Цар Саламон насіў пярсцёнак з суцяшальным: «Усё праходзіць...» І сапраўды: усё — апроч жыцця, бо жыццё пралятае.
Такім чынам з яго, нашага мінулага: трыццатыя гады, ліквідацыя непісьменнасці. Маладому прыезджаму настаўніку даручаюць выступіць перад вяскоўцамі.
Ён, вядома ж, рыхтуецца і для знаёмства заяўляе: «Я — чалавек гуманны. Прагрэс — мая ідэя!».
Шэпт у першым радзе, паміж дзвюх бабуль: «Мань, а Мань, што ён сказаў?» — «Сказаў, што сядзеў у гумне, прагрыз страху і пытаецца: «Дзе я?».
...Што яшчэ гаварыў той настаўнік сялянам, а сяляне, слухаючы яго, — адзін аднаму, ніхто не запісаў — на жаль, бо цікава ж было б пачытаць, як і нашу рэдакцыйную пошту.
«Чарговы конкурсны здымак, — піша спадар Цімошка з Валожыншчыны, — напомніў мне стары анекдот. Адзін паляўнічы зайшоў у хату да другога, уважліва агледзеў усе рогі на сценах і кажа: «Файныя!... Не прыдзярэшся! Але ў мяне большыя!» Гаспадар яму (памяркоўна): «Дык і жонка ў цябе старэйшая».
Трэба разумець, болей часу мела для таго, каб мужу рогі наставіць.
Што гэта значыць і чаму так людзі гавораць, — ёсць пытанне, як той казаў. А значыць, павінен быць і адказ? «Паводле адной версіі, выраз паходзіць са старажытнай Германіі, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — Там, збіраючы, выпраўляючы мужоў на вайну, жонкі на галовы ім надзявалі шлемы з характэрнымі рагамі, што азначала адправіць чалавека ў паход, а самой застацца свабоднай... Паводле другой — паляўнічы Актэон пасмеў убачыць купанне багіні Дыяны, за што яна ператварыла хлопца ў аленя з вялізнымі рагамі. Паводле трэцяй...»
А хай сабе чацвёртай і... любой — анічога іншага там няма, бо раганосец і ёсць раганосец — падмануты муж. Трэба разумець, няшчасны? Ды як сказаць? Сужэнцы Клімовічы з Мядзела да аднаго такога ў госці схадзілі. Што ўбачылі? Чытайце:
На верандзе ў Сярогі
Ўсюды рогі, рогі, рогі...
Распыталі, дзе ж ты ўзяў?
Гэтак многа!.. Як і ўлезла?
Той ды з форсам адказаў:
Жонка з горада прывезла!
Трэба разумець, купіла? А зрэшты (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч),
Вабных многа маладзіц —
Нельга не заўважыць...
Рогі носяць іх мужы,
Дзе ўзялі, — не кажуць.
Ёсць меркаванне, што многія — самі не ведаюць (ні таго, што носяць, ні таго, дзе ўзялі), але ж пра іх — пазней, цяпер — пра мужчын-бурчуноў ды зануд, якія заўсёды і ўсім незадаволеныя, якія...
Навошта прозай, калі ёсць верш (пра сябе, не пра сябе?) — ад спадара Мікалая Камароўскага з Оршы:
Чалавек я досыць строгі:
Навучаю ўсіх, як жыць...
Жонка лічыць, што бязрогі?
Значыць, трэба два купіць.
Паўстае пытанне, дзе? Каб добрыя, каб танна? Падказка ад спадарыні Міхайлоўскай з Узды:
Даць аб'яву у «раёнку»? —
Трэба грошы заплаціць...
Лепш на нейкую кардонку
Пару слоўцаў прыляпіць.
Ці ў інтэрнэт абвестку закінуць.
Днямі там яшчэ адна цікавая мільганула — і таксама са здымкам. На ім — нехта падаконнік зняў — з вазонамі. У адным — шыкоўны дзьмухавец: жоўценькі, распушчаны... І подпіс пад ім: прадам рэдкую хрызантэму. Тых, хто ў іх не разбіраецца, прашу не званіць, не замінаць майму бізнесу.
Вось і тому «бязрогаму», што аб'яву даў, можна было б не перашкаджаць: хай купляе, што хоча, што яму трэба. Але ж як утрымацца, калі бачыш відавочнае (на думку спадара Аляксандра Матошкі з Расоншчыны):
Ясь — да бізнесу не здатны:
Абы грошы марнаваць!
Рогі ж можна мець бясплатна,
Калі жонцы волю даць!
Пра тое ж, але куды карацей, у спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны:
Купляеш рогі? Ну й дзвак —
Бо ж нехта мае іх за так.
Спадарыня Таццяна Шпакава з Магілёва лічыць, што і гэтая купля, і абвесткі не па добрай волі, а якраз наадварот:
Бедны Янка: у дом цягае
Ўсё, што жонка загадае —
Аж па хвосцік збіў быў ногі!..
Захацела Яня рогі.
