Вы тут

Дзейнічаць — з разуменнем тых працэсаў, якія адбываюцца. Качанава наведала БІСІ


Наталля Качанава наведала Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. Падчас дыялогу Старшыні Савета Рэспублікі з супрацоўнікамі БІСІ, на якой у тым ліку прысутнічалі кіраўнікі рэгіянальных аддзяленняў, былі абмеркаваны многія актуальныя пытанні. У рамках сустрэчы адбылася прэзентацыя спецыяльнага даследавання інстытута «Сацыяльны партрэт беларускага грамадства». 


Па словах дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алега Макарава, гэта сур’езнае, комплекснае даследаванне. Ëн расказаў, што эксперты і аналітыкі інстытута працавалі над ім некалькі гадоў. Праект стаў вынікам сацыялагічных, аналітычных і іншых даследаванняў. 

Падчас сустрэчы Алег Макараў нагадаў, што Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў быў створаны Прэзідэнтам у 2019 годзе. «Мы былі ўбудаваны ў сістэму дзяржаўных арганізацый: гэта і ўзаемадзеянне з Акадэміяй навук, з міністэрствамі, — заўважыў ён. — Мы ведаем, што вы вельмі ўважліва сочыце за нашай работай. Мы, у сваю чаргу, даём тую інфармацыю, якая патрэбная для кіраўніцтва Савета Рэспублікі, у тым ліку па тых кірунках, якія ўваходзяць у сферу вашай адказнасці». 

Наталля Качанава выказала падзяку дырэктару і калектыву інстытута за тую работу, якую яны праводзяць. Стварэнне інстытута Старшыня Савета Рэспублікі назвала мудрым рашэннем кіраўніка дзяржавы. «Мы разумелі, што нам не хапае такога цэнтра, які б займаўся аналітыкай, прагназаваннем пэўных працэсаў, вывучэннем іх уздзеяння на грамадства, таго, што адбываецца ў нашым грамадстве, па абсалютна ўсіх кірунках жыццядзейнасці нашай краіны, — адзначыла яна. — Гэта і эканоміка, і сацыяльная сфера, і развіццё рэгіёнаў, і тыя асноўныя кірункі, якія вызначаны шостым Усебеларускім народным сходам, яшчэ раней — праграмамі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны». 

Спікер верхняй палаты парламента лічыць важным, што прадстаўніцтвы БІСІ функцыянуюць у рэгіёнах. Прычым гэта, па яе меркаванні, неабходна не толькі вышэйшым, а і мясцовым органам улады. У першую чаргу, для таго, каб кіраўніцтва ўсіх узроўняў разумела ўсе працэсы, якія навокал адбываюцца. У выніку гэта садзейнічае прымаемым рашэнням, якія, па словах Наталлі Качанавай, павінны быць выпрацаваны і сістэматызаваны. 

Па яе словах, інфармацыя, якая паступае ад БІСІ, мае важнае значэнне і для работы Савета Рэспублікі. «З аднаго боку, ты бачыш і разумееш працэсы, якія адбываюцца, — удакладніла спікер. — З іншага, табе даюць аналітыку, якая па выніках аналізу складваецца па тым ці іншым пытанні. Калі мы разглядаем нарматыўна-прававыя акты, якія паступаюць да нас для вывучэння, нам важна ведаць уздзеянне таго ці іншага пытання на грамадства, наколькі актуальная гэтая праблема, якую мы вырашаем, прымаючы той ці іншы заканадаўчы, нарматыўна-прававы акт. Тут важна не памыліцца». 

Напрыканцы сустрэчы Старшыня Савета Рэспублікі пажадала кіраўніцтву і супрацоўнікам інстытута стратэгічных даследаванняў далейшай паспяховай работы. «Пераацаніць і недаацаніць яе нельга, — заўважыла Наталля Качанава. — Тым больш, што вы разумееце, наколькі цяпер свет памяняўся, краіна памянялася, увогуле ўсё змянілася. Таму трэба вельмі тонка гаварыць аб пэўных рэчах, з разуменнем тых працэсаў, якія адбываюцца. Трэба вельмі тонка дзейнічаць у інтарэсах сваёй краіны. Наш Прэзідэнт заўсёды кажа, што ўсе рашэнні, якія прымаюцца, павінны быць на карысць нашай дзяржавы і нашых людзей».

