Вы тут

Крок за крокам беларусы вяртаюцца ў міжнародны спорт


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя навіны.


Навіна тыдня. Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (ІWF) дапусціў беларускіх і расійскіх спартсменаў да спаборніцтваў пад эгідай арганізацыі ў нейтральным статусе, паведамляе прэс-служба ІWF.

Поспех тыдня. Незалежны апеляцыйны трыбунал Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК) задаволіў на тэхнічных падставах апеляцыі паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і Расіі наконт прыпынення іх членства ў МПК. Па словах старшыні Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Алега Шэпеля, дадзенае рашэнне трыбунала МПК падкрэслівае, што Паралімпійскі камітэт Беларусі, нашы спартсмены першапачаткова мелі рацыю. «Мы ніколі не парушалі міжнародныя спартыўныя законы, заўсёды строга прытрымліваліся прынятых правілаў, і таму рашэнне аб адхіленні беларускіх паралімпійцаў ад міжнародных стартаў было абсалютна неправамоцным», — сказаў Алег Шэпель. Алег Шэпель таксама паведаміў, што пакуль адхіленне беларусаў і расіян застаецца ў сіле. Але, падкрэсліў ён, паводле канстытуцыі МПК рашэнні незалежнага трыбунала не маюць зваротнай сілы, і таму ў верасні можна чакаць канчатковага вяртання беларускіх і расійскіх паралімпійцаў на міжнародную арэну. Наступны раз статус членства Беларусі і Расіі ў МПК будзе абмяркоўвацца на генеральнай асамблеі, якая пройдзе 28—29 верасня ў Бахрэйне.

Лічба тыдня. 10 медалёў заваявалі беларускія спартсмены на міжнародным турніры па барацьбе сярод жанчын «Кубак мэра горада Бішкек» у Кыргызстане. Чэмпіёнкамі спаборніцтваў сталі Алеся Гетманава (у вагавой катэгорыі да 59 кг), Вераніка Іванова (да 62 кг) і Таццяна Паўлава (да 65 кг). Другое месца ў вазе да 62 кг заняла Надзея Буланая. Бронзавыя медалі форуму дасталіся Ксеніі Станкевіч (да 50 кг), Вікторыі Воўк (да 55 кг), Арыне Мартынавай (да 57 кг), Юліі Пісарэнкі (да 59 кг), Вікторыі Радзьковай (да 68 кг) і Анастасіі Зімянковай (да 76 кг).

Герой тыдня. У Кыргызстане завяршыўся міжнародны ісык-кульскі марафон Run the Sіlk Road пад эгідай Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Удзел у забегу на ўзбярэжжы возера Ісык-Куль узяло каля 3 тысяч спартсменаў з 20 краін, у тым ліку прадстаўнікі нацыянальнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы. Пераможцам на дыстанцыі 10 кіламетраў у мужчын стаў беларус Сяргей Краўчэня, а ў паўмарафоне бронзавы медаль заваяваў беларус Сяргей Платонаў.

Няўдачы тыдня. У Катары прайшоў чэмпіянат свету па дзюдо, у якім пад нейтральным сцягам удзельнічалі і беларускія спартсмены — Дар'я Канцавая ў катэгорыі да 78 кг і Ягор Варапаеў у катэгорыі да 90 кг. На жаль, беларусы засталіся без медалёў форуму.

У гэтыя ж дні ў Ташкенце на чэмпіянаце свету па боксе пад нацыянальным сцягам выступалі беларускія спартсмены, якія таксама не ўвайшлі ў прызёры турніру. Найлепшы вынік у беларускай камандзе паказаў Аляксей Алфёраў, які дайшоў да чвэрцьфіналу.

Каманда тыдня. Нацыянальная каманда Беларусі па хакеі правяла чарговы матч у рамках серыі «Ліга Ставак. Вялікі тур зборнай» супраць каманды «Расія 25». Каманды сустрэліся ў Лядовым палацы Тулы. Перамога з вынікам 2:1 засталася за расійскімі хакеістамі. Такім чынам, падапечныя Дзмітрыя Квартальнава пацярпелі пятае паражэнне ў сямі праведзеных матчах серыі «Ліга Ставак. Вялікі тур зборнай». Адзіную перамогу над расіянамі нашыя хакеісты атрымалі 6 мая на турніры Qazaqstan Hockey Open у Астане (7:4). Два заключныя паядынкі паміж камандай Беларусі і «Расіяй 25» пройдуць на «Чыжоўка-Арэне» ў Мінску 15 і 16 мая, абедзве сустрэчы стартуюць у 19.00.

Страта тыдня. Трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Таццяна Нарэйка пайшла з жыцця ва ўзросце 64 гадоў. За доўгія гады работы Таццяна Фёдараўна падрыхтавала нямала высакакласных спартсменаў, у ліку якіх бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа па скачках у вышыню Максім Недасекаў. Сярод яе выхаванцаў таксама нямала пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў свету і Еўропы — Таццяна Алісевіч, Святлана Бурага, Ірына Бутар, Алеся Турава і іншыя вядомыя атлеты.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.