Вы тут

Самуіл Маршак: «...Каб кніга была выдадзена з густам»


У славутага дзіцячага пісьменніка з сусветнай славай Самуіла Якаўлевіча МАРШАКА (1887 — 1964) — свая повязь з Беларуссю. У дзіцячым узросце будучы аўтар «Дванаццаці месяцаў» жыў у Віцебску — з 1892 па 1894 гады... Свая повязь у пісьменніка Маршака і з беларускімі выдавецтвамі. Толькі ў перакладах на беларускую мову яго творы сем разоў выходзілі ў Мінску асобнымі кніжнымі выданнямі. У 1934 годзе — «Вайна з Дняпром», у 1936-м — «Містэр Твістэр» (у 1952-м — другое выданне), у 1937-м — «Пошта», у 1941-м — «Мы ваенныя»... Пасля Вялікай Айчыннай вайны, як толькі нармальна запрацавала Дзяржаўнае выдавецтва БССР (Белдзяржвыдат), яго кіраўніцтва, яго рэдактары ізноў звярнуліся да Маршака... У 1947 годзе да юнага чытача Беларусі на роднай мове прыходзяць «Дванаццаць месяцаў», у 1952-м — перавыданне згаданага «Містэра Твістэра», у 1953-м — «Круглы год»... 


Самуіл Якаўлевіч Маршак нарадзіўся 3 лістапада 1887 года. Дарэчы, бацька пісьменніка — Якаў Міронавіч Маршак (1855 — 1924) з’яўляецца ўраджэнцам Койданава (сёняшняга Дзяржынска). А маці, Яўгенія Барысаўна Гітэльсон (1867 — 1917), — ураджэнка Віцебска. Некаторы час Маршакі і жылі ў Віцебску. А ў 1894 годзе пераехалі ў Пакроў, на Уладзіміраўшчыну. Пасля быў Бахмут. А з 1895 года сям’я жыла пад Астрагожскам, праз некаторы час — у Астрагожску, за 111 кілометраў ад Варонежа. Вучыўся Самуіл у Астрагожскай, 3-й Пецярбургскай і Ялцінскай гімназіях. Як толькі сшытак з вершамі Маршака патрапіў да вядомага рускага крытыка і мастацтвазнаўцы Уладзіміра Васільевіча Стасава (1824 — 1906), Самуіл з яго дапамогай пераязджае ў Пецярбург, вучыцца ў адной з найлепшых гімназій. У 1904 годзе ў доме Стасава знаёміцца з Максімам Горкім, які і запрасіў юнага літаратара на сваё лецішча ў Ялту, дзе Маршак і жыў у 1904 — 1906 гады. Друкавацца юны вундэркінд пачаў з 1907 года... Такімі былі вытокі фарміравання паэтычнага таленту аднаго з самых яркіх савецкіх пісьменнікаў. Ужо ў гады савецкай улады Маршак стварае дзіцячае выдавецтва, арганізоўвае дзіцячы альманах «Воробей» (у 1924 — 1925 гг. — «Новый Робинзон»). З гэтым выданнем супрацоўнічалі Барыс Жыткоў, Віталь Біянкі, Яўген Шварц — пісьменнікі, чые творы і сёння перавыдаюцца, вабяць юнага чытача. Маршак шмат зрабіў у падтрымку Карнея Чукоўскага, чые казкі моцна крытыкавала Надзея Канстанцінаўна Крупская. Існуе сведчанне, што Самуіл Якаўлевіч адказаў жонцы правадыра сусветнага пралетарыяту наступнае: «Калі ёсць жаданне расстраляць злачынцу, то няхай гэта зробіць той, хто хаця б здольны трымаць у руках ружжо». 

Партыя, урад, сталінская ідэялогія высока ацанілі працу Маршака, які здолеў і сябе захаваць, і неймаверна шмат зрабіць у літаратуры для дзяцей, у мастацкім перакладзе... Пісьменнік — лаўрэат чатырох Сталінскіх прэмій у галіне літаратуры: у 1942 годзе — за вершаваныя тэксты да плакатаў і карыкатур, у 1946-м — за п’есу-казку «Дванаццаць месяцаў», у 1949 -м — за пераклады санетаў Шэкспіра, у 1951-м — за зборнік «Вершы для дзяцей»... У 1963 годзе Самуілу Якаўлевічу прысуджана Ленінская прэмія — за кнігу «Выбраная лірыка» і кнігі для дзяцей... 

