«Вялікі тэатр Беларусі ў партрэтах і асобах» — гэта расповед не толькі пра гісторыю даўжынёй у 90 гадоў, хоць яна і значная. У ёй былі свае героі, легенды, творы, што склалі гонар і сталі візітоўкамі. Але што значыць «былі», калі тэатр жыве? Тэатр — гэта не толькі будынак, створаны архітэктарам Іосіфам Лангбардам, прытым што ён стаў для тэатра домам. Мяняюцца пакаленні і часы, але ва ўсе эпохі і ў любой краіне тэатр ствараюць людзі, якія яму служаць.
Гэтая праграма была ў іх гонар і з пашанай да тых, для каго яны працуюць. Фанфары для тых, хто жыве тэатрам (у складзе трупы і не толькі)! У прыватнасці, фанфары з уверцюры да оперы «Арфей» Клаўдзіа Мантэвердзі, якія гучаць ужо пятае стагоддзе — толькі ўдумайцеся, якая творчая энергія за гэтымі гукамі, што можна лічыць сімвалам жывой традыцыі, якая жывіць сучаснасць. Невыпадкова ў нас у гэтыя дні шмат разважаюць пра традыцыі ў сучаснасці і глебу для развіцця ў кантэксце юбілею Вялікага. Таму прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, які стаў госцем урачыстага вечара, зачытаўшы віншаванне прэзідэнта Беларусі, дадаў: «Я ўпэўнены, што тэатр парадуе нас шматлікімі агністымі пастаноўкамі, якія заўсёды выклікаюць фурор у глядзельнай зале».
А далей сцэна, якая ў той вечар падавалася проста велізарнай, адкрыла публіцы асоб самых розных службаў тэатра — ад глядацкай да тэхнічнай, швачак касцюмаў, мантажнікаў дэкарацый, прыбіральшчыц, памочнікаў рэжысёраў — карацей, усіх тых, хто датычны да гэтага свята, але чыя праца не навідавоку. Можа быць, некаторыя з іх упершыню пачулі ў свой адрас «Брава!» і апладысменты не меншыя, чым музыканты аркестра, артысты хору, балета і оперы. Шэсце супрацоўнікаў тэатра стала ці не самым моцным па эмоцыях момантам вечара. Сапраўды, вялікі калектыў, які варты вялікай увагі. Што і падкрэсліла галоўны рэжысёр тэатра Ганна Маторная, якая працавала над праграмай як пастаноўшчык:
— Падчас гала-канцэрта некалькі разоў гучыць слова «брэнд». Мне здаецца, для краіны важна, калі ёсць месца, якое стварае асаблівую, непаўторную, ні на што не падобную атмасферу. Гэты тэатр не падобны ні на які іншы тэатр свету. Ён не падобны ні на якую іншую з'яву, якая ёсць у нашай краіне. Наведванне Вялікага тэатра для чалавека становіцца сапраўднай падзеяй. Таму мы не проста перагортваем старонкі гісторыі, бо тэатр ствараецца і рухаецца наперад. Калі чалавек азіраецца назад, то бачыць, што назапашана, што створана раней, гэта асэнсоўваецца і з'яўляецца незвычайная ўдзячнасць да папярэднікаў. У нас дзесяць гадоў да стагоддзя, каб тэатр расквітнеў яшчэ больш. Бо гэта не толькі будынак, а яшчэ і дзівосны калектыў розных людзей, якія пакідаюць тут часцінку сваёй душы.
