У красавіку колькасць здзелак куплі-продажу кватэр у Мінску ў параўнанні з сакавіком знізілася, але ўсё роўна аказалася рэкорднай. Продажы кватэр у сталіцы трохі скараціліся: па папярэдніх даных у красавіку купілі 1488 кватэр, што на 3,2 % менш, чым у папярэднім месяцы. Аднак бягучы ўзровень попыту з'яўляецца максімальным для красавіка за ўсю гісторыю назіранняў. Адмоўную дынаміку паказаў і ўзровень прапановы. За ўвесь красавік у сталічнай базе знаходзілася больш за 16,7 тысячы аб'яў, што на 7 % менш, чым у сакавіку.
Згодна з аналітыкай галоўнага жыллёвага партала сталіцы, у мінулым месяцы найбольшую перавагу пакупнікі традыцыйна аддавалі аднапакаёвым кватэрам. Аднак іх доля ў агульным ліку здзелак за месяц злёгку знізілася і цяпер склала 40 %. Двухпакаёвыя кватэры выбіралі ўжо часцей — у 36 % (было 32 %) выпадкаў. Каля 20 % усіх здзелак прыйшлося на трохпакаёвыя кватэры.
Аналітыкі партала адзначаюць, што ў новых гатовых дамах кватэры ў мінулым месяцы куплялі толькі ў 8 % выпадкаў, што крыху менш, чым у сакавіку. Сярод раёнаў часцей за іншых выбіралі Фрунзенскі, Цэнтральны і Кастрычніцкі, радзей — Маскоўскі і Партызанскі. Менш, чым у іншыя месяцы, пакупнікі цікавіліся кватэрамі ў тыпавых і сучасных панэльных дамах: іх доля знізілася на 3 %. У той жа час часцей выбіралі сучасныя каркасныя дамы — іх доля павялічылася на 5,3 % і склала 24 % ад усіх здзелак.
На думку нашага эксперта, ганаровага старшыні Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць», дырэктара агенцтва нерухомасці «БЕЛЦТН» Мікалая Прасталупава, цяпер цэны на кватэры на другасным рынку жылля стабілізаваліся, аднак у Мінску назіраецца вельмі цікавая сітуацыя. Кватэр з добрым аздабленнем (па прымальнай цане) у галоўным горадзе краіны аказалася не вельмі і шмат. Таму пры стабільным попыце цалкам гатовыя для жылля кватэры апошнім часам нават трохі падаражэлі. Калі мінімальны цэннік на стандартныя аднапакаёвыя кватэры пачынаецца з 38 тысяч долараў, то цалкам гатовая да засялення кватэра прапануецца ўжо не ніжэй за 43 тысячы долараў.
Як ні дзіўна, але сярэдні кошт прададзеных у Мінску кватэр за красавік знізіўся на 0,2 % і склаў 1319 долараў за квадратны метр. Аднак у разрэзе колькасці пакояў танней сталі толькі трохпакаёвыя — на 2,2 %. У астатніх выпадках «квадрат» стаў даражэйшы. У залежнасці ад колькасці пакояў сітуацыя была наступнай:
Ледзь вышэй мы разглядалі цэны выключна прададзеных на рынку кватэр. Сярэдняя цана кватэр прапановы за красавік, наадварот, паказала станоўчую дынаміку.
У параўнанні з папярэднім месяцам яна вырасла на 2,2 % — да 1282 долараў за квадратны метр.
Такі рост сярэдняй цаны кватэр у аб'явах звязаны з тым, што ў красавіку шэраг сталічных агенцтваў павышалі цэны ў сваіх аб'явах аб продажы кватэр у асобных новабудоўлях пераважна Кастрычніцкага раёна. Разам з тым варта адзначыць, што ў мінулым месяцы прадаўцы павышалі цэны на самыя бюджэтныя і самыя дарагія кватэры досыць раўнамерна.
У красавіку, як і ў папярэднім месяцы, у большасці мікрараёнаў сталіцы назіраўся рост сярэдняга кошту кватэр. Найбольш кошты павялічыліся на кватэры ў жыллёвай забудове «Мінск-Мір», на ўчастках «Арлоўская — Даўгінаўскі тракт» і «Велазавод». У той жа час найбольшае зніжэнне коштаў назіраецца па наступных мікрараёнах: «Курасоўшчына», «Ульянаўская — Чырвонаармейская», «Старажоўская — Оперны тэатр».
