Вы тут

З якімі пытаннямі грамадзяне ідуць на прыём да сенатараў


Работа са зваротамі грамадзян — важная справа ў дзейнасці сенатараў. На месцах людзі прыходзяць на прыём да членаў Савета Рэспублікі нярэдка як у апошнюю інстанцыю, з надзеяй, што ім абавязкова дапамогуць.

І яны, сенатары, стараюцца дапамагаць. У праблемах тыповых (як правіла, яны датычацца сферы ЖКГ, дарог, добраўпарадкавання), так і нетыповых, а часам і вельмі асабістых. Вось пра гэтыя, нетыповыя, праблемы, да вырашэння якіх давялося спрычыніцца, якія асабліва запомніліся або ўразілі, мы і папрасілі расказаць членаў Савета Рэспублікі па выніках прыёмаў грамадзян у рэгёнах.


Фота: БелТА.

«Выйсце заўсёды ёсць»

Алена Зяблікава, член Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі, старшыня Барысаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў:

— Аднойчы на прыём прыйшла маладая дзяўчына, якая мае статус сіраты. Да таго ж яна чакала дзіця. Так здарылася, што засталася без жылля, без сродкаў да існавання, без работы. Не ведае, як далей жыць, як утрымліваць немаўля, якое з'явіцца на свет. Вядома, мы вельмі дэталёва ўніклі ў гэтую сітуацыю. І з улікам нашага заканадаўства ўдалося ёй дапамагчы. Я сёння вельмі рада. Яна шчаслівая, мае жыллё, у яе выдатная дзяўчынка. Вы ведаеце, ад такіх сітуацый, калі атрымліваецца зрабіць сапраўды добрую справу, становіцца радасна на душы. Вельмі важна, што ў гэтай дзяўчыны засталося разуменне таго, што ёсць на свеце справядлівасць; што людзі, якія яе атачаюць, неабыякавыя да яе праблем.

Фота edіnstvo.by.

Нядаўна па дапамогу звярнуўся хлопец. Яго маці вядзе асацыяльны лад жыцця, злоўжывае алкаголем, нідзе не працуе і не думае станавіцца на шлях выпраўлення. Ён з ёю не падтрымлівае ніякіх кантактаў, але вымушаны жыць пад адным дахам. У свой час жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў, а сына змясцілі ў дзіцячы дом, дзе ён вырас, закончыў школу. Увесь гэты час, пакуль сын выхоўваўся ў сацыяльнай установе, маці не плаціла за кватэру і за камунальныя паслугі. У выніку ўтварыўся вялікі доўг, які ён не ў стане пагасіць. Палова жылплошчы належыць сыну, ён там прапісаны. Атрымліваецца, што заяўнік павінен аплаціць доўг замест маці, з якой няма чаго ўзяць. Мы растлумачылі хлопцу, што гэтае пытанне не ў нашай кампетэнцыі, і параілі звярнуцца ў суд, дапамаглі яму з афармленнем іску, аказваем садзейнічанне, чым толькі можам. Справа яшчэ не завершана. Але спадзяёмся, што ўсё будзе добра.

З практыкі магу сказаць, што людзі вельмі часта звяртаюцца з просьбай вырашыць пытанне так, як яны тое бачаць і хочуць. Але мы заўсёды выразна і ясна выказваем сваю пазіцыю: толькі закон!

Радуе, што значная частка зваротаў грамадзян, звязаных з парушэннем іх законных правоў і інтарэсаў, — разгледжана станоўча. Большасць праблемных пытанняў вырашалася ў пазасудовым парадку, пасля перагавораў са спецыялістамі і кіраўнікамі прадпрыемстваў.


«Пляцоўку рабілі талакой»

Дзмітрый Дзямідаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня Наваполацкага гарвыканкама:

— Летась да мяне на прамую тэлефонную лінію звярнулася жанчына з Наваполацка. Маладыя бацькі з дамоў 16—24 па вуліцы Коласа калектыўна папрасілі дапамогі ва ўстаноўцы горкі для маленькіх дзяцей. Раён гэты густанаселены, дзе пражывае шмат сем'яў. Прамая лінія праходзіла 15 чэрвеня, а ўжо 3 жніўня мы разам з навапалачанамі адзначалі свята двара і адкрывалі не толькі горку, а цэлы шматфункцыянальны гульнявы комплекс.

