Знакамітая гродзенка стала першым госцем новага абласнога маладзёжнага праекта «Медаль за бой, медаль за працу з аднаго металу льюць». А ўзнагарод у дзяржаўнага, палітычнага і грамадскага дзеяча Марыі Біруковай налічваецца каля 160. З іх пяць ордэнаў, 27 медалёў і безліч ганаровых грамат. Яе імя занесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці, яна двойчы лаўрэатка рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» ў намінацыях «Жанчына-легенда» і «Помнім. Ганарымся». Амаль два дзесяцігоддзі ўзначальвала абласную арганізацыю Беларускага саюза жанчын, ініцыятар стварэння грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Дэлегат І—ІV Усебеларускіх сходаў. І сёння гэтая жанчына не застаецца ў баку ад жыцця рэгіёна.
На сустрэчы, якая адбылася ў Гродзенскім каледжы бытавога абслугоўвання, сабраліся прадстаўнікі БРСМ, члены Маладзёжнага парламента, грамадскія дзеячы. Менавіта адсюль зыходзіла і сама ініцыятыва праекта — расказаць аб сапраўдных героях працы, людзях, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Радзіме.
Трэба сказаць, што ў каледжы сабраны багаты матэрыял аб знакамітых людзях Гродзеншчыны. Займаецца гэтым захавальніца музея Ларыса Хацько, якая ўзначальвае Савет пажылых грамадзян пры абласным упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Вядомым людзям прысвечаны альбомы, створана партрэтная галерэя ганаровых грамадзян Гродна. І яна пастаянна папаўняецца. Тут вядзецца вялікая пошукавая работа. «У рэгіёне нямала заслужаных людзей, якія могуць паказаць прыклад самаадданай працы, перадаць каштоўныя веды», — лічыць Ларыса Лук'янаўна. Новы праект знайшоў падтрымку ў маладзёжнай арганізацыі і Савеце дэпутатаў.
— Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, якая была агучана Прэзідэнтам падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, гэта захаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, — адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. — Важна перадаць веды і гістарычную праўду сучаснай моладзі. За мінулы год было рэалізавана нямала ініцыятыў у дадзеным кірунку. Але не хапала такога праекта, які быў бы скіраваны на сувязь пакаленняў. І тут значную ролю могуць выканаць заслужаныя людзі працы. Іх нямала і яны побач з намі. Імёны многіх занесены ў Кнігі славы гарадоў і раёнаў вобласці, яны ўзнагароджаныя ордэнамі і медалямі. Гэтыя людзі павінны стаць героямі мерапрыемстваў з удзелам моладзі. Тады будзе ўмацоўвацца сувязь пакаленняў, а значыць, тое, што зроблена ветэранамі працы, было недарма.
Першага госця праграмы арганізатары праекта ахарактарызавалі так: гэтая жанчына ўсё жыццё прысвяціла служэнню свайму народу, дапамагала будаваць палітычны і ідэалагічны лад дзяржавы.
Марыю Бірукову ведаюць многія жыхары рэгіёна. Найбольш — па пасадзе намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, на якой працавала больш за дзесяць гадоў. І хоць марыла быць настаўніцай, як бацька, але вельмі хутка яе шлях пайшоў па камсамольскай, а потым па партыйнай лініі. Дарэчы, сакратаром абкама партыі была абрана ў 34 гады і на той момант была самым маладым сакратаром абкама ва ўсім Савецкім Саюзе. А перад гэтым, падчас работы сакратаром камсамола ў Маскве, Марыю Бірукову камандзіруюць у далёкую Калумбію наладжваць работу дзіцячай арганізацыі накшталт піянерскай. Прычым паехала яна туды адна з перакладчыкам. Тая паездка запомнілася ёй на ўсё жыццё. Здаецца, і сёння яе ўспамін адгукаецца ў душы жанчыны.
— Гэта была вельмі цяжкая камандзіроўка. Як у сэнсе вільготнага і гарачага клімату, так і ў сэнсе бяспекі. Ездзілі ў браніраванай машыне, пад дзвярыма ноччу сядзеў ахоўнік, які папярэдзіў, каб ні ў якім разе не адсоўвалі фіранку на акне. Паездка не афішыравалася, сустрэчы праходзілі тайна, прыходзіла па 30-40 чалавек. Мяне ўразіла, што ўсе яны імкнуліся дакрануцца да мяне, аказалася, што ім важна было памацаць чалавека з Савецкага Саюза, многія марылі прыехаць у краіну, дзе ўлада належыць народу. Прытым што Калумбія — багатая краіна, залатыя запасы, музей золата. А ноччу на тратуарах спяць бяздомныя жанчыны з дзецьмі, якіх ранкам разганяе паліцыя...
Марыя Бірукова не ўтойвае, што падчас камандзіроўкі не спадзявалася, што наогул вернецца адтуль жывая. Напэўна, маладым удзельнікам сустрэчы цяжка было ўявіць, як яна наогул пагадзілася паехаць адна ў такі небяспечны рэгіён. Для самой Марыі Міхайлаўны пытанне так ніколі не стаяла. Яна заўсёды выконвала тое, што ёй было даручана.
— Я і сваіх падначаленых потым вучыла: калі не пацягнеш, не можаш — не бярыся, але рабіць абы-як не варта. А каля бярэшся — рабі, каб не было сорамна. Табе даручылі гэтую справу, даверылі, трэба апраўдаць той давер, — упэўненая Марыя Міхайлаўна. — І хоць мне падабалася работа настаўніцы, мяне запэўнілі, што менавіта на камсамольскай, а потым на партыйнай пасадзе прынясу больш карысці. І такім чынам будавалася мая кар'ера.
