Вы тут

Ці можна яшчэ знайсці пуцёўкі ў беларускія санаторыі і дзіцячыя лагеры?


Месцы ў беларускіх санаторыях на летнія месяцы ўжо забраніраваны на 90 %. Чакаецца, што ў гэты час яны будуць запоўнены цалкам. Але ў продажы яшчэ маецца пэўная колькасць пуцёвак, праўда, аматарам адпачынку ў беларускіх здраўніцах варта паспяшацца з пакупкай. Гэтак жа, як і бацькам, якія жадаюць адправіць дзяцей у летні лагер.

Якой будзе аздараўленчая кампанія? Ці едуць замежнікі ў беларускія санаторыі? Колькі будзе каштаваць пуцёўка ў дзіцячыя лагеры розных тыпаў і калі тыя адчыняць свае дзверы? Пра асаблівасці летняга адпачынку расказалі спецыялісты.


Гарачая пара для здраўніц

На пуцёўкі ў беларускія санаторыі і гэтым летам назіраецца вялікі ажыятаж.

— Санаторна-курортны комплекс гатовы да пачатку летняй аздараўленчай кампаніі. Прагназуецца, што санаторныя ўстановы будуць працаваць з максімальнай загрузкай, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балабатоўскі.

У Беларусі адпачывальнікаў прыме 295 санаторна-курортных арганізацый на 61 тысячу месцаў. У іх ліку 102 санаторыі, якія могуць размясціць 28 тысяч чалавек і 193 аздараўленчыя арганізацыі, дзе адначасова могуць адпачываць 33 тысячы чалавек.

Летні час для здраўніц абяцае стаць ва ўсіх сэнсах гарачым: ужо цяпер забраніравана 90 % месцаў. А запаўняльнасць з пачатку бягучага года сведчыць, што попыт на паслугі па аздараўленні расце. За тры месяцы гэтага года яна павялічылася на 6 % да аналагічнага перыяду мінулага года і склала 72 %, што для зімовых месяцаў даволі шмат. Вясной гэта лічба і ўвогуле наблізілася да 80 %.

— На 17 % павялічылася выручка ад свабоднай рэалізацыі пуцёвак. Больш за 260 тысяч чалавек прайшлі лячэнне і аздараўленне. Выручка ад паслуг, якія аказваюцца, вырасла на 25 % і перавысіла 260 мільёнаў рублёў. Станоўчая дынаміка назіралася і па экспарце паслуг. Колькасць замежнікаў у першым квартале гэтага года вырасла больш чым на 24 % і склала 38 тысяч чалавек. Выручка перавысіла 51 мільён рублёў, што на 65 % больш, чым у аналагічны перыяд летась, — прывёў лічбы Генадзь Балбатоўскі.

Пры гэтым ён адзначыў, што сярод замежнікаў пераважаюць госці з Расіі. Пасля 2019 года паток замежных гасцей знізіўся, але паступова аднаўляецца. У 2021 годзе яны складалі 25 % ад усіх адпачывальнікаў, у 2022-м — 28,5 %, у першым квартале гэтага года — 30 %.

— Да 2019 года ў нашай краіне быў прыняты шэраг мер па лібералізацыі візавага рэжыму, і да нас ехала нямала гасцей з ЕС. Цяпер мы не дасягаем пакуль узроўню 2019 года, калі нашы здраўніцы наведала 240 тысяч замежнікаў. Летась іх было 188 тысяч. Пры гэтым выручка ад экспарту паслуг перавысіла 2019 год. Гэта азначае, што замежны турыст траціць больш і прыязджае на даўжэйшы тэрмін, — падзяліўся Генадзь Балбатоўскі.

Ён адзначыў, што санкцыйнага ціску сістэма санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення не адчувае і працуе стабільна. У 2022 годзе штодзённа ў беларусікх санаторыях адпачывала каля сотні гасцей з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі. Сёння гэта лічба складае каля 150.

Усе санаторыі працуюць над паляпшэннем сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы і ўдасканаленнем паслуг. Летась на гэтыя мэты яны накіравалі 98 мільёнаў рублёў. Сёлета будзе ўкладзена не менш за 100 мільёнаў.

Што прапануюць для пенсіянераў?

У сістэме Міністэрства працы і сацыяльнага абароны працуе чатыры санаторыі на 864 месцы. Тут адпачынак для пажылых грамадзян і інвалідаў. Штогод у гэтых здраўніцах адпачывае каля 17,5 тысячы чалавек.

— Большая частка грамадзян, якія аздараўляюцца ў нашых санаторыях, трапляюць у іх альбо бясплатна, альбо з частковай аплатай. У прыватнасці, інваліды I і II групы адпачываюць бясплатна раз на два гады. Ветэраны працы, якія не працуюць, і інваліды III групы — у адпаведнасці з чаргой, якая склалася ў рэгіёне, і з частковай аплатай. Гэта, як правіла, 15—20 % ад кошту пуцёўкі — каля 150 рублёў за 18 дзён у санаторыі, — расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Арол.

