Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Старажытныя мігранты

У бурштыне знайшлі новы від мурашак

Навукоўцы Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта выявілі новы від старажытных мурашак у бурштыне з музея Калінінграда. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе Іnsects.


Від атрымаў назву Manіca andranna. Высветлілася, што гэтыя мурашы насялялі тэрыторыю рэгіёна каля 33,9-37,8 мільёна гадоў таму. Навукоўцы выявілі новы від у кавалачку бурштыну, знойдзенага ў Калінінградскай вобласці, які захоўваецца ў калекцыі Музея бурштыну.

«Біялогія і эталогія мурашак Manіca малавядомыя, у цэлым яны падобныя з відамі сястрынскага роду Myrmіca, але больш прымітыўныя... Мікракамп'ютарная тамаграфія дазволіла правесці дакладныя вымярэнні ўзору і вывучыць усе традыцыйныя дыягнастычныя прыкметы новага віду», — гаворыцца ў даследаванні.

Адзначаецца, што гэта першая настолькі старажытная знаходка дадзенага роду ў выкапнёвым стане і першая такая знаходка ў Еўропе. Па словах навукоўцаў, згаданы від мурашак мог мігрыраваць 56-33 мільёнаў гадоў таму з Паўночнай Амерыкі.


Карыца для памяці

Яна можа палепшыць здольнасць да навучання

Група навукоўцаў з Бірджандскага ўніверсітэта медыцынскіх навук у Іране правяла даследаванне і высветліла, што карыца здольная аказваць станоўчы ўплыў на разумовыя здольнасці і работу мозга. Пра гэта паведамляецца ў часопісе Nutrіtіonal Neuroscіence.

Вучоныя правялі сістэматычны агляд 40 даследаванняў, апублікаваных у анлайн-базах даных, такіх як PubMed, Scopus, Google Scholar і Web of Scіence. Сярод 40 даследаванняў 33 правялі з вывучэннем рэальных жывых арганізмаў — людзей і жывёл.

Пяць з іх навукоўцы правялі шляхам аналізу клетак або пасмяротных тканак, а два былі клінічнымі выпрабаваннямі з удзелам пацыентаў.

У выніку высветлілася, што ўжыванне карыцы або яе кампанентаў паляпшае памяць і здольнасць да навучання, а таксама зніжае трывогу, памяншае агрэгацыю тау-бялкоў і бэта-амілоідаў, адказных за развіццё хваробы Альцгеймера.

Па словах кіраўніка даследчай групы Саманэ Нахаі, карыцу таксама можна выкарыстоўваць у якасці дапаможнага сродку пры лячэнні захворванняў мозга і нервовай сістэмы, аднак тут яшчэ неабходныя дадатковыя даследаванні.


Малы, ды рэдкі

Адшукаўся самы «ўзроставы» птэрадактыль

Каманда нямецкіх археолагаў знайшла найстаражытнейшыя акамянеласці птэрадактыля ў наваколлях Пайнэ ў Баварыі. Вынікі даследавання апісаны ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Fossіl Record.

Узор быў упершыню знойдзены яшчэ ў 2014 годзе падчас раскопак у дзеючым вапнавым кар'еры. Пароды, у якіх былі зафіксаваныя рэшткі дыназаўра, адносяцца да верхняга кімерыджскага яруса і датуюцца 152 мільёнамі гадоў. Спецыялісты патрацілі каля 120 гадзін на механічную працу з іголкамі, пэндзлямі і іншымі інструментамі для ачышчэння ўзору ад іншых парод. Папярэднія знойдзеныя сляды птэрадактыляў адносіліся да перыяду тытонскага яруса, які ідзе за кімерыджскім.

Знаходку складае поўны і добра захаваны шкілет асобіны невялікага памеру. У дыназаўра адсутнічае толькі невялікая частка левай ніжняй сківіцы, а таксама левая і правая вялікагалёначныя косці. У астатнім птэрадактыль амаль ідэальна захаваўся, кожная костка знаходзіцца ў правільным анатамічным становішчы. Удакладняецца, што чэрап даўжынёй пяць сантыметраў належаў маладой, недарослай асобіне. Такія ўзоры з'яўляюцца дастаткова рэдкімі.


Мацнейшы за навальніцу

Пчолы здольныя генерыраваць магутны электрычны зарад

Каманда навукоўцаў з Брыстальскага ўніверсітэта ў Вялікабрытаніі высветліла, што меданосныя пчолы могуць ствараць электрычны зарад з большай шчыльнасцю, чым у навальнічных аблокаў і наэлектрызаваных пылавых бур. Пра гэта паведамляе New Scіentіst.

Даследчыкі адсочвалі надвор'е на палявой станцыі недалёка ад свайго ўніверсітэта і заўважылі, што іх маніторы электрычнага поля зафіксавалі скачок атмасфернага электрычнага зараду. Пры гэтым штармавой актыўнасці не назіралася.

