Вы тут

Андрэй Усанаў: «Сям'я без дзяцей нібыта незавершаная»


Упершыню на вялікую сцэну Андрэй Усанаў выйшаў у форме малодшага сяржанта, калі ўдзельнічаў у конкурсах вайсковай патрыятычнай песні. Поспех быў ашаламляльны: Гран-пры і запрашэнне... у «Песняры»! Не сакрэт, што ўсе пакаленні музыкантаў знакамітага калектыву былі зайздроснымі жаніхамі. Вось і раман Андрэя з яго будучай жонкай Ксеніяй пачынаўся, калі ён быў «песняром», але ажаніўся, калі ўжо стварыў свой гурт «Спадчына». Цяпер у сям'і падрастаюць дзве любімыя дачушкі.


— Як вы пазнаёміліся?

Андрэй (А.): — Упершыню ўбачыў Ксенію, калі здаваў уступныя іспыты ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, яна мне спадабалася з першага погляду. А пазнаёміліся толькі пасля заканчэння першага курса, калі дзве групы арганізавалі вечарынку з гэтай нагоды.

Ксенія (К.): — Я не бачыла Андрэя на занятках, да мяне толькі даходзілі чуткі аб тым, што ў другой групе вучыцца вельмі прыгожы хлопчык, які спявае ў «Песнярах». Некаторыя дзяўчынкі з нашай групы нават хадзілі глядзець на яго (смяецца). Толькі праз год мы з ім пазнаёміліся, а ініцыятарам была мая сяброўка. Яна патэлефанавала і сказала, каб я тэрмінова ехала на вечарыну, бо туды прыйшоў Андрэй. Сяброўка была ўпэўнена, што нам трэба пазнаёміцца. А я якраз не вельмі хацела ехаць, але яна мяне ўгаварыла. Цяпер магу сказаць: гэта было каханне з першага погляду. З майго боку (смяецца).

— І як развіваўся ваш студэнцкі раман?

А.: — Падчас вучобы ўтвараліся невялікія групы студэнтаў па інтарэсах, мы былі актыўнымі і вясёлымі, часта бавілі час разам. Так паступова справа дайшла да першага пацалунка, а ініцыятарам была Ксюша! І вось у той момант я раптам адчуў, што Ксюша для мяне даўно родны і блізкі чалавек. У Ксюшы аптымістычны погляд на жыццё, выдатнае пачуццё гумару, нам заўсёды было лёгка мець зносіны, і... яна вельмі прыгожая!

— Колькі часу прайшло ад першага пацалунка да вяселля?

А.: — Чатыры гады. Вяселле мы згулялі ў 2014 годзе, а да гэтага тры гады жылі разам. У нас — не ведаю, на жаль ці на шчасце — не было ніякіх прыгожых сцэн накшталт таго, што я дару пярсцёнак і прашу выйсці за мяне замуж. Мы неяк гулялі па горадзе і выпадкова натрапілі на ЗАГС, вырашылі зайсці і аформіць адносіны. А вяселле згулялі пазней. Так пачаўся новы этап нашага жыцця.

— Паспелі самі зарабіць на вяселле або дапамагалі бацькі?

А.: — Асноўная фінансавая нагрузка легла на нашых бацькоў. Па беларускіх мерках у нас атрымалася сціплае вяселле — 40 гасцей. Але гэта былі сапраўды найбліжэйшыя сваякі і сябры. Свята выйшла вельмі атмасферным, утульным, сямейным, вясёлым. Шмат было традыцыйных беларускіх вясельных забаў, танцаў.

— Хто з артыстаў адказваў за культурную праграму на вяселлі?

А.: — Сярод гасцей было шмат музыкантаў і спевакоў, таму спявалі ўсе, хто мог і, безумоўна, калегі з «Песняроў».

— Тры гады вы жылі ў незарэгістраваным шлюбе. Кажуць, што мужчыны ў такім выпадку адчуваюць сябе халасцякамі, а жанчыны — замужам. А як вы ўспамінаеце той час?

К.: — Можа, я празмерная аптымістка, але чамусьці была ўпэўнена, што справа скончыцца вяселлем.

А.: — Мужам, магчыма, я і не адчуваў сябе, але тое, што мы пара, мы разам, гэта было. Больш за тое, я лічу, што пажыць нейкі час у незарэгістраваным шлюбе карысна. Як бы людзі адно аднаму ні падабаліся, якім бы моцным ні было прыцягненне, але побыт можа загубіць усё. І пакуль ты знаходзішся ў так званым выпрабавальным шлюбе, вельмі лёгка грукнуць дзвярыма і сысці. А вось калі ты не сыходзіш, шукаеш нейкі кампраміс, аб чымсьці дамаўляешся, ідзеш на саступкі, значыць гэты чалавек табе дарагі. І да моманту рэгістрацыі шлюбу ты глядзіш на яго ўлюбёнымі, але адкрытымі вачыма. Мы пасля вяселля ніякіх змен у адносінах не адчулі, таму што ўсе складанасці, прыціркі ўжо мінулі.

