Вы тут

Спачатку «Вытокі», потым — ІІ Гульні краін СНД


Не паспелі жыхары Жлобіна парадавацца за родную каманду «Металург», якая сёлета стала пераможцам хакейнай Экстралігі сезона 2022/2023, як з'явілася новая нагода для добрага святочнага настрою. Менавіта горад металургаў даў старт трэцяму сезону спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпіу». Гэта прыгожы пачатак насычанага спартыўнага лета, якое чакае Жлобін. У жніўні ў рамках ІІ Гульняў краін СНД горад прыме спаборніцтвы па самба. Зусім хутка Жлобінскі цэнтр алімпійскага рэзерву прыме Кубак Беларусі па самба, які стане тэставым турнірам да ІІ Гульняў краін СНД. Буйныя спаборніцтвы хоць і добрая падзея, але ў той жа час і вялікая адказнасць для горада. Таму «Вытокі», якія прайшлі ў мінулыя выхадныя, выканалі вельмі важныя для Жлобіна і яго жыхароў задачы.



Трэці сезон спартыўнага фестывалю «Вытокі» стартаваў у Жлобіне. Фотарэпартаж


Горад, які радуе духоўна...

У самым пачатку раскрылі турыстычны патэнцыял. Другі год запар фестываль адкрываецца прэс-турам для журналістаў. Прадстаўнікі СМІ наведалі самыя цікавыя месцы Жлобінскага раёна. Адзін з іх — помнік дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Красны Бераг. Падчас ваеннага ліхалецця тут размяшчаўся адзін з найбуйнейшых дзіцячых донарскіх канцлагераў, у якім утрымліваліся дзеці ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Боль і жах тых гадоў застылі ў бронзе і камені.

Сваю цікавую гісторыю памятаюць і расказваюць гасцям сцены сядзібы Козел-Паклеўскіх і англійскі парк, што побач з сядзібай у тым жа Красным Беразе. Адметная рыса маёнтка ХІХ стагоддзя ў тым, што ўсе 36 пакояў аформлены ў розных стылях. Гэта робіць сядзібу ўнікальнай. Наведвальнікі застаюцца ў захапленні і ад вялікай колькасці абярэгаў унутры і звонку будынка. Асабліва знакамітыя мясцовыя гаргуллі-хімеры, якія жывуць на сценах будынка. Некаторыя лічаць, што менавіта такі абярэг дазволіў сядзібе выдужаць у гады войн і рэвалюцый. Сёння на тэрыторыі маёнтка размешчаны аграрны каледж. Да нашых дзён захаваліся панскі дом, флігель, стайня, бровар і англійскі парк.

«Прэс-тур для прадстаўнікоў СМІ дазваляе на «Вытоках» паказаць асаблівыя, цікавыя куткі рэгіёна. Гэта, можна сказаць, такі пражэктар для нашых масмедыя, якія, безумоўна, шмат ведаюць пра краіну, але ў кожным раёне можна адкрыць нешта новае, — распавяла дырэктар ТАА «БелБрэндАўдыт» Валянціна Дыніч. Сёлета магчымасць адкрыць новыя куткі сваёй краіны і па службовым абавязку расказаць пра іх грамадскасці для журналістаў вельмі важная. Як вядома, адной з задач, якія ставяць перад сабой арганізатары ІІ Гульняў краін СНД, — паказаць гасцям (і нават беларусам) прыгажосць і самабытнасць нашай краіны. Спорт і турызм заўсёды былі шчыльна звязаныя паміж сабой.

А пакуль журналісты натхняліся славутасцямі, спецыялісты Мінспорту, БДУФК, РНПЦ спорту і НАДА абмяркоўвалі актуальныя пытанні змяненняў у нарматыўна-прававой базе спартыўнай і фізкультурна-аздараўленчай галін. Адпаведная дыялогавая пляцоўка прайшла на базе жлобінскага Цэнтра алімпійскага рэзерву. Тым самым, дзе падчас ІІ Гульняў краін СНД будуць спаборнічаць самбісты. Сучасны спартыўны комплекс здольны аднолькава паспяхова прымаць як спартыўныя, так і афіцыйныя мерапрыемствы. Кіраўнікі і прадстаўнікі розных спартыўных устаноў і спартшкол Гомельскай вобласці адзначылі актуальнасць многіх пытанняў семінара. Беларуская алімпійская акадэмія таксама часу дарма не губляла — арганізавала семінар у фармаце круглага стала «Выкарыстанне патэнцыялу алімпійскага руху ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый і нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей і моладзі».

