Вы тут

Адзін дзень з жыцця гаспадара незвычайнага хутара ў Мёрскім раёне


Фермер Уладзімір Жабёнак не першы год жыве на хутары Лінкоўшчына Мёрскага раёна, на памежжы з Браслаўшчынай. Тэрыторыю гаспадаркі атачаюць азёры і журавінныя балоты, дзе спрадвеку водзяцца шэрыя жураўлі, якія з вясны да восені кормяцца на ворыўных палетках і кожную раніцу будзяць гаспадара сваімі пранізлівымі і гучнымі галасамі. Акрамя гэтай чырвонакніжнай птушкі, тут, у дуплах старых дрэў, гняздуюцца крохалі і гогалі, на возеры за рыбай палююць драпежныя скопы — птушкі прывабліваюць фотапаляўнічых і арнітолагаў. Нярэдка заглядваюць ласі і казулі, лісіцы і зайцы, а сажалку аблюбавала бабровая сям’я. Абуджаная прырода дае гаспадару пазітыўную энергетыку і адпаведны настрой на напружаную працу. А яшчэ натхняе на стварэнне прыродазнаўчага праекта: Уладзімір выношвае ідэю – пабудаваць пляцоўку для назірання за птушкамі і жывёламі, распрацаваць экамаршрут па навакольным біятопам, каб яго хутар стаў важным пунктам у сістэме аргасядзібнага руху Паазерскага краю. 


Свой вясновы працоўны дзень Уладзімір Жабёнак пачынае ў двух вялікіх парніках, дзе набірае сілу сакавітая памідорная расада для будучых адкрытых плантацый. Памідоры — асноўная культура, пра якую ў першую чаргу клапоціцца фермер. Вядома, Уладзімір вырошчвае і бульбу, і капусту, і зерневыя, але ў сваім раёне фермера найперш ведаюць як вытворцу танай вітамінна-экалагічнай прадукцыі, а яго гаспадарку называюць не інакш, як «памідорным хутарам». Падрыхтоўка глебы, пасадка насення, праполка кожнага радочка, кожнага каліўца, паліванне, абагрэў парніковага памяшкання ў марозныя майскія ночы і раніцы... — за гэтымі клопатамі я сустрэў мёрскага гаспадара «Сядзібы аратага» — так Жабёнак афіцыйна называе свой памідорна-жураўліны хутар. Удзень і да змяркання ён кіруе "Беларусам«і шчыруе на ворыўных палетках, на сяўбе, на хаду рамантуе плугі і сеялкі. 

— Сёлетняя вясна небывала позняя, але нягледзячы на сціснутыя тэрміны, трэба ўсё паспець, улажыцца, каб па восені быць з добрым ураджаем, — заклапочана кажа гаспадар. Пакуль Уладзімір завіхаўся на сваіх ворыўных дзялянках, я тым часам назіраў за дзікімі суседзямі, зрабіў некалькі здымкаў жураўля, казулі, качак, лася. І сапраўды, усе гэтыя «фотамадэлі» вольна гулялі на тэрыторыі сядзібы, амаль на гаспадарскім падворку. 

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.