— У Андрэя шмат прыхільніц. Хтосьці захапляецца голасам, а шматлікія дзяўчаты дадаюць: «І такі прыгажун!» Ці не дакучаюць нястрыманыя фанаткі?

К.: — На шчасце, няма такіх фанатак, якія б дзесьці падпільноўвалі мужа... Успамінаю, калі мы пачалі сустракацца з Андрэем, мама маёй сяброўкі сказала ёй: «Ой, і не салодка ж давядзецца Ксюшы! У яго ж столькі прыхільніц!» Магу сказаць, што раней я была ў сабе занадта ўпэўненая і нават думкі не дапускала пра нейкую там рэўнасць, прыхільніц і іншае. Проста былі я і ён. З часам упэўненасць згасла (смяецца), і я пачала дапускаць такія думкі. Прызнаюся, што рэўнасць да прыхільніц, безумоўна, прысутнічае. З іншага боку, мне прыемна, што муж яшчэ камусьці падабаецца, да таго ж гэта працуе на папулярнасць, што немалаважна для артыста. Пакуль што ў нас не было нагод для сур'ёзных размоў на гэтую тэму, і я адчуваю, што давяраю Андрэю.

Ксенія, Андрэй і Эмілія.

— Якая песня ў выкананні Андрэя ваша самая любімая?

К.: — Скажу дакладна, што мая самая нелюбімая песня — гэта «Раскажы» (смяецца). Да гэтага часу не разумею, чаму ўсе, як гаворыцца, «да дзірак» яе заслухалі, хоць ёй ужо столькі гадоў. Усе песні Андрэя праходзяць праз мяне. Маю на ўвазе, што перш чым песня выходзіць у людзі, яе слухаю я. Усе чарнавікі і пару-тройку варыянтаў вакалу Андрэя для адной і той жа песні. І мне, пакуль песня выходзіць, яна ўжо часам надакучвае (смяецца). Але гэта не значыць, што няма песень, якія я гатова слухаць хоць кожны дзень. Мае любімыя — гэта «Мілая жанчына» і «Няўжо ты больш не любіш мяне». Андрэй цяпер рыхтуе яшчэ адну прыгожую песню на беларускай мове, якая павінна ўжо вось-вось выйсці ў эфір. І яна таксама папоўніць шэрагі маіх самых любімых песень у яго выкананні. Слухаеш як мантру. Гэта будзе вельмі сучасная па форме песня аб вечных каштоўнасцях у шчымлівым выкананні Андрэя. Не дачакаюся, калі пачну слухаць яе ў машыне.

— Вы планавалі нараджэнне дзяцей?

А.: — Так, планавалі. Непакоіла, што многія знаёмыя сутыкнуліся з праблемай, калі проста не атрымліваецца завесці. Пры гэтым у іх няма ніякіх глабальных праблем са здароўем. Мы былі шчаслівыя, калі Бог падарыў нам дачку і ўсё атрымалася натуральным чынам. Жыццё змянілася кардынальна, магу дакладна сказаць, што для нас сям'я без дзяцей нібыта незавершаная.

— А што адчуў тата, калі ўпершыню ўзяў дачку на рукі?

А.: — Бязмежнае шчасце, пяшчоту, удзячнасць Ксюшы. Я паехаў на гастролі, калі да родаў, па падліках медыкаў, заставалася два тыдні, таму цалкам паспеў бы адвезці жонку ў раддом. Але Эмілька паспяшалася. Я знаходзіўся ў цягніку па дарозе ва Удмуртыю, калі патэлефанавала жонка і сказала, што «хуткая» вязе яе ў радзільню. Я ўжо хацеў вярнуцца дадому, але было прынята рашэнне, што трэба дапрацаваць тур. Так што я прыехаў на ўсё гатовае: жонка і дачка ўжо былі дома (смяецца).

— Ксенія, вам не было крыўдна, што ў такі важны момант Андрэя няма побач?

— Дакладна не крыўдна, бо ведала, што выходжу замуж за артыста. Нават не паспела ўсвядоміць, што ўсё атрымалася не зусім так, як марыла, таму што з'яўленне дачкі — гэта такі цуд!

— Паміж вашымі дочкамі розніца шэсць гадоў. Як вы рыхтавалі Эмілію да з'яўлення сястрычкі?