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваюцца некалькі лістоў дзіцячага пісьменніка-класіка і Марыі Маршак да беларускага пісьменніка і выдавецкага рэдактара Аляксея Якімовіча, датаваныя 1952-1953 гадамі. Перапіска звязана, відавочна, з выхадам кнігі С. Маршака «Круглы год» на беларускай мове (дарэчы, у 2023 г. — 70-гадовы юбілей гэтага выдання!)... А можа быць была яшчэ і кніга на рускай мове?.. Дарэчы, у 1953 годзе выйшаў і том на беларускай мове анталогіі «Руская савецкая паэзія». У кнігу поруч з перакладзенымі А. Якімовічам творамі К. Чукоўскага, І. Садоф’ева, В. Саянава, С. Міхалкова ўвайшлі і «Містэр Твістэр», «За мір ва ўсім свеце», «Слава працы» Самуіла Маршака... 

З ліста Самуіла Якаўлевіча Алесю Якімовічу ад 12 лютага 1953 года: «... Старшаму рэдактару Белдзяржвыдата. Мінск. 

Паважаны тав. Якімовіч, 

У адказ на Ваш ліст ад 28-га студзеня паведамляю Вам, што я не супраць прапанаванага Вамі зместу майго зборніка „Казка і быль“ (з часам назва трансфарміравалася ці, магчыма, усё ж такі быў і зборнік на рускай мове? — А. К.). 

Аднак я прапанаваў бы ўнесці некаторыя змены. 

Вершы з аддзела „Казка і быль“, змешчаныя ў маёй кнізе „Казкі, песні, загадкі“ выдання 1949 г. (Дзетдзяржвыдат, Масква), здольны ўвайсці ў Ваш зборнік цалкам, але па маім меркаванні, варта было б выключыць з гэтага складу вершы „Марозіва“, „Пудзель“, „Пра смелую старую і труслівага шакала“ і „Хто важней?“ (пасля „Учора і сёння“). 

Акрамя таго, я мяркую, што ў зборнік гэтага года варта ўключыць аддзел, у якім будуць новыя (падкрэслена аўтарам ліста — А. К.). Гэты аддзел можна назваць „Новыя зоркі“ і ўвесці ў яго наступныя творы: 1) Новыя зоркі

2) Старэй за мора, вышэй леса

3) Быль-небыліца (Размова ў пад’ездзе)

4) Капітан (закрэслена аўтарам — А. К.)

5) Урок роднай мовы

6) Новы год. 

Калі гэты матэрыял значна пераўзыходзіць магчымы ў Вашым плане лістаж, можна ўзяць не ўсе пазначаныя мною вершы (напрыклад, можна ахвяраваць „Капітанам“). 

Такім чынам зборнік можа называцца „Казка і быль“ і складацца з двух раздзелаў:

1) Казка і быль (з заменаю чатырох вершаў казкай „Волга і Вазуза“

і 2) Новыя Зоркі. 

У першым з гэтых аддзелаў, які быў прапанаваны Вамі, я лічыў бы мэтазгодным замяніць тэкст „Пажара“, надрукаваны і мною ў выданні 1949-га года, новым тэкстам. 

Адначасова з гэтым лістом дасылаю Вам тэксты новых вершаў (у рукапісе) і кніжку „Пажар“, нядаўна выдадзеную Дзетдзяржвыдам. Вельмі прашу вярнуць тыя рукапісы, якімі Вы не скарыстаецеся. 

Якія малюнкі будуць у зборніку? Чыя вокладка? Хацелася б, каб знешне зборнік добра выглядаў. 

Шлю Вам шчырае прывітанне 

С. Маршак». 

Справа рухаецца... Кніга рыхтуецца. І 12 сакавіка з Масквы, з Чкалаўскай вуліцы, дзе тады жыў Самуіл Якаўлевіч, ляціць ужо болей кароткае прывітанне: «... Паважаны тав. Якімовіч! 

Дасылаю Вам тры экзэмпляры падпісанай мною дамовы. 

Калі гэта магчыма, прашу Вас пазнаёміць мяне з ілюстрацыямі да зборніка і даслаць карэктуру. А пакуль дашліце мне, калі ласка, пералік вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік. У мяне яго няма. 

Прыміце маё сардэчнае прывітанне

Са шчырай павагай да Вас

С. Маршак». 