Устаноўка на сумленную працу была закладзена яшчэ з маленства. Марыя нарадзілася ў 1949 годзе ў Свіслацкім раёне ў шматдзетнай сям'і, дзе яна была малодшым, сёмым дзіцем. Бацька арганізаваў школу, быў яе дырэктарам. Яна пайшла вучыцца ў 6 гадоў. Хадзілі ў школу за некалькі кіламетраў. У сям'і не гналіся за багаццем, а вучылі сумленна працаваць і самім дабівацца сваёй мэты.
Сярод узнагарод Марыі Міхайлаўны ёсць ордэн Францыска Скарыны і ордэн прападобнай Ефрасінні Полацкай, два ордэны «Знак Пашаны» і каля трыццаці медалёў. Самы памятны — першы — «Камсамольская доблесць» ЦК УЛКСМ. Дарэчы, з камсамольскай пары ўспамінаецца і эпізод, які паспрыяў умацаванню патрыятычнага стану камсамольскага работніка. Гэта звязана са здымкам каля Сцяга Перамогі, што быў узняты над рэйхстагам у маі 1945 года.
— Мяне з пераможцамі спаборніцтва студатрадаў удастоілі гонару зрабіць фотаздымак каля Сцяга Перамогі. Левітан, які падчас вайны чытаў звесткі з фронту, называе тваё прозвішча, і ты ідзеш да сцяга, каленкі дрыжаць, і гэта вельмі памятна і ўрачыста. Перапоўненыя пачуццямі, мы потым паўдня не маглі гаварыць. Такая ў Маскве была падзея, — успамінае Марыя Міхайлаўна.
Свой патрыятычны настрой яна пранесла праз усё жыццё. І нават пераканала сваіх замежных апанентаў у неабходнасці захоўваць памяць аб ваенным ліхалецці. Падчас балаціравання ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Шчучынскай акрузе да Біруковай прыехалі два назіральнікі — з Германіі і Францыі. Яны адразу з пытаннем: «Чаму ў вас столькі ваенных помнікаў?» Тады кандыдат у дэпутаты парламента арганізавала паездку ў вёску Зінякі, якую фашысты спалілі з жыхарамі. Іх сустрэў адзіны ацалелы ў той трагедыі месціч. Яго маці выпхнула ў бульбянік, ён схаваўся, а цемнатой перапоўз у суседнюю вёску да дзядзькі. «Калі ён стаў расказваць аб той жудаснай расправе над мірнымі жыхарамі, немец расплакаўся, а пазней прызнаўся, што пасля пачутага доўгі час не мог нармальна спаць. Вось вам і адказ, чаму нельга гэта забыць», — акцэнтавала ўвагу слухачоў гераіня праекта.
На яе думку, такія акцыі і ўвага да ваеннага мінулага вымушаюць чалавека думаць і дзейнічаць дзеля Радзімы, аб'ядноўваюць нас на карысць агульнай справе. Увага, якая аддаецца сёння патрыятычнаму выхаванню моладзі, вельмі своечасовая, лічыць яна. Маладыя людзі павінны ведаць, хто заваяваў для іх мір, хто аднаўляў пасля разбурэння Беларусь, хто ствараў незалежную дзяржаву, якой стала наша краіна за апошнія 30 гадоў. Моладзь у краіне дастойная, але ёй уласцівы спажывецкі настрой, некаторыя маладыя людзі не шануюць чалавека працы. Новы праект, па словах жанчыны, скіроўвае на працяг ланцужка пакаленняў. Бо калі моладзь будзе ведаць, колькі намаганняў зроблена для мірнага і камфортнага жыцця, магчыма, і яна будзе імкнуцца ўпісаць сваё імя ў летапіс Айчыны.
Маладыя актывісты задавалі пытанні, было відаць, што іх зацікавіла сустрэча і асоба гераіні праекта. Асабліва тое, што яна выстаяла ў складанай грамадскай і палітычнай абстаноўцы 1990-х гадоў, скіравала свае сілы на тое, каб будаваць новую Беларусь.
— Марыя Міхайлаўна — моцны чалавек, бо ў любых абставінах заставалася вернай сабе. Такія патрыёты могуць перасцерагчы нас ад памылак, даць парады, — выказала сваё меркаванне вучаніца сярэдняй школы № 6 Гродна Таццяна Іванюк.
Трэба сказаць, што ў каледжы, які даў старт абласному праекту, рэалізавана некалькі ідэй, звязаных з ушанаваннем вядомых людзей Гродзеншчыны. Як расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Сардэчная, навучэнцамі каледжа на аснове сабранага аб ветэранах Гродна матэрыялу падрыхтаваны календары. Так, створаны інтэрактыўны каляндар «Героі Беларусі». Дзякуючы QR-коду можна атрымаць інфармацыю аб кожным з 13 чалавек, якія ўдастоены гэтага звання.
Дарэчы, Герой Беларусі пражывае і ў Гродзенскім раёне. Ці стане ён героем новага праекта, пакажа час.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота Аляксея АСТРОЎСКАГА
Як адзначаюць фінансавыя эксперты, рынак жылой нерухомасці выйшаў на беспрэцэдэнтна высокія паказчыкі па колькасці здзелак.
Якія прамашкі жанчын у адзенні выдаюць адсутнасць густу?
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?