Вы тут

Што новага прапануюць у найбліжэйшай будучыні беларускія навукоўцы практыкам-жывёлаводам


Калі вы думаеце, што жывёлагадоўля — кансерватыўная галіна ведаў, вы адсталі ад жыцця мінімум на некалькі дзесяцігоддзяў. У сучаснай жывёлагадоўлі ёсць задачы для селекцыянераў і спецыялістаў геннай інжынерыі, шырокага спектра прафесіяналаў ІТ-галіны, прадстаўнікоў найбольш інавацыйных галін ведаў. Над чым сёння працуюць беларускія навукоўцы ў сферы жывёлагадоўлі?


Аб белгалштыне і «чырвоных беларускіх каровах»

Падчас наведвання Гомельскай вобласці кіраўнік дзяржавы ўзняў пытанне аб укамплектаванасці новых і мадэрнізаваных МТК высокапрадукцыйнай буйной рагатай жывёлай. Менавіта аб селекцыйнай рабоце ў гэтым напрамку мы перш за ўсё і вырашылі спытаць вучоных РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі».

Калі, напрыклад, у свінагадоўлі ў нашай краіне дзесяцігоддзямі разводзілася мінімум сем парод і дзякуючы скрыжаванню жывёлаводы стабільна атрымлівалі прыбаўку прадукцыйнасці 10-11 % — спрацоўвала гібрыдная сіла, то ў дачыненні да буйной рагатай жывёлы доўгі час пераважалі чорна-пярэстая парода і галштыны, распавядае першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі», доктар сельскагаспадарчых навук, акадэмік Іван Шэйко. У 1960-я ў малочнай жывёлагадоўлі рэспублікі актыўна развівалася кшталту сямі-васьмі парод буйной рагатай жывёлы, кажа навуковец. Але бліжэй да 1970-х асноўнай на тэрыторыі сучаснай Беларусі стала чорна-пярэстая парода кароў — такое рашэнне прыняў Пётр Машэраў.

— Рашэнне было разумным на той момант: іншыя пароды жывёлы значна саступалі чорна-пярэстай па надоях, — тлумачыць акадэмік.

У гэтым кірунку і ішла селекцыйная работа. У 2004 годзе была зацверджана першая айчынная парода малочнай жывёлы беларускай селекцыі — беларуская чорна-пярэстая, якая дае і малако, і мяса. А ў 2020-м з'явілася і ўласна малочная парода белгалштын, якую навукоўцы стваралі каля 30 гадоў: яна дае 10—13 тысяч літраў малака за лактацыю.

— Пасля вайны сельская гаспадарка нашай рэспублікі зрабіла рывок менавіта дзякуючы сальным пародам свіней і мяса-малочным пародам буйной рагатай жывёлы, — адзначае Іван Шэйко. — Між тым ЗША, Канада, Ізраіль, Заходняя Еўропа пайшлі па іншым шляху: зрабілі стаўку на спецыялізацыю: іншымі словамі, развядзенне чыста малочных і чыста мясных парод. Па шляху спецыялізацыі парод ідзе сёння і беларуская жывёлагадоўля.

— Белгалштын — менавіта малочная парода. Таксама ў нашай краіне прадстаўлены пяць-шэсць мясных парод: шарале, лімузіны, герэфорды... Яны не дояцца, а разводзяцца менавіта з мэтай атрымання высакаякаснай ялавічыны.

Уласнай мясной пароды ў Беларусі пакуль не створана. А вось апошняе дасягненне ў малочнай жывёлагадоўлі — белгалштын — дазваляе, акрамя высокіх надояў, атрымліваць таксама чыстапародных быкоў-вытворцаў з высокай генетычнай каштоўнасцю, якіх перш даводзілася закупляць у Заходняй Еўропе для падтрымання чысціні пароды, а цяпер быкі пароды белгалштын запатрабаваныя і за межамі нашай краіны.

Да нядаўняга часу галштынізацыя была адным з вядучых напрамкаў у сусветнай малочнай жывёлагадоўлі, распавядае навуковец. Але калі доўгія гады селекцыя вялася ў напрамку тлустасці малака, у апошні час адбыўся паварот у бок яго бялковага складніка. Менавіта такое высокабялковае малако даюць так званыя чырвоныя беларускія каровы, якія спакон веку разводзіліся на нашай тэрыторыі. Адраджэнне гэтай пароды цяпер — адна з асноўных задач, якую ставяць перад сабой навукоўцы. Ёсць і яшчэ адзін аргумент на карысць гэтага кроку.

— У 1970-я (я якраз тады пачынаў працаваць у сферы навуковага забеспячэння жывёлагадоўлі) яшчэ не існавала ДНК-тэхналогій, і галштынізацыя здавалася найбольш разумным шляхам развіцця, — тлумачыць прафесар Шэйко. — Сёння генетыкі ўсяго свету адзначаюць: у галштынаў малака вельмі шмат, але, з прычыны гэтага, з часам у ім парушылася спалучальнасць генаў. У сувязі з чым назіраецца рост колькасці людзей, чый арганізм не прымае малако і малочныя прадукты — у першую чаргу дзяцей, а таксама людзей пажылых і аслабленых хранічнымі хваробамі.