Пачынаючы з сярэдзіны 1920-х гадоў, Алесь Якімовіч шмат займаўся перакладчыцкай працай, падрыхтоўкай да выдання твораў, асаобных кніг, адрасаваных юнаму чытачу. Руская літаратура займала ў гэтых клопатах галоўнае месца. Леў Касіль, Максім Горкі, Мікалай Някрасаў, Віталь Біянкі, Дзмітрый Мамін-Сібірак, Леў Талстой, Уладзімір Маякоўскі, Павел Яршоў, Аляксандр Сяргеевіч Пушкін, Сяргей Міхалкоў, канешне ж, Самуіл Маршак — вось пісьменнікі, чые кнігі ў сваіх перакладах на рускую мову выдаў Алесь Якімовіч толькі ў перадваенныя гады. Дакладней — з 1935 па 1941 год... Гэта было выклікана, несумненна, і запатрабаванасцю чытання на роднай беларускай мове. 

...Яшчэ адзін ліст С. Маршака да А. Якімовіча захоўваецца ў БДАМЛІМ. Датаваны ён 24 сакавіка 1953 года. «...Паважаны таварыш Якімовіч!

Я яшчэ раз уважліва прагледзеў змест зборніка і пераканаўся, што ў размяшчэнне тэкста неабходна ўнесці некаторыя змены. Змест застаецца нязменным, але варта ўнесці большую выразнасць у размеркаванне вершаў па аддзелах. 

Для гэтага давядзецца толькі замовіць яшчэ адзін шмуцтытул. 

Вось які парадак размяшчэння матэрыялу я прапаноўваю:

I. Учора і сёння (назва раздзела Новы год (без апошняга чатырохрадкоўя, гэта значыць закончыўшы словамі «Новы дзень і Новы год!»

Урок роднай мовы.

Пошта. 

Пажар. 

Учора і сёння. 

II Казка і быль

Казка пра неразумнае мышаня

Воўк і лісіца 

Вось які рассеяны

Багаж

Чаму котку назвалі коткай?

Асёл і баран.

III. Новыя Зоркі

Волга і Вазуза

Старэй мора, вышэй леса

Быль-небыліца (Размова ў парадным пад’ездзе)

Новыя Зоркі. 

Такім чынам, у зборнік замест двух раздзелаў я прапаноўваю даць тры. У папярэднім праекце зборнік пачынаецца з вялікай колькасці смешных казак (галоўным чынам для малодшага ўзросту), а пасля быў даволі нечаканы пераход да болей сур’ёзных, палітычных вершаў. 

Цяпер ( і ў першым раздзеле ёсць сур’ёзныя тэмы («Новы год», «Урок роднай мовы», «Пошта») у той самы час гэты раздзел не выходзіць за межы даступнасці малодшаму ўзросту. Другі раздзел складаецца галоўным чынам са смешных і вясёлых вершаў, відавочна разлічаных на малодшы ўзрост. І, нарэшце, у трэцім раздзеле болей сур’ёзнай казкай «Волга і Вазуза» адкрываецца цыкл вершаў, якія закранаюць важныя сучасныя тэмы вершаў пра краіну, пра будоўлю. 

Мне падаецца, Вы пагодзіцеся са мною, што такі парадак размяшчэння матэрыялу болей стройны і лагічны, чым ранейшы. 

Мяне ніколькі не бянтэжаць тыя абставіны, што выданне будзе, як Вам падаецца, сціплае, меней багатае, чым зборнік, выдадзены Дзетдзяржвыдатам. Але хацелася б, каб кніга была выдадзена з густам — гэта значыць, строга, проста, без прэтэнзій; калі магчыма — на добрай паперы, з ясным шрыфтам. 

Буду ўдзячны, калі папярэдне пазнаёміце мяне з малюнкамі. 

Прыміце маё шчырае прывітанне. З павагай да Вас С. Маршак". 

Гісторыя з чарговай мінскай кнігай славутага пісьменніка не завершылася. Самуілу Якаўлевічу прадаставілі вёрстку. Ён у гэты час хварэў. Але, мяркуючы па лісце, напісаным ад яго імя Марыяй Маршак (ці гэта не Марыя Андрэеўна Ляпунова (Маршак), нявестка пісьменніка, жонка Імануэля Самуілавіча Маршака (?), якая пражыла болей як стагоддзе (1920 — 2001), даволі ўважліва паставіўся да вёрсткі... Вось некаторыя з заўваг з ліста Марыі Маршак ад 7 верасня 1953 года: " Паважаны тав. Якімовіч! 