Да таго ж, на думку спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска, бясплатна, дарма (не блытаць з «дарэмна», як адна з чытачак: «Спадзяюся, што і надалей у нашай краіне будуць дарэмна вучыць, дарэмна лячыць». Што ў выніку? Раніца. Бальніца. У палату заходзіць доктар са словамі: «Ёсць тут хто жывы?»
Зрэшты, мы крыху адхіліліся — ад рагоў, задарма. Паводле спадарыні Чыгрынавай:
Жонка ў хаце галава:
Захацела рогі... Два.
Янка ў пушчы іх шукаў,
Цэлы водпуск змарнаваў:
Не губляў свае сахаты!
Муж цяпер і сам рагаты.
Трэба разумець, пастаралася яго палавіна — купіла... Альбо сам, прычым — не падумаўшы... А зрабіць тое, як лічыць спадар Мікалай Камароўскі, не лішне было б:
Што галава, то нейкі ж розум?
Дурному цяжка сёння жыць.
Вось, скажам, вы прыдбалі рогі,
А як жа з імі ў лес хадзіць?
Без іх — хоць куды, згадзіцеся — і зручней, і болей толку. А ўжо ў лесе, у грыбах ды на паляванні... Пра яго — цэлая гісторыя (заўважце — у васьмі радках!) — ад спадарыні Соф'і Кусянковай:
На адстрэл лясных жывёл
Патрабуецца дазвол. Ясь сказаў:
«А мне пляваць,
Буду гэтак паляваць!»
І хадзіў... Маскіраваўся!..
На рагах — такі папаўся!
І цяпер больш не палюе:
Недзе ў Комі лес пілуе.
Незайздросныя заняткі: і адзін (браканьерствам займацца), і другі...
Байка пра абодва (чорны, але ж гумар).
Двое так званых новых ці крутых за сталом сышліся, перапілі ды сталі выхваляцца. Першы — пальцы веерам: я, маўляў, са сваімі хлопцамі, з аховай, падаўся на рыбалку. Шашлычок там, каньячок, потым закідваю вудачку і... Ёсць! Ледзь не адразу! Я давай цягнуць: і так, і вось так — вялізнае нешта: рады не дам! Клікнуў сваіх, семярых... Не паверыш: ледзьве дасталі! Асетр... Восем метраў!.. «Брэшаш, — не паверыў слухач. — Асятроў такіх не бывае». — «Я злавіў! Зуб даю!» — «Ну не восем жа метраў... Урэж!» — «Не магу: сам памераў!» — «Тады слухай сюды: «Паехаў я на паляванне — адзін. Вылез з машыны, па ўзлеску іду. Бачу — сахаты наперадзе. А зброя ж у мяне — ты ведаеш?! — як на падбор: калі б'е, то ўжо насмерць. Я ружжо да пляча, прыцэліўся — ба-бах! Лось з капытоў, што называецца... Я да яго: наблізіўся, аж бачу — з іншага боку... егер ідзе, а ў мяне дазволу няма на адстрэл жывёлы... Ну дык што было рабіць: яшчэ раз ба-бах!.. Яшчэ раз наблізіўся: стаю, гляджу — мазгі выкручваю, што ж далей? Ажно чую — з боку машыны дымком пацягнула. Трохі прайшоў — палатка, турысты... Здадуць — як піць даць, першымі сведкамі будуць... Я зноў ба-бах, ба-бах... Аддыхаўся, паглядзеў уверх — на ўзгорку «Ікарус». З пасажырамі... Слухай, браток, богам прашу: урэж свайго асятра! А то ўсіх палажу!»
Рыбаловы ды паляўнічыя, мусіць, і сапраўды самыя вялікія фантазёры?!
З нябёсаў — на зямлю, з лесу — у... аўтобус (не з узгорка).
Там, аднойчы, — як піша спадар Мікалай Старых з Гомеля, — ехалі трое: мужчына з жонкай і насупраць іх — мужчына без жонкі, адзін.
Кіроўца раптоўна затармазіў... Першы пасажыр не ўтрымаўся і другому ў жывот, галавой... Сказаў: «Выбачайце!», а пацярпелы хіба ўсміхнуўся ды... падзякаваў яго жонцы, што муж без рагоў — іначай мог бы параніць....
Сам я, — піша спадар Мікалай, — гэтага не бачыў-не чуў, а вось прыклад, калі муж аддаў сваю жонку саперніку, успомніў:
Мой знаёмец барадаты
Нейкі час хадзіў рагаты,
А затым за паўлітроўку
Уступіў суседу жонку,
Сам завёў яму дахаты:
Хай пабудзе й той сахатым.
Што, дарэчы, і паводле спадара Цімошкі з Валожыншчыны, зусім не факт:
Ў жонкі спраў — заўжды па вочы!
Падмагчы сужэнец хоча:
Каб ёй клопат меншы быў,
Рогі сам сабе купіў.
Анекдот: муж, з'язджаючы ў санаторый, шкадуе жонку, просіць: «Ну ты ж не сумуй»... Пра нейкі час вяртаецца, каля пад'езда бабулькі сядзяць, кажуць: «А твая тут не сумавала...»
