Вы тут

Аб чым гаварылі на пасяджэнні Савета Парламенцкай Асамблеі АДКБ


У каторы раз сталіца Беларусі, якая сёлета старшынствуе ў АДКБ, становіцца эпіцэнтрам міжнароднага дыялогу і найважнейшых рашэнняў, ад якіх залежыць стабільнае і перспектыўнае развіццё ў рэгіёне. Парламентарыі з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана ацанілі ваенна-палітычную абстаноўку, якая складваецца ў зоне адказнасці Арганізацыі, выпрацавалі шляхі сумеснага супрацьдзеяння сучасным выклікам і пагрозам нацыянальнай бяспецы, абмеркавалі актуальныя для дзяржаў-члены АДКБ пытанні 


У прыватнасці, прыняты заявы Парламенцкай Асамблеі АДКБ аб прадухіленні гонкі ўзбраенняў у касмічнай прасторы, аб супрацьдзеянні злоўжыванню наркотыкамі сярод дзяцей і моладзі (па ініцыятыве беларускага боку), прапагандзе іх здаровага ладу жыцця. Акрамя таго, адобраны змяненні ў Палажэнне аб удзеле ПА АДКБ у міжнародным назіранні за выбарамі і рэферэндумамі, вырашаны шэраг арганізацыйных пытанняў.

АДКБ як гарант стабільнасці і бяспекі

У сваім прывітальным слове ўдзельнікам пасяджэння Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава назвала сімвалічным тое, што гэтая сустрэча праходзіць у светлыя майскія дні, адзначаныя святкаваннем 78-й гадавіны Вялікай Перамогі. «Гэта вечны напамін нам усім, наколькі важныя бяспека, мір і згода ў нашых краінах, у рэгіёне і ў цэлым на ўсёй Зямлі, — падкрэсліла яна. — У цяперашніх геапалітычных рэаліях наўрад ці магчыма пераацаніць значэнне каштоўнасці міру — той каштоўнасці, у імя якой на руінах Другой сусветнай вайны была створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Менавіта Статут гэтай Арганізацыі замацаваў выпакутаваную відавочцамі тых страшных падзей звышзадачу для ўсяго чалавецтва — „пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны“. Яшчэ зусім нядаўна складана было нават уявіць, што свет зноў наблізіцца да той небяспечнай рысы, за якой — глабальны канфлікт, дзе няма ні пераможцаў, ні пераможаных, дзе невыказнае людское гора, боль і пакуты».

Па словах спікера верхняй палаты беларускага парламента, наша краіна нязменна пацвярджае свой статус міралюбівай дзяржавы, нават нягледзячы на недружалюбныя выпады асобных замежных палітыканаў. «Нашы прынцыпы — узаемная падтрымка ў барацьбе з выклікамі сучаснасці, адказнасць, добрасуседства, мірнае суіснаванне і дээскалацыя канфліктаў, — канкрэтызавала Наталля Качанава. — Міралюбнасць — неад’емная рыса беларускага народа. Народа, які з годнасцю, мужнасцю і гонарам перанёс найцяжэйшыя нягоды і жахі войн, якія неаднаразова развязваюцца на беларускай зямлі не намі і не па нашай волі. Народа, які насуперак усім найжорсткім выпрабаванням лёсу не стаў на калені, не азлобіўся, не звярнуў з праўдзівага шляху, а, наадварот, працягнуў паказваць свету чалавечнасць, спачуванне і дабрыню».

Спікер звярнула ўвагу на складаную абстаноўку ў зоне адказнасці АДКБ. «Да ўжо звыклых спроб Захаду перавярнуць нашы дзяржавы праз каляровыя рэвалюцыі, задушыць нас незаконнымі эканамічнымі санкцыямі дадаліся рэальныя ваенныя пагрозы, — адзначыла Наталля Качанава. — Паўночнаатлантычны альянс пад кіраваннем ЗША паслядоўна рэалізуе стратэгію свайго пашырэння на Усход. Каля межаў Беларусі назіраецца беспрэцэдэнтная канцэнтрацыя сіл НАТА. Гэта выклікае нашу заканамерную занепакоенасць». Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што ні ААН, ні АБСЕ не ўплываюць на вырашэнне задач па міраўрэгуляванні. Пры гэтым роля АДКБ як гаранта стабільнасці і бяспекі, па яе словах, узрастае, а патэнцыял Арганізацыі дае магчымасць кампенсаваць неабходныя меры па забеспячэнні міжнароднага міру і бяспекі.

