Вы тут

Галоўчанка ўручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам розных сфер


Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 18 мая ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер, перадае БелТА.


«Сёння мы дзякуем Вам за працу, талент і адданасць сваёй справе. На гэтай цырымоніі прысутнічаюць самыя лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў нашай краіны. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды сёння ўручаны тым, хто з гонарам рэалізуе значныя інвестыцыйныя праекты, рухаецца наперад і сваёй стараннасцю і працай уносіць значны ўклад у развіццё нашай краіны», — сказаў Раман Галоўчанка.

Ён адзначыў, што ў зале — прадстаўнікі самых розных прафесій. «Ваш працоўны подзвіг прыйшоўся на асаблівы час — час ціску на нашу краіну санкцый, абмежаванняў, іншых рэстрыкцый. Менавіта ў такія няпростыя часы найбольш рэльефна выяўляецца ўклад кожнага канкрэтнага чалавека ў агульную справу. З такімі людзьмі мы паспяхова пераадолеем усе выклікі. Залогам развіцця Беларусі з’яўляецца адданасць той справе, якую кожны з нас для сябе абраў у жыцці», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

«Сёння адзначаем сур’ёзны ўклад у развіццё краіны работнікаў прамысловай сферы. Дзякуючы вам паспяхова вырашаюцца пытанні тэхналагічнага суверэнітэту, рэалізацыі задач імпартанезалежнасці. Не магу не сказаць, што ўвесь мінулы год уся галіна дэманстравала высокія вынікі і ўпэўненыя тэмпы росту. У 2022 годзе прамысловасць спрацавала з тэмпам росту 123,5% да 2021 года. Станоўчую дынаміку развіцця мы фіксуем і сёлета: за першы квартал тэмп росту — 125% да адпаведнага перыяду мінулага года. Нягледзячы на няпростыя ўмовы, наша прамысловасць знаходзіцца на траекторыі ўпэўненага і дынамічнага росту. У гэтым заслуга працоўных калектываў», — звярнуў увагу кіраўнік урада.

За значны асабісты ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны медалём Францыска Скарыны адзначаецца праца работнікаў культуры і адукацыі. «Ваша дзейнасць мае вялікае значэнне для беларускага грамадства. І хай гэтая ўзнагарода стане для вас стымулам для новых творчых поспехаў», — дадаў Раман Галоўчанка.

Узнагарод варты і прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. «Ад прафесіяналізму кіраўнічых кадраў залежыць як рэалізацыя маштабных дзяржаўных праектаў, так і штодзённых задач на месцах. Дзяржаўны служачы — гэта асоба ўлады. Заўсёды памятайце пра гэта і з гонарам і годнасцю носіце статус дзяржаўнага служачага», — даў наказ прэм’ер-міністр.

Традыцыйна сярод узнагароджаных ёсць і работнікі сферы аховы здароўя. «Вы як ніхто іншыя ведаеце сапраўдную каштоўнасць чалавечага жыцця і стаіце на варце здароўя нацыі. Сёння з гонарам можна сцвярджаць, што айчынная медыцына заваявала самыя перадавыя рубяжы. Дзяржава і ў далейшым працягне аказваць ёй разнастайную падтрымку», — запэўніў кіраўнік урада.

«Упэўнены, што вы працягнеце шлях да поспеху і дасягнеце яшчэ большых кар’ерных і прафесійных вышынь. Кожны з вас з’яўляецца рухаючай сілай працавітай і стабільнай Беларусі. Вядома ж, нам патрэбныя новыя дасягненні, здзяйсненні, вынікі. Ваша энергія і высокае пачуццё адказнасці дапаможа нам дасягнуць гэтых значных і амбіцыйных мэтаў», — рэзюмаваў Раман Галоўчанка.

Заслугі значнай колькасці работнікаў розных сфер адзначаны медалём «За працоўныя заслугі». Сярод іх — работнікі «СветлагорскХімвалакно», «АМКАДОРа», Мінскага завода шасцерняў, БДУ, Беларусбанка і іншых арганізацый.

Медалі Францыска Скарыны ўдастоены артысты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга, Дзяржаўнага Акадэмічнага ансамбля танца Беларусі, Прэзідэнцкага аркестра, а таксама прадстаўнікі іншых калектываў.

Таксама сёння прадстаўнікам розных сфер былі ўручаны падзякі Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства і ўклад у развіццё сваіх напрамкаў.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.