Фота «Наваполацк сёння».

Прыемна, што на маю прапанову паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні дзіцячай зоны актыўна адгукнуліся і самі жыхары найбліжэйшых дамоў. Яны звязаліся са ЖРЭА, дамовіліся і ўстанавілі слупкі для будучай пляцоўкі. Аўтарам комплексу выступіла Наваполацкае камунальна-ўнітарнае прадпрыемства «Жыллёва-рамонтная эксплуатацыйная арганізацыя», а мару ўсіх малых мікрараёна — горку — увасобіла ААТ «ПраектКанцэпт ПРО». Паводле шчырых ацэнак першых выпрабавальнікаў канструкцыі і іх бацькоў, яна пераўзышла ўсе чаканні — асабліва прыйшлося даспадобы дзецям люстраное дно. У першыя дні функцыянавання комплексу чарга на галоўны яе аб'ект была па шэсць-сем чалавек, і сёння інтарэс да новай каляровай пляцоўкі не зніжаецца. Яшчэ адна добрая агульная справа на карысць горада і яе маленькіх насельнікаў зроблена, а падзяка за яе — шчырыя дзіцячыя ўсмешкі — з'яўляюцца для нас, дарослых, самай галоўнай каштоўнасцю.

Нядаўна актыў Парламента дзяцей і навучэнскай моладзі ў Наваполацку выказаў прапанову ўладкаваць у горадзе скейт-пляцоўку. Дарослае пакаленне, вядома, такіх забавак не ведала і патрэбы ў спецыяльна адведзеных месцах не было. Аднак час не стаіць на месцы, з кожным днём з'яўляюцца новыя сродкі перамяшчэння. Ідэя аказалася вельмі цікавай і патрэбнай, бо дагэтуль у горадзе не было такой пляцоўкі для арганізацыі вольнага часу моладзі.

Мы разам з адказнымі службамі прапрацавалі дадзенае пытанне з улікам сучасных патрабаванняў да збудавання і захавання нормаў бяспекі. Для рэалізацыі праекта спатрэбіліся значныя фінансавыя ўкладанні — каля 500 тысяч рублёў, але сродкі мы знайшлі, да гэтага падключыліся прадпрыемствы і арганізацыі горада. Актыўна адгукнулася на прапанову адкрытае акцыянернае таварыства «Нафтан», кіраўніцтва якога ўзяло на сябе закупку абсталявання і яго ўстаноўку.

Не засталіся ўбаку ад агульнай справы гараджане: талакой выйшлі на гарадскі суботнік, частка заробленых сродкаў з яго была накіравана на набыццё самой скейт-пляцоўкі. Жыхары актыўна бяруць удзел у добраўпарадкаванні будучага комплексу, а адкрыццё новага аб'екта інфраструктуры адбудзецца ўжо ў наступным месяцы падчас святкавання Дня горада.


«Людзі проста падыходзяць на вуліцы і просяць аб дапамозе»

Андрэй Шышкін, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, галоўны рэдактар Рагачоўскай раённай газеты «Свабоднае слова»:

— У Рагачове, калі іду па рабочых справах па вуліцы, бывае, што людзі проста падыходзяць і просяць аб дапамозе альбо зважаюць на нейкую праблему, якая іх хвалюе. Да таго ж рэдакцыя нашай газеты знаходзіцца ў Рагачове каля аўтавакзала. Вяскоўцы, калі прыязджаюць у райцэнтр і ім неабходная дапамога, заходзяць і пакідаюць свае звароты. Іх тэматыка вельмі разнастайная. Звяртаюцца людзі і з простымі жыццёвымі, бытавымі пытаннямі. Напрыклад, у перыяд уключэння ацяплення ў шматпавярховых дамах Рагачова, позна вечарам мне паступіў званок ад жыхара райцэнтра, які паскардзіўся на халодныя батарэі ў яго кватэры. Мой званок асабіста дырэктару камунальнага жыллёва-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Рагачоў» дапамог аператыўна вырашыць праблему. Адзін са зваротаў паступіў ад жыхаркі Рагачова. Жанчына была вельмі заклапочаная тым, што ў яе доме па вуліцы Багатырова адрамантавалі, але ніяк не запускалі ў эксплуатацыю ліфт. У дадзеным выпадку, як і пры звароце пра ацяпленне ў кватэры, гэтая праблема была аператыўна вырашана. Заяўнікі звязваліся зноў — ужо каб падзякаваць за дапамогу.

