Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «У нас неабсяжны край работы. Нам вельмі шмат чаго трэба зрабіць»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам замежных спраў Нікарагуа Дэнісам Манкадай Каліндрэсам, які ў гэтыя дні знаходзіцца з рабочым візітам у нашай краіне. 


Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Нікарагуа — «такая далёкая і такая блізкая для нас краіна». «Калі ўвогуле даваць ацэнку нашых адносін, павінен сказаць, што ў нас неабсяжны край работы. Нам вельмі шмат чаго трэба зрабіць, каб вывесці нашы адносіны на больш высокі ўзровень», — адзначыў беларускі лідар. Ён заўважыў, што ў Беларусі ўжо наладжаны цесныя не толькі палітычныя, але і гандлёва-эканамічныя адносіны з краінамі Лацінскай Амерыкі — з Кубай, Венесуэлай і іншымі. На думку Аляксандра Лукашэнкі, трэба, каб так было і з Нікарагуа. Па яго словах, сёння для таго, каб мець добрыя і цесныя адносіны, ёсць усё. «І нават легендарны кіраўнік Нікарагуа, якога мы ўсе любім і паважаем у Беларусі. Я папрашу перадаць самыя цёплыя словы Даніэлю Артэгу ад імя беларускага народа, ад мяне асабіста. Мы захоплены яго палітычнай дзейнасцю», — сказаў Прэзідэнт.

Ён запэўніў, што ў Беларусі ёсць усё, у чым мае патрэбу Нікарагуа, нават з лішкам. «Нам трэба наладзіць нашы адносіны такім чынам, каб стварыць дагаворна-прававую базу на будучыя нашы адносіны ў эканоміцы. Гэта справа часу, я думаю, калі мы зоймемся гэтай справай, то цягам года мы не проста створым гэтую нарматыўна-прававую базу, але і пачнем глыбокія адносіны паміж нашымі краінамі. Мы да гэтага гатовы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт прапанаваў дэлегацыі Нікарагуа паглядзець, вывучыць, што іх цікавіць у Беларусі. «Мы для вас абсалютна адкрытыя. Закрытых тэм няма. Прапануйце, вызначайце будучыя кірункі супрацоўніцтва. Мы прымем вашы прапановы», — запэўніў ён. 

Дэніс Манкада Каліндрэс падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за прыём і перадаў прывітанне ад Прэзідэнта Нікарагуа Даніэля Артэгі і самыя цёплыя пажаданні ад віцэ-прэзідэнта Расарыё Мурыльё. «Уся наша дэлегацыя вітае вас з усім цяплом і добразычлівасцю, разумеючы тую важную ролю, якую вы сёння адыгрываеце ў гэтай краіне. Для мяне гэта вялікі гонар і вялікая радасць пазнаёміцца з вамі асабіста. Мы чулі пра вас са СМІ, нейкія гістарычныя экскурсы. А факт сённяшняй сустрэчы для нас вельмі важны». — прызнаўся міністр. 

У рамках візіту дэлегацыі Нікарагуа плануецца падпісанне шэрага дакументаў, значных для далейшага ўмацавання ўзаемадзеяння дзвюх краін. Беларусь і Нікарагуа ўжо актыўна супрацоўнічаюць у рамках міжнародных арганізацый. Нікарагуа ўваходзіць у склад Групы сяброў па барацьбе з гандлем людзьмі, якая створана па ініцыятыве Беларусі ў ААН. Краіна з’яўляецца суаўтарам беларускай рэзалюцыі «Паляпшэнне каардынацыі намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі». У 2019 годзе нікарагуанская дэлегацыя ўпершыню аформіла суаўтарства па рэзалюцыі «Доўгачасовыя наступствы чарнобыльскай катастрофы», якая прасоўваецца Беларуссю. Дзве краіны супрацоўнічаюць у пытанні падтрымкі кандыдатур на выбарах у склад органаў ААН і іншых міжнародных арганізацый. Аснову гандлёвых адносін, якія пакуль маюць невялікія аб’ёмы, складаюць пастаўкі прадукцыі з Беларусі. 


У тэму

Мэта — стварыць дагаворна-прававую базу

У размове з журналістамі Дэніс Манкада Каліндрэс назваў сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам плённай. «У рамках гэтай сустрэчы пацверджана ўзаемная падтрымка і салідарнасць паміж нашымі краінамі. А таксама абмеркаваны шэраг пытанняў аб рэалізацыі праектаў супрацоўніцтва з магчымасцю падпісання кантрактаў па пастаўцы і тэхніцы і па іншых напрамках», — адзначыў міністр. Па яго словах, Нікарагуа цікавыя беларускія тэхналогіі ў сферы сельскай гаспадарцы, тэхніка для патрэб інфраструктурных праектаў, супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, узаемнага гандлю. Па словах Дэніса Манкада Каліндрэса гэтыя аспекты дазволяць умацаваць пазіцыі ў супрацоўніцтве Беларусі і Нікарагуа. 

Асобна ён звярнуў увагу на неабходнасць супрацоўніцтва ў развіцці інфраструктурных аб’ектаў. Адзін з падобных прыкладаў — будаўніцтва Нікарагуанскага канала, дзе могуць быць карысныя беларускія кампетэнцыі і тэхналогіі. 

«Цяпер наша асноўная мэта — стварыць рамачныя ўмовы, стварыць дагаворна-прававую базу, якая дасць магчымасць рэалізаваць нашы сумесныя праекты і далей выходзіць на рэалізацыю іншых перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва», — канстатаваў Дэніс Манкада Каліндрэс. 

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?