Пра тэндэнцыі і развіццё казала і Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава:
— Традыцыі дзіўным чынам перадаюцца праз пакаленні. Калі казаць пра стрыманасць, то яна, безумоўна, у тым, што тэатр рэпертуарна акадэмічны. Але тут ёсць спектаклі, якія можна знайсці ў афішах вядучых тэатраў свету. Так і павінна быць: гэта акадэмізм, праз які ідзе адукацыя. Аднак мы сёння імкнёмся пашыраць межы, таму што ў нас расце моладзь, якая шырока адкрытая свету, і яна бачыць, чуе і разумее тэндэнцыі. Безумоўна, нам тое трэба развіваць. І ўзнімаць лінію нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Калі мы рыхтавалі матэрыял да выстаўкі ў гонар юбілею і звярнуліся да вытокаў тэатра, пераканаліся ў тым, што перш за ўсё на гастролі вывозілі і паказвалі не агульнасусветнае, а менавіта свой матэрыял — сваіх кампазітараў, харэаграфічныя пастаноўкі. Гэта было прыярытэтам. Але калі ў тыя часы кампазітары прыносілі партытуры ў тэатр, то сёння мы запрашаем кампазітараў. Гэта трэба выпраўляць! Сёння мы ідзём рознымі шляхамі, і гэта непазбежна, у гэтым пэўная жывасць і дынамізм.
Пра тое, як было раней, могуць распавесці творцы-легенды. І асобны дзякуй за магчымасць убачыць на сцэне людзей, якія калісьці тут танцавалі, спявалі. Ветэранам тэатра публіка аддала частку пашаны — шмат хто ў зале бачыў іх у рабоце і мог захапляцца. І вось яны, такія ж пазнавальныя ды актыўныя, бо шмат хто і цяпер дапамагае калектыву, займаючыся з моладдзю. Напрыклад, народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, якая сёлета адзначае 30 гадоў работы ў якасці галоўнага хормайстра тэатра:
— Я прыйшла ў тэатр у 1976 годзе, яшчэ студэнткай 3-га курса кансерваторыі. Мне пашчасціла працаваць з рэжысёрамі, дырыжорамі, імёны якіх увайшлі ў гісторыю. Усе яны для мяне былі жыхарамі неба. Потым ужо зразумела, што за кулісамі існуе сваё жыццё. Я ўлюбілася ў тэатр. Прапрацаваўшы тут 46 гадоў, кажу дзякуй богу, што мяне сюды паставіў, што я магу браць у рукі геніяльныя партытуры, што магу сказаць сваё, хоць маленькае, слова, чымсьці дапамагчы беларускаму рэпертуару. Тэатр — гэта талент. Нездарма ў Вялікую Айчынную вывезлі ў эвакуацыю перш за ўсё Вялікі тэатр — такія людзі бясцэнныя.
А Ігар Колб палічыў, што колькасць яго гадоў складае цяпер роўна палову ад таго, што пражыў наш тэатр, куды ён вярнуўся пасля гадоў служэння ў Марыінскім тэатры Расіі, а цяпер прапаноўвае сваю харэаграфію ў якасці галоўнага балетмайстра:
— Як бы мы ні хацелі падзяліць асабістае жыццё і працоўныя моманты, гэта немагчыма. Для нас тэатр — гэта і ёсць жыццё. Паколькі я скончыў Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча, мяжой мар было трапіць у гэты тэатр. І на сённяшні дзень цікавасць да нашага тэатра настолькі вялікая, што мы зноў разглядаем папаўненне ў балетную трупу.
Дарэчы. Выхаванец беларускай балетнай школы Эвен Капітэн прыехаў павіншаваць Вялікі тэатр Беларусі. За гады ў нашым тэатры ён набыў вядомасць сярод публікі як «беларускі француз», але цяпер ужо прыязджае як госць ад Марыінскага тэатра Расіі. Але глядзіш на іх дуэт з Людмілай Хітровай у балеце «Рамэа і Джульета» ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра Беларусі Валянціна Елізар'ева і думаеш: вось бы і далей тут яго бачыць бо надта хораша глядзіцца ў вобразах, што нарадзіліся на гэтай сцэне. Праўда, што ў класічныя спектаклі лёгка ўваходзяць прафесіяналы, з якога б тэатра свету яны ні былі. А тым больш калі гэта госці з Вялікага тэатра Расіі, яны ўпрыгожаць і балет, пастаўлены Елізар'евым. Вось толькі прайшла прэм'ера «Дон Кіхота», а эпізоды з яго ў святочны вечар выканалі прыма-балерына Вялікага тэатра Расіі бліскучая Ганна Нікуліна і прэм'ер Арцемій Белякоў. Шыкоўна, што тут скажаш...