Фота з архіва Андрэя Шышкіна.

Апошнім часам паступае шмат зваротаў, звязаных са сферай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта ў тым ліку і сігналы аб неабходнасці рамонту праезнай часткі дарог, вуліц, дваровых тэрыторый. Між тым, каб вырашыць хвалюючыя праблемы добраўпарадкавання тэрыторый, многія мясцовыя жыхары праяўляюць і ўласныя ініцыятывы. Бывае, што звяртаюцца з імі адзінокія пенсіянеры, людзі з інваліднасцю, якія імкнуцца, каб каля іх дома, двара таксама было прыгожа, дагледжана, але з аб'ектыўных прычын яны самастойна не могуць дагледзець сваю прысядзібную тэрыторыю. У маёй практыцы са зваротамі быў выпадак, калі адзінокі хворы пенсіянер звярнуўся і шчыра прызнаўся, што не можа сам добраўпарадкаваць тэрыторыю каля свайго дома. Я звярнуўся зноў-такі да камунальнікаў, і супрацоўнікі пайшлі насустрач, дапамаглі з пакосам травы каля домаўладання пенсіянера.

У любым выпадку трэба тлумачыць і дапамагаць, не пакідаць чалавека сам-насам з пытаннем, якое яго хвалюе. На жаль, не ўсіх заяўнікаў задавальняюць адказы на іх звароты. Асабліва калі гэта датычыцца так званых прафесійных скаржнікаў. Яны атрымліваюць адказы не ў адной інстанцыі, ды ўсё дарэмна. Але і ад такіх людзей адмахвацца нельга, трэба зноў і зноў тлумачыць ім магчымыя варыянты вырашэння ўзнятага імі пытання ў рамках прававога поля.


«Давялося звяртацца да Прэзідэнта»

Дзмітрый Варанюк, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, кіраўнік прэс-цэнтра Дома прэсы:

— Неяк праводзіў у Магілёве прыём у грамадскай прыёмнай ад арганізацыі «Белая Русь». Па дапамогу звярнуліся магіляўчане з «маласямейкі» па Пушкінскім праспекце. У іх склалася праблема з прыватызацыяй. Складанасць была ў тым, што тыя памяшканні, якія хацелі прыватызаваць жыхары, не падыходзілі пад статус кватэр. Каб вырашыць праблему, прыйшлося звярнуцца да Прэзідэнта. І кіраўнік дзяржавы даў такі дазвол. Аргументам стала тое, што людзі жылі там доўгі час, і пазбаўляць іх гэтага жылля было б несправядліва. На ўрэгуляванне пытання сышло прыкладна 1,5 года — вялася перапіска, рыхтаваліся дакументы, праектна-каштарысная дакументацыя.

Няпростай аказалася і сітуацыя з нерухомасцю, на якую паскардзілася яшчэ адна заяўніца. У 1990-я гады яна атрымала кватэру ад прадпрыемства, але «метраў» не хапала, і сям'і прапанавалі яшчэ і калясачную. Жанчына заключыла з кіраўніцтвам прадпрыемства дагавор на права карыстацца гэтым памяшканнем, зрабіла там рамонт і жыла дагэтуль. Летась яна вырашыла размяняць кватэру, і атрымалася, што па дакументах калясачная абмену не падлягае. Дагавор, які работадавец заключыў з магіляўчанкай у 1990-я, сёння не дзейнічае, бо не адпавядае заканадаўству. Атрымліваецца, што на гэтыя метры яна законнага права не мае. Куды яна толькі ні звярталася, але пытанне вырашыць не атрымалася. У выніку прыйшла на прыём да сенатара. Каб усю тую нерухомасць неяк аб'яднаць, мы ў індывідуальным парадку распрацавалі з Магілёўскім гарвыканкамам і Агенцтвам нерухомасці механізм. Жанчына напісала зварот у суд, і верагоднасць, што пытанне будзе вырашана на яе карысць, высокая.