Эксперты адзначаюць, што рост колькасці здзелак у мінулым годзе шмат у чым выкліканы з'яўленнем на другасным рынку вялікай колькасці кватэр «Мінск-Міра», рост цэн — адтуль жа, паколькі прадаўцы выстаўлялі жыллё за больш вялікі кошт, чым яны заплацілі ў працэсе будаўніцтва. Акрамя таго, вялікую актыўнасць пры куплі і будаўніцтве кватэр у гэтым праекце праявілі рэгіянальныя пакупнікі.
Дзіўны факт: калі ў Мінску мы назіралі рост колькасці здзелак і сярэдніх цэн, то рэгіёны ў цэлым па годзе звычайна прытрымліваліся тэмпу і накіраванасці сітуацыі ў сталіцы. Аднак у 2022 годзе сітуацыя некалькі змянілася. Дынаміка цэн і колькасці здзелак у рэгіянальных гарадах была рознанакіраванай: дзесьці назіраўся рост, дзесьці — зніжэнне. Як правіла, гэтыя змены вар'іраваліся ў дыяпазоне плюс-мінус 4 %. Больш за ўсіх здзівіў і «вызначыўся» Мазыр, дзе цэны за апошні квартал 2022 года выраслі на 17 %.
Па меркаванні большасці экспертаў, цэны залежаць ад вельмі шматлікіх фактараў. Гэта сабекошт будаўніцтва, апетыты забудоўшчыкаў, узровень рэальных даходаў насельніцтва, даходнасць укладанняў у нерухомасць (суадносіны кошту нерухомасці і велічыні арэндных ставак), чакання прадаўцоў і пакупнікоў адносна росту/зніжэння коштаў, даступнасць і прыбытковасць для насельніцтва іншых інструментаў атрымання даходу (прадпрымальніцтва, фондавы рынак і іншае). Сукупнасць гэтых фактараў і фарміруе тыя цэны, якія мы назіраем.
Што датычыцца цэн, то ў сталіцы за мінулы год у львінай долі здзелак (да 93 %) цана кватэр была да 100 тысяч долараў у эквіваленце. Падобныя лічбы чакаюць нас і па выніках гэтага года.
Аналітыкі лічаць, што ў бягучай эканамічнай сітуацыі цэны дасягнулі свайго максімуму, іх істотнага росту ні ў адным з сегментаў па выніках 2023 года не чакаецца.
На думку Мікалая Прасталупава, першасны рынак — гэта «лакаматыў» усяго рынку нерухомасці з пункту гледжання цаны. Забудоўшчыкі хутчэй, чым насельніцтва, рэагуюць на змяненне сітуацыі і ў сферы, і ў эканоміцы ў цэлым. Таму, калі зніжаюць цэны забудоўшчыкі, то праз нейкі час памяншаюць свае апетыты і індывідуальныя прадаўцы. Сур'ёзных змен ні ў той, ні ў іншы бок не будзе, і па выніках года мы ўбачым прыблізна тыя ж лічбы, што і ў пачатку 2023 года.
У нашых чытачоў узнікае, як правіла, адно пытанне: калі лепш за ўсё ісці на рынак па пакупкі? Як ні дзіўна, больш выгадна набываць нерухомасць у крызісны час, падчас змяншэння колькасці здзелак, нявызначанасці з пункту гледжання цаны і далейшых тэндэнцый рынку. Менавіта ў такія моманты забудоўшчыкі прапануюць самыя «смачныя» цэны, а індывідуальныя прадаўцы гатовыя ісці на сур'ёзны гандаль. Такая сітуацыя ярчэй за ўсё апошні раз была ў канцы 2020-га — першай палове 2021 года.