Адкуль цалкам лагічнае (ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска):
Павялося так вякамі,
З чым мы цалкам згодныя:
Калі ходзіць муж з рагамі, —
Гэта, людцы – не сям’я.
...Тады пра іншае: тэатр, як вядома, пачынаецца з вешалкі, — нагадвае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. І лічыць, што аўтара гэтай аб'явы
Ужо данялі мінакі!
Таму ўсім тлумачу:
Рогі мне — на вешакі:
Ў доме прысабачу!
Што будзе далей, ведае спадарыня Валянціна Гудачкова:
Зручна рогі мець у хаце!
Не адстань ад іншых, браце:
Шык — пры людзях, для парадку
На вяшак ускінуць шапку.
Хоць яно і рызыкоўна, бо, па-першае, можна прамахнуцца, а па-другое, на думку спадарыні Чыгрынавай, праславіцца рэтраградам, бо і сапраўды ж
Капрызуля цётка-мода:
Куфры, сценкі ды камоды,
Кажухі, валёнкі, футры,
Шапкі з пыжыка і нутрый...
А «Мадонны», а крышталь...
Не ў пашане больш, на жаль.
Вось і рогі ўжо не ў модзе
Не купляйце болей, годзе!
З дыялогаў. «Сусед, ты, кажуць, да маёй жонкі ходзіш. Нядобра гэта». — «А вас, Івановых, хіба разбярэш: жонка кажа, што добра, ты — што нядобра...»
Вось і ў поглядах на рогі згоды няма: спадарыня Чыгрынава піша, што яны без патрэбы ўжо, спадар Эльяш Банель з Мінска — якраз наадварот:
Алкаголь здароўю шкодзіць?
Ды як вып'еш, — весялей.
Рогі, кажаце, не ў модзе,
Але ж з імі — нейк смялей!
Ну сапраўды, можна ж калі-нікалі рогам уперціся і...
Надвое бабка варажыла: ці памрэ, ці будзе жыва, бо...
Ёсць такія... Хай нямнога,
Што згубілі недзе страх:
Калі нейкі ўпрэцца рогам,
Біць патрэбна па рагах.
З тога ж канверта, ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска, яшчэ адна слушная заўвага:
Гэту мудрасць чуў ад многіх,
Неаднойчы на вяку:
Не дай, божа, свінні рогі,
Не дай панства мужыку!
Бо
Трэ да лепшага імкнуцца,
Ды напышлівым не будзь,
Бо калегі разбяруцца,
Рогі хутка адаб'юць.
Як гэта было, ведае спадар Валерый Гаўрыш:
Янка — быў начальнік строгі,
Нос кручком задраўся...
Абламалі з часам рогі —-
У ІП падаўся.
Ну чаму б і не, калі (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай)
Зноўку Бендэры з дарогі
Хочуць бізнес мець круты:
Тут, у нас, скупляйма рогі,
Потым — пойдуць капыты.
Пра гэты ж, адзін з... чатырохсот параўнальна сумленных спосабаў адымання грошай, і спадар Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка:
Тэма тут — ні даць ні ўзяць:
Фірмы «Рогі з капытамі»
Падбіваюць, каб мы самі
Штось маглі купіць-прадаць.
Хто — кватэру з пераездам,
Хтосьці — два мяхі крупы...
І абляпваюць пад'езды
І абклейваюць слупы.
Што ёсць, тое ёсць, на жаль. Як і безліч самых розных абвестак у інтэрнэце, па радыё, тэлебачанні, у грамадскім транспарце, у крамах, на вуліцах, у паштовых скрынках...
Што датычыцца кароткай і, як выглядае, базарнай, з апошняга конкурснага здымка, дык, відаць, мае рацыю спадарыня Гудачкова:
Кажуць, з рога ўсяго многа...
Ну й скупляе іх Сярога,
Каб пажыць хоць трохі з шыкам...
Каб не выйшла тое пшыкам.
Пра адзін такі — спадарыня Любоў Чыгрынава:
У сяле ці гарадку
Грэх без працы мужыку.
Справу ён сваю адкрыў,
Сувеніраў нарабіў...
Падлічыў выдаткі Глеб
Зарабіў хіба на хлеб.
Як кажуць нашы суседзі, знаў бы прыкуп, жыў бы ў Сочы.
Аб тым, чаго не знаюць-не ведаюць, нашы чытачы, здаецца, не пішуць. Значыць, мы таксама не будзем. Тады — аб тым, што ведаем.
На папярэднім конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» за 15 сакавіка) быў трактар на заснежаным беразе, коламі ў вадзе.
Як ён трапіў у яе, здагадак было шмат. Найцікавейшыя, паводле вялікага чытацкага журы, даслалі спадары Аляксандр Матошка з Расоншчыны і Валерый Гаўрыш з Чавусаў, спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавіч і Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, сужэнцы Астроўскія з Мінска.
З гэтым вось, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае, а значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал бягучага года застаецца ў сталіцы.
Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо афармляць падпіску (на месяц, на два, на квартал), альбо ўважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак (унізе), прыдумаць подпіс (можна некалькі, але дасціпных, кароткіх (не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны.
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».