Вы тут

Любімай настаўніцы. Першы дароўны надпіс Уладзіміра Караткевіча


Разважаючы над сваім лёсам, кожны чалавек можа назваць важныя сустрэчы, якія пэўным чынам прадвызначылі яго далейшую жыццёвую дарогу. Часта сустрэча з такімі людзьмі адбываецца ў школьных кабінетах, з настаўнікамі — або сівымі аксакаламі, або маладзенькімі выпускнікамі, што прыйшлі па размеркаванні адпрацоўваць вызначаны педагагічны тэрмін. У кожным разе стасутнкі з імі ўплываюць і на фарміраванне светапогляду, і на станаўленне грамадзянскіх, патрыятычных пачуццяў, і на вызначэнне свайго месца сярод сабе падобных.


Дароўны надпіс Уладзіміра Караткевіча на кнізе Адама Міцкевіча.

Восенню 1944 года Уладзімір Караткевіч, нядаўна вярнуўшыся з маці ў Оршу, пайшоў у 7 клас сярэдняй школы № 1. І, відаць, у той час пачаў пісаць вершы. Бо ў аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» прызнаўся: «Напісаў я тады, думаю, не менш за дзвесце вершаў, але нікому іх не паказваў. А потым прыйшла настаўніца, якую заўсёды памятаю дабром, — К. І. Грыневіч. І неяк так атрымалася, што ёй некаторыя вершы паказаў». Уважаючы тое, што яны і прыгодніцкая аповесць «Загадка Неферціці» былі «надрукаваныя» ў школьным часопісе «Званочак», настаўніца станоўча ацаніла здольнасці вучня і падахвоціла да творчасці.

Узнікае пытанне: калі «потым прыйшла настаўніца»? Адказ на яго дае першы дароўны надпіс Уладзіміра Караткевіча: «Любимой учительнице Екатерине Ив. Гриневич от В. Короткевича. 1945—46 г.». Значыць, гэта быў наступны навучальны год у школе і 8 клас. Падумаем, хто з нас, аўтараў, і чытачоў падпісваў кнігу-падарунак свайму настаўніку… Мяркую, што станоўча адкажуць адзінкі.

Якую ж кнігу падарыў школьнік сваёй настаўніцы? Надпіс зроблены на форзацы кнігі: Мицкевич А. Избранное. М.: Государственное издательство художественной литературы, 1943. 117 с. Паказальны выбар падарунка: паэзія не абы-каго, а Адама Міцкевіча, які нарадзіўся на гэтай зямлі; кніга надрукавана ў цяжкі ваенны час. І адкуль кніга? Магчыма, яшчэ з Арэнбурга, магчыма, з Кіева… Хто яму купіў кнігу або падарыў?.. Але, натуральна, яна была дарагая школьніку Караткевічу, і ён з ёй развітаўся, перадаўшы ў рукі любімай настаўніцы.

Кацярына Іванаўна Грыневіч (1918—2020), тады 27-гадовая настаўніца, вучыла Уладзіміра Караткевіча два навучальныя гады: 1945—1946 і 1946—1947, а потым пераехала ў іншы горад, жыла ў Кастрамской вобласці Расіі. Але сувязь з ёй не перарывалася ўвесь час. На жаль, захаваўся толькі адзін ліст і два дароўныя надпісы на кнігах. Усе матэрыялы захоўваюцца ў фондах Музея Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, куды іх перадала Руслана Яфімаўна Калеснікава, дачка Кацярыны Іванаўны Грыневіч.

На тытульным аркушы рамана «Каласы пад сярпом тваім» на рускай мове ў перакладзе Валянціны Шчадрыной (1974) 12 ліпеня 1980 года Уладзімір Караткевіч напісаў: «Дорогой моей давней учительнице Екатерине Ивановне Гриневич, чтобы иногда вспоминала послевоенную Оршу, ребят, меня. В. Короткевич. 12 июля 1980 г. Минск».

Ці была гэта асабістая сустрэча, ці кніга была даслана па пошце, пакуль высветліць не ўдалося. Што ж, ёсць праца даследчыкам на наступныя дзесяцігоддзі і стагоддзі.

Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».