое, што адбываецца. Наш арганізм так пабудаваны, што ўвесь час імкнецца ствараць вакол сябе зону камфорту: пастаянную тэмпературу, рэгулярнае харчаванне і іншыя камфортныя рэчы. Чалавек ілжэ, бо гэта ўласціва арганізму, які стварае для сябе зону камфорту.

— Здаецца, што гэта характэрна не толькі чалавеку. Калі перад драпежнікам жывёла прыкідваецца мёртвай, гэта ж таксама падман...

— Як ні дзіўна, жывёлы таксама лгуць. У 70-я гады мінулага стагоддзя над гарылам па імені Како праводзіўся эксперымент. Гэтыя жывёліны жывуць у статку і паміж сабой кантактуюць кароткімі гукамі і жэстамі. Мы іх жэсты пакуль да канца не разумеем, але гэта дастаткова разумныя істоты. Како навучылі жэстамі кантактаваць з людзьмі. Аднойчы да яго ў вальер залез кот, і яны пасябравалі. Неяк з цікаўнасці Како разабраў умывальнік і зламаў яго, што зафіксавала камера назірання. Калі дрэсіроўшчык жэстамі спытаў, чаму зламаны ўмывальнік, ён адказаў, што гэта зрабіў кот. Так што хлусня характэрна і для жывёл. Хто трымае сабаку ці ката, ведаюць: калі гадаванец нашкодзіў, то заўсёды прыкідваецца, што ён тут ні пры чым.

Вядома, у жывёл гэта падобна на дзіцячы ўзровень хлусні. У чалавека ўсё нашмат складаней. Калі верыць вучоным, кожны чалавек, калі размаўляе з незнаёмцам, за кожныя дзесяць хвілін можа тры разы зманіць. Гэта можа быць не яўны падман, а па дробязях: умаўчаць пра штосьці, недагаварыць.

Ёсць хлусня, падман і няпраўда. Хлусня — калі чалавек цалкам кажа няпраўду. Падман — калі часткова гаворыць праўду, часткова лжэ. Няпраўда — калі чалавек не ведае сітуацыю насамрэч, і ад таго, што не быў інфармаваны як след, ці ад свайго глупства пачынае перадаваць няправільную інфармацыю.

Ёсць такое паняцце, як асаблівая хлусня, калі мы крыху ўпрыгожваем сітуацыю, перабольшваем, расказваем для таго, каб наш аповед быў цікавейшы, больш смешны, каб спадабацца іншым. Гэта не выклікае вялікай шкоды, і з гэтым мы сустракаемся штодзённа.

Ёсць праўдзівы падман, калі мы гаворым праўду ў стылі падману. Напрыклад, муж папрасіў жонку зрабіць нейкую работу дома, а яна замест гэтага пайшла на шопінг. І муж тэлефануе і пытае: «Дзе ты знаходзішся?» — «Канешне, у краме на шопінгу», — гэта праўда ў стылі падману.

— Як так атрымліваецца, што і мы, і нам пастаянна хлусяць? Нас з дзяцінства вучаць, што падманваць дрэнна...

— Бацькі так робяць, бо лягчэй кантраляваць дзяцей, калі яны кажуць праўду. Аднак, пры тым, што бацькі кажуць не падманваць, яны вучаць дзіця не расказваць незнаёмаму чалавеку, дзе ў вас дома ляжаць грошы. І дзіця імгненна ўлоўлівае: тут трэба лгаць. Яшчэ адзін прыклад, калі дзіця просіць тату паехаць у заапарк на выхадных, а той не хоча і кажа, што ў яго шмат спраў, а пасля дзіця бачыць, што бацька сядзіць на канапе і глядзіць тэлевізар. Дзіця ўлоўлівае, што часам можна падманваць, каб знайсці сабе больш выгадную пазіцыю. І потым мы здзіўляемся, чаму дзіця сябе так паводзіць.

— Пры гэтым і рэлігія, і закон забараняюць нам ілгаць. Атрымліваецца, хлусня — абсалютнае зло?

— Калі глядзець з пункту гледжання рэлігіі, то многія з іх стаяць на пазіцыях, што падманваць дрэнна. Аднак, пачынаючы з Сярэднявечча, так склалася, што многія рэлігійныя лідары шмат казалі няпраўды, таму людзі самі зразумелі, што гэта не супадае з тым, што яны прапаведуюць. Такім чынам, пры ўсёй павазе да рэлігіі, можна канстатаваць, што рэлігійныя лідары самі сябе нейтралізавалі.

