Вы тут

У Віцебску завяршыўся Міжнародны эканамічны форум


У горад на Дзвіне пасля перапынку вярнулася галоўная эканамічная падзея Віцебскай вобласці — Міжнародны эканамічны форум, які прайшоў у культурнай сталіцы ў адзінаццаты раз. Сёлета ў Сінявокую завіталі прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам, Кітая, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Узбекістана, Індыі, Ірана, Пакістана, Ізраіля. У межах эканамічнага форуму было падпісана шэсць рознафарматных дакументаў аб развіцці межрыгіянальнага партнёрства, а таксама аб узаемадзеянні паміж прадпрыемствамі, установамі адукацыі Віцебшчыны і рэгіёнамі Расіі і Кітая.


Свой эканамічны, турыстычны, адукацыйны і інвестыцыйны патэнцыял на плошчы каля Летняга амфітэатра прадставілі звыш 100 прадпрыемстваў і 10 устаноў адукацыі паўночнага рэгіёна. Кожная са шматлікіх пляцовак прываблівала гасцей і ўдзельнікаў не толькі каляровымі фотазонамі, але і навінкамі вытворчасці, выпушчанымі спецыяльна да галоўнай эканамічнай падзеі вобласці.

Так, Аршанскі мясакансервавы камбінат прывёз на форум варана-вэнджаную тушу індычкі і свіную рульку, якую змаглі паспрабаваць усе. «Пакуль гэтыя прадукты не запушчаны ў вытворчасць, але дэгустацыя паказала, што мяса птушкі карыстаецца вялікім попытам. Тым больш, што яно вырашчана таксама на філіялах нашага прадпрыемства. На выставе-дэгустацыі мы прапаноўвалі навінкі — кансерву „Народную“ з тушанай ялавічыны, каўбасу сыравяленую першага сорта „Шунджук“. У бліжэйшы час Аршанскі мясакансервавы камбінат парадуе пакупнікоў зноў: у распрацоўцы знаходзяцца тры віды дзіцячага харчавання ў кансервах», — адзначылі прадстаўнікі АМКК.

ААТ «Віцебскхлебпрам» прывёз на выставу два эксклюзіўныя віды хлеба, якія ў першы дзень форуму адправіліся на вітрыны толькі фірменных крам. «Жытні дар» і «Жытнія традыцыі» — новы хлеб без дабаўлення цукру і пшанічнай мукі — стаў адказам прадпрыемства на павышаны запыт пакупнікоў. Такія хлебабулачныя вырабы лічацца дыетычнымі і карыснымі, вырабленымі па складанай 4-стадыйнай тэхналогіі. «Смачна, незвычайна. І колер такі прыемны, соладавы», — адзначае адзін са шматлікіх наведвальнікаў пляцоўкі Віцебскхлебпрама.

Турыстычны патэнцыял Віцебскай вобласці быў прадстаўлены аграсядзібамі і комплексамі. Сярод іх — «Чырвоны Бор» Верхнядзвінскага раёна, які размяшчаецца на беразе возера Белае. Тут знойдзецца справа па душы аматарам палявання і рыбалоўства, прыхільнікам актыўнага адпачынку. Турыстаў з усіх краін свету запрашаюць наведаць экскурсію па пчальніку і паўдзельнічаць у майстар-класе па варцы самагонкі.

Сярод прадстаўнікоў устаноў адукацыі вобласці былі студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Будучыя будаўнікі прама на пляцоўцы форуму ў рэжыме рэальнага часу прэзентавалі свой праект-пераможцу абласнога этапа конкурсу прафесійнага майстэрства «ProfSkills». Побач адбываліся майстар-класы па абліцоўванні пліткай і малярна-дэкаратыўнай рабоце.

На адкрыцці форуму старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што ініцыятывы і мерапрыемствы, прапанаваныя на форуме, дапамогуць інвестарам вызначыць, якія з іх маюць больш перспектыўны патэнцыял. «Мы арыентуемся на стварэнне прынцыпова новых вытворчасцей, глыбокую мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне дзеючых прадпрыемстваў, стварэнне высокапрадукцыйных рабочых месцаў ва ўсіх галінах эканомікі. У кожным раёне нашай вобласці ёсць магчымасці для сумеснай дзейнасці. Прадпрыемствы паўночнага рэгіёну могуць выступаць надзейнымі партнёрамі ў рэалізацыі самых перадавых інвестыцыйных ідэй», — падкрэсліў кіраўнік вобласці.

 

Фота: «Витебские Вести».

Ён уручыў Ганаровыя граматы абласнога выканаўчага камітэта прадпрыемствам і арганізацыям за высокія дасягненні ў развіцці галін эканомікі Віцебскай вобласці і прыцягненне інвестыцый, а таксама маладым вучоным.

На выніковым мерапрыемстве ўзнагародзілі 19 арганізацый Віцебскай вобласці, якія сталі пераможцамі конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» 2022 года. Званне лаўрэатаў гэтага конкурсу ўдастоены 34 тавары прадпрыемстваў паўночнага рэгіёну. Унагароды атрымалі і прадстаўнікі моладзі за поспехі ў вучобе і ўдзел у розных конкурсах прафмайстэрства, а таксама 8 прадпрыемстваў Віцебшчыны, якія сталі па выніках работы мінулага года лаўрэатамі прэміі аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці.

У наступным годзе арганізатары форуму плануюць прадставіць пляцоўкі для прэзентацыі не толькі прадпрыемствам вобласці, але і замежным партнёрам. «Форум прайшоў пазітыўна, абстаноўка на прэзентацыйнай пляцоўцы адкрытая, дыялогавая. Было шмат удзельнікаў секцый. Амаль 70 прадпрыемстваў падключыліся да форуму ў рэжыме анлайн. Вельмі цесна абмяркоўваліся пытанні кааперацыі і інтэграцыі. Ужо ёсць пэўныя намеры па супрацоўніцтве ў частцы паставак харчовай, ільнопрадукцыі, дамоўленасці па пастаўках віцебскіх пад’ёмнікаў. На розных пляцоўках людзі размаўлялі, абменьваліся кантактамі. І нават зараз, у другі дзень форуму, бачны водгук: прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў тэлефануюць, пытаюцца аб пэўных прадпрыемствах. На дэманстрацыйную пляцоўку прыходзіць шмат моладзі: яна знаёміцца з установамі адукацыі, якія тут прадстаўлены. У цэлым госці і ўдзельнікі станоўча адазваліся аб арганізацыі такіх сумесных лакацый, дзе суседнічаюць прадпрыемствы і ВНУ, ССНУ вобласці. Усе цікавяцца, дзе рыхтуюць кадры для тых ці іншых прадпрыемстваў і арганізацый, таму такі сімбіёз дае станоўчыя вынікі», — перакананая намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».