Па выніках 1-га квартала гэтага года прадаўцы кватэр у сталіцы, натхнёныя ростам попыту ў канцы 2022 года, паднялі цэны ў сярэднім на 4,3 %. Рэальныя пакупнікі з такой пастаноўкай пытання не пагадзіліся. Чакана, што адбылося зніжэнне колькасці здзелак у параўнанні з 4-м кварталам 2022 года, прычым адразу на 23,4 % (з 4980 да 3812 здзелак за квартал). Далей сітуацыя, на думку аналітыкаў, будзе развівацца ў напрамку збліжэння пазіцый прадаўца і пакупніка.
На тых, хто прадае, будуць ціснуць такія фактары, як павелічэнне тэрміну продажу нерухомасці, зніжэнне прывабнасці ўкладання грашовых сродкаў у кватэры. Бягучая карэкціроўка курсу беларускага рубля таксама прымусіць задумацца аб зніжэнні цаны ў доларавым эквіваленце. Так званыя «чыстыя пакупнікі» (тыя, хто мае грашовыя сродкі на руках) рана ці позна ў гэтай сітуацыі прымусяць «адумацца» прадаўцоў, што прывядзе да карэкціроўкі бягучай сярэдняй цаны на другасным рынку.
Калі разглядаць кароткую перспектыву, то, на думку Мікалая Прасталупава, да восені на нашым рынку ўзнікне часовы дэфіцыт стандартных кватэр з якасным рамонтам. Ужо цяпер па многіх пазіцыях (асобныя будаўнічыя матэрыялы) назіраецца звужэнне агульнай прапановы і досыць важкі рост цэн. Улічваючы гэтыя факты, прадаўцы кватэр будуць вымушаныя злёгку падняць цэны на цалкам гатовае жыллё. Улетку на рынку жыллёвай нерухомасці, як правіла, назіраецца мёртвы сезон. А вось у верасні або кастрычніку чакаецца павышэнне цэннікаў на кватэры ў сярэднім на 3—5 %, лічыць наш эксперт.
Цэны на нерухомасць у абласных гарадах паказалі апераджальную дынаміку ў параўнанні са сталіцай з пункту гледжання росту цэн. Так, за І квартал года кошт прапановы на кватэры ў Брэсце вырас на 2,6 %, а за апошні год змяненне кошту склала 6 %. Бягучая цана квадрата тут — 866 долараў за квадратны метр. Гэта самае высокае значэнне сярод абласных цэнтраў.
У Гомелі цэны на кватэры выраслі на 1,6 % за квартал і 11,4 % за год, у сярэднім кватэру тут ацэньваюць у 704 долары за «квадрат».
Гродна падцягваецца за астатнімі абласнымі цэнтрамі: у сярэднім за квадратны метр жылля тут просяць 793 долары, што на 3,1 % больш, чым у мінулым квартале і на 7,6 % вышэй, чым год таму. Гэта па-ранейшаму другі па кошце жылля абласны цэнтр Беларусі.
Ушчыльную да Гродна наблізіўся Магілёў, дзе сярэдні кошт прапановы склаў 762 долары за квадратны метр (+4 % за квартал, +11,7 % за год). Самы танны з абласных цэнтраў — па-ранейшаму Віцебск. Тут прадаўцы просяць за квадрат у сярэднім 690 долараў (+7,1 % за квартал і 12 % за год).
Найбуйнейшы партал традыцыйна прыводзіць даныя па кошце жылля найбуйнейшых гарадоў суседніх краін. У Кіеве цэны на кватэры знізіліся да 1446 долараў за квадратны метр (-34,5 % за апошнія 12 месяцаў), у Маскве і Санкт-Пецярбургу выраслі да 3331 і 2556 долараў за квадратны метр (+31,9 % і +44,9 % адпаведна). Кватэру ў Варшаве можна купіць у сярэднім за 3189 долараў за квадратны метр (+0,3 %), у Вільнюсе — 2718 долараў за «квадрат» (+13,9 %).
Самая дарагая кватэра, набытая на другасным рынку ў красавіку 2023 года, абышлася пакупніку ў 650 тысяч долараў у эквіваленце. Яна была пяціпакаёвай, агульнай плошчай 538,2 квадратнага метра і размяшчалася на вуліцы Вяснінка. Гэта таўнхаус. Кошт квадратнага метра склаў 1208 долараў.
Сяргей КУРКАЧ
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.