З пункту гледжання закона, ёсць месцы, дзе хлусіць нельга. Напрыклад, калі сведка дае паказанні ці калі чалавек знаходзіцца ў судзе, яны мусяць гаварыць толькі праўду. Тут хлусня караецца законам. Калі чалавек падманвае іншага на сваю карысць, напрыклад, выманьвае даныя карткі і той страчвае грошы, гэта яшчэ і абсалютна амаральна.

Аднак, калі паглядзець на праблему з розных бакоў, некаторыя вучоныя лічаць, што хлусня дала штуршок развіццю інтэлекту: вучыцца падмануць і распазнаць хлусню. Калі чалавек гаворыць няпраўду, гэта ўжо сведчыць пра тое, што ў яго прысутнічае інтэлект і ён ведае, што казаць.

Праўда не заўсёды патрэбна, як ні цынічна гэта гучыць. Калі на перадачу запрашаюць эксперта і вядучы напачатку пытае, як справы, чалавек адказвае: «Дзякую, усё добра». Можна да гэтага адносіцца як да чарговага лжывага інтэрв'ю, якое пачынаецца з непраўдзівага адказу на першае ж пытанне, бо відавочна: абсалютна ўсё добра не бывае ніколі і ні ў кога. Аднак ці патрэбна нам ведаць, што ў гэтага суразмоўніка хварэе бабуля і загінуў любімы сабака, калі яго запрасілі зрабіць эканамічны агляд? У такім выпадку казаць няпраўду адначасова і дрэнна, і добра. І тут ёсць дакладная мяжа.

Калі гэта блізкі чалавек, можна сказаць, што ў цябе не ўсё добра. Калі гэта незнаёмы чалавек ці кіраўнік, неабавязкова яму ведаць, што ў вас нешта здарылася. Калі ваша пажылая матуля з высокім ціскам пытае, як вы сябе адчуваеце, вы адкажаце, што добра, нягледзячы на тое, што, магчыма, тыдзень таму ў вас была складаная аперацыя, і гэта правільна. Калі вы на прыёме ў доктара, які пытае, як вашы справы, то тут відавочна трэба казаць праўду.

— Здаецца, ёсць людзі, якія падманваюць на кожным кроку...

— Ёсць дзве паталогіі, якія можна вызначыць. Гэта паталагічны падманшчык і супрацьлегласць — паталагічна сумленны чалавек. Першыя падманваюць шмат, пастаянна, і іх адрознівае, што яны самі вераць у тое, што кажуць. Гэта генетычныя змены. Як вядома, звонку галаўнога мозгу знаходзіцца шэрае рэчыва, знутры — белае. Шэрае рэчыва адказвае за наш інтэлект, белае — за нервовыя сувязі, калі тлумачыць проста. Навукоўцы, якія вывучаюць галаўны мозг, заўважылі, што ў такіх людзей на 20 % белага рэчыва больш. Адпаведна, шэрага менш прынамсі на 15 %. Як правіла, гэта генетычная асаблівасць.

У такіх людзей інтэлекту менш. Калі іх правяраць на дэтэктары хлусні, яны яго могуць абыходзіць, бо вераць у тое, што кажуць, і робяць тое праўдападобна.

У выпадку паталагічнай сумленнасці чалавек не можа падманваць. Ва ўсіх выпадках кажа праўду, і гэта таксама звязана з паніжаным інтэлектам. Жонка хварэе, для заспакаення пытае ў мужа, як яна выглядае, і паталагічна сумленны муж кажа: вельмі дрэнна, што наўрад ці сведчыць пра вялікі розум.

— Ёсць прафесіі, дзе людзі мусяць падманваць прафесійна?

— Амерыканцы лічаць, што больш за ўсіх падманваюць адвакаты, прычым атрымліваюць за гэта вялікія грошы. Кажуць, што тыя, хто робіць прагноз надвор'я, хлусіць кожны дзень. Аднак, як ні дзіўна, прагнозы — гэта не падман, а сітуацыя можа пайсці па-рознаму.

Калі пафіласофстваваць яшчэ, канфармізм, калі чалавек падстройваецца пад большасць, таксама лічыцца хлуснёй. У чалавека няма ўласнага меркавання, і для таго, каб не адрознівацца ад іншых, ён кажа і робіць як большасць.

Усе кажуць, што палітыкі шмат падманваюць. Хлусня са старажытных часоў характэрная для людзей, якія займаліся ўладай. Добра гэта ці дрэнна? Хутчэй за ўсё, гэта неабходна, бо з дапамогай ілжы лягчэй можна кіраваць людзьмі.