У размове з журналістамі спікер верхняй палаты парламента падвяла вынікі сустрэчы. «Наша супрацоўніцтва з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў вельмі шчыльнае, — заўважыла Наталля Качанава. — Сёння мы гаварылі пра сацыяльную палітыку ў нашай краіне. Яна ўнікальная. Напэўна, не шмат краін можа пахваліцца тым, што стаўка робіцца менавіта на людзей, на тое, што адбываецца сёння ў сістэме аховы здароўя, адукацыі, культуры — гэта тыя даброты, якія атрымліваюць нашы грамадзяне. Мы разумеем, што гэта не проста дадзенасць, павінна быць яшчэ і адказнасць — адказнасць нашых грамадзян за развіццё сваёй краіны. І тут вельмі важнае разуменне таго, што дзяржава вылучае пэўныя сродкі, прычым не малыя. 44% рэспубліканскага бюджэту ідзе на сацыяльныя артыкулы. Калі казаць пра мясцовыя бюджэты, то гэта каля 60%, а то і больш. Гэта сур’ёзныя сродкі, якія накіроўваюцца на нашы сацыяльныя галіны».

Праект, прэзентаваны БІСІ, Старшыня Савета Рэспублікі назвала добрай дапамогай. «Я рада таму, што тое меркаванне, якое было ў нас, сыходзячы з узаемаадносін з людзьмі і тых пытанняў, з якімі звяртаюцца да нас грамадзяне, практычна супала з той аналітыкай, над якой працавалі супрацоўнікі інстытута, — рэзюмавала Наталля Качанава. — Гэта абсалютна правільнае разуменне таго, што адбываецца. Вывучэнне той сітуацыі, якая складваецца на месцах, для нас з’яўляецца вельмі важным». 

Дык у чым сутнасць праекта «Сацыяльны партрэт беларускага грамадства», над якім на працягу трох гадоў працавалі супрацоўнікі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў? Як расказала аналітык БІСІ Святлана Алейнікава, даследаванне ўяўляе сабой вывучэнне грамадства, яго асноўных груп: прафесійных, сацыяльна-дэмаграфічных і іншых. «На аснове праведзеных даследаванняў вылучылі 11 груп і прадставілі партрэт беларускага грамадства ў разрэзе сацыяльна-дэмаграфічных і прафесійных груп, — удакладніла яна. — Галоўнай мэтай было даведацца запыты грамадства, страхі, апасенні, чаканні, мадэлі паводзін, стратэгіі. Для таго, каб на гэтай аснове максімальна эфектыўна і адкрыта выбудаваць дыялог паміж грамадствам і дзяржавай, паміж уладай і людзьмі».

Вынікі даследавання ўказваюць на запыт грамадства на камунікацыю, садзейнічанне, уцягнутасць. «Гэта тры прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ва ўяўленні грамадства, найбольш важных для яго, — патлумачыла Святлана Алейнікава. — У кожнай групы — свае асаблівасці. У моладзі ярка выражаны запыт на самарэалізацыю, прызнанне, поспех. У пенсіянераў найбольшы запыт на дабрабыт сям’і, будучыню дзяцей і ўнукаў. Дарэчы, на будучыню больш за ўсіх арыентаваны менавіта грамадзяне пажылога ўзросту. Для жыхароў гарадоў вельмі важная камунікацыя. Прычым у двух сэнсах: камунікацыя ўлады і грамадства, камунікацыя як зносіны і сувязі, даступнасць інтэрнэту, транспарту і г.д. Для жыхароў сельскай мясцовасці яўны запыт на інфраструктуру, забяспечанасць, сацыяльныя стандарты. Грамадства адчувае цяперашняе. Любая імітацыя, фармалізм сучасным грамадствам не ўспрымаюцца». 

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.