Вы тут

Узровень разводаў мае тэндэнцыю да скарачэння


«Узровень разводаў у краіне за апошняе дзесяцігоддзе ў цэлым мае тэндэнцыю да скарачэння», — паведаміла начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана БЕЛАШ.


У 2021 годзе зарэгістравана 34,4 тыс. разводаў, гэта на 11 працэнтаў менш, чым у 2011 годзе, і на 2 працэнты менш, чым у 2020 годзе. Паводле статыстыкі, маладыя шлюбы сталі распадацца радзей. За 2020-2021 гады пік распаду саюзаў зрушыўся са шлюбаў да 5 гадоў на больш працяглыя саюзы. У 2021 годзе часцей за ўсё распадаліся шлюбы працягласцю ад 5 да 10 гадоў, 18,3 працэнта шлюбаў захоўваліся ад 10 да 15 гадоў, 10 працэнтаў — ад 15 да 20 гадоў, і крыху больш за 14 працэнтаў — гэта шлюбы 20 гадоў і старэйшыя. З улікам такіх тэндэнцый вельмі важным сёння з'яўляецца ўмацаванне інстытута сям'і, захаванне яе духоўна-маральных каштоўнасцяў.

Акрамя таго, прадстаўнік Мінпрацы адзначыла, што ў краіне назіраецца скарачэнне колькасці зарэгістраваных шлюбаў. «Па выніках 2021 года зарэгістравана 59,6 тыс. шлюбаў. За апошнія 10 гадоў іх колькасць зменшылася на 31 працэнт. Гэта звязана перш за ўсё са скарачэннем колькасці насельніцтва ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, якое за гэты перыяд зменшылася на 35 працэнтаў. «Пры гэтым, калі параўноўваць 2021 год з 2020-м, колькасць шлюбаў павялічылася на 18 працэнтаў. Гэта самы значны прырост за апошняе дзесяцігоддзе. Мы мяркуем, што на лічбу паўплывала рэалізацыя адкладзеных з-за пандэміі ў 2020 годзе вяселляў. За апошнія дзесяцігоддзі беларуская сям'я ўвогуле значна трансфармавалася, адбыліся змены ў функцыях бацькоў, а таксама сёння наша моладзь больш узважана падыходзіць да пытанняў заключэння шлюбу і нараджэння дзяцей — яны робяць гэта ў пазнейшыя тэрміны, паспяваючы спачатку атрымаць адукацыю, пачаць прафесійную дзейнасць і нават пабудаваць кар'еру. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у 2021 годзе склаў 28,6 года сярод мужчын і 26,3 года сярод жанчын. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці — амаль 27 гадоў, у той час як у 1990 годзе ён не дасягаў і 23 гадоў».

Акрамя таго радуе, што за апошнія 10 гадоў колькасць абортаў у краіне знізілася з 12 (у 2012 годзе) да 5,6 (2022) на тысячу жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. Аб гэтым паведаміла намеснік дырэктара па педыятрыі РНПЦ «Маці і дзіця» Алена УЛЕЗКА. Паводле слоў прафесара, перадабортнае кансультаванне праходзяць усе жанчыны, якія вырашылі перапыніць цяжарнасць, і вынік дастаткова добры. У 2022 годзе захавана больш за пяць тысяч цяжарнасцяў.

У Беларусі штогод нараджаюцца дзеці з дапамогай сучасных тэхналогій, у прыватнасці ЭКА. Дзяржава фінансава падтрымлівае пары, якія пакутуюць на бясплоддзе. Ім прадстаўляюцца крэдыты на льготных умовах для аплаты ЭКА. Акрамя таго, гарантавана правядзенне адной бясплатнай спробы ЭКА ў трох дзяржаўных медустановах: РНПЦ «Маці і дзіця», мінскім гарадскім радзільным доме № 2 і Гомельскім абласным дыягнастычным медыка-генетычным цэнтры з кансультацыяй «Шлюб і сям'я». «У мінулым годзе праведзена 1887 поўных цыклаў лячэння бясплоддзя метадамі дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій на бюджэтнай аснове, наступіла 663 клінічныя цяжарнасці», — паведаміла Алена Улезка.

Расходы за два апошнія гады на правядзенне бясплатна адной спробы ЭКА па трох установах з рэспубліканскага бюджэту склалі 12 мільёнаў рублёў (2022 год — 6,5 мільёна рублёў, 2021 год — 5,5 мільёна рублёў).

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Загаловак у газеце: Разводаў стала менш

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.