Дарослыя абмяркоўвалі важныя пытанні, а дзеці ў той час рэалізоўвалі свае мастацкія здольнасці. Гэта стала магчыма дзякуючы аднаму з арганізатараў «Вытокаў» — мастацкай галерэі «АртХаос». На бульвары Металургаў каманда прафесійных беларускіх мастакоў нанесла малюнак. А дзеці па-мастацку аформілі прылеглую тэрыторыю. Інтэрактыў «Гуляйце з намі — малюйце самі» дазволіў юным жахарам Жлобіна ва ўсю моц прявіць свой крэатыў. Сапраўды, калі яшчэ давядзецца размалёўваць вуліцы роднага горада?!

Увечары ў Доме культуры металургаў адбыўся паказ спектакля Маладзёжнага тэатра эстрады мюзікла-прытчы «Як ноч стала дзяўчынай». Арганізатары прадэманстравалі работу творчага калектыву ў арыгінальных дэкарацыях, з аўтарскімі музыкай і тэкстам.

І дазваляе развівацца фізічна

Сімвалічна, што другі дзень фестывалю «Вытокі» ў Жлобіне супаў з Днём работнікаў фізічнай культуры і спорту, які ў Беларусі адзначаецца ў трэцюю суботу мая. Найлепшага дня для знаёмства са спартыўнымі аб'ектамі прыдумаць цяжка. Таму кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Міністэрства спорту і турызму прафесійнае свята пачалі на жлобінскіх спартыўынх аб'ектах — Цэнтра алімпійскага рэзерву, ДЮСШ пярвічнай арганізацыі ААТ БМЗ, Жлобінскай раённай СДЮШАР і на гарадскім стадыёне. «Жлобінскі раён — адзін з тых раёнаў Гомельскай вобласці, які можа пахваліцца добрай спартыўнай інфраструктурай. У раёне размешчаны чатыры дзіцяча-юнацкія школы, вынікі іх дзейнасці гавораць самі за сябе. Хакейны клуб «Металург», які амаль на 70 працэнтаў складаецца са сваіх выхаванцаў, два гады запар станавіўся чэмпіёнам краіны па хакеі. Поспехі ёсць і ў іншых відах спорту. Дзіцяча-юнацкія школы рыхтуюць рэзерв і перадаюць яго ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, — расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Павел Старасвецкі.

Спартыўная жамчужына Жлобінскага раёна, як няцяжка здагадацца, — Цэнтр алімпійскага рэзерву, які з'явіўся ў тым ліку дзякуючы найбуйнейшаму прадпрыемству горада — Беларускаму металургічнаму заводу. У склад цэнтра ўваходзяць сем інфраструктурных аб'ектаў: дзве лядовыя арэны, басейн, вяслярная база, лыжаролерная траса і не толькі. Можна не сумнявацца, што гасцям і ўдзельнікам ІІ Гульняў краін СНД тут будзе камфортна.

Горад, для якога спорт — гэта свята

Па традыцыі «Вытокаў» на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця гасцей вітае Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. Па яго словах, за фестываль ужо паспеў стаць усенародным. «Людзі ідуць на яго, ёсць нават лёгкая канкурэнцыя паміж гарадамі, якія хацелі б прымаць гэта свята. Будзем прадаўжаць і далей. А Жлобін — не проста горад металургаў, але і вельмі спартыўны райцэнтр», — адзначыў ён. Кіраўнік НАК Беларусі перадаў старшыні Жлобінскага райвыканкама Сяргею Ярцу сертыфікт на сто тысяч беларускіх рублёў, якія будуць накіраваны на ўдасканаленне спартыўнай інфраструктуры горада і раёна.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко назваў фестываль нацыянальным брэндам. Яшчэ адна традыцыя «Вытокаў» — рост колькасці ўдзельнікаў у геаметрычнай прагрэсіі. Кіраўнік рэгіёна ў пацвярджэнне прывёў лічбы: першы фестываль у Мазыры сабраў шэсць тысяч чалавек, у Рэчыцы — ужо 12 тыс. «Вытокі» ў Жлобіне наведала каля 30 тысяч чалавек.

Колькасць удзельнікаў расце, а мэты фестывалю не мяняюцца — паказаць развіццё рэгіёна, яго спартыўнага, культурнага і турыстычнага патэнцыялу, славутасцяў. Але яшчэ адной традыцыяй «Вытокаў» можна лічыць пастаянныя новаўваядзенні. Сёлета фестываль стаў не толькі цікавым, але і смачным — у праграму ўключаны гастрафэст, у якім, зразумела, прадстаўлены традыцыйныя стравы. На Гомельшчыне ахвотных частавалі верашчакай.