Кажучы аб задачах, якія стаяць перад АДКБ, Старшыня Савета Рэспублікі лічыць важным пашыраць міжпарламенцкае супрацоўніцтва, праводзіць зладжаную практычную работу па павышэнні згуртаванасці дзяржаў, умацаванні Арганізацыі, яе ролі і месцы ў сістэме міжнародных каардынат. «Як ніколі мы павінны быць адзіныя, дэманстраваць прынцыповасць у агульных падыходах, аказваць гарантаваную ўзаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках, аператыўна прымаць своечасовыя заявы па актуальных пытаннях парадку дня, — адзначыла Наталля Качанава. — Трэба рашуча прасоўваць інтарэсы нашых краін у рэгіянальных аб’яднаннях, імкнуцца атрымліваць шырэйшыя перавагі ад палітычнай падтрымкі партнёраў. У пытаннях бяспекі голас парламентарыяў павінен гучаць больш ярка. Наша агульная стратэгічная мэта — садзейнічаць выбудоўванню цывілізаванага дыялогу ва ўсім свеце, стварэнню атмасферы даверу і згоды, фарміраванню збалансаванай і справядлівай шматпалярнай супольнасці суверэнных дзяржаў. Ад нас залежыць будучыня нашых краін, рэгіёна і ўсяго чалавецтва».

АДКБ як элемент фарміравання шматпалярнага свету

У тым, што будучыня дзяржаў-членаў АДКБ у многім залежыць ад сумеснай, кансалідаванай работы, перакананы і Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Па яго словах, сёння нашы краіны стаяць перад стратэгічным выбарам. «Або аб’яднаемся, як калісьці зрабілі нашы дзяды і прадзеды ў барацьбе з фашызмам, і будзем сумесна супрацьстаяць каланіяльнай палітыцы ЗША і калектыўнага Захаду, або ператворымся ў сыравінны прыдатак транснацыянальных карпарацый, страціўшы сваю палітычную самастойнасць, — канкрэтызаваў галоўную ўмову далейшага развіцця Арганізацыі спікер ніжняй палаты беларускага парламента. — Безумоўна, кожная з краін АДКБ валодае сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, цяжарам праблем, якія сыходзяць каранямі ў гісторыю, або абумоўленыя геапалітычным становішчам. Гэтыя пытанні неабходна вырашаць, але галоўнае — выразна бачыць прыярытэты, мець дарожную карту супрацоўніцтва і адчуваць надзейнае плячо адно аднаго». 

Як падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка, Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту, права самастойна вызначаць дзяржаўную палітыку. «Тым больш, што наш знешнепалітычны курс заўсёды насіў і будзе мець міралюбівы характар, — нагадаў ён. — Нават у жорсткіх умовах санкцый, абапіраючыся на ўласныя сілы і трывалыя сувязі з нашымі саюзнікамі, рэспубліка ўпэўнена развіваецца. Захоўваецца грамадзянскі мір і сацыяльная накіраванасць беларускай дзяржаўнасці. Разам з тым, сучасная міжнародная абстаноўка дыктуе неабходнасць самай пільнай увагі пытанням забеспячэння бяспекі».

І ў гэтым пытанні адметная роля належыць АДКБ. Арганізацыя, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, павінна выступіць не толькі гарантыяй ад знешніх пагроз і ўмяшання ва ўнутраныя справы, але і важным элементам фарміравання шматпалярнага свету, заснаванага на прынцыпах роўнасці і ўзаемнай павагі. Менавіта ў такім ключы беларускі бок разглядае прыярытэты сваёй парламенцкай дзейнасці ў межах ПА АДКБ.

У першую чаргу, размова ідзе пра ўдасканаленне нарматыўнай прававой базы АДКБ і нацыянальных прававых актаў. «Прынятыя мадэльныя законы ствараюць умовы для ўмацавання калектыўнай бяспекі, але трэба рухацца далей з улікам зменлівай сітуацыі ў рэгіёне, — заявіў Уладзімір Андрэйчанка. — Па-другое, неабходна ствараць эфектыўную сістэму процідзеяння і нейтралізацыі пагроз бяспецы на ўнутраным контуры. Абарона гістарычнай праўды, традыцыйных маральных і сямейных каштоўнасцяў, канфесійнага і міжнацыянальнага міру, барацьба з тэрарызмам, экстрэмізмам, наркатычнай пагрозай — вось тыя прынцыповыя акцэнты, якія мы павінны пастаянна трымаць у полі зроку».

