Вы тут

У свядомага грамадства забытых дарог няма


Летась, калі Беларуская чыгунка адзначала 160-годдзе свайго заснавання, краязнаўцы нашай школы сталі вывучаць гісторыю будаўніцтва і дзейнасці вузкакалейкі Наваельня—Навагрудак—Любча. Вучні даследавалі значную частку асноўнага маршруту, правялі шмат сустрэч, адшукалі аб'екты, якія маюць пэўную гістарычную каштоўнасць... У выніку ўзнікла ідэя: а чаму б не вярнуць паравоз (ці хоць бы макет)? Чаму б не паставіць інфармацыйны шчыт з назвай і напрамкамі руху вузкакалейкі? Чаму б не пасадзіць алею чыгуначнікаў з памятным знакам?


Краязнаўцы пачалі з таго, што маглі зрабіць самі, сваімі рукамі, гэта значыць, падчас «Тыдня лесу» залажылі ліпавую алею: пасадзілі 25 маладзенькіх дрэўцаў.

Для ажыццяўлення іншых задум уласных сіл відавочна не хапала. І тады мы звярнуліся па дапамогу ў Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі, дзе праект, на шчасце, быў цалкам падтрыманы намеснікам начальніка Уладзімірам Іванавічам Быцкевічам і начальнікам сектара ідэалагічнай і сацыяльна-культурнай работы Ілонай Дзмітрыеўнай Палавінкінай, прычым не толькі на словах...

Ішоў час, а разам з ім — з дапамогай ААТ «Граніт-Агра», «Ізакам», ДРБУ-119 ды іншых неабыякавых — і прамежкавыя этапы работы па стварэнні прасторава-дэкаратыўнай кампазіцыі. Адкрыццё яе адбылося напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які чыгуначнікі абралі для аўтапрабегу.

Такім чынам, у нас, на Дзятлаўшчыне, у Рабках, аказалася надзвычай прадстаўнічая дэлегацыя Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі ў складзе 34 машын, ста чалавек, сярод якіх начальнік Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі Валерый Емяльянавіч Вярэніч, яго намеснік Аляксей Іванавіч Райко, начальнік лакаматыўнага дэпо (дзе, дарэчы, быў выраблены макет паравоза) Павел Ігаравіч Мухін...

На адкрыцці прысутнічалі таксама намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Расціслававіч Баравік, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Іванаўна Жадзейка, дырэктар ААТ «Граніт-Агра» Станіслаў Станіслававіч Мазур, старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Мікалаеўна Жых, мясцовыя жыхары, сваякі чыгуначнікаў, якія калісьці працавалі на вузкакалейцы.

Для яе, гэтай дарогі, адкрыццё прасторава-дэкаратыўнай кампазіцыі стала, можна сказаць, другім днём заснавання, а для краязнаўцаў — своеасаблівай творчай справаздачай і падарункам роднай Дзятлаўшчыне, якая сёлета адзначае сваё 525-годдзе.

Сяргей КАСКО

Дзятлаўскі раён.


Школа застаецца маладой

Кажуць, узрост вызначаецца не гадамі, якія падсумоўвае бязлітасны пашпарт, а станам душы і ўнутраным самаадчуваннем. Гэтак у людзей, а ў... школы?!

Наша, у мястэчку Шчорсы, — адна з найстарэйшых на Навагрудчыне, яе заснаваў граф Яўхім Літавор Храптовіч, тагачасны камісар дэпартамента Віленскай акадэміі ў далёкім 1773-м. Гэта значыць, што сёлета ўвосень школа адзначыць свае 250 гадоў!

А пакуль настаўнікі і вучні (сённяшнія і былыя) сабраліся разам, каб адсвяткаваць 70-годдзе не менш важнай падзеі: у маі 1953-га Шчорсаўская школа зрабіла свой першы выпуск у якасці сярэдняй.

За гэтыя дзесяцігоддзі ў яе сценах сярэднюю адукацыю атрымала амаль дзве тысячы юнакоў і дзяўчат. Сярод выпускнікоў — галоўны нейрахірург Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Фёдар Васілевіч Аляшкевіч (1936 — 2008), беларускі філосаф і палітолаг, грамадскі дзеяч, прафесар паліталогіі, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання абароны правоў чалавека Іван Іванавіч Катляр (1941), беларускі літаратуразнавец, тэатразнавец, педагог, прафесар Андрэй Андрэевіч Каляда (1940 — 2022), кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, воін-інтэрнацыяналіст, старшы лейтэнант медыцынскай службы Анатоль Міхайлавіч Саліхаў (1955) і многія іншыя.

Дарэчы, Іван Іванавіч Катляр прысутнічаў на свяце, самымі цёплымі словамі згадваў час сваёй вучобы, жадаў сённяшнім школьнікам паважаць працу сваіх настаўнікаў, добрасумленна вучыцца.

