Вы тут

Як прымяняць і комплексны, і частковы падыход да ўладкавання даступнага асяроддзя


Нядаўна ў паліклініцы № 5 Брэста, стоячы ў чарзе да акенца рэгістратуры, давялося назіраць, як маладая жанчына-інвалід з хадункамі павольна пераступала па тактыльных лініях: ішла спачатку да рэгістратуры, потым да ліфта. Было відаць, што, акрамя праблем з апорна-рухальнай сістэмай, яна мае аслаблены зрок. Але з усім спраўлялася сама, без старонняй дапамогі. Падумалася, што так і павінна быць, гэта і ёсць прыкмета культуры і сталасці грамадства — тое самае безбар'ернае асяроддзе, пра якое мы шмат гаворым апошнім часам.


Як трэба

У новай брэсцкай паліклініцы яно цалкам уладкавана. Што характэрна, тактыльныя накіравальныя лініі ўкладзены на пешаходных дарожках ад самага прыпынку грамадскага транспарту. Па іх людзі са слабым зрокам самастойна могуць дабрацца да ўвахода, у які, дарэчы, няма прыступак. Але каля дзвярэй з дапамогай спецыяльнага дадатку на смартфоне можна ўключыць галасавы інфарматар, ён дапаможа арыентавацца ў памяшканні. Тактыльная разметка, якая ёсць на кожным паверсе, прывядзе ў гардэроб, рэгістратуру, да ліфта, затым да кожнага кабінета. Побач з таблічкамі, на якіх пазначаны нумары і надпісы, ёсць таблічкі са шрыфтамі Брайля. Для калясачнікаў у рэгістратуры — спецыяльнае акенца з апушчанай панэллю, каля ўвахода ў «чырвоную зону» і жаночую кансультацыю ёсць пад'ёмнікі. Пацыенты, якія маюць праблемы з маўленнем, з медрэгістратарамі могуць камунікаваць пры дапамозе электроннага сурдаперакладчыка. Што важна, на кожным паверсе маецца спецыялізаваная
прыбіральня.

Шкада толькі, што такая паліклініка ў абласным цэнтры адна. Яна была здадзена ў эксплуатацыю ў студзені 2022 года і ўзводзілася з улікам новых будаўнічых нормаў і комплекснага падыходу да забеспячэння безбар'ернага асяроддзя. Абслугоўвае ўстанова аховы здароўя каля 28,5 тысячы чалавек дарослага насельніцтва, сярод іх без нечага дзве тысячы — людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Як ёсць

Не дзіва, што дадзены аб'ект для наведвання выбралі ўдзельнікі семінара па пытаннях стварэння даступнага асяроддзя. На мерапрыемства прыехалі медыкі, будаўнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый інвалідаў, намеснікі старшынь гар-, райвыканкамаў, іншыя зацікаўленыя асобы. Спачатку глядзелі, як павінна быць, затым раіліся, што патрэбна рабіць на месцах. Наведалі ўдзельнікі нарады Брэсцкі аўтавакзал з усёй адпаведнай разметкай, а таксама некалькі дамоў новай забудовы па вуліцы Вулькаўскай мікрараёна «Лясны парк». У гэтых дамах ёсць усё неабходнае для чалавека з абмежаванымі магчымасцямі, а каля пад'езда нават устаноўлены пад'ёмнікі. Такая інфраструктура даступна пакуль далёка не ўсім інвалідам.

У ходзе семінара была агучана статыстыка: на Брэстчыне пражывае амаль 74 тысячы інвалідаў, у тым ліку 10,4 тысячы інвалідаў па зроку, 1108 — па слыху, 3011 інвалідаў-калясачнікаў. Але ж сёння гаворка ідзе не толькі пра дапамогу гэтым людзям, але і пра катэгорыю суайчыннікаў, якіх вызначаюць як «фізічна аслабленыя грамадзяне». Як падкрэсліла начальнік упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя Грачыха, у нашай краіне грамадзяне ва ўзросце 75+ складаюць крыху больш за паўмільёна чалавек, амаль столькі ж у нас інвалідаў.