Павышэнне эфектыўнасці дзейнасці АДКБ на міжнародных пляцоўках — трэці важны момант, на які павінны звярнуць увагу краіны-члены Арганізацыі. Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, недапушчальнасць прымянення эканамічных санкцый, палітычнага націску і шантажу, умяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў — гэта няпоўны пералік тэм, якія непасрэдна закранаюць кожную з дзяржаў- удзельніц АДКБ. «І тут трэба выпрацоўваць узгодненую пазіцыю, адстойваючы яе ва ўсіх міжнародных структурах, асабліва ў рамках Міжпарламенцкага саюза, — звярнуў увагу спікер. — Сур’ёзны патэнцыял крыецца ў рабоце з парламентарыямі краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Важна пазіцыянаваць нашу Арганізацыю не як нейкі ваенны блок падобны НАТА, накіраваны на прывядзенне ўсіх да адной роўніцы, а як адзін з інстытутаў мірнага суіснавання і супрацоўніцтва».

У прыярытэце — гарманізацыя нацыянальных заканадаўстваў

Кіраўнікі парламенцкіх арганізацый краін-удзельніц АДКБ выказалі сваю пазіцыю на тыя пытанні, якія знаходзяцца ў зоне адказнасці Арганізацыі, акрэслілі праблемныя моманты і выказалі сваё бачанне ў вырашэнні тых выклікаў і пагроз, якія ў цяперашні час існуюць. 

Старшыня Дзяржаўнай думы Расіі, старшыня Парламенцкай Асамблеі АДКБ Вячаслаў Валодзін звярнуў увагу на актывізацыю работы па захаванні гістарычнай памяці, умацаванне ваенна-палітычнага супрацоўніцтва ў рамках АДКБ. «Прыярытэт Парламенцкай Асамблеі — збліжэнне і гарманізацыя нацыянальных заканадаўстваў, — адзначыў ён. — Ад стварэння агульнай сусветнай прасторы бяспекі ў многім залежыць якасць сумеснай работы па прадухіленні пагроз у зоне адказнасці Арганізацыі. Многае ўжо зроблена. За перыяд работы Парламенцкай Асамблеі АДКБ прыняты 82 дакументы, у тым ліку 12 мадэльных законаў і пагадненняў, 70 рэкамендацый у галіне супрацьдзеяння тэрарызму і экстрэмізму, забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, аказання гуманітарнай дапамогі». 

Сваё бачанне на міжнародную абстаноўку і ступень уплыву АДКБ на многія працэсы, якія адбываюцца, выказалі і госці пасяджэння Парламенцкай Асамблеі — прадстаўнікі дэлегацый з Ірана, Кітая, Кубы і В’етнама. 

Па словах старшыні па бяспецы і знешняй палітыцы парламента Ірана Ібрахіма АЗІЗІ, такія арганізацыі, як АДКБ, іграюць вялікую ролю ва ўстанаўленні новага сусветнага светаўладкавання. «Самае галоўнае, каб паміж членамі гэтай арганізацыі былі скаардынаваныя дзеянні, сумесныя намаганні і салідарнасць — такім чынам, мы можам пераадолець усе пагрозы і выклікі, — падкрэсліў ён. — Гэтая арганізацыя можа сыграць вялізную ролю і ў супрацьстаянні з НАТА. Аднак пры ўмове, што мы будзем салідарныя адно з адным і разам зможам супрацьстаяць гэтым пагрозам. Салідарнасць і адзінства — наш сакрэтны код у гэтым рэгіёне. Злучаныя Штаты Амерыкі і Захад не змогуць дасягнуць сваіх мэт, пакуль мы аб’яднаныя». 

Вынікі пасяджэння Парламенцкай Асамблеі АДКБ у размове з журналістамі падвёў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка: «Мы бачым, што ў многім пазіцыі кіраўнікоў парламентаў дзяржаў па асноўных пытаннях міжнароднага парадку дня супадаюць. Кіраўніком беларускай дзяржавы было асабліва падкрэслена, што патрэбна адзінства краін АДКБ у супрацьстаянні заходнім санкцыям. Мы павінны рабіць усё ў імя сваіх краін дзеля міру і бяспекі, дабрабыту нашых людзей. Сёння важна не расхістаць сітуацыю як на знешнім, так і на ўнутраным контуры. Таму мы павінны прапанаваць сваю стратэгію — стратэгію бяспекі і справядлівасці». 


Перад пасяджэннем Парламенцкай асамблеі прадстаўнікі па АДКБ усклалі вянок да манумента Перамогі

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА, БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.