Ён звярнуў увагу, што для атрымання пуцёвак у санаторыі сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны трэба звяртацца ў тэрытарыяльныя камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.

Амаль палова дзяцей адпачне ў лагерах і санаторыях

Стацыянарныя дзіцячыя лагеры ў цяперашні час актыўна рыхтуюцца да працэдуры прыёмкі. Некаторыя з іх будуць вітаць атрады юных адпачывальнікаў ужо 27 мая. Такім чынам, у сёлетнюю аздараўленчую кампанію пройдзе 5 паўнацэнных змен па 18 дзён.

За гэты час плануецца аздаравіць 377 тысяч дзяцей. З бюджэту на дзіцячае аздараўленне выдаткавана 64 мільёны рублёў.

— Сумесна з Міністэрствам аховы здароўя мы працуем па заяўным прынцыпе. Усе ахвотныя падалі заяўкі, і яны сфарміраваны. І фінансавыя сродкі, і колькасць навучэнцаў, якія пажадалі адпачыць у лагеры, сведчаць пра тое, што заяўленыя аб'ёмы будуць выкананы, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.

Гэтым летам юных беларусаў гасцінна прымуць каля 6 тысяч лагераў розных тыпаў. Будуць працаваць 8 тыпаў лагераў з кругласутачным і дзённым знаходжаннем. У тым ліку задзейнічана 146 стацыянарных загарадных лагераў на 24 тысячы месцаў. Тут плануецца аздаравіць 155 тысяч дзяцей. А 222 тысячы дзяцей адпачнуць у дзённых лагерах.

Акрамя таго, дзяцей прымуць дзіцячыя санаторыі і рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры. Мяркуецца, што аздараўленне ў іх пройдуць 30 тысяч дзяцей. Такім чынам, амаль палова беларускіх дзяцей летам пабывае ў лагерах ці санаторыях.

— Прыярытэт у гэтай аздараўленчай кампаніі аддаецца бяспецы, якасці і эфектыўнасці. Пры прыёмцы асаблівая ўвага ўдзяляецца бяспецы спартыўных аб'ектаў, арганізацыі бяспечнага санітарна-эпідэмічнага асяроддзя. Мы здымаем ковідныя абмежаванні, таму летні адпачынак будзе яшчэ больш насычаны экскурсійнымі праграмамі і іншымі мерапрыемствамі, — расказаў Генадзь Балбатоўскі.

Колькі каштуе пуцёўка?

Прагназуецца, што пуцёўка ў дзіцячы лагер з кругласутачным знаходжаннем будзе каштаваць каля 692 рублёў, пры гэтым за кошт дзяржаўнай датацыі яна будзе таннейшая на 264 рублі. Астатнюю розніцу мусяць кампенсаваць прадпрыемствы ці прафсаюзы арганізацый, дзе працуюць бацькі, мясцовыя бюджэты. У выніку для сям'і пуцёўка абыдзецца ў 10 % ад поўнага кошту — 60—70 рублёў на 18 дзён.

Пуцёўка ў спартыўны аздараўленчы лагер будзе каштаваць каля 788 рублёў. Сума дзяржаўнай датацыі таксама кампенсуе 40 % яе кошту. У дзённы лагер пуцёўка каштуе 170 рублёў, а датацыя тут складае аж да 70 % — 110 рублёў. Бацькам давядзецца даплаціць каля 60 грашовых адзінак.

— Даступасць пуцёвак, такім чынам, забяспечана для кожнай беларускай сям'і, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі.

Як паведаміў намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей Жалякоў, сёлета ў Віцебскай вобласці адкрыліся два новыя лагеры. Пры гэтым найлепшай матэрыяльна-тэхнічнай базай валодаюць аздараўленчыя лагеры Мінска.

— Найперш таму, што іх уласнікі могуць сабе дазволіць вылучыць крыху больш фінансавання на захаванне і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Па-другое, Мінгарвыканкам і мясцовыя саветы дэпутатаў горада прадугледжваюць адносна большае фінансаванне на загарадныя лагеры сталіцы. Магчыма таму на гэтыя лагеры крыху большы попыт, чым па краіне ў цэлым. І сёння пуцёўкі ў іх можна знайсці хіба што выпадкова. Насельніцтва пра гэта ведае і пачынае займацца браніраваннем дзесьці з лютага. У сакавіку, як правіла, большая частка месцаў на лета занята, — рэзюмаваў Аляксей Жалянкоў.

Такая база дазваляе сталічным уладам аздараўляць і найбольшую колькасць дзяцей-інвалідаў. У прыватнасці, на базе аздараўленчага комплексу «Ракета» сёлета будзе арганізавана летняя змена для дзяцей-інвалідаў у суправаджэнні бацькоў па пуцёўках, якія цалкам будуць аплачаны за кошт сродаў мясцовых бюджэтаў. Тут пройдуць аздараўленне 115 дзяцей-інвалідаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.