— Калі дадаць сюды пенсіянераў, атрымліваецца, што ў катэгорыі фізічна аслабленых асоб — ледзь не трэць насельніцтва, — разважае яна. — У кожным рэгіёне мы вывучаем міжведамаснае ўзаемадзеянне па рабоце з людзьмі з інваліднасцю. Гэта датычыць устаноў аховы здароўя, адукацыі, і асабліва ўважліва — жыллёва-камунальную гаспадарку. Таму што даступнасць у жылым фондзе якраз і дазваляе людзям з абмежаванымі магчымасцямі не заставацца дома, а выходзіць на вуліцу, весці актыўны спосаб жыцця.

Паводле інфармацыі Брэсцкага абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне, толькі за два апошнія гады ў ходзе рэалізацыі падпраграмы «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» ў рэгіёне поўная даступнасць забяспечана на 253 аб'ектах, з якіх 62 — аб'екты сацыяльнай інфраструктуры і жыллёвага фонду. Сёлета запланавана стварыць даступнае асяроддзе яшчэ на 138 аб'ектах, уладкаваць каля 6 тысяч квадратных метраў тратуараў. Больш за ўсё ў дадзеным кірунку робіцца ў абласным цэнтры, а таксама ў Баранавічах, Пінску. Дарэчы, па даступнасці сацыяльнай інфраструктуры Брэсцкая вобласць саступае толькі Гродзенскай, дзе адпаведнымі элементамі абсталявана 35,5 працэнта аб'ектаў, на Брэстчыне ж — 29 працэнтаў. Але разам з тым ёсць раёны, дзе цалкам не абсталявана ніводнага аб'екта.

Што рабіць

Выходзіць, больш за ўсё церпяць у такім сэнсе людзі з глыбінкі і жыхары старых дамоў. Два месяцы таму давялося наведаць інваліда-калясачніка ў Івацэвіцкім раёне. Жанчына піша ва ўсе інстанцыі, змагаецца за стварэнне безбар'ернага асяроддзя ў асобна ўзятым доме. Але ж уладкаваць яго цалкам у «маласямейцы» пабудовы пачатку 1970-х гадоў сёння няма магчымасці. Ды і не толькі інваліды маюць патрэбу ў адпаведнай інфраструктуры. Як ужо гаварылася, вялікую частку насельніцтва ёсць падставы лічыць маламабільнай. Безбар'ернае асяроддзе ствараецца для іх таксама. Раней, на жаль, усе аб'екты будавалі без аглядкі на людзей з асаблівасцямі альбо асаблівымі абставінамі.

Аўтару гэтых радкоў у канцы 1990-х давялося спазнаць, як гэта, калі дзіцячая каляска для двайнят не памяшчаецца ні ў дзверы, ні ў ліфт. Яе магчыма было вынесці на вуліцу толькі ў часткова разабраным і складзеным выглядзе, асобна даводзілася выносіць дзяцей. Пералічанае азначала, што ў адзіночку маці з дзецьмі не магла выйсці на вуліцу. Гэта цяпер выпускаюць каляскі ў выглядзе паравозіка, калі адно месца знаходзіцца спераду ў другога. Тады і шырокую на два месцы дастаць было няпроста. А дзвярныя праёмы, кабіны ліфтаў былі разлічаныя на ўваход аднаго дарослага чалавека... Карацей, да 2007 года ў згаданым кірунку рабілася вельмі мала. Цяпер з рэалізацыяй названай праграмы пайшлі значныя зрухі. Галоўным у такой рабоце ўяўляецца дайсці да ўсіх раёнаў: калі не з поўным, то хоць бы з частковым абсталяваннем асноўных аб'ектаў. Пандусы, поручні павінны быць ва ўсіх крамах, каля ўвахода на пошту, у банк і абавязкова ва ўсіх установах аховы здароўя, а ў апошніх — яшчэ і санвузлы. Тым больш што на наступны год, напрыклад, толькі ў Брэсцкай вобласці на ўладкаванне аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры элементамі даступнага асяроддзя запланавана накіраваць 1,6 мільёна рублёў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».