Часам падман неабходны і ў медыцыне. Калі дзіцяці робяць укол, кажуць, што будзе не балюча, хоць гэта не так. Калі доктар скажа праўду, гэта выкліча дадатковы стрэс. А стрэс пры ўсіх медыцынскіх маніпуляцыях — дастаткова дрэнная рэч. Калі шмат выпрацоўваецца гармону стрэсу, гэта ўплывае на загойванне ран, работу імунітэту. 

Было праведзена такое даследаванне: пацукоў кінулі ў вядро з вадой, яны загінулі праз некалькі гадзін, бо стаміліся і больш не маглі плаваць. Іншую групу пацукоў выцягнулі ў той момант, калі яны страцілі сілы і пачалі ісці на дно. Іх дасталі з вады, далі адпачыць і зноў кінулі. І гэтым разам яны вытрымлівалі больш чым суткі ў надзеі, што іх дастануць. Гэта сведчыць, што псіхалагічны фактар для лячэння хворых вельмі важны.

Калі мы лечымся ў адной краіне, дзе ўзровень медыцыны ніжэйшы, а потым едзем у іншую, дзе ён вышэйшы, і спытаем у доктара, як мяне лячылі раней, наўрад ці атрымаем праўдзівы адказ. Не таму, што гэта ўрачэбная салідарнасць ці ўрач не хоча падставіць калегу. Ёсць паняцце «дэанталогія», якая вывучае адносіны доктара і пацыента. Калі пацыент адчуе, што нейкі доктар рабіў нешта няправільна, ён страціць давер да медыцыны. А такіх хворых цяжка лячыць.

Пасля развалу Савецкага Саюза мы бачылі шмат праграм, калі паказвалі, як урачы памыляюцца, з-за чаго людзі паміраюць. Гэта не зусім правільна, бо тэлевізар працуе ў бальніцы, дзе пацыенты рыхтуюцца да аперацыі і глядзяць, як урачы забіваюць. У выніку мы атрымалі цэлае пакаленне людзей, якія не вераць медыцыне. І вынік лячэння ў такім выпадку не самы лепшы. Тут тонкая мяжа, дзе казаць і не казаць праўду.

— І як быць, калі ўсе навокал хлусяць?

— Мы жывём у грамадстве, і кожны дзень чуем шмат няпраўды. Хлусня — частка нашага жыцця, мы ўсе падманваем на працягу дня, жыцця, па дробязях ці буйна. Няма чалавека, які кажа праўду і толькі праўду. Гэта мы не можам змяніць. З іншага боку, усе мы ў дзяцінстве верым у Дзеда Мароза, але наўрад ці крыўдзімся на бацькоў, што нас так падманвалі. Але, пасталеўшы, важна развіваць уласнае крытычнае мысленне і навучыцца распазнаваць хлусню ад праўды, каб не верыць у іншыя казкі — ужо для дарослых. Нядаўна ў Афрыцы арыштавалі свяшчэнніка, ад дзеянняў якога загінула некалькі соцень чалавек, бо, паводле яго абяцанняў, пасля галадання яны трапяць у рай. Людзі ў гэта верылі, і ўсё скончылася вельмі трагічна.

Тут таксама парадокс: людзі з высокім інтэлектам больш за іншых схільныя давяраць іншым, але адначасова лягчэй могуць адрозніць падман ад праўды. І чым больш чалавек жыве ў грамадстве і сутыкаецца з падманам і хлуснёй, тым больш яго мозг трэніруецца.

Цікавы факт: калі вы хочаце некага падмануць і менш сябе выдаваць, лепш гэта рабіць у пісьмовым выглядзе. Жанчыны лепш распазнаюць падман ад праўды па танальнасці голасу. Таму ў такіх выпадках лепш пісаць эсэмэскі. Калі кіраўнік распытвае, чаму вы накасячылі, лепш сказаць, што даложыце яму ў пісьмовым выглядзе, чым пачынаць нешта прыдумляць. Гэта практыкуецца ў дыпламатыі: калі адзін бок хоча апраўдацца, стараюцца рабіць гэта ў пісьмовым выглядзе, чым сам-насам.

Ёсць прыёмы распазнаць няпраўду. Калі дзіця лжэ, яно закрывае рот рукой. А дарослыя таксама прыкрываюць рот ці дакранаюцца да твару. Гэта не абавязковая, але частая прыкмета хлусні. Калі пачынаеш пра адну і тую ж сітуацыю распытваць шмат разоў, чалавек заблытваецца і мяняе дэталі. Гэта выкарыстоўваюць следчыя. Каб распазнаць хлусню ад праўды, прыдуманы і камеры назірання, і дэтэктар ілжы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.