Вы тут

Убачыць спецыфіку прафесіі на свае вочы...


49 прафесійных кампетэнцый (з іх 7 — для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця), больш як 350 канкурсантаў, у тым ліку з Расійскай Федэрацыі і Казахстана, каля 300 экспертаў з кола педагагічных работнікаў і прадстаўнікоў прадпрыемстваў... Вось толькі некаторыя факты пра V Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «ProfSkіlls Belarus 2023», які ўрачыста адкрыецца сёння ў сталічным спартыўна-забаўляльным комплексе Falcon Club. На два дні (14 і 15 мая) Футбольны манеж у Мінску пераўтворыцца ў прэзентацыйную пляцоўку для прадстаўнікоў розных прафесій.


У рамках конкурснай праграмы пройдуць спаборніцтвы па прафесійных кампетэнцыях у такіх галінах, як будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, творчыя прафесіі і мода, вытворчасць і інжынерныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі і г. д. Удзельнікамі рэспубліканскага фіналу з'яўляюцца маладыя людзі ва ўзросце да 22 гадоў (па некаторых кампетэнцыях — да 24 гадоў): прадстаўнікі каледжаў і вышэйшых навучальных устаноў.

— Спаборніцтвы праводзяцца не дзеля саміх спаборніцтваў. Іх фармат выкарыстоўваецца для таго, каб павысіць прэстыж рабочых прафесій сярод моладзі і спрыяць распаўсюджванню міжнародных прафесійных стандартаў, — падкрэслівае рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый ГАЛУБОЎСКІ. — Работадаўцы павінны быць у шчыльнай звязцы з тымі, хто рыхтуе для іх кадры, удзельнічаць у фарміраванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Для таго каб выпускаць канкурэнтаздольную на знешніх рынках прадукцыю, патрабуюцца не толькі сучасныя тэхналогіі, але і спецыялісты самай высокай кваліфікацыі, якія змогуць працаваць на сучасным абсталяванні. Усе разумеюць, што з ростам складанасці працы ўзнікае патрэба ў рабочых з больш высокай кваліфікацыяй, гэта міжнародны трэнд. У апошнія гады стандарты прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі істотна змяніліся. Патрабаванні да рабочых спецыяльнасцяў сур'ёзна адрозніваюцца ад тых, што былі, скажам, дзесяць гадоў таму. Сучасны рабочы — гэта эрудзіраваны, высокакваліфікаваны спецыяліст, які, акрамя прафесійных ведаў, павінен валодаць спецыфічнымі навыкамі ў сумежных галінах, у тым ліку разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы і г. д. Такіх спецыялістаў толькі з вялікай нацяжкай можна назваць рабочымі ў звыклым разуменні гэтага слова. Шэраг рабочых прафесій патрабуюць цяпер наяўнасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А конкурс — гэта эфектыўны інструмент абнаўлення зместу падрыхтоўкі кадраў.

Калі мы аналізуем узровень складанасці заданняў на міжнародных чэмпіянатах, звяраем гадзіннікі з нашымі сацыяльнымі партнёрамі, адбываецца шчыльнае ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі. Яны ўнікаюць у змест заданняў, глядзяць, што могуць укараняць у сябе на вытворчасці. Таксама нацыянальны чэмпіянат — гэта і дэманстрацыя найноўшых тэхналогій на вытворчасці і ў рэальным сектары эканомікі.

Арганізатарамі конкурсу прафесійнага майстэрства выступаюць Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, а партнёрамі — айчынныя і замежныя вытворцы і пастаўшчыкі абсталявання, матэрыялаў і інструмента. У ліку партнёраў конкурсу — шэраг флагманаў айчыннай эканомікі: «Гомсельмаш», Мінскі трактарны завод, «Планар», «Пеленг», Мінскі завод колавых цягачоў, «Прыёрбанк», «Керамін», «Элема», «Магатэкс», «Інтэграл», «Камунарка», «Барысаўдрэў», Мінскі завод шасцерняў, «Мінскхлебпрам» і многія іншыя.

«Яшчэ адна найважнейшая задача чэмпіянату — ранняя прафарыентацыя школьнікаў, — паведаміў Валерый Галубоўскі. — Таму запрашаем бацькоў са сваімі дзецьмі ў выхадны дзень наведаць конкурсныя пляцоўкі, каб пазнаёміцца бліжэй з сутнасцю і зместам той ці іншай прафесіі. Рэспубліканскі конкурс — гэта сапраўднае свята прафесій! Валанцёры будуць знаёміць гасцей падрабязна з кожнай кампетэнцыяй... Прычым разуменне прафесіі будзе фарміравацца не толькі па апісанні, а яе спецыфіку можна будзе ўбачыць на свае вочы. Выбар прафесійнай адукацыі — гэта эфектыўны старт у будучыню. Хацелася б, каб тое ўсведамляла грамадства і бацькі, якія ўплываюць на выбар прафесіі дзяцей. Дарэчы, менавіта ў рамках гэтага конкурсу нарадзілася новая спецыяльнасць «Фларыстычны дызайн». Такая кампетэнцыя была прадстаўлена яшчэ на першых конкурсах, а сёлета ў Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М. Кедышкі распачнецца падрыхтоўка фларыстаў».

Удзельнікі конкурсу, якія зоймуць прызавыя месцы, будуць узнагароджаны медалямі, дыпломамі і грашовымі прызамі. Акрамя гэтага, пераможцы і прызёры конкурсных кампетэнцый атрымаюць ільготы пры паступленні ў профільныя ВНУ або пры пераходзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, калі навучаюцца цяпер ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Найлепшыя будуць уключаны ў склад нацыянальнай зборнай па прафесійным майстэрстве і змогуць прадставіць нашу краіну на міжнародным узроўні.

У рамках V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «ProfSkіlls Belarus 2023» прадугледжана і насычаная дзелавая праграма: запланаваны дыялогавыя пляцоўкі па актуальных тэмах сферы адукацыі: «Новыя механізмы ўзаемадзеяння бізнесу і адукацыі», «Адукацыйная прастора: новыя задачы і прыярытэты развіцця», «Лічбавізацыя сістэмы прафесійнай адукацыі».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.