Вы тут

Выставы, квэсты, народная дыскатэка. Ноч музеяў у Магілёве працягваецца


Міжнароднае музейнае свята ў Магілёве з кожным годам становіцца усё больш маштабным і масавым. І хаця першыя мерапрыемствы ў музеях у гэты дзень пачынаюцца каля 18 гадзін вечара, народ сцякаецца да іх загадзя. Хочацца пазнаёміцца з усімі тымі сюрпрызам, што падрыхтавалі арганізатары. Гульняў, квэстаў, выстаў, экскурсій, падарожжаў, тэатралізаваных пастановак столькі, што не хапае часу ўсе ахапіць. Нават прадчуванне свята падымае настрой! З усіх бакоў гучыць старадаўняя музыка, чутны спевы, жарты, у паветры лунаюць смачныя пахі.


У Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Я. Раманава і музеі этнаграфіі з 18.00 да 24.00 было людна: цікава ж даведацца, што там за інтрыгуючай назвай праграмы «Казкі нанач». Адбылася прэзентацыя новых экспазіцый і музейных выданняў, выступленні музычных калектываў. На ўваход у абодва музеі дзейнічаў адзіны білет: для дарослых — 9 рублёў, дзіцячы — 4,5 рублі, наведвальнікам да 7 гадоў дазвалялася праходзіць бясплатна.

— Мы заўсёды з натхненнем рыхтуемся да нашага майскага свята "Ноч музеяў!" — адзначыла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Аляксандра Буракова. — На гэты раз фотаклуб «Вясёлка» прымеркаваў да падзеі цікавую фотавыставу «Чалавек у музеі». Наогул сюрпрызаў было шмат. У кожнай экспазіцыі была свая праграма, гульня, квэст.
Разыначкай сталі казкі Еўдакіма Раманава, імя якога носіць музей. Дзятва была ў захапленні ад сустрэч з казачнымі героямі. Сімпатычныя валанцёркі з МДУ імя Куляшова ў касцюмах літаратурных персанажаў прапаноўвалі адгадаць прадметы, з якіх казак знаходзяцца ў іх чароўным мяшочку. Наогул пытанняў на веданне казак і народных паданняў было шмат. Наведвальнікі ўгадвалі мелодыі, урыўкі з казак, пераводзілі з беларускай мовы на рускую прымаўкі і прыказкі. Для Магілёва з яго плошчай Зорак астраном – такі ж родны персанаж, як і той жа леў. Ён таксама завітаў у музей у такі сімвалічны дзень. І ўсім жадаючым уручаў граматы. 

Каля Ратушы (музея гісторыі Магілёва) і Выставачнай залы на вуліцы Болдзіна назіраўся аншлаг. Тут прапаноўвалі праграму «Ключы ад мінулага». Да 23.00 у самім музеі і на пляцоўцы каля яго адбываліся тэатралізаваныя пастаноўкі, канцэрты сярэднявечнай музыкі, танцы, гульні з удзелам мімаў і роставых ляляк. У вясёлым стыхійным перфомансе змяшаліся персанажы і эпохі — побач адно з адным суіснавалі фрэйліны, сялянкі ў народных касцюмах, казачныя феі, рыцары перыяду Залатой арды (ад магілёўскага клуба «Ястржэмбец»).

Віталь Сухаркоў, старшы навуковы супрацоўнік музея, у касцюме шляхціча знаёміў наведвальнікаў з гісторыяй горада. Адзін з экспанатаў— шахматы, напрыклад, нагадваў пра падзеі Паўночнай вайны. Шахматныя фігуры зроблены ў выглядзе гістарычных персанажаў. На дошцы – Пётр I з жонкай Кацярынай і паплечнікам Александрам Меншыкавым, з другога боку – швецкі кароль Карл са сваёй світай. Такі вось падарунак зрабіў калісьці вядомы грамадскі дзеяч і мецэнат Валерый Казакоў. Як заўсёды, народу цікава было паглядзець на рэдкае выданне Статута ВКЛ, якое з'явілася ў музеі дзякуючы клопатам спонсараў, напрастольнае срэбранае Евангелле, унікальныя рыцарскія даспехі, знойдзеныя ў рацэ Віхра Мсціслаўскага раёна. А па картах Таро вунь з той вітрыны нашы продкі даведваліся пра будучае. Задуменна глядзіць на наведвальнікаў з абраза Божая маці Адзігітрыя. Эксперты ўстанавілі, што напісана яна ў другой палове XIX стагоддзя. У музей трапіла са Слаўгарада. Была знойдзена там у адным з закінутых дамоў і адрэстаўраваная. Пра гэтыя і іншыя экспанаты расказвалася падчас экскурсій, якія праводзіліся кожную гадзіну.

Намеснік дырэктара музея гісторыі Магілёва Наталля Лепяцёнак паведаміла, што праграма «Ключы ад мінулага» рыхтавалася з разлікам здзейсніць падарожжа ў XVIII стагоддзе. Музей аб’яднаў сваю праграму з інклюзіўным арт-праектам. Знакаміты магілёўскі музыкант і дырыжор Мікалай Варапай, дарэчы, цалкам не відушчы, граў на музейным баяне. 

Шмат прыхільнікаў сабралі аўтэнтычныя спеўкі, старадаўнія гульні і забавы. Модніцы падчас Fashion- паказу ацанілі нарады ад сучасных дызайнераў. А аматары Сярэднявечча навучыліся беларускім танцам гэтага перыяду. Мастакі і рамеснікі паказвалі майстар-класы. Было не сумна. Асабліва тым, хто скарыстаўся паслугамі сярэднявечай карчмы. 

А Выставачная зала на вуліцы Болдзіна сабрала дзяцей на захапляльную пастаноўку Тэатра гульні Тэрыторыя творчасці «Лятаючае мышаня». Якраз у тэму выставы, якая там праходзіць. 

Дзверы Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. Масленікава былі адкрытыя для наведвальнікаў да апоўначы. Тут у рамках мерапрыемства «Мастацтва для народа» працавалі шматлікія канцэртныя, мастацкія,літаратурныя пляцоўкі. Музейныя работнікі чыталі вершы, запрашалі на танцы. Для асаблівых наведвальнікаў з захворваннямі слыху і зроку была арганізаваная асобная праграма.

Ноч музеяў плаўна перайшла ў дзень і працягвае інтрыгаваць жыхароў горада. Да сябе ў госці запрашае музей імя В. Бялыніцкага-Бірулі на пешаходнай вуліцы Ленінскай. У праграме вернісаж, выставы, экскурсіі, канцэрт, інтэлектуальная гульня. Завершыцца музейнае свята беларускімі народнымі танцамі ва ўтульным дворыку музея. Пачатак «дыскатэкі» а палове восьмай вечара. Не прапусціце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.