Вы тут

У Мінску прадставілі балет на музыку Чайкоўскага, дзе занятыя толькі дзеці


Стварыць адмысловую пастаноўку на музыку Пятра Чайкоўскага з інтэрпрытацыяй вядомага сюжэту рашыліся навучэнцы Цэнтра сучаснага танца «Smart dance» і яго кіраўніца Аляксандра Буяльская. 


Адметна тое, што гісторыя з вядомага балета Чайкоўскага пра дзяўчыну, якую зачаравала злосная фея Карабос, ператвараецца ў аповед пра дзяўчынку-падлетка, якую ратуюць ад зачараванасці ў віртуальнай рэальнасці. Тая ж Карабос імкнецца разбурыць усё, што закладзена Феямі Бэз, Лянота, Крамень, Дзень, Цень, Гарэза, Трэнь. І, вядома, павінен быць Прынц, які знаходзіцца недзе побач і чакае свайго часу на сяброўства ў атачэнні сіраты Аўроры. Яна вырасла сярод іншых такіх жа дзяцей, чароўныя феі надзялялі яе сваімі рысамі характару, каб дзяўчынка, дасягнуўшы паўналецця, змагла ўпэўнена крочыць у дарослым жыцці. Але Аўрора, калісьці падкінутая ў прытулак, трапляе пад уплыў чорнай феі — і ёй больш ніхто непатрэбны, яна становіцца рэзкай, сама здольная ўкалоць каго заўгодна. Вядома, яе трэба ратаваць! Але, патрапіўшы ў камп’ютарную гульню, выйсці з яе бывае вельмі складана…

Гісторыя прыгажуні, што спіць (і гэта тут паказана вельмі пераканаўча), набыла інтэрпрытацыю, разлічаную на сучасных малых. Аляксандра Буяльская, якая пайшла на такі эксперымент, разумела: ёй неабходна прапанаваць сваім навучэнцам такі сюжэт, каб яны ўвайшлі ў яго натуральна, бо пастаноўку ажыццявілі выключна сіламі дзяцей. Падчас спектаклю на сцэне (паказ адбыўся ў Палацы культуры МАЗу) дадзейнічана больш за 70 навучэнцаў студыі, прычым розных узроставых катэгорый (ад 6 да 16 гадоў). Складаная гісторыя распавядаецца за дзве гадзіны — фактычна, па часе гэта як паўнавартасны спектакль, якія бываюць у сапраўдным балеце ў прафесійным тэатры. Але тут жа задзейнічаны нават маленькія дзеткі — яны і пчолкі, і тараканы ў галаве і нават Аўрора і Прынц, толькі яшчэ зусім малечы (Яна Зянькова і Мілан Вашынко вельмі старанна выконваюць рухі з класічнага балета). І ўсе ўдзельнікі робяць сваю справу з разуменнем — ім цікава, ім падабаецца. Галоўныя героі дык не проста танцуюць: яны імкнуцца перадаць характары сваіх персанажаў. Ксенія Косава як Аўрора можа быць і трапяткой, і пяшчотнай, і пераканаўча лянівай, нават соннай, і калючай, і абыякавай, і зноў добрай, калі Прынц-Захар Мадзьвецкі здолеў выцягнуць яе з пасткі віртуальнай рэальнасці. Наглядчыца дзіцячай установы — Аліса Дзяргай — перадае заклапочанасць і трывогу. Адметная кожная з добрых фей — Ксенія Суботка, Ксенія Карпава, Аліса Абрамовіч, Ганна Селецкая, Марыя Коцур, Арыядна Кісялёва, Паліна Зянькова. Яны не проста выконваюць рухі, але асэнсавана ўвасабляюць кожная свой вобраз. Што ўжо казаць пра Ганну Мажар, якая выконвае ролю феі Карабос — ёй таксама прыйдзецца прайсці праз унутранае пераўтварэнне. А яшчэ ў кожнай з фей свая немаленькая світа... 

Спектакль падаецца як дзіцячы сучасны балет, і тут цікава, што атрымаўся, па сутнасці, мікс пад музыку Чайкоўскага, дзе класічныя эпізоды (нават з падтрымкамі!) спалучаюцца з сучасным танцам (уведзены і стрыт-дэнс). Вялікая і складаная праца для дзяцей! Яны не проста вытрымалі дзве гадзіны: яны стваралі, каб адбыліся гэтыя два паказы (яшчэ адзін наперадзе). Але дзеля чаго? Аматары балета, вядома, дзеля эстэтычнага задавальнення пойдуць найперш у Вялікі тэатр. Бацькі юных танцораў будуць глядзець і вітаць любую магчымасць, каб малыя маглі раскрыцца, што б ні паказалі, няхай быў бы і кароткі нумар. Аляксандра Буяльская, якая выступіла харэографам-пастаноўшчыкам, — вядомы майстар спорта па мастацкай гімнастыцы, асабіста рэалізавалася і ў танцы, і як педагог паспаховая. Усё ж гэта больш важна для саміх дзяцей, якія займаюцца танцам як аматары. Але калі яны разумеюць, што можна ўвасобіць з дапамогай рухаў, што яны самі на сцэне могуць распавесці цікавую гісторыю, пададзеную маштабна, сур’ёзна і яскрава (тут афармленне і святло робяць сваю справу), і калі вялікая зала поўная людзей, якія сочаць за дзеяй, то заняткі танцам набываюць зусім іншы сэнс, а захапленне перарастае ў любоў. І нават не важна, ці злучаць яны пасля сваё жыццё з балетам альбо сучасным танцам, бо сёння больш істотна, што гэта дзеці цэльныя, мэтанакіраваныя, удумлівыя і працавітыя. А гэта якасці, што дапамогуць на любым шляху. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Сяргея МЯДЗВЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?