А яшчэ мы папярэджваем спробы ўцягнуць моладзь у супрацьзаконныя дзеянні. Часам атрымліваем ад насельніцтва сігналы, што на сценах дамоў напісаны падазроныя кантакты з прапановай хуткага заробку. На самай справе такія «работадаўцы» ставяць далёка не альтруістычныя мэты, якія тояць у сабе небяспеку для моладзі. І мы звязваемся з камунальнікамі, каб яны зафарбавалі гэтыя аб'явы. Асноўная ж маса зваротаў звязаная з вырашэннем нейкіх бытавых пытанняў: паставіць лавачку, адрамантаваць дарогу і таму падобнае. З агульнай масы толькі каля 20 працэнтаў — сапраўды складаныя праблемы, для вырашэння якіх патрэбны час.


«Дапамажы сябру» — гэта па-людску

Ірына Сачкоўская, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, загадчыца натарыяльнай канторы Пінска:

— Некаторыя праблемы, якія ўзнімаюць грамадзяне на прыёмах, патрабуюць пошуку спосабаў іх вырашэння з прыцягненнем органаў мясцовай улады альбо грамадскасці. Менавіта грамадскасць можа дапамагчы ў добрай справе, якую ўзначаліла пінчанка Таццяна Шуман. Таццяна Мікалаеўна прыходзіла на адзін з апошніх прыёмаў. Яна займаецца работай з бяздомнымі жывёламі.

Дарэчы, Пінск — адзін з нямногіх гарадоў, у якім забаронена эўтаназія бяздомных жывёл. Але ж усімі пытаннямі прытулку, адкрытага на базе ЖКГ, дзе размяшчаюцца былыя бадзяжныя каты і сабакі, займаецца група энтузіястаў-валанцёраў на чале з Таццянай Шуман.

На прыёме грамадзян побач з Ірынай Сачкоўскай — Ганна Лазоўская.

Вядома, сіл і сродкаў патрэбна шмат, каб карміць, лячыць, праводзіць аперацыі па стэрылізацыі жывёл. Таму Таццяна Мікалаеўна стукае ва ўсе дзверы з просьбай аб дапамозе. Пасля прыёму я накіравала некалькі пісьмаў на прадпрыемствы і арганізацыі з просьбай дапамагчы матэрыяльна. Але ж ім патрэбна не толькі грашовая дапамога, але і маральная падтрымка — рэклама добрай справы, фарміраванне грамадскай думкі, прыцягненне валанцёраў.

Да справы падключылася і Ганна Лазоўская, старшыня Маладзёжнага парламента пры Пінскім гарсавеце, студэнтка чацвёртага курса біятэхналагічнага факультэта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта — яна ўжо паўгода ўдзельнічае ў прыёмах грамадзян, якія праводзіць Ірына Юльянаўна. Расказвае Ганна Лазоўская:

— На ўсіх факультэтах нашага ўніверсітэта мы правялі дабрачынныя кірмашы пад дэвізам «Дапамажы сябру». Студэнты выпякалі пячэнне, іншыя прысмакі, рабілі сваімі рукамі сувеніры, потым прадавалі іх на дабрачынным кірмашы. Цану за прадукцыю часта не ўстанаўлівалі, пакупнікі рабілі пасільны ўнёсак. Такім чынам за штуку пячэння нярэдка давалі два, тры, а то і пяць рублёў. Падчас кірмашоў удалося сабраць пэўную суму на патрэбы прытулку. Варта сказаць, што ў нас развіты валанцёрскі рух, некалькі студэнтаў ужо даволі працяглы час працуе па названай ініцыятыве, а пасля кірмашу, спадзяюся, такіх стане больш.

Ірына Сачкоўская падкрэсліла, што падобныя мерапрыемствы становяцца не толькі спосабам збору сродкаў, але і прапагандай гуманнага стаўлення да жывёл:

— Гэта вельмі важна, бо дапамога бяздомнаму чатырохногаму сябру здольная абудзіць, асабліва ў дзіцячай душы, спагаду, дабрыню, гатоўнасць падтрымаць. Таму важна гутаркі на тэму адносін да жывёл праводзіць у школах, нават у дзіцячых садках. Як вядома, бадзяжныя жывёлы становяцца вынікам безадказнага стаўлення суайчыннікаў да хатніх гадаванцаў. Цяпер буду рабіць адпаведны акцэнт пры наведванні ўстаноў адукацыі. Да апошняга падштурхнула сустрэча на прыёме грамадзян.

Матэрыялы падрыхтавалі Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Святлана ЯСКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.