Вы тут

У Мінску адкрылася выстаўка «Мастацтва старажытнай картаграфіі»


У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна ўрачыста адкрылася выстаўка «Мастацтва старажытнай картаграфіі». Яе складальнік — вядомы беларускі вучоны, гісторык, картограф, галоўны рэдактар «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» Леў Казлоў, якога калегі за апантанае захапленне, звязанае з пошукам і аднаўленнем старажытных карт, празвалі «беларускім Меркатарам» — у гонар фламандскага географа і картографа Герарда Меркатара, які сабраў навігацыйную карту свету на 18 лістах.


Выстава — своеасаблівы партал ў мінулае, што дазваляе даведацца, як раней людзі ўспрымалі свет, якія спрэчкі вяліся вакол яго магчымых выяў.

Дзякуючы пошукам у архівах, бібліятэках, на аўкцыёнах і ў прыватных калекцыях Льву Раманавічу ўдалося пабачыць і ўзнавіць шыкоўную калецыю старадаўніх дакументаў. У выніку яго працы ў экспазіцыях беларускіх музеяў з’явіліся раней невядомыя выявы беларускіх земляў, якімі карысталіся падарожнікі стагоддзі таму.

Для новай выстаўкі Леў Раманавіч абраў незвычаны падыход — акцэнт зроблены на тое, як раней афармляліся карты і атласы. Так у Сярэднявеччы для такой справы картографы звярталіся па дапамогу вядомых выдаўцоў і мастакоў. Невыпадкова ХVI — ХVII стагоддзі лічуць залатой эпохай ў развіцці картаграфіі. У той час такія старажытныя дакументы сапраўды былі падобныя на мастацкія творы. У атласах можна было пабачыць выявы прыгожых мясцін, побыт гарадоў, сюжэты легенд. На адной з карт, што патрапіла ў экспазіцыю, ёсць нават монстры: такім чынам яе ўкладальнікі нагадвалі, наколькі складным і небяспечным быў шлях маракоў. Гэты прыём з «устрашальнымі» элементамі дапамагаў уздымаць кошты на прывезеныя заморскія тавары.

Між іншым, у той час друкаваліся толькі чорна-белыя выданні, а далей яны ад рукі размалёўваліся акварэльнымі фарбамі. Каляровы ж друк з’явіцца толькі ў ХІХ стагоддзі... 

Зараджэнне картаграфіі звязана з іменем вучонага Клаўдзія Пталемея, які жыў і працаваў ў Александрыі Рымскай імперыі. У горадзе, калі ён быў захоплены арабамі, вырашаўся лёс Александрыйскай бібліятэкі , кнігі «неўгодныя Алаху» было загадана знішчыць. Але некаторыя работы Пталемея захаваліся, яны былі таемна вывезены, а ў далейшым змаглі паслужыць людзям. Усё ж карты адыгрывалі пэўную эканамічную і палітычную ролю. Калі ішлі войны, змяняліся межы, развіваўся гандль, неабходны былі інструменты для наладжвання «навігацыі». У Еўропе карты Пталемея пачнуць выкарыстоўвацца ў ХV стагоддзі.

Пэўную ролю ў развіцца картаграфіі адыгралі манастыры. Так, у 1659 годзе манах Фра Мауро з Венецыі сабраў усе вядомыя дадзеныя і памясціў іх на адной круглай карце.

Сярод адметных еўрапейскіх спецыялістаў можна ўзгадаць Себасцьяна Мюнстэра, які жыў у ХV-ХVІ стагоддзях. Ён быў ужо ў даволі паважным ўзросце, калі вырашыў сабраць розныя карты. Калі ён зразумеў, што ўжо не зможа паездзіць па Еўропе, разаслаў лісты знакамітым вучоным-картографам, з прапановай далучыцца да агульнай працы. У выніку ён атрымаў даныя ад шасцідзесяці спецыялістаў.

У ХVІ стагоддзі актыўна развіваць гэту галіну сталі галандцы. Дзякуючы Абрагаму Артэлюусу, які ў час падарожжаў па Еўропе сабраў багаты матэрыял, свет пабачыў адзін з першых атласаў.

На выстаўцы можна пабачыць партрэты знакамітых картографаў і асобныя з работ, якія дзякуючы іх намаганням пабачылі свет. 

Экспазіцыя таксама дае ўяўленне пра гісторыю картаграфіі, дазваляе прасачыць як па-рознаму падаваўся такі матэрыял, якія даныя былі запатрабаванымі ў пэўныя часы. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.