Вы тут

У Заслаўі адкрыўся першы ў Беларусі Музей маляванкі


Рахманы леў, пяшчотныя лебедзі, задуменная дзяўчына ў чоўне пасярод возера, дзівосныя кветкі і птушкі, падобныя да кветак... Беларуская маляванка – унікальны від народнага мастацтва. Цяпер яна мае свой асобны дом — у Заслаўі, дзе знаходзіцца знакаміты гісторыка-культурны музей-запаведнік.


Беларускія маляваныя дываны, якіх багата ў зборы музея, адгэтуль пасяліліся ў флігелі-эрмітажы былога палаца Пшадзецкіх, што на заслаўскай вуліцы Дачнай, непадалёк ад чыгуначнага вакзалу. У першым на Беларусі музеі маляванкі больш за дзве з паловай сотні экспанатаў і непаўторная атмасфера, якая змушае па-новаму зірнуць на навакольны свет, успомніць свой род і прыадкрыць душу... Недарэмна інсітнае, «наіўнае» мастацтва мае яшчэ адну назву — «шчырае». «...І прарасціў Гасподзь Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыемнае на выгляд, і прыдатнае да ежы, і дрэва жыцця пасярод рая, і дрэва пазнання дабра і зла...» — біблейскія словы на сцяне аднаго з музейных залаў вельмі дарэчы, бо народныя мастакі бачаць свет, як дзеці, і малююць рай. З яркімі кветкамі, лагоднымі львамі, шчырым каханнем... 

Дзве залы прысвечаны сусветна вядомым майстрам беларускіх маляванак. Гэта экспазіцыі «Дзіўны свет Алены Кіш» і «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча». Трапляючы ў свет Драздовіча, наведвальнік апынаецца ў космасе, па якім у сваіх відзежах падарожнічаў мастак. Столь свеціцца сузор’ямі, сцены, упрыгожаныя дыванамі, нагадваюць інтэр'ер касмічнага карабля. Дарэчы, менавіта з маляванага дывана Язэпа Драздовіча пачаліся зборы музея-запаведніка. Ёсць тут не толькі дываны — вось на шафе, размаляванай Драздовічам, зіркаюць жоўтымі вачыма яркія папугаі. 

Экспазіцыя «Дываны ў інтэр’еры сялянскай хаты» паказвае, як у беларускай традыцыйнай хаце размяшчаліся маляваныя дываны, і не толькі. У куце пад упрыгожаным вышываным рушніком і абразам — распісны куфар для пасагу, знойдзены ў суседняй вёсцы Закаблукі, на яго накінутая тканая ў 1928-м годзе яркая посцілка, таксама, відавочна, частка пасагу. 

У яшчэ адной зале «Народныя дыванкі» — маляванкі народных майстроў, імёны якіх часам не ўстаноўлены. Гэтае багацце сабрана ў шматлікіх экспедыцыях. Тут не толькі радуешся яркім фарбам і ўсміхаешся наіўным выявам, але і задумваешся над лёсам кожнага мастака і кожнай карціны, намаляванай на саматканым сувоі альбо ўвогуле на прасціне ці наўлечцы. Людзі часам аддавалі апошняе вандроўнаму майстру, каб прыўнесці ў хату хоць трошкі прыгажосці. А майстры самі галадалі, цярпелі насмешкі за несамавіты занятак, але нішто не магло забіць іх прагу ствараць. А калі дзеці вырасталі, яны выкідалі з хаты «рыззё», замяняючы куплёным, крамным. Колькі выдатных твораў згарэла, згніло, а мо дасюль гібее на гарышчах ды ў каморах... Напэўна, наведванне музея камусьці расплюшчыць вочы на каштоўнасць такіх народных вырабаў. Мабыць, нехта ўспомніць пра дыванок з бабулінай хаты ці распісаны дзедаў куфар, які пыліцца на лецішчы... Экспазіцыя ў гэтай зале часовая, яна будзе мяняцца, папаўняцца.

У музеі можна патрапіць нават унутр дзівосных карцін з дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці, прайсці квэсты, самому стварыць маляванку... 

Музей маляванкі адкрыўся ў Ноч музеяў, 18 мая — інтэрнэт-стужкі, старонкі сацыяльных сетак тут жа расквецілі фотаздымкі захопленых наведнікаў. І ўжо на наступны дзень у Заслаўе пацягнуліся шматлікія госці з іншых гарадоў: беларуская маляванка сёння –трэнд, які задзейнічаны і ў музеях, і ў кніжнай прадукцыі, і на футболках, байках, сукенках, сумках. Гэта наша непаўторная культурная спадчына, частка беларускай традыцыйнай культуры, да якой абавязкова трэба далучыцца. Цяпер у яе ёсць канкрэтны адрас у старажытным Заслаўі — першы ў Беларусі Музей народнага роспісу маляваных дываноў, які працуе штодня, акрамя панядзелка, з 9.00 да 17.00.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».