Навуковы супрацоўнік лабараторыі эмбрыягенезу Вольга Пайтэрава.

Таму сёння адна з важных задач для генетыкаў — паляпшэнне генатыпа галштынскай пароды, што паспрыяе росту засваяльнасці малака арганізмам чалавека. Інфармацыя для спажыўца: «генетычна правільнае» малако ўжо ёсць у нашых крамах. Шукаем упакоўкі з маркіроўкай А2 — у такім малацэ будзе ідэальнае спалучэнне генаў.

Яшчэ адно вырашэнне пытання з засваяльнасцю малочных прадуктаў — адраджэнне чырвонай беларускай жывёлы, чыё малако мае ідэальны генетычны склад, а гэта значыць, што яно добра засвойваецца і дзецьмі, і пажылымі. Плюс пароды — і высакаякасная ялавічына, параўнальная з мясам спецыялізаваных мясных парод.

Пытанне аб адраджэнні чырвонай беларускай жывёлы было ўзнята на дзяржаўным узроўні ў 2018 годзе, распавядае Іван Паўлавіч. Асновай для селекцыйнай работы стала невялікае пагалоўе такіх кароў, якое захавалася ў гаспадарцы «Новы Двор» Свіслацкага раёна. У 2019—2020 гадах у нашу краіну было завезена 1300 галоў генетычна блізкіх беларускім чырвоных кароў і бычкоў з Даніі і Галандыі.

Загадчык лабараторыі ДНК-тэхналогій РУП «Навукова-практычны цэнтр  Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі»  Уладзімір Сіманенка.

— Цяпер ідзе актыўная работа ў гэтым кірунку. Новую чырвоную пароду плануем зацвердзіць да 2030 года, — адзначае суразмоўца.

Традыцыйна на вывядзенне новай пароды буйной рагатай жывёлы патрабуецца каля 30 гадоў. Але тут работа пачалася не на «пустым месцы», і навукоўцы плануюць завяршыць яе значна хутчэй.

Аб канкурэнцыі мяса і сала

— Наш інстытут заўсёды ўваходзіў у эліту даследчых арганізацый, якія займаюцца навуковым забеспячэннем сельскай гаспадаркі. Але быў час, калі беларускія селекцыянеры не задумваліся аб стварэнні ўласных парод сельскагаспадарчай жывёлы, — успамінае Іван Паўлавіч. — І толькі ў канцы 1980-х мы вырашылі паспрабаваць.

«Выпрабавальнай» стала беларуская мясная парода свіней, зацверджаная ў 2000 годзе. У свінагадоўлі, дарэчы, работа па вывядзенні новых парод ідзе значна хутчэй. Гэта звязана з прадукцыйнасцю: карова нараджае адно цяля ў год, свінаматка за той жа перыяд здольная прынесці 20—25 парасят. Асновай беларускай мясной пароды стала яшчэ савецкая распрацоўка.

— Доўгі час на тэрыторыі Беларусі разводзіліся толькі дзве пароды свіней (буйная белая і чорна-пярэстая). Ад скрыжавання матак буйной белай пароды з кнырамі чорна-пярэстай пароды сальнага кірунку ўтвараліся помесі, якія хутка растуць. Такім чынам атрымлівалі буйных парсючкоў з тоўстым шпікам — беларуская свініна заўсёды славілася высокай якасцю, — распавядае суразмоўца. — У 1971 годзе ЦК вырашыла стварыць у Саюзе першую мясную пароду свіней — тады «ў модзе» быў мясны, а не сальны кірунак. Мне пашчасціла ўдзельнічаць у стварэнні гэтай пароды з беларускага боку. Планавалася назваць яе савецкая мясная, а ў нас распрацоўваўся так званы беларускі ўнутрыпародны тып. Акрамя таго, былі створаны палтаўскі тып, заходні тып (у Ленінградзе), свой тып у Сібіры і яшчэ адзін — у Цэнтральным Чарназем'і. Найлепшымі аказаліся беларускі і палтаўскі ўнутрыпародныя тыпы. На іх аснове з часам і была створана беларуская мясная парода.

Карова новай галштынскай папуляцыі малочных жывёл.

Сёння ў беларускай свінагадоўлі вельмі багаты асартымент парод. Гэта і айчынныя пароды, і ландрас, і ёркшыр, і буйна-белая.