Але публіка душэўна — як зорак — прымала і айчынных артыстаў оперы: Ніну Шарубіну, Аксану Волкаву, Настассю Масквіну, Алену Бундзелеву, Аксану Якушэвіч, Таццяну Гаўрылаву, Уладзіміра Громава, Дзмітрыя Шабецю, Сяргея Франкоўскага, Андрэя Валенція, Юрыя Гарадзецкага, Станіслава Трыфанава... Ды артыстаў балета Марыну Вежнавец, Людмілу Хітрову, Антона Краўчанку, Юрыя Кавалёва, Канстанціна Белахвосціка, Дзяніса Шпака... Усіх, хто быў заняты ў гала-канцэрце, не пералічыць, бо гэта літаральна ўся трупа, што складаецца з опернай і балетнай частак. Магчыма, такая павага да айчынных артыстаў — адно з галоўных дасягненняў апошніх гадоў: мы вучымся шанаваць сваё. Мы імкнёмся яго ведаць.
Гэта адзначалі і знакамітыя асобы з розных сфер дзейнасці, якія з вялікага экрана адрасавалі віншаванне Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Адзначалі, што з дня свайго заснавання Вялікі тэатр стаў флагманам развіцця культуры, менавіта таму ўсе значныя крокі на яго шляху выклікаюць вялікую ўвагу і цікавасць.
Таму перад пачаткам і ў антракце гледачы канцэнтраваліся ў фае, дзе размясціліся экспазіцыі, падрыхтаваныя да юбілею: твораў выдатных беларускіх мастакоў, эскізаў тэатральных касцюмаў, фотаздымкаў, што выклікалі асаблівую цікавасць, бо паказалі будынак, у якім тэатр пражываў розныя часы ад таго моманту, калі навокал амаль нічога не было...
Выстаўка гістарычных фотаздымкаў з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава — падарунак да юбілею тэатра. Калекцыянер прадставіў матэрыялы, якія яшчэ ніколі не паказваліся шырокаму колу гледачоў. Але дзякуючы яму ёсць цудоўная магчымасць паглыбіцца ў гістарычны свет не толькі самога будынка, але і кантэксту, у якім ён пражываў свае гады.
— Фотаздымкі — гэта нямыя сведкі гісторыі. Яны не хлусяць: як было, тое і адлюстроўваюць, — кажа Уладзімір Ліхадзедаў, гісторык, аўтар праектаў «У пошуках страчанага» і «Бацькаўшчына». — Дзякуючы гістарычным фотаздымкам мы можам паглыбіцца ў розныя эпохі, зразумець, якім бачылі тэатр і тэатральнае мастацтва нашы бацькі і дзяды. Цяпер рыхтуецца кніга пра Вялікі тэатр Беларусі, дзе будзе прадстаўлена шмат унікальнай інфармацыі і фотаздымкаў, дакументаў, якія раней не друкаваліся.
Выстаўка з розных частак, што размешчаныя ў фае, адлюстроўвае рэальнасць, якая рухаецца. А паколькі нішто не захоўвае моманты гісторыі больш відавочна, чым фотаздымкі, ды нішто не перадае дух творцаў той гісторыі лепш, чым жывапісны партрэт, кампазіцыю выстаўкі вызначылі менавіта два згаданыя віды мастацтваў. Гісторыя тэатра — гэта гісторыя ў вобразах, створаных тымі, хто закладваў імідж тэатра. А яшчэ — выдатныя артысты балета і оперы. Цудоўна, што беларускія мастакі здаўна стваралі партрэты адметных людзей, і гэта не толькі легендарная спявачка і дырэктар Ларыса Александроўская. Гледачы больш сталага веку могуць памятаць многіх з іх на сцэне. Тым, каму не пашчасціла заспець іх талент, далучыцца да легендаў можна праз мастацкія творы, якія будуць жыць там, дзе засталася іх душа.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.