Тады навукоўцы звярнулі ўвагу на тое, што паблізу ў гэты час раіліся заходнія меданосныя пчолы. Даследчыкам і раней было вядома, што асобныя пчолы нясуць невялікі зарад, але напружанне такой велічыні ніколі раней не рэгістравалася.

Каманда разгарнула дадатковыя маніторы электрычнага поля ў спалучэнні з відэакамерамі для вымярэння электрычнага поля і шчыльнасці рою. Навукоўцы дачакаліся, пакуль пчолы ў найбліжэйшых вуллях пачнуць раіцца натуральным чынам. Даследчыкі зафіксавалі тры раі, якія праходзілі міма манітораў на працягу прыкладна трох хвілін за раз. Яны выявілі, што пчаліныя раі ствараюць электрычны зарад ад 100 да 1000 вольт на метр. Прытым чым шчыльнейшы быў рой, тым мацнейшае было электрычнае поле.

Удзельнік даследавання Элард Хантынг адзначыў, што шчыльнасць зараду пчаліных раёў была прыкладна ў восем разоў большая, чым у навальнічнага воблака, і ў шэсць разоў большая, чым у наэлектрызаванай пылавой буры.

Віктар Мануэль Артэга-Хіменэс з Універсітэта штата Мэн, каментуючы адкрыццё, адзначыў, што яно дае шырокае поле для даследавання. Навукоўцы ўсё яшчэ не ведаюць, ці адбываецца тое ж самае з іншымі жывёламі, такімі як птушкі і кажаны, а таксама не разумеюць прыроду гэтай з'явы. У тым ліку невядома, карысная гэтая здольнасць для пчол ці з'яўляецца выпадковым вынікам трэння паміж іх крыламі і паветрам.


«Пацыентка» з нахілам

Навукоўцы расказалі пра поспехі ў выратаванні Пізанскай вежы

Як піша Daіly Maіl са спасылкай на даныя арганізацыі па захаванні славутасці Opera della Prіmazіale Pіsana, у выніку 11-гадовага праекта стабілізацыі вежы, запушчанага ў 1990 годзе, да 2001 года яе нахіл паменшыўся прыкладна на 40 сантыметраў, а за наступныя 21 год вежа выпрасталася яшчэ на чатыры сантыметры.

Па словах прафесара геатэхнікі Нунцыянтэ Скуэльі з Пізанскага ўніверсітэта, хоць нахіл вежы паменшыўся, яна па-ранейшаму хістаецца ў сярэднім прыкладна на 0,5 міліметра ў год.

«Хоць самае галоўнае — гэта ўстойлівасць, якая лепшая, чым чакалася», — сказаў ён агенцтву Assocіated Press. — Улічваючы, што гэта 850-гадовая «пацыентка» з нахілам каля пяці метраў і асяданнем больш за тры метры, стан «здароўя» Пізанскай вежы выдатны».

Сярэднявечная званіца, якая з'яўляецца сімвалам магутнасці прыморскай рэспублікі Пізы ў Сярэднявечча, здолела перажыць як мінімум чатыры моцныя землятрусы, якія абрынуліся на рэгіён з 1280 года. Даследаванне 2018 года паказала, што менавіта мяккасць глебы падмурка, якая першапачаткова была прычынай яе нахілу, засцерагла вежу ад моцных штуршкоў.

Навукоўцы мяркуюць, што 57-метровая вежа пачала «тануць» адразу ж пасля будаўніцтва ў 1173 годзе. Прычына заключалася ў няправільнай канструкцыі, з-за чаго падмурак меў глыбіню ўсяго тры метры і быў закладзены ў слабым і нестабільным грунце. Гэтая аснова была больш мяккая з паўднёвага боку, што прывяло да нахілу, таму будаўнікі спрабавалі кампенсаваць яго, пакуль будавалі яшчэ восем паверхаў уверх, зрабіўшы падлогі карацейшыя з аднаго боку, чым з другога, у выніку чаго канструкцыя выгіналася і нахілялася.

Сур'ёзна за выратаванне вежы вучоныя ўзяліся ў 1990 годзе. Выкарыстаўшы некалькі няўдалых стратэгій па выпростванні канструкцыі, інжынеры вырашылі паспрабаваць «выманне грунту». Гэта мела на ўвазе выкопванне двух грузавікоў зямлі з-пад паўночнага боку вежы, а затым выкарыстанне стальных тросаў, каб падняць яе ў вертыкальнае становішча. Хоць тое было эфектыўна, каманда выявіла, што зімой падчас дажджоў будынак больш нахіляўся, бо ўзровень грунтавых водаў пад яго паўночным бокам быў вышэйшы. Таму ім таксама прыйшлося капаць дрэнажы, каб вада магла сцякаць у калодзежы і падтрымліваць устойлівасць падмурка.

Навукоўцы прагназуюць, што такім чынам на працягу наступных 300 гадоў Пізанская вежа будзе ў бяспецы. Таксама яны лічаць, што тэхналагічны прагрэс прывядзе да таго, што аднойчы вежа поўнасцю выпрастаецца.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».