— На жаль, традыцыйная спакон веку для Беларусі чорнапярэстая парода сёння патрабуе аднаўлення, і мы робім гэта з вялікай цяжкасцю. Якасць свініны ў чорна-пярэстай была неверагодная — ні адна парода ні ў Беларусі, ні ў Расіі, ні ва Украіне не можа з ёй параўнацца. Але гэтая парода — сальнага кірунку, а сальная свініна затрачвае на 30 % больш сродкаў на вытворчасць кілаграма канчатковага прадукту. 70 % сабекошту свініны — гэта кармы, астатняе (уключаючы абслугоўванне фермы і зарплату персаналу) — усяго толькі 30 %. А сала — энергетычны прадукт, у які прыйдзецца ўкласці на траціну больш кармоў, чым у мяса. Адпаведна, рашэнні гаспадаркі прымаюць на карысць мяса, а не сала.

— Я напісаў дзясяткі артыкулаў у абарону чорна-пярэстай беларускай пароды свіней. На шчасце, паступова яна адраджаецца, — падкрэслівае прафесар Шэйко.

Аб тонкім руне і авечых сырах

Сёння наогул адраджаюцца забытыя галіны жывёлагадоўлі. Напрыклад, беларуская авечкагадоўля, пра якую, як да нядаўняга часу здавалася, можна забыцца назаўжды.

— Напрыканцы дваццатага стагоддзя авечкагадоўля ў Беларусі была шырока развіта — пагалоўе ў цэлым па краіне налічвала больш за мільён жывёл, — распавядае загадчык лабараторыі НПЦ па жывёлагадоўлі, кандыдат сельскагаспадарчых навук Юрый Герман. — Авечак разводзілі ва ўсіх абласцях Беларусі, найбольш актыўна — на Гомельшчыне і Берасцейшчыне. Пераважалі пароды раманаўская і прэкас. Але пасля чарнобыльскай аварыі беларуская авечкагадоўля практычна сышла на нішто. На тое была жыццёвая неабходнасць — воўна авец назапашвала радыяцыю.

Загадчык лабараторыі НПЦ па жывёлагадоўлі, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Юрый Герман.

У 2012 годзе быў выдадзены ўказ кіраўніка дзяржавы аб адраджэнні авечкагадоўлі. І ў 2013—2016 гадах з Венгрыі, Францыі, Аўстрыі, Польшчы, краін Прыбалтыкі ў Беларусь было завезена каля тысячы галоў элітных авечак парод тэксель, мерыналандшаф, нямецкі мерынос, суфалк, іль-дэ-франс, асканійская, лакаюнэ і г. д.

Цяпер пагалоўе авец у нашай краіне налічвае каля 80 тысяч жывёл, і да 2025 года прадугледжана атрыманне каля 150 тысяч авечак ва ўсіх катэгорыях гаспадарак. Усяго ў краіне на сёння — каля 20 парод, селекцыйная работа вядзецца ў дачыненні да 11 з іх. У планах селекцыянераў — уласныя мясныя пароды і павышэнне якасці воўны для лёгкай прамысловасці.

— Мясная авечкагадоўля мае вялікі экспартны патэнцыял, — адзначае Юрый Герман. — З гэтай прычыны ў Лагойскім раёне з удзелам замежнага капіталу пабудаваны сучасны жывёлагадоўчы комплекс, куды завезлі французскую пароду мяса-шэрснага кірунку іль-дэ-франс. Парода ў нас адаптавалася і паказвае добрыя вынікі. Напрыклад, жывёл беларускай селекцыі гэтай пароды прадпрыемства з поспехам прадае ў Расію і Казахстан. Таксама запат- рабаваныя беларуская селекцыя суфалка і лакаюнэ.

Аб гэтай, апошняй, пародзе — асаблівая размова. ТАА «Лошыцкі камбікормавы завод» сёння развівае малочны кірунак у авечкагадоўлі. З авечага малака вырабляюц-
ца найсмачнейшыя сыры, якія таксама з поспехам рэалізоўваюцца на экспарт.

У 2013—2016 гадах у Беларусь было завезена каля тысячы галоў элітных авечак. Пароды адаптаваліся і паказваюць добрыя вынікі.

Але калі мясная і малочная авечкагадоўля развіваюцца актыўна, то якасць воўны авечак, вырашчаных у нашай краіне, далёка не заўсёды падыходзіць для патрэб сучаснай лёгкай прамысловасці.

— Сёння адна з найважнейшых задач — забяспечыць наш легпрам якаснымі шэрсцю і скурай, — адзначае навуковец.

Але поўнае імпартазамяшчэнне па гэтых пазіцыях пакуль не ўяўляецца магчымым: у Беларусі шмат узараных зямель, а авечка — пашавая жывёла, і менавіта ўмовамі яе ўтрымання вызначаецца якасць воўны.

Каб вырашыць гэтае пытанне, селекцыянеры плануюць стварыць беларускую пароду авечак з высакаякаснай воўнай, прыстасаваную як да нашага клімату, так і да ўмоў утрымання. Работа гэтая пакуль на самым пачатковым этапе, і на яе спатрэбіцца не менш за дзесяць гадоў.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД і з архіва РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».