Трэба сказаць, што нашай Шчорсаўскай школе шанцавала з кіраўнікамі. У розныя гады яе ўзначальвалі былыя франтавікі Іван Сцяпанавіч Бязручанка, Сяргей Паўлавіч Лаўрыновіч, Анатоль Васілевіч Каралёў і не менш таленавітыя іх калегі — Уладзімір Лявонцевіч Шарыкала, Мікалай Лазаравіч Аляшкевіч, Іван Серафімавіч Паддубіцкі, Мікалай Міхайлавіч Кулеш, Анжаліка Іванаўна Рамановіч. У гэтым навучальным годзе на школьным «капітанскім мосціку» — Ігар Мікалаевіч Палазок, які ў прывітальным слове паабяцаў зберагчы і прымножыць найлепшыя здабыткі і школьныя традыцыі.

Шмат шчырых, сардэчных слоў прагучала ў гэты дзень на адрас настаўнікаў ад былых выпускніц Людмілы Аляксееўны Казляк, Галіны Лявонцеўны Міранцовай. У любові да сваёй школы прызнаваліся і сённяшнія вучні, якія чыталі вершы, радавалі прысутных музычнымі кампазіцыямі і вясёлымі інсцэніроўкамі.

А завяршылася свята яшчэ адной важнай падзеяй: чатырнаццаць піянераў урачыста развіталіся з піянерскімі гальштукамі, былы камсамольскі важак Іван Іванавіч Катляр уручыў юнакам і дзяўчатам членскія білеты ГА «БРСМ».

Мікалай АНТОНЧЫК

Навагрудскі раён.


Калі не было гаджэтаў

Не ведаю, як вам, а мне дык шкада крыху сучасных дзяцей, што «сядзяць у гаджэтах».

У нас такіх «цацак» не было: мы гулялі ў вайну, лапту, у футбол, у хованкі, у «высяканца», у карты, у «шалёнага быка»...

Яго «прызначалі», «выбіралі» з дапамогай лічылкі, і потым усе астатнія гульцы дражніліся: бегалі вакол з воклічам: «Бык шалёны! Бык шалёны!»

Каб не быць ім, гулец павінен быў «перадаць эстафету»: дагнаць каго-небудзь і зачапіць галавой (не дакрануўшыся пры гэтым рукамі)...

Цікава было гуляць і «ў ножыка». Пачыналі мы з самага простага: кінуўшы нож перад сабой, трэба было ўтыркнуць лязо ў зямлю. А вось завяршалі ўжо досыць складаным: утыркнуць у зямлю, перакінуўшы нож за спіну.

У гэтай, як і ў іншых, гульнях вызначаліся пераможцы ды тыя, хто прайграў, тады пачыналася самае смешнае: прайграўшы, хлапчук павінен быў дробна накрышыць травы, разінуцца і бараніцца — махаць перад сабой ножыкам для таго, каб пераможца не ўкінуў у рот травы...

Сярод любімых гульняў была і гэтая — «у партызана і карнікаў».

Ролю першага выконваў чыйсці кот, якога апошнім, «карнікам», трэ было ўзяць жывым. Ні дапытваць, ні катаваць палоннага ніхто, вядома ж, не думаў... Ды і справа да гэтага проста не даходзіла. «Партызан», як яму і належыць, быў проста няўлоўны, але ж мы стараліся!

...Я гэта да таго, што гульні ў нас былі кампанейскімі, вясёлымі і, як мне здаецца, больш карыснымі для здароўя. Дык мо і сёння нялішне было б вяртацца да іх (можна і без ножыкаў)? Хоць бы ў перапынках, паміж сядзеннем у гаджэтах?

Мікалай СТАРЫХ

г. Гомель.


Гудзяць, лятаюць, нектар збіраюць...

Так-так, гэта пра пчол, пра нашых старажытных сябровак і лекарак.

Вы шмат што чулі і чыталі пра іх, многае ведаеце, але ж ці ўсё?

Ну, мядок мы любім, хворае горла пропалісам палошчам, хто-ніхто ведае пяргу (пасля ўкусу пчала адразу ж гіне, але не перастае быць карыснай чалавеку)... Ён жа, як правіла, баіцца — нават гудзення пчол, што ўжо казаць пра ўкусы ды рэзкі боль?!

І дарэмна: пчаліны яд папярэджвае ці спыняе ход многіх захворванняў, мабілізуе арганізм. Зафіксавана нямала выпадкаў, калі апітэрапія (лячэнне пчоламі) спрацоўвала там, дзе пасавалі самыя дарагія лекі.