С. Я. Маршак зараз хворы і прасіў адказаць Вам за яго. 

Паведамляю Вам заўвагі з нагоды вёрсткі. 

1. На тытульным лісце хацелася б бачыць болей выразны малюнак. Першая літара імя і прозвішча аўтара не павінны злівацца ў адным слове. Трэба было б прыбраць кветачкі па кутах тытула. 

2. На стар. 27 неспрыяльнае ўражанне робіць шчука, якая выгнулася, з пашчай акулы і з банцікам на шыі. Трэба гэты малюнак выправіць ці зняць яго. 

3. Малюнак, які адлюстроўвае качанят на стар. 34, трэба паставіць перад апошнімі шасцю радкамі — іначай атрымліваецца, што намаляваныя качкі, якія знаходзяцца ў лісы ў страўніку. 

4. С. Я. мяркуе, што казку «Волга і Вазуза» трэба завяршыць радком «Все советским рекам — честь и слава!», выключыўшы апошнія сем радкоў. 

5. Верш «Новыя зоркі» у зборніку Дзетдзяржвыдата замянілі іншымі вершамі ў сувязі з адтэрміноўкай будаўніцтьва каналаў. Ці не варта і Вам завершыць зборнік вершамі «Старэй мора, вышэй леса», надаўшы такую ж назву апошняму раздзелу.

С. Я. прасіў мяне пацікавіцца ў Вас пра мяркуемы тыраж кнігі. Ці не думаеце Вы, што тыраж гэтага выдання варта зменшыць, з разлікам, каб надалей выдаць зборнік з новымі вершамі і ілюстрацыямі, якія болей адпавядаюць кнізе для маленькіх чытачоў (падкрэслена аўтарам ліста — А. К.). 

Ці не дашлеце Вы для азнаямленны малюнак на пераплёце і каляровыя ўклейкі. 

С. Я. шле Вам сардэчнае прывітанне і ад душы дзякуе за выказанае Вамі спачуванне. 

З павагай Марыя Маршак«. І яшчэ два сказы — пасля подпісу: «Яшчэ адна просьба: замяніць застаўку (першы малюнак) да „Багажа“. Гэта вершы для маленькіх, характару вясёлай лічылкі, а малюнак занадта натуралістычны і цяжкаваты. М. М.„.

Уражлівая і вартая прыкладу ўвага да выдання чарговай кнігі... А што да вымушанага зняццця некаторых вершаў, зменаў у змесце, то... У сувязі з гэтым хацелася б крыху адхіліцца і прыгадаць словы вядомага крытыка Уладзіміра Лакшына: “... Я папракнуў Самуіла Якаўлевіча, што ў новым выданні „Містэра Твістэра“, якое я чытаў сыну, шмат што знята, перароблена — і да горшага, у параўнанні з тым, што памятаю з дзяцінства. 

— Мяне прасілі перарабіць. У старым „Твістэры“ швейцары гатэляў званілі адзін другому, дамаўляліся, што ў іх няма нумароў для свавольнага Твістэра. Так „Інтурыст“ заявіў, што амерыканскія багацеі адмаўляюцца да нас ехаць, спасылаючыся на вершы Маршака — „маўляў, у Ленінградзе і Маскве, усе чырвоныя швейцары ў змове — немагчыма патрапіць у гатэль“. Давялося ўлічваць гэты пратэст, — жартуе Маршак». Што тут і каменціраваць. І так усё відавочна... 

Варта нагадаць, што на беларускую мову творы Самуіла Якаўлевіча Маршака перакладалі Анатоль Астрэйка, Пятрусь Броўка, Васіль Вітка, Кастусь Кірэенка, Максім Лужанін, Мікола Маляўка, Уладзімір Шахавец і іншыя беларускія пісьменнікі. У 1957 годзе «Літаратура і мастацтва» друкуе верш Самуіла Якаўлевіча «Памяць дзяцінства» у перакладзе Кастуся Кірэенкі. Казка «Як дзялілі мядзведзя» у перакладзе Васіля Віткі была надрукавана ў часопісе «Вясёлка» у жніўні 1961 года... І гэта, зразумела, далёка не ўсе стасункі Самуіла Маршака з Беларуссю, беларускімі пісьменнікамі. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».