К.: — Нам было лягчэй, таму што дачка гадоў з чатырох сама прасіла сястрычку. Але мы разумелі і тое, што дзіця ўспрымае сястрычку як сяброўку. А насамрэч можа пачацца дзіцячая рэўнасць да малодшай. Таму мы тлумачылі старэйшай дачцэ, што будзем аднолькава любіць яе і малодшую, але вось часу спачатку давядзецца больш аддаваць маленькай. Мне здаецца, вельмі важна, каб старэйшае дзіця было далучана да жыцця малодшага. Цяпер Эмілія можа неяк пазабаўляць Алівію, і тая ёй вельмі рада.

А.: — Алівіі цяпер пяць месяцаў, і калі хтосьці кажа, маўляў, такая малеча нічога не разумее, не веру. Мне здаецца, што дзеці ўсё адчуваюць і разумеюць з моманту нараджэння, а можа, і раней, таму мы як мага часцей даём ім магчымасць адчуваць, што вельмі іх любім.

— Ці праўда, што з другім дзіцем лягчэй, чым з першым?

А.: — Так, таму што ўжо ёсць досвед, менш страху зрабіць нешта не так. Мы жылі самастойна, бабулі не мелі магчымасці часта дапамагаць нам, таму трэба было вучыцца спраўляцца самім.

Наогул, дзеці мяняюць жыццё, прыярытэты, мы рады, што ў нас дзве дачкі. Дзеці — галоўная крыніца натхнення! Яны стымулююць больш працаваць, лепш жыць. Сёлета мы купілі кватэру, заканчваем рамонт, памаленьку абжываемся.

— Ксенія, часам жанчыны крыху раней выходзяць з водпуску па доглядзе дзіцяці, асцерагаючыся адстаць ад калег у прафесійным плане. А як вы вырашылі гэту праблему?

К.: — Для мяне гэта ўвогуле не праблема. Мы вырашылі, што я буду з дачушкамі як і належыць, па тры гады. Гэта той час, калі фарміруецца характар дзіцяці, таму важна, каб бацькі былі побач. Да трох гадоў дзіця можна навучыць асновам самаабслугоўвання. Наша Эмілія наведвае дзіцячы садок, таму што чым раней дзіця пачне кантактаваць з іншымі дзецьмі, тым лепш у яго пройдзе сацыялізацыя. Прафесійныя навыкі можна аднавіць, пашырыць, а калі нешта ўпусціш у выхаванні дзіцяці, гэта ўжо назаўжды.

— Як вы думаеце, дочкі пойдуць па вашых прафесійных слядах?

А.: — Увосень Эмілія пойдзе ў агульнаадукацыйную школу і ў музычную. У яе ёсць цікавасць і здольнасці, дачка добра спявае. Але яшчэ рана казаць, якую прафесію яна выбера потым. У любым выпадку музычная школа лішняй не будзе, заняткі ў ёй — гэта моцная цаглінка ў развіцці асобы. Алівія таксама падае надзеі як вакалістка, калі патрабуе да сябе ўвагі (смяецца).

— Ці ёсць у кожнага з вас нейкія пастаянныя хатнія абавязкі?

А.: — Імкнёмся дапамагаць адно аднаму. Домам, вядома, больш займаецца Ксенія, але ўсё, што яна папросіць, я раблю. У нас правіла: усё рабіць лёгка, вось нават сабрацца з двума дзецьмі на прагулку займае нямала часу, але мы не раздражняемся, а жартуем.

— Ці часта ў таты бываюць гастролі? Ці суправаджае яго сям'я?

А.: — Слова «гастролі» мы ўжо забываем... Цяпер канцэрты ў асноўным дома. Для сям'і гэта добра, больш часу разам. Езджу без сям'і, таму што выязны канцэрт — гэта мая звычайная работа. А вось калі ў Мінску выступаю на адкрытай пляцоўцы, то Ксюша і Эмілія заўсёды прыходзяць.

— Хто адказвае за сямейную бухгалтэрыю?

А.: — Грошы ў нас агульныя. Раней рамонт з'ядаў усё, што зараблялі, але цяпер спадзяёмся вярнуцца да звычайнага ладу жыцця, калі можна колькі-небудзь адкласці на адпачынак.

— А як, дарэчы, вы яго праводзіце?

А.: — У ідэале — паездка на мора. Але я люблю рыбалку, для мяне найлепшы адпачынак — лодка і спінінг. Часам дзяўчаты мяне адпускаюць парыбачыць, і я мчуся да сябра Лявона на Прыпяць ці ў родную Смаргонь. Улетку ўсёй сям'ёй выбіраемся на прыроду. У мяне і Ксюшы дні нараджэння з розніцай у тыдзень, таму ўлетку абавязкова запрашаем сяброў на пікнікі на прыродзе, каб весела і нефармальна адсвяткаваць.

— Што, на ваш погляд, патрэбна, каб шлюб быў моцны, а сям'я шчаслівай?

А.: — Узаемапавага, давер, цярпенне і ўменне саступаць.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з сямейнага архіва Андрэя Усанава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».