Але ж усё, дай божа, у меру. Некалі ў юнацтве я даглядаў не толькі свае чатырнаццаць пчаліных сем'яў, але і выручаў суседзяў. Помню, як аднойчы здымаў з дзічкі рой, што абвіўся вакол вершаліны, і пчолы скусалі так, што трое сутак не выходзіў на вуліцу...

Пчол сапраўды раздражняюць рухомыя прадметы цёмнага колеру, шум і крыкі, спецыфічныя пахі, асабліва — конскага поту. Так што бярыце на заметку: з канём усе работы на пчальніку і паблізу трэба весці альбо да ўсходу сонца, калі насякомыя яшчэ не прачнуліся, альбо вечарам, калі яны ўжо спяць.

Пчолы не пераносяць і любой шэрсці: нападаюць на тых, хто адзеты ў чысташарсцяныя вырабы. Калі ж вы хочаце абараніцца ад іх, то не размахвайце рукамі, не мітусіцеся і не ўцякайце (усё роўна дагоняць!)... Лепш нізенька прыгнуцца, прыкрыць твар рукамі ці адзеннем і не рухацца. Тады ёсць шанц, што пчала пагудзіць над вамі і хутка знікне.

...Нямногія ведаюць і аб карысці падмору: змесціва ядазборніка, што знаходзіцца ўнутры памерлай пчалы, пры ўмелым падыходзе нармалізуе дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, умацоўвае нервы, зніжае ціск, разбурае атэрасклератычныя бляшкі, паляпшае маторыку страўнікава-кішачнага тракту, змяншае болі ў спіне.

У пчаліным падморы ёсць хіцін, які забяспечвае звязванне і вывядзенне з арганізма шкодных прадуктаў жыццядзейнасці, зніжае ўзровень халестэрыну ў крыві. Пры вонкавым прымяненні падмор зажыўляе апёкі і раны.

А што за прадукт пропаліс! Пры правільным захоўванні ён не губляе сваіх лекавых якасцяў да дзясятка гадоў, можа прымяняцца як у чыстым, прыродным выглядзе, так і ў складзе мазяў, крэмаў, розных настоек, і сіла іх проста надзвычайная! Пры ўжыванні гэты прадукт не выклікае дызбактэрыёзу, стымулюе маторыку страўніка. Натуральны кавалачак пропалісу здольны зняць зубны боль, размякчыць сухія мазалі, настойкі яго залечваюць язвы ўнутраных органаў, спрыяюць у лячэнні псарыязу.

Ну а як жа мёд? Яго пастаяннае ўжыванне загартоўвае волю, надае лёгкасць целу, захоўвае маладосць, працягвае жыццё. Найбольш карысны гэты прадукт людзям пасля 45—50 гадоў.

Як не памыліцца і выбраць якасны мёд, многія ведаюць. А вось тое, што найлепшы ўсё-ткі — майскі, першага выпампоўвання, магчыма, не. Як і тое, што захоўваць гэты далікатны прадукт можна гадамі, але ж з розумам: мёд, які хоць бы суткі прастаяў на акне ў слоіку, страціць многія з лекавых якасцяў, укінуты ў гарачую (звыш 37 градусаў) ваду ды разагрэты на вадзяной лазні, на жаль, таксама.

Часта ўзнікае пытанне, колькі ж мёду можна з'есці за раз. Калі ў чалавека няма цукровага дыябету, то колькі душа жадае. У сувязі з гэтым успамінаецца стары анекдот пра двух шчырых сяброў. Адзін пасля ветэрынарнага тэхнікума застаўся ў горадзе хатніх гадаванцаў лячыць, а другі — вярнуўся ў вёску, пчаляром працуе. Сустрэліся. Пчаляр, як і належыць, міску мёду на стол, дае сябру правільную (драўляную) лыжку. Той давай частавацца... Гаспадар глядзеў-глядзеў на яго дый кажа: «Ты, можа, не навальваўся б, не еў столькі мёду, а то яшчэ сэрца забаліць». — «У каго?» — умомант адпарыраваў ядок.

А калі без жартаў, то 100—150 грамаў мёду для здаровага чалавека — нармальная сутачная доза. Калі ж нехта занядужаў, то мёд можа зняць спазмы з пратокаў жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы і селязёнкі, расслабіць страўнік, нават размякчыць камяні!

Так што рассмоктвайце мядок у роце, растварайце ў цёплай вадзічцы, піце нашча і нанач: мёд супакоіць нервы, падорыць спакойны сон, дапаможа перамагчы насмарк, бранхіт, вывесці шлакі з арганізма.

І не сярдуйце, калі вас уджаліць махнатая лекарка: яна ж патрыётка сваёй пчалінай «айчыны». Вось і бароніць.

Міхаіл ЗНАК, былы пчаляр-аматар

г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.