Вы тут

Бяда з бяды


Неяк я ўжо расказвала гісторыю ад знаёмага таксіста пра цудоўнае ўз'яднанне сям'і. Аповед быў, хоць і з ноткамі суму, але ж, хутчэй, пазітыўны, у нечым павучальны. А гэтыя дзве гісторыі — без усякага намёку на аптымізм, на шчаслівае вырашэнне. Бяда ўпаўзала ў сем'і гараджан паціху, непрыкметна, а вось сыходзіць, як выглядае, не збіраецца. Бяда пад назвай «алкагалізм».


Дык вось, узяў таксіст пасажыра познім ранкам. Пасажыр як пасажыр, мужчына сталага веку, на першы погляд, прыстойны, праўда, крыху падобны на таго, хто з вечара перабраў. Але ж, як той казаў, з кім не бывае. Спачатку кіроўцу толькі здзіўляла, што чалавек ездзіць то ў адзін бок, то ў другі без асаблівай мэты. Ездзіць, плаціць — яго справа, пажаданні кліента ў такім выпадку — закон. Потым стала не проста дзіўна, але надта дзіўна, калі ён прыехаў у двор інтэрната-«маласямейкі» і правёў там у гутарцы з бабулькамі, якія грэліся на сонейку, больш за гадзіну. Калі зноў сеў у машыну, стаў расказваць, што гадоў сорак таму жыў у гэтым інтэрнаце, спадзяваўся сустрэць каго са знаёмых, але ж дзе там: многія даўно з'ехалі, некаторыя паўміралі. Раптам пенсіянер загаварыў пра тое, які ў яго нядобры сын, як крыўдзіць бацьку, з дому не выпускае, грошы забірае, можа і пабіць. Дык вось, паводле яго слоў, атрымаў пенсію і выбраўся хоць пагуляць, пашукаць кампанію.

Кіроўца ўжо быў гатовы паверыць выпадковаму спадарожніку, нават паспачуваць, але нешта ўсё ж падавалася ў яго слёзнай гісторыі падазроным. А калі дзядзька пасля інтэрната стаў ездзіць па крамах ды купляць спіртное, тым больш ужываць яго проста за магазінам, частуючы залётных кампаньёнаў, станавілася ясна, што нешта тут не так. Адным словам, скончылася ўсё тым, што сын настойліва стаў званіць на тэлефон бацькі, а той ужо быў не ў стане адказаць. Тады кіроўца рашыў адказаць сам. На тым канцы папрасілі даставіць пасажыра на адрас.

Дом, да якога прыехалі, стаяў у прыватным сектары, выглядаў надзвычай дыхтоўна. Сын п'янага пасажыра, з выгляду, бізнесмен альбо начальнік, адразу спытаў у кіроўцы: «Што, і вам расказваў жаласную гісторыю пра злога сына?» Не вытрымаў, загаварыў пра сваё гора з выпадковым чалавекам. «Піць бацька стаў, як выйшаў на пенсію. Пакуль жыла маці, неяк стрымлівала, а калі яе не стала, зусім пайшоў у разгул. Сваю неблагую ваенную пенсію прапіваў з сабутэльнікамі. Аднойчы нейкія махляры, відаць, падсунулі паперы, падмахнуў і застаўся без кватэры. Цяпер жыве ў мяне, ну а куды дзенеш? Бацька ўсё ж. Перыядычна пускаецца ў запоі, выносіць рэчы з дому. З гэтай прычыны сышла жонка. А я проста не ведаю, што далей рабіць».

І ўсё ж сын церпіць, не можа адмовіцца ад бацькі. А на маладую дзяўчыну, як выглядае, нават родная маці махнула рукой. Яна выклікала таксі ноччу. Ездзіла па начных крамах, што характэрна, з аднаго канца горада ў іншы. Піла віно на заднім сядзенні, гаманіла з некім па тэлефоне. А калі вярнулася з чарговай крамы, сказала свайму абаненту, што ў яе адабралі грошы і гарэлку, а потым літаральна звалілася і заснула. Накаталася паненка да таго часу ўжо на сорак рублёў, пабудзіць яе не выпадала. Выглядала яна дзяўчо дзяўчом, гадоў на дваццаць, не больш. Тэлефон валяўся побач з адключанай пасажыркай. Тады кіроўца ўзяў тэлефон і стаў званіць па кантактах. Першай у іх стаяла «мама». Яна адазвалася хутка, ды разгублены кіроўца не паспеў і слова прамовіць, як пачуў толькі буру лаянкі з самых брудных слоў. Наступны быў «Ігар», хлопец ці муж, але на настойлівыя выклікі знаёмага нумара адказваць не стаў. Праз некалькі кантактаў быў пазначаны абанент «тата». Ён адказаў, здзівіўся чужому голасу, на пытанне: «Што мне рабіць, браць чэк і адвозіць яе ў міліцыю?» — папрасіў прывезці і назваў адрас. Адрас быў не той, адкуль пачынала падарожжа юная небарака. Бацька, відавочна, жыве асобна ў прыватным доме. Ён падзякаваў за праяўленую ўвагу, заплаціў па рахунку, падхапіў на рукі сваё нехлямяжае дзіця і панёс у дом. Адзінае, што сказаў, прымаючы з машыны дачку: «Бяда з бяды». Тут не паспрачаешся.

Адны са скуры вылузваюцца, каб дапамагчы сям'і, падтрымаць нават дарослых дзяцей, другія прыстойна і хораша, у сваё задавальненне жывуць на заслужаным адпачынку.
А ёсць і такія, што топяць у спіртным сваю пенсію, свой дабрабыт і добрае імя. Гэта ўжо распуста самога чалавека: раней жа ён неяк жыў, працаваў, зарабіў тую пенсію. Яшчэ горш, калі такая хвароба адольвае маладых. Хто калі прагледзеў тую, дваццацігадовую? Ёй бы сям'ю ствараць, кар'еру будаваць, а яна залівае вочы і сваю прыгажосць. І такіх, на жаль, нямала сярод нас. І што тут парадзіш?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».