У цэлым спартыўная частка фестывалю засталася нязменнай — хлопцы і дзяўчаты да 14 гадоў паказвалі свае здольнасці ў алімпійскім квэсце. Разгуляцца было дзе. На пляцоўцы каля Дома культуры металургаў размясціліся пляцоўкі больш чым па 25 відах спорту. Сярод традыцыйных і звыклых відаў знайшлося месца і для незвычайных: брэйк-данс, пажарна-ратавальны спорт, кібреспорт і іншых. Асабліва здольных дзяцей прадстаўнікі мясцовых спартыўных секцый «узялі на аловак» — калі яшчэ выпадзе магчымасць праглядзець столькі дзяцей! Асабліва пашчасціла трэнерам па лёгкай атлетыцы. Акрамя актыўнасцяў на пляцоўцы Каралевы спорту, у Жлобіне прайшоў і дзіцячы лёгкаатлетычны забег. Удзел у ім прынялі больш за 500 хлопчыкаў і дзяўчынак да 9 гадоў. На дыстанцыю іх адправіў сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў па лёгкай атлетыцы ў Мюнхене, ураджэнец Жлобіна Уладзімір Лавецкі. Як прынята, самыя актыўныя ўдзельнікі алімпійскага квэсту атрымалі каштоўныя падарункі і самае галоўнае — незабыўныя эмоцыі. Без класных эмоцый не засталіся і дарослыя, якіх арганізатары вярнулі ў дзяцінства на лакацыі «Гульні нашага двара». Тут кожны ахвотны мог прайсці савецкі спартыўны квэст: гумачка, класікі, гарачая бульба, стральба з рагаткі і інш.

«Вытокі» развіваюць не толькі фізічна, але і інтэлектуальна. Сёлета дадзены старт новай актыўнасці — «Вытокі. Quіz». У Жлобіне прайшоў фінал інтэлектуальна-адукацыйнага праекта. Удзельнікі прадэманстравалі свае веды аб спорце, знакамітых спартыўных землякіх і ў цэлым аб спартыўнай гісторыі.

Ужо другі год запар «Вытокі» робяць горад, у якім праходзяць, моднай сталіцай. Хоць на адзін дзень, але ж усё роўна прыемна. У Жлобіне ў рамках праекта «Роднае-моднае» свае калекцыі прадэманстравалі восем беларускіх дызайнераў і прадпрыемстваў. Як адзначала аўтар праекта Анастасія Фальковіч, сёлета акцэнт зроблены на значнасць прафесійных швачак. «Для нас важна паказаць, што ў Беларусі можна развівацца. У кожным рэгіёне мы шукаем і знаходзім сапраўдных майстроў, геніяў у сваёй справе. Так, сёння на сцэне-подыуме — калекцыі Аршанскага льнокамбіната, нацыянальнага брэнда спартыўнага адзення ІRОS, дызайнера Тамары Гарыдавец. З гомельскага рэгіёна калекцыю «Рэч» прадставіў дызайнер Сяргей Курохцін з Гомельскага дзяржаўнага каледжа гандлю і паслуг, калекцыя «Беларусь» — фабрыкі «8 Сакавіка», а Жлобінская швейная фабрыка прадставіла школьныя вобразы FRАNTіshkа_Sсhооl.

Культурную праграму фестывалю дапоўніў конкурс песеннага тэксту «Вершы пра галоўнае». У Гомельскай вобласці пераможцай стала Людміла Яськова. На яе тэкст прафесійны кампазітар Аляксандр Сухараў напісаў песню, якую выканаў на фестывалі гурт «Зямля і неба». Адной з марак фестывалю стаў і конкурс маладых вакалістаў. На «Вытоках» адкрыта ўжо нямала імёнаў, і Жлобін не стаў выключэннем. Валерый Шмат і спявак Тэа ўручылі дыплом пераможцы Аліне Гулевіч.

Яркай кропкай фестывалю ў Жлобіне стаў вячэрні гала-канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады. «Вытокі» — гэта ўжо сапраўдны рух. Нас чакаюць у кожным горадзе. Бачым вялікую цікавасць да гэтага фармату. Колькі людзей прыходзяць на канцэрты! Заўсёды старанна прадумваем, чым яшчэ здзівіць. У нас яшчэ шмат ідэй, — адзначыла канцэртны дырэктар Алеся Кузняцова.

А пакуль арганізатары «Вытокаў» думаюць, чым яшчэ здзіўляць удзельнікаў, Жлобін узяў невялікую перадышку, каб у жніўні зноў прыняць аматараў спорту. А фестывальную эстафету перахоплівае Брэсцкая вобласць. Тут «Вытокі» з 2 да 3 чэрвеня будуць прымаць Баранавічы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».